Лукашэнка марыць пра кантрактную армію?

Адной з мэтаў, з якіх «вагнераўцы» атабарыліся ў Беларусі, могуць быць якраз прапановы кантрактаў з беларускім Мінабароны, піша Павел Мацукевіч у сваім блогу «Пульс Леніна-19».

_mileks_2021___armija___zbroja___belarus__fota__novy_czas__29__logo.jpg

Рэпутацыя ў «вагнераўцаў» такая, што іх цень мроіцца ў любой дэстабілізацыі і нават далёка па-за межамі нашага рэгіёна, але зусім не ў кожнай яны рэальна замяшаныя. Напрыклад, як сцвярджае Белы дом, да перавароту ў Нігеры група «Вагнера» дачынення не мае. Падставы для адпаведных падазрэнняў былі: баевікі «Вагнера» ёсць па суседстве ў Малі і цалкам магчыма могуць з'явіцца і ў Нігеры.

Да інцыдэнту з парушэннем паветранай прасторы Польшчы двума вайсковымі верталётамі Беларусі «Вагнер» таксама наўрад ці датычны нават ускосна. Беларускі бок з абвінавачаннем у парушэнні паветранай прасторы чакана не пагадзіўся, але справа не ў гэтым. Верталёты, якія сапраўды лёталі ўздоўж мяжы з парушэннем яе або без яго, хутчэй за ўсё, забяспечвалі бяспеку Лукашэнкі, які якраз здзяйсняў рабочую паездку ў памежны з Польшчай Камянецкі раён у пары дзясяткаў кіламетраў адтуль. 

Пакуль вагнераўцы ў Беларусі сябе асабліва не праявілі, акрамя ўладкавання ўласных лагераў, але ўсё гэта можа быць звязана з нявызначанасцю іх будучыні. Усё-ткі ў гісторыі з пераездам прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнер» больш-менш відавочныя толькі яго прычыны, а вось мэты беларускіх гастроляў «вагнераўцаў» пакуль зусім не ясныя. 


Глядзіце таксама

Відавочна, што місія «Вагнера» ў Беларусі, пра якую расказвае або пра якую марыць Лукашэнка, можа ашаламляльна адрознівацца ад задач, атрыманых наймітамі ад Крамля і персанальна Пуціна. Ёсць яшчэ і інтарэсы саміх баевікоў, якія ўжо прадэманстравалі сваю свавольнасць. Арганізаваны імі мяцеж, як здаецца многім, толькі цудам не скончыўся вялікай крывёю і смутай.

Ёсць розныя версіі адказаў на пытанне, што робіць «Вагнер» у Беларусі. Найбольш «вегетарыянскую» прапануюць беларускія ўлады. Паводле іх версіі, «Вагнер» у ролі інструктара бясплатна дзеліцца з войскам Беларусі неацэнным баявым досведам, у тым ліку ў фармаце вучэнняў ля польскай мяжы. Праўда ў гэтым ёсць і пацвярджаецца шматлікімі сюжэтамі на дзяржТБ, але яна, верагодна, не ўся — ужо хаця б таму, што найміты, наогул кажучы, не аказваюць бясплатныя паслугі. Яны працуюць за грошы, і даволі вялікія. Пытанне ў тым, хто і як ім цяпер плаціць, і яно пакуль без адказу.

Ёсць і «драпежніцкая» версія беларускай прапіскі «вагнераўцаў». Яна была агучана кіраўніком Камітэта расійскай Дзярждумы па абароне Андрэем Картаполавым, і нельга выключаць, што можа, вядома, з'яўляцца яго прыватным меркаваннем. Дык вось, паводле генерала Картаполава, «Вагнер» — гэта ўдарны кулак, які пераправілі ў Беларусь для захопу Сувалкскага калідора, а гэта сухапутная мяжа паміж Польшчай і Літвой даўжынёй 70 км, якая аддзяляе Беларусь ад Калінінградскай вобласці. Захоп гэтага калідора адрэжа тройку балтыйскіх дзяржаў (Літву, Латвію і Эстонію) ад іншых краін NATO па сушы.

Да гэтай версіі пра «ўдарны кулак» таксама ёсць пытанні. Напрыклад, ці дастаткова «вагнераўцаў» у Беларусі, каб з іх атрымаўся кулак. Акрамя гэтага, кулаку, незалежна ад велічыні, патрэбная зброя, каб стаць ударным. Зрэшты, і першае, і другое вырашальнае, але такія падрыхтоўкі наўрад ці застануцца незаўважанымі для суседзяў, тым больш, калі расійцы працягнуць і далей расказваць пра свой кулак па тэлевізары.


Глядзіце таксама

Польшча ўжо разгарнула прэвентыўную падрыхтоўку да сустрэчы дыверсійных груп «Вагнера». Акрамя гэтага, часткай публічнай рэакцыі польскага і літоўскага бакоў сталі заявы пра магчымасць закрыцця мяжы з Беларуссю, што наўрад ці перашкодзіць дыверсійным групам ці іншым магчымым агрэсіўным планам, але гарантавана стане перашкодай для перасоўванняў шараговых грамадзян, якія і без гэтага з'яўляюцца праблематычнымі. Цікава, што, у сваю чаргу, ЗША пакуль не бачаць пагрозы з боку «вагнераўцаў» для саюзнікаў па NATO.

Адно з цэнтральных пытанняў, адказ на якое можа праліць святло на будучыя планы «вагнераўцаў», заключаецца ў тым, чый цяпер «Вагнер».

Лукашэнка ўсяляк дэманструе, што кантралюе наймітаў. Гэта выяўляецца ў аповедах пра тое, як ён трымае «вагнераўцаў» у цэнтры Беларусі, а тыя просяцца на экскурсію ў Польшчу, а таксама пра тое, што ён хоча захаваць гэтае падраздзяленне. Аднак усё гэта яшчэ не азначае, што Мінск сапраўды кантралюе «Вагнера».

Лукашэнка, безумоўна, спрабуе авалодаць кантролем над імі, схіляючыся пры гэтым да сцэнара дзеянняў, па якім пайшоў Крэмль: растварэнне баевікоў ва Узброеных сілах. Толькі Крэмль паставіў «вагнераўцаў» перад выбарам: або кантракт з Мінабароны, або Афрыка, або пераезд у Беларусь. Лукашэнка, хутчэй за ўсё, дзейнічае інакш — метадам заваблівання, але зробленая ім заява на сустрэчы з жыхарамі Камянецкага раёна пра актыўнае стварэнне кантрактнай арміі з дапамогай байцоў ПВК «Вагнера» сведчыць менавіта пра гэта.

Ёсць рэчы, што патэнцыйна могуць схіліць нейкую частку «вагнераўцаў», якія адмовіліся ад кантракту з Мінабароны Расіі, да кантракту з Мінабароны Беларусі. Напрыклад, чысты беларускі пашпарт, воінскія званні, лепшыя, чым у Расіі перспектывы кар'ернага росту, дармовае жыллё.

Крэмль наўрад ці стане перашкаджаць такому працэсу, таму што ў выніку за кошт гэтага так ці інакш пашыраецца расійская прысутнасць непасрэдна ва Узброеных сілах Беларусі. Для Лукашэнкі гэта цяпер цалкам дапушчальныя выдаткі, яго цікавіць умацаванне ўласнай бяспекі.


Глядзіце таксама

Вядома, пасля мяцежнага аўтапрабегу на Маскву, нядаўна распачатага «Вагнерам», можна лёгка сабе ўявіць паход «Вагнера» і на Дразды па асабістай ініцыятыве або па ўказанні з Крамля, але думаецца, што якраз гэтага Лукашэнка наўрад ці сур'ёзна баіцца.

Па-першае, з прычыны таго, што справіўся з «вагнераўцамі» тры гады таму напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, калі паланіў 32 баевікоў з гэтага ПВК у санаторыі пад Мінскам. Кшталту, можа паўтарыць. Па-другое, таму што ён якраз фактычна спыніў паход «вагнераўцаў» на Маскву, адвёўшы бяду ад Крамля. У гэтым сэнсе мэта Лукашэнкі ў дачыненні да «Вагнера» ў Беларусі можа быць зусім немудрагелістай: паставіць наймітаў пад сваю стрэльбу на сваю абарону, і ўсё гэта — за расійскія грошы, на якія і сам рэжым шмат у чым існуе і на якіх трымаецца.