Што аб'яднала Італію, Японію і Нямеччыну ў 1940 годзе
27 верасьня 1940 года быў падпісаны Траісты пакт, які замацоўваў новы сусьветны парадак, што па задуме немцаў, італьянцаў і японцаў мусіў неўзабаве запанаваць па ўсёй Зямлі.
Папярэднічаў Траістаму пакту так званы Дваісты пакт, ці інакш – Стальны. Ён быў падпісаны 22 траўня 1939 года паміж нацысцкай Нямеччынай і фашысцкай Італіяй і стаў дэклярацыяй агульных амбіцыяў. Аднак неадпаведнасьць у ваеннай сіле і эканамічных рэсурсах дзьвюх краінаў ставіла Італію ў падпарадкаванае становішча. Бэніта сапраўды марыў пра мірныя гады, але ў нямецкіх камрадаў была іншая задума.
З прэамбулы пакта: “Цьвёрда зьвязаныя нутраным сваяцтвам іх сьветапогляду і шырокай салідарнасьцю іх інтарэсаў адзін з адным, нямецкі і італьянскі народ вырашыліся, таксама ў будучыні плячом да пляча з аб'яднанымі сіламі выступаць за забесьпячэньне іх жыцьцёвай прасторы і за падтрымку міру. На гэтым, ім гісторыяй паказаным шляху Нямеччына і Італія жадаюць у цэнтры сусьвету турботы і раскладаньня служыць мэце гарантаваць асновы эўрапейскай культуры”.
Нямецка-італьянскі альянс стаў магчымым дзякуючы ідэалягічным падабенствам Адольфа Гітлера і Бэніта Мусаліні, якія кіраваліся незадаволенасьцю тым парадкам, які склаўся пасьля Першай сусьветнай вайны. Вэрсальская дамова пакінула Нямеччыну прыніжанай і эканамічна зруйнаванай, у той час як тыя ж пагадненьні адмовілі Італіі ў тэрытарыяльных прыростах, якія яна чакала ў якасьці ўзнагароды за ўдзел у вайне.
Гітлер і Мусаліні знайшлі агульную мову ў непрыняцьці лібэральнай дэмакратыі, у антыкамуністычнай пазыцыі і жаданьні вярнуць сваім нацыям месца, якое яны лічылі належным ім у сусьветнай герархіі.
Пазьней, а менавіта 23 жніўня 1939 года быў падпісаная дамова між нацыстамі і камуністамі з СССР. 1 верасьня таго ж года пачынаецца Другая сусьветная вайна. І праз год пасьля яе пачатку да кааліцыі немцаў з італьянцамі далучаецца Японія.
Трое ў лодцы
Да 1940 года Японія стаяла на палітычным раздарожжы. На працягу папярэдняга дзесяцігодзьдзя яе вонкавая палітыка паступова набывала мілітарысцкі характар, абумоўленая жаданьнем усталяваць гегемонію ва Ўсходняй Азіі.
Гэтыя амбіцыі былі сфармуляваныя ў канцэпцыі «Сферы сумеснага росквіту Вялікай Усходняй Азіі», — сваеасаблівым бачаньні самадастатковага рэгіянальнага блёка пад кіраўніцтвам Японіі. Аднак гэта прывяло Японію да канфлікту з заходнімі дзяржавамі, перадусім са Злучанымі Штатамі і Вялікай Брытаніяй (нагадаем у той час калёніі ніхто не адмяняў), якія разглядалі пашырэньне японскага ўплыву як выклік сваім інтарэсам у Азіі.
Уварваньне ў Кітай у 1937 годзе стала першым крокам. Японія спадзявалася на хуткую перамогу, але вайна зацягнулася і вычэрпвала рэсурсы краіны. Японія ўсё часьцей разглядала магчымасьць супрацоўніцтва з Нямеччынай і Італіяй. У 1940 годзе эўрапейскія дзяржавы Восі былі на вяршыні посьпеху: Нямеччына хутка перамагла Францыю і панавала на кантынэнце, у той час як Італія пашырала свой уплыў у Міжземным моры.
Больш за тое, Японія разглядала Траісты пакт як неабходную абарону супраць Злучаных Штатаў. Да канца 1930-х гадоў ЗША наклалі эмбарга на жыцьцёва неабходныя матэрыялы, такія як сталь і авіяцыйнае паліва, а іх ваенна-марская прысутнасьць у Ціхім акіяне стварала наўпроставую пагрозу інтарэсам Японіі. Японскія стратэгі палічылі, што фармальны зьвяз з Нямеччынай і Італіяй можа служыць фактарам стрымліваньня.
Пункт аб узаемнай абароне Пакта прадугледжваў, што калі адна з краін-падпісантаў падвергнецца нападу з боку краіны, якая ў цяперашні час не ўдзельнічае ў вайне (мы разумеем, што меліся на ўвазе Злучаныя Штаты) — дзьве іншыя нацыі прыйдуць ёй на дапамогу.
27 верасьня 1940 года ва ўрачыстай абстаноўцы ў Бэрліне быў падпісаны пакт. Свае подпісы пакінулі міністар замежных справаў Нямеччыны фон Рыбэнтроп, яго калега з Італіі Галеацца Чыяна, па-сумяшчальніцтву зяць Мусаліні, а таксама амбасадар Японскай Імпэрыі ў Трэцім Рэйху Сабура Курусу.
З тэксту Траістага пакту:
«Японія прызнае і паважае лідэрства Нямеччыны і Італіі ва ўсталяваньні новага парадку ў Эўропе. Нямеччына і Італія прызнаюць і паважаюць лідэрства Японіі ва ўсталяваньні новага парадку ў Вялікай Усходняй Азіі».
Пакт імкнуўся даць сыгнал сьвету, што дзяржавы Восі — як з Эўропы, так і з Азіі — аб'ядналіся супраць любых патэнцыйных замахаў з боку Злучаных Штатаў ці Брытаніі ці каго-кольвек яшчэ. Японцы спадзяваліся, што гэта прымусіць амэрыканцаў пайсьці на дыпляматычныя саступкі: адмена эмбарга і прызнаньне тэрытарыяльных заваёваў Японіі.
Паміж Японіяй і эўрапейскай восьсю было мала культурнай або ідэалягічнай блізкасьці. Адносіны былі заснаваныя на прагматызме і рэальнай палітыцы, арыентаваныя на ўзаемныя інтарэсы, а не на агульныя каштоўнасьці. Палітычная эліта Японіі разглядала Пакт як інструмэнт для дасягненьня сваіх мэтаў рэгіянальнага дамінаваньня, а не як глыбокую ідэалягічную прыхільнасьць фашысцкім ці нацысцкім прынцыпам Італіі і Нямеччыны.
У хуткім часе Траісты пакт значна павялічыўся за кошт новых удзельнікаў. Да яго далучыліся Румынія, Вугоршчына, Славаччына, Балгарыя, Югаславія (пасьля яе падзелу – Харватыя), і азіяцкія падпісанты: Тайланд, Маньджоў-Го, Кітайская рэспубліка.
З тэксту Траістага пакту:
«Дадзены пакт уступае ў моц адразу пасьля падпісаньня і будзе дзейнічаць 10 гадоў з дня ўступленьня ў моц. Своечасова да заканчэньня названага тэрмiну высокiя Дамоўныя Бакi па просьбе любога зь iх пачнуць перамовы аб яго аднаўленьнi».
У 1950 годзе нас мог чакаць працяг гэтых дамоўленасьцяў, калі б гісторыя пайшла інакш. Аднак Японія прайшла шлях ад трыюмфу ў Пэрл-Харбары да нацыянальнай трагедыі ў Хірасіме і Нагасакі. Пра лёс эўрапейскіх падпісантаў вы таксама добра ведаеце.
Аднак і ў наш час на даляглядзе вымалёўваецца новая Вось Зла: Іран-Расея-Кітай-КНДР і розныя драбнейшыя ўдзельнікі.