Ці разумее беларуская ўлада, з якім агнём гуляе?

Калі польскі генерал кажа, што польскія верталётчыкі маюць загад страляць на паразу па парушальніках мяжы, не жартуе. І польскі прэм'ер з літоўскім прэзідэнтам не жартуюць, папярэджвае аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі»

_minsk___tuman___horad__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__21__logo.jpg

Учора польскі генерал Сакалоўскі паведаміў, што Польшча перакінула на мяжу Беларусі баявыя верталёты. І што польскія верталётчыкі маюць загад адкрываць агонь на паразу, калі на мяжы здарацца якія-небудзь сур'ёзныя непрыемнасці. Навіна стала арганічным дадаткам да сустрэчы польскага прэм'ера і літоўскага прэзідэнта. Можна сказаць, такі адказ на палёты беларускіх верталётчыкаў і жарты пра шпацыр вагнераўцаў. Вы пажартавалі, а цяпер мы пасмяемся.

І, ведаеш, мне вельмі цікава, ці разумеюць беларускія ўлады, задзіраючы палякаў, з якім агнём яны гуляюць. І наколькі ўжо блізкія да таго, каб дагуляцца.

Вось мяркуючы па беларускім тэлевізары і асобных сведках стабільнасці, наогул не разумеюць. Таму што ва ўяўленні беларускага тэлевізара Польшча – гэта такая дробная, недарэчная, але скандальная краіна. Ні ніякага параўнання з вялікай ядзернай дзяржавай.

Таму што вялікая ядзерная дзяржава — яна ж яшчэ нічога такая сабе! У яе сапраўдны суверэнітэт, геапалітычны ўплыў, магутная эканоміка, народнае апалчэнне — і хутка будзе другая армія свету. Не першая другая армія свету. Першая “другая” армія свету ўжо была. А цяпер проста другая “другая” армія свету.

А што такое Польшча? Бездапаможны сатэліт сусветнага імперыялізму. У яе ж нічога няма, акрамя «татальнай залежнасці ад Вашынгтона». Хто гэтых  «паноў, якія зарваліся», наогул «будзе пра што-небудзь пытацца»? «Яны ж нічога не могуць». Толькі прыцягваць да сябе «ўвагу сусветнай грамадскасці недарэчнымі папулісцкімі заявамі».


Глядзіце таксама

Карацей, беларускі тэлевізар упэўнены, што нічога ў іх няма супраць вялікай ядзернай дзяржавы. І я моцна падазраю, што беларуская ўлада, прынамсі яе самыя прыкметныя прадстаўнікі, падзяляюць гэтыя ўяўленні свайго тэлевізара.

Не буду рабіць выгляд, што я добры знавец унутранай польскай палітыкі. Але я ўсё ж такі разумею, што цяперашняя польская ўлада гадамі стварала сабе імідж крутых дзецюкоў. З налётам рэспектабельнасці, вядома. У параўнанні з беларускай уладай. Але ў параўнанні з беларускай уладай і Навухаданосар глядзеўся б цалкам рэспектабельна.

А ў польскай улады, у адрозненне ад беларускай, ёсць апазіцыя. Якую, між іншым, падтрымлівае крыху менш за палову краіны. А апазіцыя — гэта такія нядобрыя людзі, якім дай толькі падставу пакрытыкаваць законна абранага прэзідэнта і ўрад.

Вось раней, польская апазіцыя крытыкавала польскія ўлады за залішняе “пацанства”. А цяпер крытыкуе за яго адсутнасць. І кажа, што ўжо яны б, апазіцыя, у гісторыі з залётам на польскую тэрыторыю беларускіх верталётаў, паводзілі б сябе як “канкрэтныя пацаны”.

А ты ж разумееш, што няма нічога горш для рэальнага пацана, чым сказаць яму, што ён не пацан? Рэальныя пацаны гэтага вельмі не любяць. А беспакараны залёт баявых верталётаў у Польшчу пацанскаму іміджу, вядома, не спрыяе. Як і мігранты, якія закідваюць польскія патрулі камянямі і петардамі.


Глядзіце таксама

Таму, калі польскі генерал кажа, што польскія верталётчыкі маюць загад страляць на паразу, ён, у адрозненне ад некаторых, не жартуе. І польскі прэм'ер з літоўскім прэзідэнтам не жартуюць, калі кажуць, што абмяркоўвалі дэталі плана закрыцця беларускай мяжы. Якія ўжо тут жарты? Усё па-сур'ёзнаму. Па-пацанску.

Таму што сокалы таксама не жартавалі, калі скінулі пацука на прыступкі дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы.