«Пры Польшчы мы жылі бедна. Мелі 4 гектары зямлі, дзве каровы, каня...»

Сёння адзначаецца 75-годдзе «вызвалення» Заходняй Беларусі. Што прынеслі Саветы тамтэйшым сялянам? Пра падзеі верасня 1939 года «Салідарнасці» распавяла непасрэдная відавочца.



zahad1.jpg

Сялянка вітае байцоў Чырвонай Арміі. Верасень 1939 года

Стэпаніда Дубень пражыла ў вёсцы Валокі Карэліцкага раёна Гарадзенскай вобласці ўсё сваё жыццё. Сёння ёй 87 гадоў, і хай гады бяруць сваё, здароўе ўжо не тое, але яна, да шчасця, па-ранейшаму ў здаровым розуме і цвёрдай памяці.

У верасні 1939 года, калі на Беларусі разгортваліся гістарычныя падзеі і, як кажуць у вёсцы, «пачалася вайна», Стэпа была дванаццацігадовым падлеткам. Уявіць мне гэта не проста, бо гэта ж мая родная бабуля.

– Якая гаспадарка была ў тваёй сям’і да вайны?

– У нашай сям’і было 9 чалавек: бацькі, бабуля, і нас, шасцёра сясцёр. Я была адной з малодшых, у 1939 годзе мне было дванаццаць.

Жылі мы бедна. Мелі дзвюх кароў, каня, свіней, авечак, курэй. У нас было 4 гектары зямлі. Заможныя гаспадары мелі 8-9 гектараў, але былі і бяднейшыя за нас з двума гектарамі. Садзілі картоплі, пшаніцу, жыта, ячмень, авёс. З пшаніцы булкі пяклі толькі да Вялікадня, а так рабілі зацірку.

Бацькі працавалі выключна на сваёй гаспадарцы, а дзяўчаты час ад часу хадзілі да пана ў зарабаткі. Жалі, капалі картоплі, палолі. Пан плаціў за працу злотымі. Дзяўчаты збіралі іх, каб пасля пайсці ў Карэлічы (мястэчка за 12 км ад вёскі) і купіць там у жыдоў туфлі і тканіну для сукенак.

– Чым запомніўся пан, да якога ваша сям’я хадзіла на працу?

– Ён ездзіў на брычцы. Наперадзе пара коней, далей фурман, а пан у капелюшы ззаду сядзіць. Звалі яго пан Ждан, яму было гадоў пад 60. На ўзгорку стаялі яго «пакоі» – вялікі драўляны дом з некалькімі верандамі. Большасць зямлі навокал і лясы належалі яму. Пан меў кароў статак і вялікую канюшню, як цяпер у калгасе.

Каля панскага дома знаходзіўся сад і сыраварня, адкуль вазілі «галандскія» сыры на продаж у мястэчкі. На сыраварні і на зямлі ў пана працавалі сяляне, такія як мае сёстры. Абедаць яны прыходзілі дадому. Але былі і бедныя парабкі, якія і спалі, і елі ў гаспадарцы пана. Нашага пана хвалілі, сёстры казалі, што добры быў.

У пана Ждана былі дзве дачкі – Яня і Тоня. Малодшая Яня вывучылася за доктара, хадзіла па навакольных вёсках лячыла людзей. За Польшчай доктару трэба было плаціць, а яна людскай была – грошай не брала. Старэйшая Тоня была замужам за панам з суседняй вёскі Любанічы.

І пан, і яго дочкі гаварылі па-польску.

– Як ты і астатнія даведаліся, што будзе вайна?

– У вёсках былі паліціканы, такія як Косцік Залаўскі, якія казалі, што прыйдуць Саветы і прагоняць Польшчу.

У сялян газет не было, толькі ў пана. Ён іх наразаў і вешаў на цвіку ў туалеце ў садзе. Сад быў агароджаны калючым дротам, але бацька маёй сяброўкі быў там за начнога стоража. Дык яна ведала ўсе сцежкі, хады-выхады, і мы хадзілі з ёю красці газеты. Нам цікава было – гэта ж папера!

За паліціку палякі садзілі ў турму на некалькі гадоў ці ссылалі, каб яны дома не жылі. Косцік Залаўскі ад ссылкі хаваўся, сядзеў у лесе ля вёскі ў бліндажы часоў Першай сусветнай вайны, людзі насілі яму есці. Хаваўся там пакуль Саветы не прыйшлі.

Моладзь польскую ўладу не любіла. У школе нас вучылі чытаць і пісаць па-польску. Дома, як і цяпер, усе гаварылі па-беларуску. Але і ў школе, хоць усё вучылі па-польску, гаварылі па-беларуску. Пераказваеш польскі вершык, але словы усё роўна свае туды заносіш. Як сёння помню: штосуботы настаўніца вучыла з намі песні. Стаіць ля дошкі і указкай матляе: «Nasze żołnierzyki na placówkach stoją i śpiewają bolszewikom, że się ich nie boją». Сэнс у тым, што палякі бальшавікоў не баяцца.

Мы, дзяўчаты, спяваем гэтую песню, а хлопцы ззаду штурхаюць: не пойце! Пасля яны перавярнулі песню так, што бальшавікі палякаў не баяцца. Настаўніца біла іх па руках.

Усе хацелі жыць пра савецкай уладзе. Моладзь, калі ў каго на двары вечарам на танцы збіралася, то пела песні супраць пана. Некаторыя прышпільвалі да грудзей чырвоныя банцікі. Як ехала паліцыя, яны іх зрывалі і ўцякалі.

– Як паліцыя даведвалася пра антыпольскія выступы? Нехта з мясцовых даносіў?

– Ды наша моладзь ужо амаль адкрыта ішла супраць Польшчы. Паліцыя ведала: дзе будуць танцы, там будзе і савецкая агітацыя.

– Калі ты першы раз пабачыла бальшавіка?

– Як вайна першая пачалася, восенню 1939 года. Мы пасвілі сялянскія каровы за лесам. Непадалёк пасвіўся панскі статак. І тут савецкія самалёты сталі нізка лётаць. Я тады першы раз пабачыла самалёт. Мы свае каровы сагналі ў кусты. Адзін з самалётаў кінуў бомбу ў панскія каровы, але нікога не забіў.

Назаўтра ля вёскі пад дажджом па гразі ішлі савецкія танкі. Мы ўсе з радасцю паляцелі з вёскі на дарогу, кідалі кветкі на танкі, спявалі песні. Савецкія салдаты галовы павысоўвалі з танкаў, на нас глядзелі.

zahad2.jpg

Савецкі танк фарсіруе рэчку ля мястэчка Мір (сёння Карэліцкі раён). Верасень 1939 года

zahad3.jpg

– Кажуць бальшавікі для беларускіх сялян худымі выглядалі.

– Якімі худымі? Салдаты поўнымі былі, асадзістымі.

Пан Ждан можа за тыдзень да гэтага уцёк. Што стала з ім і яго дачкамі – Бог іх ведае. Кажуць, некаторых паноў Саветы у Наваградку палавілі. Але парабкі рабілі на пана, пакуль савецкія танкі ў нашу вёску не прыйшлі.

– А чулі, што немцы Польшчу захапілі?

– Не.

– Што зрабілі з панскай маёмасцю?

– Косцік Залаўскі і іншыя паліціканы ў панскім двары дзялілі вопратку і скаціну. Па спісе выклікалі да расчыненага акна. Сабе яны больш узялі, але і людзям давалі. Ад нас хадзіла мая сястра Манька, якой выдалі на нашу сям’ю тры сукенкі, спадніцу і парасон.

– Каму дасталіся каровы і коні?

– Скаціну давалі тым, у каго яе не было. Нам нічога не далі. Астатняе дасталося дзяржаве. Не ведаю, што з гэтай скацінай зрабілі. Пра калгасы тады яшчэ ніхто не чуў, ужо пасля вайны з немцамі іх пачалі арганізоўваць. Майго бацьку паставілі першым старшынёй.

У панскім доме зрабілі школу, і я туды хадзіла. Пасля гэты дом падчас вайны з немцамі партызаны спалілі.

Самае галоўнае, што ўсю панскую зямлю падзялілі паміж сялянамі. Дзялілі не роўна. У каго было больш зямлі, таму давалі менш. У каго было менш, таму давалі больш. З зямлі сталі плаціць дзяржаве падаткі: аддавалі частку збожжа і малака.

zahad4.jpg

Сяляне дзеляць панскую зямлю. Заходняя Беларусь, 1940 год

– А пры Польшчы вы збожжа і малако не здавалі?

– Не.

– Дык выходзіць, вы пры Саветах сталі горш жыць, чым пры Польшчы.

– Ні храна не горш. Хоць сваё аддасі, але волю маеш, не ідзеш працаваць да пана.

Да прыкладу, трэба пасвіць кароў. Сваёй зямлі для гэтага няма, ёсць толькі ў пана. Каб ён дазволіў пасвіць на сваёй зямлі, трэба было 10 дзён у год адпрацаваць у яго гаспадарцы.

А па ягады як хадзілі? Лясы таксама належалі пану. Трэба было ісці да пана Ждана ў двор і браць квіток, што ён дазваляе рваць адзін дзень ягады. А за гэта трэба было нарваць пану два літры суніц.

Пры Саветах лепш стала. Паставілі за начальнікаў беларусаў.

– Як прыйшлі Саветы, на якой мове сталі вучыць у школе?

– Па-руску. На беларускай мове ніколі не вучылі.

– Пра рэпрэсіі чула?

– Ссылалі і палякаў, і беларусаў, якія выступалі за Польшчу, кудысьці далёка, як у нас казалі, да белых мядзведзяў.

– Ваша вёска праваслаўная. Як змянілася стаўленне да царквы пасля прыходу Саветаў?

– Цэрквы пазакрывалі, забаранілі дзяцей хрысціць. Нам цяжка было. Да бацюшкі ноччу вазілі дзяцей хрысціць. Пры немцах зноў дазволілі маліцца.

zahad5.jpg

Дэманстрацыя на адной з вуліц Гродна ў гонар далучэння Заходняй Беларусі да СССР. 1939 год

zahad6.jpg

Заходняя Беларусь, верасень 1939 года

КАМЕНТАР ГІСТОРЫКА

Анатоль Трафімчык, кандыдат гістарычных навук, даследчык гісторыі Заходняй Беларусі, абараніў дысертацыю на тэму Заходняй Беларусі ў перыяд 1939 – 1941 гг., аўтар кнігі «1939 год і Беларусь: забытая вайна», якая на днях убачыла свет:

– Аповед кабеты даволі тыповы для ўспамінаў «заходнікаў» беларускай нацыянальнасці. Прынамсі, шмат агульнага мае з матэрыяламі, якія змешчаны ў нашай новай кнізе «1939 год і Беларусь: забытая вайна» (праз колькі дзён яна з’явіца у вядомых мінскіх кнігарнях). Можа, за выключэннем знешняга выгляду савецкіх салдат. У цэлым усё вельмі праўдзіва.

Разам з тым бачым, што кабета не займае якой-небудзь палітычнай пазіцыі, што вяло б да тэндэнцыйнасці. Ізноў-такі – тыпова для беларусаў. Сваіх прасавецкіх землякоў называе «паліціканамі», а ад палякаў зусім адмяжоўваецца.

Чым можна патлумачыць любоў заходніх беларусаў да Саветаў у 1939-м? Былі два галоўныя чыннікі – нялёгкая доля пад палякамі і савецкая прапаганда. Яны далі добрыя ўсходы на глебе нацыянальнай еднасці беларусаў – ад Смаленска да Брэста. Але ў тым, што жыццё з прыходам Саветаў значна палепшылася, кабета не мае рацыі: гэта яе суб’ектыўная ацэнка, сфарміраваная пасля вайны. А з 1960-х гг. узровень жыцця «заходнікаў» сапраўды палепшыўся ў параўнанні з «польскім часам».

17 верасня 1939 г. з’яўляецца толькі датай, паводле савецкай тэрміналогіі, вызвалення Заходняй Беларусі, але ні ў якім разе не аб’яднання краіны. Фармальна аб’яднанне Беларусі адбылося толькі амаль праз два месяцы, а фактычна беларускія землі збольшага аб’ядналіся ў намінальна беларускай дзяржаве толькі пасля Другой сусветнай вайны.