Падзеленая Еўропа. Беларусь — новы мур паміж Захадам і Усходам

Поўнае закрыццё ўсходняй мяжы ЕС — гэта толькі пытанне часу. «Еўропа без меж» пакуль застаецца толькі на словах, а ізаляцыя Беларусі парадуе Крэмль.

У Беларусі на мяжы з Еўропай у хуткім часе будзе так. Ілюстрацыйная выява: Midjourney

У Беларусі на мяжы з Еўропай у хуткім часе будзе так. Ілюстрацыйная выява: Midjourney

У Германіі 13 жніўня будзе адзначацца 62-я гадавіна ўзвядзення сцяны ў Берліне. Амаль тры дзесяцігоддзі Берлінская сцяна заставалася сімвалам «халоднай вайны» і «жалезнай заслоны», якая падзяліла Еўропу. Пасля падзення сцяны ў 1989 годзе здавалася, што ў гісторыі «жалезнай заслоны» ў Еўропе пастаўлена тлустая кропка, а закрытыя межы адыдуць у гісторыю разам з XX стагоддзем — стагоддзем дзвюх сусветных войнаў, генацыдаў і дыктатур.

Сёння тагачасныя надзеі на «Еўропу без меж» ці, прынамсі, на «Еўропу з адкрытымі межамі» ўяўляюцца наіўнымі фантазіямі, а «жалезная заслона» на ўсходзе Еўропы павольна апускаецца і пагражае закрыцца ўжо ў бліжэйшы час. А разгортваецца гэтая чарговая еўрапейская драма на межах Беларусі, піша ў спецыяльнай калонцы для рубрыкі «DW» «Беларусь. Перспектывы» гісторык Аляксандр Фрыдман.  

Падставы для страху ёсць

Магчымае закрыццё мяжы паміж Беларуссю і Польшчай стала за апошнія тыдні, бадай, самай вострай палітычнай тэмай сярод беларусак і беларусаў. І для падобных страхаў сапраўды ёсць важкія падставы.

Адносіны паміж Мінскам і яго еўрапейскімі суседзямі паслядоўна пагаршаюцца пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў жніўня 2020 года і падаўлення беларускіх пратэстаў. Дыскусіі пра закрыццё меж ішлі яшчэ ў сувязі са справай Рамана Пратасевіча і асабліва абвострыліся ў кантэксце міграцыйнага крызісу 2021 года. Але тады да такіх радыкальных крокаў не дайшло — як па эканамічных і палітычных, так і па гуманітарных прычынах. Праз два гады сітуацыя прынцыпова змянілася.


Глядзіце таксама

Ва Украіне ўжо другі год бушуе крывавая вайна, у якой Польшча і краіны Балтыі ўсімі сіламі падтрымліваюць Кіеў, а рэжым Лукашэнкі трывала стаіць на баку расійскага агрэсара і ўсяляк дапамагае Крамлю. У Беларусь была завезена расійская тактычная ядзерная зброя, а затым на тэрыторыю краіны прыбылі падраздзяленні сумна вядомай ПВК «Вагнер». 

І Аляксандр Лукашэнка, і яго калега Уладзімір Пуцін выступаюць з адкрытымі пагрозамі ў адрас Варшавы, Вільні і Рыгі і галаслоўна абвінавачваюць Польшчу і краіны Балтыі ў агрэсіўных дзеяннях супраць Беларусі. Афіцыйны Мінск працягвае садзейнічаць нелегальнай міграцыі ў ЕС, у памежнай паласе дзейнічаюць, паводле інфармацыі польскіх і літоўскіх улад, «вагнераўцы», а 1 жніўня Польшча заявіла пра незаконнае пранікненне двух беларускіх вайсковых верталётаў у паветраную прастору краіны. Тэма магчымых расійска-беларускіх правакацый у Сувалкаўскім калідоры не сыходзіць з парадку дня.  

Унутрыпалітычныя падзеі адыгрываюць не апошнюю ролю

У такой сітуацыі не здзіўляе, што тон у Варшаве, Вільні і Рызе становіцца ўсё больш рэзкім, а поўнае закрыццё меж абмяркоўваецца цяпер не толькі на экспертным, але і на вышэйшым дзяржаўным узроўні: 3 жніўня польскі прэм'ер-міністр Тадэвуш Маравецкі і прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа пацвердзілі, што адпаведныя планы існуюць, а значыць, могуць быць у любы момант рэалізаваныя.

Заявы афіцыйных асоб пра магчымае закрыццё мяжы носяць шматпланавы характар. З аднаго боку, яны з'яўляюцца інструментам ціску на рэжым Лукашэнкі, які хоць і патрабуе, каб яго пакінулі ў спакоі і не ўмешваліся ва ўнутраныя справы, але зусім не зацікаўлены — па палітычных і перш за ўсё эканамічных прычынах — у такім развіцці падзей.


Глядзіце таксама

З іншага боку, яны паказваюць, што ў эпоху экзістэнцыяльных выклікаў на першым месцы стаяць пытанні бяспекі, а эканамічныя довады адыходзяць хутчэй на другі план. Акрамя таго, не апошнюю ролю адыгрываюць і ўнутрыпалітычныя падзеі: у Польшчы восенню адбудуцца парламенцкія выбары, а ў Літве ў траўні 2024 года будуць выбіраць новага прэзідэнта. І кіруючая ў Польшчы партыя «Права і справядлівасць», і дзеючы літоўскі прэзідэнт Наўседа рэгулярна жорстка крытыкуюць афіцыйны Мінск, падкрэсліваюць сваю рашучасць і спадзяюцца тым самым на кансалідацыю радыкальна настроенага электарату.

Перадумоў для стабілізацыі сітуацыі цяпер няма

Закрыццё меж хоць і не ўяўляецца немінучым сцэнаром, але падзеі апошніх гадоў і дынаміка адносін паміж Беларуссю і еўрапейскімі суседзямі не выклікаюць аптымізму. Перадумовы для стабілізацыі сітуацыі, не гаворачы ўжо пра якую-небудзь лібералізацыю ў Беларусі, на гэты момант адсутнічаюць.

Украінскі наступ развіваецца пакуль куды менш паспяхова, чым чакалася, і нічога не прадвесціць сёння ваенны крах Расіі, на які спадзяваліся ў ЗША і Еўропе. А вось верагоднасць «замарозкі вайны», на якой настойвае Лукашэнка і пра якую сёння ўсё часцей разважаюць еўрапейскія эксперты, толькі ўзрастае. У гэтым выпадку заходнія эканамічныя санкцыі наўрад ці будуць скасаваны або сур'ёзна аслаблены, а значэнне транзіту праз Беларусь будзе хутчэй змяншацца.


Глядзіце таксама

Не варта выключаць, што падраздзяленні ПВК «Вагнер» затрымаюцца ў Беларусі на працяглы тэрмін, а «вагнерызацыя» беларускіх Узброеных сіл, якая праводзіцца Лукашэнкам, стане дадатковым выклікам для суседзяў. І Масква, і Мінск не адмовяцца ад спроб дэстабілізаваць усходні фланг NATO на сваіх межах — у тым ліку з дапамогай нелегальнай міграцыі і правакацый. 

Закрыццё меж, якое толькі ўмацуе уплыў Расіі на Беларусь, стане ў такіх умовах лагічным крокам, які аформіць новы статус-кво ў падзеленай Еўропе.