Таталітарызм пасьля дыктатара: хто кіраваў Нямеччынай пасьля сьмерці фюрэра?

Распаўсюджаным падаецца меркаваньне, што калі кіраўнік арміі ці дзяржавы, што знаходзіцца ў вайне, памірае альбо яго забіваюць, усё раптоўна і шчасьліва сканчваецца. На практыцы – існаваньне злачынных рэжымаў працягваецца, што паказвае прыклад нацысцкай Нямеччыны.

Картка Карла Дзёніца ,арыштаванага брытанцамі ў траўні 1945 года

Картка Карла Дзёніца ,арыштаванага брытанцамі ў траўні 1945 года

Калі Адольф Гітлер скончыў жыцьцё самагубствам 30 красавіка 1945 года ў глыбінях свайго бэрлінскага бункера, Трэці Рэйх не загінуў разам зь ім. У наступныя дні пасьля сьмерці Гітлера былі зроблены спробы захаваць падабенства кіраваньня, калі хаўрусьнікі акружылі і ўрэшце захапілі Бэрлін.

Неадкладная пераемнасьць

Раптоўны вакуўм улады прывёў да перыяду кіраваньня гранд-адмірала Карла Дзёніца, апошняга кіраўніка Трэцяга Рэйху. З месца ваенна-марскога кіраўніка ён трапіў на вышэйшую пасаду рэйхспрэзідэнта і вярхоўнага галоўнакамандуючага ўзброенымі сіламі Нямеччыны.

У сваім запавеце Гітлер прызначыў Дзёніца сваім пераемнікам на пасадзе галоўнакамандуючага вермахта, ваеннага міністра і рэйхспрэзідэнта. Гэта не адпавядала Вэймарскай канстытуцыі, якая фармальна яшчэ дзейнічала. Аднак 13 сьнежня 1934 года Гітлер прыняў закон аб пераемніку фюрэра і рэйхсканцлера, які ў той жа дзень падпісаў, але так і не апублікаваў. У ім ён заявіў, што мае паўнамоцтвы прызначаць свайго пераемніка «ў выпадку яго сьмерці або іншага вызваленьня пасады рэйхспрэзідэнта і рэйхсканцлера, аб'яднаных ім».

Ужо 30 красавіка Марцін Борман праінфармаваў Дзёніца аб прызначэньні рэйхспрэзідэнтам, але тады яшчэ не паведаміў яму, што Гітлер памёр, пра што амаль ніхто ў Трэцім Рэйху ня ведаў да 1 траўня. Дзёніц лічыў гэтае прызначэньне рэйхспрэзідэнтам настолькі істотным, што ў 1975 годзе напісаў «палітычны запавет», у якім жадаў перадаць пасаду рэйхспрэзідэнта фэдэральнаму прэзідэнту Фэдэратыўнай Рэспублікі Нямеччыны.

Першы і другі кіраўнікі Трэцяга Рэйху

Першы і другі кіраўнікі Трэцяга Рэйху

У адрозьненьне ад Гітлера, які патрабаваў абсалютнага супраціву нават перад абліччам поўнай паразы, Дзёніц цьвёрда разумеў неабходнасьць капітуляцыі, каб прадухіліць далейшыя непатрэбныя пакуты сярод нямецкага народа. Але разам з тым ён быў сынам сваёй партыі. Яго першай і самай актуальнай задачай было дамовіцца аб умовах капітуляцыі, адначасова спрабуючы выратаваць усё, што магчыма.

Можна пагадзіцца з распаўсюджанай думкай, што кіраўніцтва Дзёніца было адзначана не здольнасьцю натхніць ужо разьбітыя насельніцтва і армію, а хутчэй адміністрацыйнай кампетэнтнасьцю, якая імкнулася правесьці Нямеччыну ў апошнія самыя змрочныя дні існаваньня нацысцкага рэжыму.

Глядзіце таксама

Урад не ў сталіцы

Карл Дзёніц заснаваў свой урад у мястэчку Фленсбург, недалёка ад мяжы з Даніяй, у раёне, яшчэ не кранутым войскамі хаўрусьнікаў. Такі выбар месца адлюстраваў адначасова стратэгічны адыход ад варожых войскаў, так і сымбалічны працяг існаваньня Нямецкай дзяржавы, хоць і ў значна зьменшаным маштабе. Урад Фленсбурга быў сфармаваны 2 траўня 1945 года.

Склад гэтага ўрада паказваў пра вельмі фрагментарны характар нацысцкага рэжыму ў яго апошнія дні. У яго ўваходзіў напрыклад Альбэрт Шпэер, які адказваў за ўзбраеньне і ваенную вытворчасьць, а Генрых Гімлер не трапіў па рашэньні самога Карла Дзёніца. Гэты ўрад не меў вялікага рэальнага ўплыву, яны ўзначальвалі краіну, якая хутка акупавалася і ўжо кіравалася войскамі хаўрусьнікаў.

Мэтай Дзёніца было забясьпечыць кантраляваную капітуляцыю, якая зьмякчыла б наступствы паразы Нямеччыны для яе грамадзянскага насельніцтва і ваенных сілаў. Урад Дзёніца паспрабаваў працягваць вайну на ўсходнім фронце, каб дазволіць як мага большай колькасьці жаўнераў і грамадзянскім асобам здацца заходнім хаўрусьнікаў, а не камуністам, якіх яны баяліся больш, што было вельмі не безпадстаўна.

«Мая першая задача — выратаваць нямецкі народ ад зьнішчэньня бальшавіцкім ворагам, які наступае. Ваенная барацьба працягваецца толькі дзеля гэтай мэты» – з радыёвыступу Карла Дзёніца 1 траўня 1945 года.

Праца па капітуляцыі

7 траўня 1945 года пасьля напружаных перамоваў у французскім Рэймсе быў падпісаны Акт аб ваеннай капітуляцыі. Гэты дакумэнт быў сьведчаньнем жудаснай сітуацыі, зь якой сутыкнуўся Карл Дзёніц: ён патрабаваў спыненьня ўсіх ваенных дзеяньняў на працягу 24 гадзінаў і аддаваў нямецкія войскі на літасьць хаўрусьнікаў. Дакумэнт быў зноў падпісаны на больш афіцыйнай цырымоніі ў Бэрліне 8 траўня.

Роля Дзёніца ў гэтых працэсах была хутчэй роляй пасярэдніка.

Патрабаваньні да Дзёніца

Патрабаваньні хаўрусьнікаў былі выразнымі і не падлягалі абмеркаваньню: Поўнае раззбраеньне і дэмабілізацыя нямецкай арміі, арышт і судовы перасьлед нацысцкіх лідэраў, неадкладнае вызваленьне ўсіх ацалелых у канцэнтрацыйных лягерах і палітычных зьняволеных, забесьпячэньне выкананьня грамадзянскімі асобамі патрабаваньняў ваенных уладаў хаўрусьнікаў (гэта ўключала забесьпячэньне харчаваньнем, спыненьне дыверсій і супрацоўніцтва з акупацыйнымі сіламі для падтрыманьня парадку і садзейнічаньня пасьляваеннаму аднаўленьню).

Гэтыя патрабаваньні фактычна дэмантавалі тую самую дзяржаву, якую Карл Дзёніц узначальваў. Кожная дырэктыва хаўрусьнікаў пазбаўляла ўрад рэшткаў нацысцкай улады і ўплыву.

Дарэчы, вы маглі падумаць, што фактычна ўрад Трэцяга Рэйху перастаў існаваць пасьля падпісаньня дамовы аб капітуляцыі 8 траўня 1945 года? Насмрэч ён быў распушчаны хаўрусьнікамі толькі 23 траўня 1945 года. Дзёніц быў арыштаваны. Разам з Дзёніцам былі затрыманыя і іншыя вядомыя дзеячы, такія як Альбэрт Шпэер, міністр узбраеньняў Гітлера, і Альфрэд Ёдль, кіраўнік апэратыўнага штаба Вярхоўнага камандаваньня ўзброеных сілаў.

Арышт Дзёніца 23 траўня 1945 года

Арышт Дзёніца 23 траўня 1945 года

Урад Фленсбурга пад кіраўніцтвам Карла Дзёніца быў прызнаны хаўрусьнікмі як легітымны, але толькі ў якасьці часовай меры для садзейнічаньня плаўнай перадачы ўлады і дапамогі ў выкананьні ўмоваў капітуляцыі. Істотна разумець, што ён не прызначаўся для таго, каб служыць законным або трывалым органам кіраваньня.

Роспуск быў праведзены брытанскімі войскамі пад камандаваньнем фельдмаршала Бэрнарда Мантгомеры. Афіцыйная дэклярацыя аб роспуску паказала, што ўрад Карла Дзёніца больш не прызнаваўся ў якасьці легальнага дзяржаўнага органу і што яго чальцы павінны былі разглядацца як прыватныя грамадзяне, а ў многіх выпадках, як ваеннапалонныя або падазраваныя ў рассьледаваньні ваенных злачынстваў.

Трыбунал

З дакумэнтаў трыбуналу ў Нюрнбэргу:

«Пачынаючы са студзеня 1943 гады, Гітлер амаль бесперапынна кансультаваўся з Дзёніцам. Ёсьць доказы таго, што яны раіліся па марскіх пытаньнях прыкладна 120 разоў на працягу вайны.

Ужо ў красавіку 1945 года, калі, як ён прызнае, Дзёніц ведаў, што барацьба стала безнадзейнай, ён у якасьці галоўнакамандуючага пераконваў асабісты склад флёту працягваць барацьбу. 1 траўня 1945 гады ён стаў кіраўніком дзяржавы і ў якасьці такога загадаў узброеным сілам працягваць вайну на Ўсходзе, якая скончылася капітуляцыяй 9 траўня 1945 года. Дзёніц растлумачыў, што ён выдаў такія загады для таго, каб забясьпечыць для нямецкага цывільнага насельніцтва магчымасьць эвакуацыі, а для войска — магчымасьць упарадкаванага адступленьня з Усходу.

На думку Трыбунала, доказы ўстанаўліваюць, што Дзёніц актыўна ўдзельнічаў у вядзеньні агрэсіўнай вайны.

Дзёніц на нарадзе 11 сьнежня 1944 года сказаў: «12 000 зьняволеных канцэнтрацыйных лягераў будуць выкарыстаныя ў доках у якасьці дапаможнай працоўнай сілы». У гэты перыяд будаўніцтва судоў не ўваходзіла ў сферу яго юрысдыкцыі, і ён сцьвярджае, што гэта была толькі прапанова, зробленая ім на нарадзе, аб тым, каб кіруючы афіцэрскі склад садзейнічаў будаўніцтву судоў, што ён не рабіў ніякіх крокаў, каб атрымаць гэтых працоўных, паколькі гэтае пытаньне не ўваходзіла ў яго кампетэнцыю, і не ведае, ці былі яны наогул калі-небудзь атрыманыя.

Ён прызнае, што ведаў аб існаваньні канцэнтрацыйных лягераў. Чалавек, які займаў яго становішча, павінен быў абавязкова ведаць аб тым, што вялікая колькасьць жыхароў акупаваных краінаў зьмяшчалася ў канцэнтрацыйныя лягеры.

Вынікі трыбуналу ў нямецкай прэсе

Вынікі трыбуналу ў нямецкай прэсе

У 1945 годзе Гітлер запытаў меркаваньне Ёдля і Дзёніца адносна таго, ці варта адмовіцца ад Жэнэўскай канвэнцыі. Нататкі аб нарадзе паміж двума ваеннымі кіраўнікамі 20 лютага 1945 года паказваюць, што Дзёніц выказаў свой пункт гледжаньня, які зьвёў да таго, што недахопы такой меры пераважаць яе перавагі. Рэзюмэ меркаваньня Дзёніца, якое зьмяшчалася ў нататках, зробленых адным з афіцэраў, утрымлівае наступную фразу:

«Будзе лепш праводзіць меры, якія мы палічым неабходнымі, без папярэджаньня, і любым коштам захаваць рэнамэ ў вачох зьнешняга сьвету».

Абвінавачаньне настойвала на тым, што «меры», пра якія тут гаворыцца, азначалі, што ад канвэнцыі ня трэба адмаўляцца, але што яе трэба парушаць па меркаваньні іншых. Абарона тлумачыць, што Гітлер хацеў парушыць канвэнцыю па двух прычынах: пазбавіць нямецкія войскі абароны канвэнцыі, тым самым прадухіляючы далейшыя спробы здавацца вялікімі групамі ў палон брытанцам і амэрыканцам, а таксама даць магчымасьць праводзіць рэпрэсаліі супраць хаўрусных ваеннапалонных у якасьці контрмеры супраць бамбардыровак.

Глядзіце таксама

Дзёніц сцьвярджае, што пад словам «меры» ён разумеў дысцыплінарныя меры супраць нямецкіх войскаў з тым, каб прадухіліць іх здачу ў палон, і не меў на ўвазе мер супраць хаўрусьнікаў; ён сцьвярджае, што гэта была ўсяго толькі прапанова і што ў любым выпадку ніякія меры такога кшталту ніколі не рабіліся ні супраць хаўрусьнікаў, ні супраць немцаў. Трыбунал, аднак, не лічыць гэтае тлумачэньне праўдзівым.

Нямеччына ўсё ж не адмовілася ад захаваньня Жэнэўскай канвэнцыі. Абарона прадставіла некалькі пісьмовых паказаньняў для таго, каб даказаць, што брытанскія ваеннапалонныя зь ліку асабовага складу флёта ў лягерах для ваеннапалонных, якія ўваходзяць у сфэру юрысдыкцыі Дзёніца, падвяргаліся абыходжаньню ў строгай адпаведнасьці з канвэнцыяй, і Трыбунал прымае гэты факт пад увагу і разглядае яго як зьмякчальную віну акалічнасьць».

Заключэньне Трыбуналу

Трыбунал прызнае Дзёніца невінаватым па разьдзелу першаму Абвінаваўчага заключэньня і вінаватым па разьдзелах другому і трэцяму.

Міжнародны ваенны трыбунал прысудзіў Карла Дзёніца да турэмнага зьняволеньня тэрмінам на дзесяць гадоў.

Магіла Карла Дзёніца

Магіла Карла Дзёніца

Пасьля адбыцьця пакараньня Карл Дзёніц выйшаў на волю і на пэнсію ў 1956 годзе. Апошні кіраўнік Рэйха памёр у 1980 годзе ва ўзросьце 89 гадоў. У пахавальнай цырымоніі прынялі ўдзел каля 5 тысячаў чалавек.