Неверагодны лёс беларускі, якая стала першай лэдзі Тайваня
Аднойчы беларуска з-пад Оршы, якая жыла ў сталінскім СССР, закахалася ў кітайца, з’ехала з ім у Паднябесную — і стала там першай лэдзі: яе муж быў сынам мясцовага дыктатара, а сам пазней стаў прэзідэнтам Тайваня...
«Люстэрка» успамінае неверагодны лёс Фаіны Вахравай, якая бачыла зорак сусветнай палітыкі і наведвала Галівуд, але ніколі больш не была на радзіме.
Нараджэнне пад Оршай і жыццё ў СССР
Фаіна Вахрава нарадзілася ў 1916 годзе. Бясспрэчна тое, што яна беларуска (падрабязней пра гэта мы яшчэ скажам ніжэй). А вось месца яе нараджэння — дыскусійнае пытанне. Сустракаецца інфармацыя, што яна нарадзілася ў Екацярынбургу ў беларускай сям'і, якую эвакуявалі на Урал у гады Першай сусветнай вайны. Але сама беларуска казала землякам, што родам з-пад Оршы. Падрабязнасцяў яна не расказвала: перад сустрэчай беларускую дэлегацыю, якая размаўляла з былой першай лэдзі, папярэдзілі, што пра асабістае пытаць не варта: маўляў, яна скажа тое, што захоча. Вядома толькі, што яе бацька Іпацій служыў чыгуначнікам — і яго сапраўды эвакуявалі на ўсход, а пасля вайны ён так і застаўся там жыць.
У сярэдзіне 1920-х Фаіна страціла бацькоў, выхоўвала яе старэйшая сястра Ганна. У трыццатыя гады дзяўчына ўладкавалася токарам на мясцовае прадпрыемства «Уралмаш». Калі ёй было 16 гадоў, камсамолка пазнаёмілася з Мікалаем Елізаравым, які быў там камсоргам (кіраўніком першаснай камсамольскай арганізацыі) і рэдактарам заводскай газеты. Насамрэч жа мужчыну звалі Цзян Цзінго, а прозвішча Елізараў ён атрымаў дзякуючы Ганне Елізаравай, сястры Уладзіміра Леніна, на кватэры якой нейкі час жыў. Цзінго нарадзіўся ў 1910 годзе і быў сынам кітайскага палітыка Чан Кайшы.
Пра абставіны сустрэчы будучых мужа і жонкі пішуць рознае. Паводле адной версіі, дзяўчына падверглася сэксуальным дамаганням, а Цзінго выратаваў яе. Паводле другой, аднойчы ён убачыў Фаіну ў агульнай кампаніі і закахаўся ў яе з першага погляду. Але падысці сам і загаварыць з ёю не наважыўся. Гэта было супраць кітайскіх традыцый, паводле якіх прадставіць хлопца ўпадабанай дзяўчыне мусіць сябар, які расказаў бы пра яго пачуцці. Такім чалавекам стаў калега кітайца Фёдар Анікееў. Пасля гэтага пара пачала сустракацца.
Так Фаіна, сама таго не жадаючы, трапіла ў жорны вялікай палітыкі. Таму тут трэба каротка растлумачыць кантэкст, без якога далейшыя падзеі ў жыцці беларускі будуць незразумелыя.
У пачатку ХХ стагоддзя Кітаем кіравала дынастыя Цынь. У 1911-м адбылася Сіньхайская рэвалюцыя, адным з лідараў якой быў палітык Сунь Ятсэн. Манархія абрынулася, але ўтрымацца ва ўладзе першы прэзідэнт не змог. Яго крэсла заняў генерал Юань Шыкай, які выступаў за канстытуцыйную манархію.
У 1912-м Сунь Ятсэн і яго прыхільнікі для працягу палітычнай барацьбы з гэтым сілавіком стварылі сваю партыю — Гаміньдан. У другой палове дзясятых гадоў да яе далучыўся малады афіцэр Чан Кайшы — бацька Цзінго.
Юань Шыкай неўзабаве памёр, а ў краіне пачалася барацьба за ўладу паміж шматлікімі вайсковымі падраздзяленнямі і іх начальнікамі, кожны з якіх усталяваў уласны рэжым на захопленых тэрыторыях. У гісторыю гэта ўвайшло як «эра мілітарыстаў». У гэты час роля Чан Кайшы ў Гаміньдане хутка расла. У 1925-м Сунь Ятсэн памёр, і Чан Кайшы стаў яго пераемнікам. Менавіта ў гэтым годзе палітык адправіў свайго 15-гадовага сына вучыцца ў Маскву, дзе той скончыў Камуністычны ўніверсітэт працоўных Кітая імя Сунь Ятсэна.
Гэтае рашэнне мусіла змацаваць саюз Гаміньдана з Масквой: пры фінансавай і кадравай падтрымцы з боку СССР Чан Кайшы за кароткі тэрмін здолеў падпарадкаваць сабе практычна ўвесь поўдзень Кітая. Потым ён змог усталяваць уладу гэтай партыі над тэрыторыяй усёй краіны і завяршыў «эру мілітарыстаў». Кітай зноў аб’яднаўся і канчаткова стаў рэспублікай, прызнанай міжнароднай супольнасцю.
Але існаваў адзін нюанс: у працэсе аб’яднання Чан Кайшы пасварыўся з саюзнікамі-камуністамі і ў 1927-м разарваў усе сувязі з кампартыямі Кітая і СССР. Камуністычнае паўстанне ў Шанхаі было жорстка задушанае (дзеянні ўладаў увайшлі ў гісторыю як «шанхайская разня»). Пасля гэтага кітайскі лідар стаў ворагам Крамля, а Цзян Цзінго, які ўсё яшчэ жыў у СССР, быў вымушаны публічна адрачыся ад свайго бацькі.
Чан Кайшы ўсталяваў у Кітаі дыктатарскі рэжым з культам асобы, сістэма ўлады была аднапартыйнай — да палітыкі дапускаліся толькі чальцы Гаміньдана. У дачыненні да праціўнікаў ён выкарыстаў тактыку тэрору, а іншадумства душылася сіламі таемнай паліцыі.
Тым часам яго сын, змяніўшы некалькі гарадоў, апынуўся ў Свярдлоўску (так тады называўся Екацярынбург), дзе і пазнаёміўся з Фаінай Вахравай. Тая выйшла замуж за Цзян Цзінго праз два гады пасля знаёмства, 15 сакавіка 1935-га. У снежні таго ж года нарадзіўся іх першы сын.
Жылі муж і жонка ў камуналцы. Суседам пары па пакоі быў малады пісьменнік Леў Шапавалаў, які пазней узяў сабе псеўданім Леў Авалаў (сярод яго твораў — серыя папулярных за савецкім часам дэтэктываў пра маёра Проніна). Назіраючы за жыццём сваіх суседзяў, ён вырашыў напісаць дэтэктыўную аповесць. «Называлася яна „Рабочее утро“. Правобразам галоўнай гераіні Зіны Дзёмінай была акурат Фаіна Вахрава, — расказваў гісторык Сяргей Агееў. — Па сюжэце яна закахалася ў кітайскага спецыяліста, маладога інжынера, сына губернатара адной з правінцый. А калі той ад’язджаў у Кітай і клікаў Зіну з сабой, яна адмаўлялася ехаць, бо баялася, што без яе таварышы на заводзе прайграюць сацыялістычнае спаборніцтва».
Цзян сапраўды стаў губернатарам, але вось у астатнім іх жыццё склалася іначай. Савецкія ўлады хацелі выкарыстаць мужа і жонку ў сваіх мэтах.
«На сярэдзіну 1930-х Камінтэрн і ЦК ВКП (б) запланавалі адхіленне ад улады ў Кітаі генералісімуса Чан Кайшы, бацькі майго мужа, а ў новае — камуністычнае — кіраўніцтва Кітая папярэдне ўключылі Цзян Цзінго. Усе нашыя кантакты з вонкавым светам былі пастаўленыя пад кантроль НКУС. З таго часу я нічога не ведаю пра сяброў, знаёмых маіх бацькоў, якія засталіся ў Беларусі і Свярдлоўску, пра дарагіх нам з мужам людзей…» — расказвала Фаіна журналістам ужо ў 1991-м.
Але потым планы змяніліся. У верасні 1936 года Цзян Цзінго выключылі з ліку кандыдатаў у чальцы камуністычнай партыі і звольнілі з працы. Наступныя шэсць месяцаў грошы для сям'і зарабляла адна Фаіна.
Пераезд у Кітай
У пачатку 1937 года Цзян Цзінго арыштавалі — у СССР былі ў разгары масавыя рэпрэсіі. Але тут сям'і пашанцавала. Яшчэ ў 1931 годзе Японія ўварвалася на поўнач Кітая, у Манчжурыю, і ўсталявала там марыянеткавы рэжым. Да 1937-га паміж краінамі раслі канфлікты, якія ў ліпені перараслі ў поўнамаштабную вайну.
У гэтых умовах пра былыя супярэчнасці паміж камуністамі і Гаміньданам вырашылі забыць. Чан Кайшы і Сталіна цяпер аб’ядноўваў агульны вораг — Японія. Таму бакі зноў сталі саюзнікамі, а сыну кітайскага дыктатара далі магчымасць вярнуцца на радзіму, каб замацаваць сяброўства. Зрэшты, ёсць і іншая версія, што яго абмянялі на арыштаванага ў Кітаі савецкага агента Якава Броніна.
У выніку Цзян Цзінго вярнуўся да бацькі. За ім паехала і Фаіна — для яе гэта было развітанне з радзімай. Зрэшты, у Савецкім Саюзе былі ў разгары рэпрэсіі. Так што пад абаронай магутнага Чан Кайшы ёй было відавочна бяспечней.
Хадзіла шмат чутак, што Фаіна нібыта некалькі разоў таемна вярталася на радзіму праз Ганконг, Токіа, Сахалін і Сібір, каб наведаць сваіх сваякоў, але навукоўцы лічылі гэта міфам.
У рэальнасці беларуска больш ніколі не ўбачыла роднай зямлі.
Яна магла сабе дазволіць толькі перапіску з сястрой, якая працягвалася да 1949 года. Яны расказвалі адна адной пра сваё жыццё, і часам муж Фаіны ўкладваў у канверт кароткае паведамленне або невялікую запіску ад сябе, у якой гаварылася, што яны жывуць добра, але вельмі занятыя працай. Але пасля пераезду на Тайвань (пра гэта ніжэй) зносіны сталі немагчымымі.
Сустрэча беларускі са сваімі новымі сваякамі відавочна шакавала апошніх. Калі Фаіна ўпершыню прыехала ў госці да бацькоў мужа, яна надзела купальнік і скокнула ў ручай, каб выкупацца, — нармальная сітуацыя для Еўропы, але неймаверная для Кітая. Але беларуска растапіла сэрцы сямейнікаў, сказаўшы свёкру і свекрыві: «Я сірата і прашу вас быць маімі бацькамі».
У глыбіні душы яна заставалася сама сабой. Рэй Стэйнер Клайн, кіраўнік рэзідэнтуры ЦРУ на Тайвані (а потым і намеснік дырэктара ЦРУ) успамінаў беларуску як аптымістычную, яркую, жарсную і таварыскую маладую жанчыну, прычым Фаіна заставалася такой і праз гады пасля пераезду ў Азію.
Але, трапіўшы ў строгую сям’ю, яна мусіла прымаць і выконваць мясцовыя правілы гульні. Вонкава яна выглядала як прадстаўніца Захаду і не адмаўлялася ад сваіх звычак (напрыклад, муж купляў ёй памаду з СССР і вотрубны хлеб). Аднак была вымушаная стаць яшчэ больш маўклівай, чым тыповая кітайская нявестка. Чан Кайшы спатрэбіўся нейкі час, каб прывыкнуць да высокай блакітнавокай беларускі.
Але неўзабаве дыктатар зразумеў, што яе клопат пра мужа адпавядае стандартам, заведзеным для «добрай» кітайскай жонкі, і даў ёй кітайскае імя — яна стала Цзян Фанлян.
Знаўцаў здзіўляла, «наколькі глыбока кітайскай стала [жанчына]: яна свабодна гаварыла на мандарынскай мове (мандарынская гаворка кітайскай мовы. — Заўв. рэд.) <…>, адмовілася ад асабістага свецкага жыцця дзеля становішча мужа і нават рабілася незаўважнай у афіцыйнай рэзідэнцыі».
Існаваў яшчэ адзін нюанс: пасля пераезду ў Кітай беларуска ў канцы красавіка 1937 года пасялілася разам з мужам і яго маці (першай жонкай Чан Кайшы) у правінцыі Чжэцзян. Жанчыны добра ладзілі, Фаіна вывучыла мясцовы дыялект нінбо. Лічыцца, што пазней беларуска набыла рэпутацыю вельмі закрытай ад старонніх, бо саромелася свайго маўлення з рускім акцэнтам. Таму яна нібыта часта баялася паказвацца на публіцы.
Але існуюць і іншыя факты. Так, у 1938-м муж беларускі стаў губернатарам аднаго з адміністрацыйных раёнаў Кітая (прагнозы савецкага пісьменніка спраўдзіліся), яна ж уладкавалася працаваць загадчыцай ясляў, якія адкрылі для дапамогі мясцовым сялянкам. У сакавіку 1943 года яна пісала сваёй сястры Ганне: «Цяпер у маім дзіцячым доме больш за 600 дзетак. Узрост іх ад 3 да 15 гадоў. Вельмі шмат сустракаецца цяжкасцяў у выхаванні гэтых дзяцей, асабліва ў матэрыяльным пытанні <…>. Хоць шлях нашай працы і засланы цяжкасцямі <…>, мы любім цяжкасці і толькі з работай і энергіяй можна атрымаць вынікі жаданай працы на карысць народа».
Тым часам падзеі ў сусветнай палітыцы хутка развіваліся. У пачатку 1940-х, ва ўмовах Другой сусветнай, Гаміньдан абвясціў вайну краінам Восі і далучыўся да саюзнікаў, пачаўшы атрымліваць зброю і прадукты харчавання па ленд-лізе ад ЗША. Пастаўкі ў Кітай ішлі і ад СССР. У выніку японска-кітайская вайна завяршылася перамогай Чан Кайшы.
Фаіна ў шлюбе з Цзян Цзінго выхоўвала чатырох дзяцей — трох хлопчыкаў (адзін з іх нарадзіўся яшчэ ў СССР) і адну дзяўчынку. Муж у той жа час рабіў кар’еру пад кіраўніцтвам уласнага бацькі, і маладая сям’я часта пераязджала. Захаваліся звесткі пра тое, у якіх умовах сям’я жыла ў 1948 годзе ў Шанхаі, куды Чан Кайшы адправіў сына з адным з даручэнняў: «Пабудаваны ў 1942 годзе дом з цэглы і дрэва выглядае проста і ціхамірна, на аконных рамах выразаныя толькі некаторыя ўзоры. Гасцёўня знаходзілася на першым паверсе, а спальня, чытальная зала і кабінет Цзян Цзінго — на другім. Цудоўная тэраса вяла з другога паверха з відам на невялікі сад з кітайскімі парасонамі. У невялікім пакоі збоку размяшчалася паліцыя, якой было даручана ахоўваць сям’ю».
Але сціплая Фаіна прывыкла сама выконваць усю хатнюю працу, не наймаючы прыслугі. Рахункі за ваду і электрычнасць яна аплачвала з заробку мужа. Аднойчы падначалены прапанаваў ёй адымаць іх як дзяржаўныя выдаткі: маўляў, так робяць усе астатнія. Беларуска адказала, што ёй трэба спачатку спытаць у мужа, але той прынцыпова сказаў, што яны павінныя заплаціць самі.
Як вядома, муж Фаіны быў строгім і жорсткім: ён нярэдка біў дзяцей, калі яны рабілі нешта не так, і ў такіх выпадках беларуска маліла яго перастаць. Калі дзеці хварэлі, маці заўсёды дзяжурыла ля ложка ўсю ноч.
Параза ў грамадзянскай вайне і пераезд на Тайвань
Але пасля заканчэння Другой сусветнай мір у Кітаі не надышоў. У краіне пачаўся новы раўнд грамадзянскай вайны (першы адбываўся ў 1920−1930-х) паміж Гаміньданам і мясцовымі камуністамі. Першых падтрымлівалі ЗША, другіх — СССР. Урэшце Чан Кайшы прайграў і разам з сям’ёй і прыхільнікамі збег на востраў Тайвань, які знаходзіцца ў Ціхім акіяне прыкладна за 150 кіламетрах ад мацерыковага Кітая. Усяго на востраў змагло пераправіцца каля 1,5 мільёна чалавек.
У мацерыковай частцы пад уладай камуністаў была створаная Кітайская Народная Рэспубліка (КНР). На Тайвані ж захавалася Кітайская Рэспубліка на чале з Чан Кайшы — фактычна на востраве працягнула дзейнасць старая адміністрацыя ўсёй краіны. Тамсама былі размешчаныя вайсковыя аб’екты і кантынгент ЗША, што на тым этапе зрабіла немагчымым напад камуністаў. А яшчэ канчаткова перарвала ўсе сувязі Фаіны з радзімай, бо Чан Кайшы зноў ператварыўся ў ворага СССР.
Можна сустрэць аповеды пра тое, што, у адрозненне ад Сун Мэйлін (другой жонкі Чан Кайшы), якая актыўна ўмешвалася ў палітыку, беларуска ўсе свае гады ў Тайбэі (сталіцы Тайваня) паводзілася вельмі стрымана. На публіцы яе бачылі толькі падчас сустрэч мужа ў аэрапорце, калі той вяртаўся з замежных паездак, або калі яна ішла з ім галасаваць на выбарах.
Балазе кар’ера Цзян Цзінго развівалася паспяхова. Ён узначальваў таемную палітычную паліцыю (1950−1965), Міністэрства ўнутраных справаў, душыў спробы пракамуністычных бунтаў на востраве.
Рэй Стэйнер Клайн, кіраўнік рэзідэнтуры ЦРУ на Тайвані, успамінаў, што Цзян Цзінго ставіўся да жонкі з любоўю і павагай. Гэта адрознівала яго ад большасці кітайскіх чыноўнікаў, якія, як ён адзначаў, звычайна рабіліся шавіністамі, калі гаварылі пра сваіх жонак.Так што чуткі пра яе пасіўнасць не заўсёды адпавядаюць рэчаіснасці — хоць яе роля сапраўды не супадала з сучаснымі ўяўленнямі пра першую лэдзі.
Таксама Фаіна была кіраўніцай мясцовага саюза жанчын, наведвала рабочых і салдат, стала генеральнай дырэктаркай дзіцячага садка ўзброеных сіл і перыядычна выступала ў розных мерапрыемствах з антыкамуністычнымі і антысавецкімі лозунгамі (што можа гучаць іранічна, улічваючы яе камсамольскае мінулае).
Перабраўшыся на Тайвань, беларуска жыла там не выязджаючы 20 гадоў. Першую замежную паездку яна здзейсніла толькі ў 1969 годзе. Яе адзіная дачка Цзян Сяачжан тады выйшла замуж у ЗША і запрасіла маці да сябе. У сваіх успамінах дачка пісала, што падчас таго візіту кожную раніцу завозіла сына ў школу, а потым імчала назад, каб прыгатаваць сняданак для маці. Падчас ежы тая глядзела сваю любімую праграму «Я люблю Люсі» (магчыма, гаворка ішла пра амерыканскі сітком з такой назвай, які выходзіў у 1950-я).
На здзіўленне дачкі, Фаіна «не толькі добра ведала рускую, але і англійскую (вывучыла яе яшчэ на Тайвані. — Заўв. рэд.): яна не толькі разумела амерыканскае тэлебачанне, але і магла балбатаць і гуляць са сваімі ўнукамі на англійскай». Праўда, праз яе акцэнт дзеці, якія выраслі ў ЗША, не маглі яе зразумець. Перад Калядамі беларуска вяла ўнукаў у крамы па цацкі і ўпрыгожвала елку.
Амерыканскі зяць нават спланаваў для цешчы аўтатур, у які ўвайшлі Мантэрэй (горад у Каліфорніі), возера Таха (у раёне горнага хрыбта Сьера-Невада, размешчанае на мяжы штатаў Каліфорнія і Невада), «Дыснейлэнд», дамба Гувера (адна з самых вядомых славутасцяў у ваколіцах Лас-Вегаса) і ўласна Лас-Вегас, дзе яна паглядзела два маштабныя мюзіклы, якія ёй вельмі спадабаліся.
Праз Гаваі Фаіна вярнулася на сваю новую радзіму — у цэлым яе паездка заняла паўтара месяца. У лісце дачка называла той час «самым цёплым і каштоўным перыядам у яе жыцці». Аднак складана сказаць, было гэта яе меркаванне ці меркаванне самой беларускі.
Першая лэдзі і візіт з Мінска
Чан Кайшы памёр у 1975 годзе ва ўзросце 89 гадоў. Пасля гэтага Цзян Цзінго ўзначаліў кіроўную партыю Гаміньдан, а праз тры гады, у 1978-м, стаў прэзідэнтам краіны. Фаіне ж дасталася роля першай лэдзі, хоць яна пачала паводзіцца яшчэ менш актыўна, хутчэй, застаючыся ў цені. Магчыма, на гэта ўплываў яе ўзрост — жанчыне было ўжо 62 гады.
Зрэшты, яна не заставалася ў баку ад праблем тайванцаў. Аднойчы, даведаўшыся пра разбуральны тайфун, які абрынуўся на адзін з астравоў, яна ананімна пералічыла ўсе свае асабістыя зберажэнні, больш за 30 тысяч даляраў, на ліквідацыю наступстваў стыхійнага бедства і дапамогу пацярпелым.
За новым кіраўніцтвам адбываўся хуткі рост эканомікі, пад ціскам грамадскасці пачалі праходзіць дэмакратычныя рэформы: была аслабленая цэнзура, дазволеныя паездкі да сваякоў у КНР. У 1987-м Цзян Цзінго адмяніў на востраве ваеннае становішча, якое дзейнічала амаль 40 гадоў — гэта здарылася за некалькі месяцаў да яго смерці.
Гэтыя рэформы працягнуў пераемнік сына Чан Кайшы, былы мэр Тайбэя Лі Дэнхуэй. За ім Тайвань ператварыўся ў сучаснае дэмакратычнае дзяржаўнае ўтварэнне. Падчас канстытуцыйнай рэформы 1991 года Кітайская Рэспубліка прызнала суверэнітэт КНР над мацерыковай часткай краіны (гэта завяршыла вайну, што фармальна цягнулася 40 гадоў), тады ж былі ўведзеныя прамыя прэзідэнцкія выбары — і ў 1996-м Дэнхуэя пераабралі на прамым усенародным галасаванні, аддаўшы яму 54% галасоў. За гэтым кіраўніком дзяржавы Тайвань дэманстраваў наймацнейшы эканамічны рост, які стаў вынікам як папярэдніх рэформаў, так і праведзеных ужо за новым прэзідэнтам.
Гэтыя падзеі адбываліся на вачах беларускі. Але апошнія гады яе жыцця складана назваць шчаслівымі: Фаіну называлі самай самотнай жанчынай у Тайбэі. Сапраўдных сяброў у яе не засталося. Усе найбліжэйшыя сваякі жылі за мяжой. Нават яе адзіная дачка не змагла прысутнічаць на пахаванні, бо сама была сур’ёзна хворая. Цзян Цзінго памёр у 1988-м, трое сыноў пары — паслядоўна ў 1989, 1991 і 1996 гадах. Гэта пагоршыла і без таго слабае здароўе беларускі.
Дадатковым ударам стала навіна, якую яна даведалася пасля смерці мужа: аказваецца, у 1939-м у таго была каханка, якая памерла праз некалькі месяцаў пасля нараджэння ад Цзінго сыноў-блізнят.
Нечакана ў дзевяностыя гады ў яе адбылося некалькі кантактаў з прадстаўнікамі постсавецкіх краін. У пачатку 1992 года адзін з высокапастаўленых тайваньскіх дыпламатаў выправіўся з азнаямленчым візітам у Беларусь і Расію. Ён прывёз Фаіне ліст ад Марыі Анікеевай, з якой яна сябравала ў Свярдлоўску. Тая разам з мужам — тым самым, хто, паводле адной з версіі, пазнаёміў будучых мужа і жонку — была блізкай сяброўкай беларуска-кітайскай пары і праводзіла іх на вакзале ў 1937-м.
Дыпламат расказваў, што экс-першая лэдзі была кранутая гэтым лістом, у якім ёй прапаноўвалі прыехаць у горад яе маладосці. Аднак расійскі даследчык Віктар Ларын, які ўдзельнічаў у яго перадачы, прызнаўся, што ні яны, ні Марыя Анікеева не атрымалі ніякага адказу. «Я думаю, што праблема магла заключацца ў тым, што ў Цзян Фанлян быў кепскі стан здароўя, падарванага пасля смерці мужа, а пасля смерці трох яе сыноў яна ўжо была ў інвалідным крэсле», — каментаваў ён.
У чэрвені 1992 года Тайвань з дэлегацыяй наведаў Аляксандр Герасіменка, які тады ўзначальваў Мінскі гарвыканкам. «Калі з’язджалі, выказалі пажаданне сустрэцца са спадарыняй Цзян, каб перадаць ёй сувеніры. Нашыя гіды замяліся: маўляў, яна, як муж памёр, нікога не прымае. Але потым ператэлефанавалі ў здзіўленні: спадарыня Цзян чакае!..
Пры гэтым дадалі: літаральна перад намі яна адмовіла ў аўдыенцыі мэру Масквы», — расказваў тагачасны першы віцэ-мэр Пётр Нікіценка.
Дэлегацыя ўбачыла, што беларуска жыве ў асобным двухпавярховым доме, прыслугу і ахову ёй пакінулі. Герасіменка прапанаваў былой першай лэдзі «вярнуцца ў родны горад». Яшчэ да візіту Герасіменка спытаў у дыпламата, што любіць былая першая лэдзі: «На Тайвані гэтага не дастаць. Гэта чорны хлеб». Так што мэр сталіцы прыляцеў на востраў з падарункам з Беларусі.
Ён падараваў ёй тагачасны дзяржаўны бел-чырвона-белы сцяг, традыцыйную ляльку і круглы бохан беларускага чорнага хлеба.
У той дзень беларуска «свабодна гаварыла па-руску, <…> было шмат смеху, яна смяялася і жартавала, што адрознівалася ад яе звычайных паводзін».
Яе сустрэча з суайчыннікамі здзівіла і прадстаўнікоў мясцовых СМІ. Многія госці з СССР і Расіі прасілі пра сустрэчу з ёю пасля смерці яе мужа, але яна не згаджалася. Выкажам здагадку, што ў выпадку з беларусамі «покліч продкаў» адыграў вырашальную ролю.
Беларуска памерла 15 снежня 2004 года ад лёгачнай і сардэчнай недастатковасці, выкліканай ракам лёгкіх. Ёй было 88 гадоў. Яшчэ за год да смерці супрацоўнікі расказвалі, што яна была ў добрым настроі і нецярпліва чакала летняй сустрэчы са сваімі праўнукамі.
Ва ўрачыстай цырымоніі развітання ўзяла ўдзел уся палітычная эліта краіны, уключаючы прэзідэнта, віцэ-прэзідэнта, кіраўніка парламента і кіраўніка найбуйнейшай апазіцыйнай партыі. Цела Фаіны крэміравалі, а прах пахавалі разам з мужам.