Паўстанне Каліноўскага было суцэльнай катастрофай
Беларускі гісторык у Польшчы, прафесар Алег Латышонак у размове з Радыё «Свабода» агучыў свой погляд на паўстанне Кастуся Каліноўскага.
— Тое, што Каліноўскі зрабіў, для беларусаў вельмі важнае — ягоная публіцыстыка. Але паўстаньне было суцэльнай катастрофай. Яно выкапала вялікі роў паміж католікамі і праваслаўнымі. Яно зруйнавала беларускае школьніцтва, якое было ўжо ўведзенае. Пра гэта таксама ніхто ня хоча памятаць. Ужо быў выдадзены падручнік, і школьніцтва беларускае, можна сказаць, ужо было задэкрэтаванае.
Гэта быў вялікі працэс славянафільства ў Расеі. Украінцы гэтым скарысталіся і стварылі ва Ўкраіне сотні школ з навучаньнем на ўкраінскай мове. І мелася так быць у Беларусі. Але пасьля паўстаньня былі ліквідаваныя і гэтыя парасткі беларускага школьніцтва. І яшчэ ўкраінцам рыкашэтам дасталося, ім таксама тое ўсё забралі.
Было страчана два пакаленьні, пакуль зноў зьявілася нейкая магчымасьць беларускай дзейнасьці. Ну, хіба можна сказаць, што ў 80-я гады ХІХ стагодзьдзя быў «Гоман». Але беларускія літаратары, паэты былі вымушаныя заціхнуць або былі высланыя ў Сібір. Так што паўстаньне для мяне — поўная катастрофа.
Прытым хачу сказаць, што мы Каліноўскага любім за беларускую публіцыстыку, але ж яна пасьля ніякага ўплыву на беларусаў ня мела. Ён быў успомнены толькі ў ХХ стагодзьдзі, калі ўжо рух беларускі нарадзіўся і шукаў сабе ідэйных продкаў. Але ніякай пераемнасьці паміж Каліноўскім і беларускім нацыянальным рухам няма.
У «Мужыцкай праўдзе» нічога беларускага, апрача мовы, няма. Не хачу, каб мяне няправільна зразумелі, але таксама можна ўсе творы Леніна на беларускую мову перакласьці, і што там будзе беларускага?
У «Мужыцкай праўдзе» ідэя абсалютна не беларуская. Ён не сказаў у ёй пра «мужыкоў-беларусаў».
Ідэю трэба пашыраць. А калі не пашыраеш ідэю «мы — беларусы», то, значыць, няма таго пашырэння. Для мяне гэта яўна.
Але відавочна, што ў Каліноўскім адбываўся працэс высьпяваньня. У паказаньнях і мемарандуме ён дайшоў да таго, што Беларусь (ён называе яе Літвою) не мусіць быць з Польшчай. Гэта абсалютна нешта новае і супярэчнае з тым, што ён пісаў у «Лістах з-пад шыбеніцы». Хоць тут адзін час.
Я думаю, што не пішуць апошняга верша для каханай дзяўчыны на чужой мове. Гэта значыць, што гэта ішло ад сэрца.
Так што, я лічу, ён вельмі хутка дасьпяваў. І гэта вялікая страта для нас, што ён так рана загінуў…