Пакажыце гэта адэптам рэжыму. Да 85-й гадавіны ганебнага параду ў Берасьці
Беларуская прапаганда старанна спрабуе апаганіць нацыянальныя сымбалі праз выкарыстаньне здымкаў і тэкстаў перыяду Другой сусьветнай вайны, дзе наш сьцяг ужываўся прыхільнікамі супрацы з немцамі супраць камуністычнага панаваньня. Але тыя самыя прапагандысты маўчаць пра дату 22 верасьня 1939 года, калі ў акупаваным Берасьці адбыўся сумесны парад нацыстаў і савецкіх камуністаў пад свастыкамі, сярпамі і молатамі.
Дзьве ідэалёгіі спляліся нарэшце ў адно
Людзей падманваюць нават, падавалася б, у самым простым і дакладным — даце пачатку вайны. 22 чэрвеня 1941 роўна а 4-й раніцы немцы пачалі наступ — і краіна Саветаў была вымушана даваць адказ. Гэта ўпісваецца ў наратыў: «Расея не пачынае войнаў, яна іх сканчвае». 23 жніўня 1939 года два дыктатары — Іосіф і Адольф — заключылі дамову аб ненападзеньні з патаемнымі пратаколамі аб перафарматаваньні Эўропы. У доўгую шуфлядку гэта не адклалі, і ўжо праз некалькі дзён, 1 верасьня Гітлер нападае на Польшчу. А 17 верасьня нападае на Польшчу Сталін — са свайго боку, і разам яны зьнішчаюць польскую дзяржаўнасьць. Гэта было пачаткам Другой сусьветнай.
17 верасьня па-над Берасьцейскай крэпасьцю вісеў сьцяг са свастыкай. У гэты дзень сталінская Чырвоная Армія напала на тэрыторыю Польскай Рэспублікі. 22 верасьня чырвоныя войскі дайшлі да Берасьця. Згодна з пагадненьнем аб мяжы, заключаным паміж СССР і Нямеччынай, крэпасьць павінна была ўвайсьці ў склад савецкай дзяржавы. Савецкі Саюз, у сваю чаргу, перадаў горад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы як адміністрацыйны цэнтар новастворанай Берасьцейскай вобласьці. Савецкая прапаганда паведамляла: «Польскія паны падпарадкавалі працоўны народ Заходняй Беларусі, кінулі яго на поле імпэрыялістычнай вайны. Значыць, мы ідзем не заваёўваць, а вызваляць».
22 верасьня 1939 у Берасьці адбыўся сумесны парад фашысцкіх і савецкіх войскаў. Пазьней немцы пакінулі горад. Разьвітальныя словы, што гучалі ў прадстаўнікоў дзвюх саюзных армій: «Да сустрэчы ў Маскве! — Да сустрэчы ў Бэрліне!» вельмі іранічна былі імі верагодна згаданыя пасьля. Шматлікія чырвоныя афіцэры, якія прысутнічалі на парадзе, як і абяцалі ў 1945 годзе, штурмавалі Бэрлін, а войскі генэрала Хайнца Гудэрыяна ў 1941 годзе дасягнулі 20 кілямэтраў ад Крамля.
Парад пачаўся ад будынку Падляскага ваяводзкага ўпраўленьня а 16-й гадзіне. Марш войскаў правялі разам Хайнц Гудэрыян і Сямён Крывашэін.
Гісторык Васіль Сарычаў здолеў атрымаць сьведчаньні некаторых відавочцаў фашыстоўска-камуністычнага параду. Вось што згадвае Пётр Козік, якому было адзінаццаць гадоў: «22 верасьня 1939 года бацька павёў мяне на плошчу. Па горадзе толькі і размоваў было, што аб набліжэньні расейцаў. Па дарозе са Шпітальнай (Інтэрнацыянальнай) у бок Вуніі Любельскай павярнуў аркестар з мясцовых — мяркуючы па чырвоных павязках з сярпом і молатам, членаў КПЗБ. А па Ягелёнскай (Машэрава) ішла танкавая калона расейцаў. Салдацікі-пяхотнікі ўсе нейкія замораныя. Памятаю, як яны палілі. Дастане баец мяшочак з тытунем, з абрыўка газэты змайструе самакрутку, доўга высякае іскру крэсівам аб кавалак напільніка, запаліцьць... А ў немца хітры партсігар: закладзе паперку, крутане — і гатова. Калёна вермахта ўжо стаяла напагатове. Перад ваяводзтвам, зараз аблвыканкамам, – невялікі драўляны памост і флагшток зь нямецкім сьцягам. Расейцы павярнулі з Ягелёнскай на Вуніі і спыніліся. Нямецкі чын у шынялі з чырвонай генэральскай падкладкай і расейскі камбрыг паціснулі рукі. Прайшлі падразьдзяленьні, два камандзіры сказалі прамовы».
А вось што прыгадвае Барыс Трафімаў: «У пачатку 20-х дзён верасьня стаў сьведкам сумеснага савецка-нямецкага парада. Народ сабраўся на плошчы насупраць ваяводзтва. Нікога не чапалі, толькі зганялі тых, хто залез на дах з фотаапаратам. Бліжэй жаўнераў-«вызваліцеляў» разгледзеў у наступныя дні. За танкістаў не скажу, а вось пяхота, якая ўваходзіла ў Берасьце з усіх кірункаў, уразіла беднасьцю і неахайнасьцю. Мы звыклі да ладных польскіх вайскоўцаў, а тут брудныя, з пахам, па шыях казуркі… У галаву палезлі сумневы: якое ж нам жыцьцё нясуць?..»
Гэта была сапраўдная ўрачыстасьць. Жаўнеры двух войскаў на вуліцах Берасьця абменьваліся папяросамі, афіцэры частавалі адзін аднаго півам.
Польскія ваеннапалонныя былі перададзены камуністам. У наступныя дні яны вывозілі завалы з тэрыторыі крэпасьці. Неўзабаве большую частку шэрагоўцаў адпусьцілі. Ахвярамі катынскага расстрэлу пазьней стануць берасьцейскія афіцэры і паліцыянты.
Нацыст і камуніст у верасьні 1939 года. Фота: Bundesarchiv
28 верасьня генэрал Канстанты Плісоўскі быў захоплены ў савецкі палон. Забіты супрацоўнікамі НКУС, у форму якіх любіць апранацца былы міністар унутраных справаў Беларусь Шуневіч, у красавіку 1940 года.
Прапаганда пра тыя падзеі
У паведамленьні БЕЛТА чытаем: «У канцы 1930-х гадоў пагроза вайны, якая зыходзіла ад нацысцкай Нямеччыны, навісла над усёй Эўропай. Каб прадухіліць яе, патрэбны былі сумесныя дзеяньні вядучых краін Заходняй Эўропы і СССР. Разумеючы гэта, Савецкі Саюз у другой палове 1930-х гадоў распачаў шэраг спробаў стварыць сумесна з Вялікай Брытаніяй, Францыяй і іншымі заходнімі краінамі антыгітлераўскую кааліцыю. Аднак вядучыя эўрапейскія дзяржавы адмовіліся ад такога саюза, употай імкнучыся скіраваць гітлераўскую агрэсію на ўсход. Савецкі Саюз апынуўся перад выбарам: або працягнуць супрацьстаяньне сам-насам з Нямеччынай, якая набірае ваенную моц, або зрабіць спробы дыпляматычным шляхам адвесьці ад сябе пагрозу. У такіх умовах СССР заключыў з Нямеччынай Дамову аб ненападзе, якая была падпісаная 23 жніўня 1939 года ў Маскве».
Сумесны парад Вэрмахта і Чырвонай Арміі ў Берасьці. 22 верасьня 1939 года. Фота: Bundesarchiv
Ужо праз 3 тыдні пасьля такой «дыпляматыі», і праз 16 дзён пасьля Гітлера, саветы радасна ўвайшлі ў Польшчу. А 22 верасьня 1939 года прайшоў той самы парад.
Мы памятаем.