У Расіі «вагнераўцы» пайшлі ўразнос. Беларусь наступная?

Найміты з ПВК «Вагнер», якім Пуцін падарыў амністыю, узяліся за старое — і ў расійскай глыбінцы зараз фіксуецца ўсплёск злачыннасці. Тое самае чакае і Беларусь, кажуць эксперты.

Баевікі ПВК «Вагнер». Фота: РІА «Новости»

Баевікі ПВК «Вагнер». Фота: РІА «Новости»

У Рэспубліцы Карэлія па абвінавачанні ў забойстве адразу шасцярых чалавек арыштаваны разам cа змоўшчыкам былы «вагнеравец», раней судзімы 37-гадовы Ігар Сафонаў, паведамляюць расійскія СМІ. Сафонаў вясной вярнуўся з вайны ва Украіне, дзе служыў у атрадзе «Шторм», сфарміраваным у тым ліку з экс-крымінальнікаў.

Арыштаваным ставяць у віну ўчыненую імі разню ў адной з карэльскіх вёсак, дзе ў двух напалову згарэлых дамах, размешчаных непадалёк адзін ад аднаго, знайшлі шасцярых мясцовых жыхароў з нажавымі раненнямі. Забітыя пяцёра мужчын і жанчына. Дамы спрабавалі спаліць, замятаючы сляды злачынстваў.

Паводле звестак СМІ, 37-гадовы Сафонаў раней адбываў у калоніі пакаранне за замах на забойства, разбой, рабаванні і крадзяжы. Менавіта ў калоніі прадстаўнікі ПВК «Вагнер» завербавалі яго на вайну ва Украіну летась. Затым ён, мяркуючы па ўсім, быў памілаваны ўказам прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна.

Паводле розных ацэнак, ПВК рэкрутавала ў месцах зняволення ад 50 да 70 тысяч. Як заяўляў заснавальнік структуры Яўген Прыгожын, прыкладна 32 тысячы з іх ужо вярнуліся на волю.

Выпадак Сафонава далёка не адзіны. Яшчэ адзін экс-«вагнеравец» арыштаваны за двайное забойства, на рахунку іншага — згвалтаванне дзвюх школьніц 10 і 12 гадоў. Пра такія «дробязі», як рабаванні і хуліганства, што здзяйсняюцца паўсюдна ў Расіі крымінальнікамі, якія вярнуліся з фронту, і гаварыць не даводзіцца.


Глядзіце таксама

Каб разабрацца ў вытоках праблемы, трэба памятаць, што мы ў гэтым выпадку маем справу не з дзяржавай, а з мафіёзным утварэннем, лічыць галоўны рэдактар расійскага «Ежедневного журнала» Аляксандр Рыклін. На яго думку, унутры такога ўтварэння ўсе адносіны будуюцца на бандыцкіх устаноўках і «паняццях».

«Пуцін адкрыў скрыню Пандоры, даўшы Прыгожыну карт-бланш на рэкрутаванне ў калоніях наймітаў на вайну ва Украіне, а пазней прэзідэнцкім указам амніставаўшы іх, — дадаў Рыклін у каментары «Голасу Амерыкі»— Расхлёбваць жа ўсе наступствы гэтай злачыннай авантуры давядзецца простым грамадзянам. Зразумела, калі крымінальнікі вяртаюцца дадому і становяцца цалкам бескантрольнымі, яны дзейнічаюць, як бандыты: рабуюць, гвалцяць і забіваюць».

Тое, што Расія сутыкнецца з такой праблемай, меркавалася першапачаткова і спецыялістамі, і проста людзьмі, не пазбаўленымі розуму, канстатаваў Аляксандр Рыклін: «Тут не трэба быць вельмі разумнымі, каб прадбачыць наступствы незаконнай ва ўсіх адносінах кампаніі. І Беларусь сутыкнецца з гэтай жа праблемай, паколькі «вагнераўцы» перабазіраваліся туды. Мы яшчэ ўбачым у нейкі момант рабаванні беларускіх вёсак, калі найміты раптам акажуцца без грашовага забеспячэння або проста на нешта пакрыўдзяцца. Усё гэта непазбежна адбудзецца. Па абедзвюх краінах шпацыруюць тысячы ўзброеных злачынцаў, галаварэзаў, і ім ужо ўсё роўна, каго забіваць: сваіх ці чужых. Яны на вайне паспыталі крыві, у іх няма тармазоў. Гэта наша сённяшняя рэальнасць».

Таксама лёгка ўявіць, што і ў рэгулярных войсках адбываецца нешта падобнае, удакладніў журналіст. Бо крымінальнікаў па-ранейшаму рэкрутуюць на вайну з калоній — толькі гэта робіць цяпер Мінабароны, а не Прыгожын. Адсюль шматлікія факты катаванняў, марадзёрства, рабаванняў, зафіксаваных украінскімі ўладамі дакументальна. Хоць, вядома, гэта справа рук ужо далёка не толькі адных былых «зэкаў». «Ідзе распад усіх інстытутаў дзяржавы, у тым ліку і сілавых структур. Ніхто не разумее, чым гэта можа скончыцца. Кожны думае пра ўласную шкуру і спрабуе выратаваць яе...» — рэзюмаваў галоўны рэдактар «Ежедневного журнала».

Сітуацыя з амніставанымі крымінальнікамі, як і меркавалася раней, пагаршаецца і набывае шырокія маштабы, заўважыў юрыст і блогер Марк Фейгін. Паводле яго слоў, з розных куткоў Расіі, пераважна аддаленых, ідуць паведамленні пра рабаванні, панажоўшчыну, забойствы з удзелам былых «вагнераўцаў».

«Да гэтага іх яшчэ неяк трымалі-стрымлівалі, часам ужываючы вядомы прыгожынскі метад выхавання, а дакладней застрашвання — кувалду, — падкрэсліў суразмоўца «Голасу Амерыкі». — А потым амніставалі, пакінуўшы сам-насам — і пачалося. «Дурных грошай» ім больш ніхто не плаціць, вось і вяртаюцца да звыклых заняткаў. Цяпер найміты з ПВК «Вагнер» перамясціліся ў Беларусь — цяпер і там чакай усплёску злачыннасці».


Глядзіце таксама

Вядома, усё гэта пралічвалася на раз-два з самага пачатку, калі яшчэ толькі ладзіўся гэты жахлівы эксперымент, згодны Марк Фейгин: «На той момант паўстаў востры дэфіцыт жывой сілы ў войску. Таму расійскія ўлады шмат чаго тады рабілі ад безвыходнасці і прыхапкам. Ну а на тое, як гэта пасля адгукнецца на суайчынніках, ім, зразумела, было глыбока напляваць».

Цяпер Мінабароны Расіі само набірае ў шэрагі Узброеных сіл наймітаў з месцаў пазбаўлення волі, гаворыць юрыст і блогер: «Потым, калі яны выжывуць, выбраўшыся з мясасечкі на фронце, думаю, працягнецца тая ж самая гісторыя. Ад іх іншых паводзін чакаць не даводзіцца. Гэта людзі са сфарміраванай крымінальнай свядомасцю. Нездарма ўсе астатнія арміі свету катэгарычна пазбягаюць падобнага прынцыпу камплектавання».

Безумоўна, гэта яшчэ адна нязмыўная пляма ганьбы на Пуціне і ягонай кампаніі, сцвярджае Марк Фейгін. «Экс-«вагнераўцы» вяртаюцца з адчуваннем, што ўсе астатнія ім нешта павінны: маўляў, "мы тут за вас кроў пралівалі". Яны набылі на вайне адчуванне ўсёдазволенасці і будуць рэагаваць на ўсё звыклым чынам. Плюс у многіх прагрэсіруе посттраўматычны сіндром, яны падселі на стымулятары. Гэта ўсё таксама кошт вайны. А займацца іх рэабілітацыяй на «грамадзянцы» ніхто не хоча і не будзе. Адпрацаваны матэрыял», — падсумаваў ён.