Пра варвараў і выбітнае жыццёвае дасягненне — знішчыць усіх ворагаў адзіным росчыркам пяра

Імператар Феадосій выдаў загад: ніякіх варвараў, на самай справе, ад гэтага часу больш не існуе. Але самі варвары пра гэта не здагадваліся: яны загад прачытаць не маглі, бо не ўмелі чытаць, піша аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».

Гуны Атылы рабуюць рымскую вілу. Мастак Жорж Рашгрос

Гуны Атылы рабуюць рымскую вілу. Мастак Жорж Рашгрос

Сёння, калі ў паштальёна выхадны, я раскажу гісторыю пра адну вялікую перамогу. Магчыма нават найвялікшую перамогу ў гісторыі. Праўда, трошачкі віртуальную.

Імператар Усходняй Рымскай імперыі Феадосій II быў чалавекам у пэўным сэнсе выбітных вартасцяў. Настолькі выбітных, што імператарам ён быў абвешчаны на другім годзе свайго жыцця. Між іншым, гэта быў самы юны імператар у рымскай гісторыі. Першыя шэсць гадоў Феадосію, праўда, трошкі дапамагаў кіраваць яго тата. Але потым тата памёр — і ўжо да самага канца жыцця, а пражыў Феадосій пяцьдзясят гадоў — замест яго кіравала яго старэйшая сястра.

Але імператар таксама быў адзначыўся некаторымі выдатнымі дасягненнямі. За ідэальны почырк ён атрымаў ад сучаснікаў Ганаровую мянушку «Каліграф».

Яшчэ імператар вельмі клапаціўся пра душэўнае здароўе сваіх падданых — загадаў, напрыклад, спаліць знакаміты паганскі храм у Алімпіі. Гэта якраз тое месца, дзе ў даўнія часы пачыналіся Алімпійскія Гульні. Ну і наогул, імператар вельмі цікавіўся чысцінёй сімвалаў веры і асабіста ўнікаў ва ўсе спрэчныя багаслоўскія пытанні.

Некаторыя падданыя, праўда, былі людзьмі прыземленымі і, мабыць, не заўсёды ўдзячнымі. Гэтых грубых людзей больш хвалявала не духоўная чысціня, а фізічная бяспека.

У часы Феадосія імперыю на ўсходзе непакоілі персы, а на захадзе яе землі руйнавалі гуны. І справіцца з гэтымі пагрозамі звычайнымі метадамі ў імператара неяк не атрымалася.

Ну гэта значыць падданым рэгулярна паведамлялі пра імператарскія перамогі над варварамі, але варвараў у імперыі ад гэтага менш не станавілася.

І што ты сабе думаеш? Імператар урэшце знайшоў геніяльнае рашэнне. Разабраўся з праблемай, можна сказаць, раз і назаўжды.

Глядзіце таксама

Пасля аднаго асабліва масавага набегу гунаў на Балканскія правінцыі Феадосій выдаў спецыяльны імператарскі эдыкт. Калі мне не здраджвае памяць, ён так і называўся: эдыкт «Аб варварах». І ў гэтым эдыкце чорным па белым, выдатным каліграфічным почыркам (імператар любіў сам пісаць свае эдыкты) было напісана, што ніякіх варвараў, на самай справе, больш не існуе.

Вось вы варвараў бачыце? А іх няма. Як жа яны могуць быць пасля падпісання эдыкта?

Але ведаеш што? У гэтага спосабу вырашэння варварскай праблемы быў адзін малюсенькі, зусім маленечкі недахоп. Варвары ж — яны былі дзікуны. Яны ж чытаць не ўмелі!

Таму Феадосій, канечне, ведаў, што варвараў няма, але самі варвары пра гэта не здагадваліся. Ну а як яны маглі здагадацца, калі былі не ў стане прачытаць імператарскі ўказ?

Вось з-за гэтай варварскай непісьменнасці імперыя і пакутавала. А калі б варвары былі пісьменныя, то пасля такога імператарскага ўказа яны б, вядома, абавязкова і неадкладна самаліквідаваліся.

І пагадзіся, гэта выбітнае жыццёвае дасягненне — знішчыць усіх сваіх ворагаў адзіным росчыркам пяра. Вось некаторыя, якія ўвесь час перамагаюць віртуальных ворагаў у тэлевізары, маглі б у імператара Феадосія шмат чаму навучыцца. Вось толькі сакалоў, якія скінулі пацука на прыступкі дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы, ніякім указам адмяніць не атрымаецца.

huny.jpg