Прыйшла Пакрова, пытае, ці да зімы гатова
14 кастрычніка праваслаўныя адзначаюць Пакровы. У беларускім народным календары гэта канец збору ўраджаю, пачатак зімы і вяселляў, дзень, калі даведваліся пра надвор’е да самай вясны.
Па праваслаўным царкоўным
паданні, свята Пакроваў Багародзіцы ўсталявана ў гонар выратавання Канстанцінопаля
ад сарацынаў у 910 годзе. Калі вернікі маліліся аб перамозе над ворагам у
храме, святы Андрэй пабачыў Маці Божую, якая пакрывала хрысціян сваім амафорам
(пакровамі). У каталіцкім календары свята Пакровы адсутнічае.
Разам з Першай і Другой Прачыстай Пакровы ўваходзяць у лік «багародзіцкіх святкоў». Гэты дзень часам звалі Трэцяй Прачыстай. Пакровы выступалі адным з каляндарных рубяжоў між восенню і зімой, паводле павер’яў, у гэты дзень ужо мог легчы снег. Казалі:
«Прыйшла Пакрова, пытае, ці ты да зімы гатова».
«Пакроў правярае гаспадароў».
«Прыйшла Пакрова — усохла / уціхла дуброва».
Чэслаў Пяткевіч пісаў: «Пакрова — урачыстае свята. Лічаць, што гэта адна з Божых святых, абавязак якой — сарваць рэштку лісцяў, а калі гэта ўжо зрабілі яе папярэднікі, то яна мусіць засыпаць зямлю снегам».
На лугах ужо не хапае корму для жывёлы. Пакровы лічацца першым днём зімавання статку ў хлявах, хаця маглі пасвіць яшчэ і ў лістападзе. Гэта адлюстроўвалася ў прымаўках:
«Пакровы — хавай у хлеў каровы»;
«На Пакрова дай сена карове»;
«Пакрова — кіі на дрова» (ужо не патрэбны пастухам).
Дзяўчаты маліліся да Божай Маці,
каб пакрыла іх галаву вясельным вянком ці жаночым галаўным уборам, як пакрывае
зямлю снегам: «Свята Пакрова, пакрый зямельку лісточкам, а галоўку вяночкам»; «Святы Пакроў, пакрыў ты траву лісцем, зямлю снегам, пакрый жа ты і мяне, маладу, чапцом!»
Тут вобраз Маці Божай зліваецца з персаніфікаваным вобразам прысвечанага ёй свята. Ад Пакроваў да Піліпаўскага посту (пачынаецца 15 лістапада) — пара вяселляў, Вялікая Вясельніца. Да гэтага часу ўжо збіралі ўвесь ураджай, было чым пачаставаць гасцей і быў час іх прымаць. Гэта адлюстроўвалася ў прымаўках:
«Як прыйдзе Пакрова, то жыва-здарова, як прыйшлі жніва, то ляжу нежыва».
«Святы Пакроў у гумно звозіць».
«Да Пакроў з поля ўсё далоў».
«Пакрова — дзеўка гатова, пакрова прайшла — дзеўка замуж не пайшла».
«Пакроў пакрываець зямлю лістом, ваду лёдам, пчалу мёдам, рыбу луской, а дзевак таской».
У вёсцы Панізоўе Руднянскага раёна, на мяжы з Беларуссю, даследчыца з Санкт-Пецербурга Марына Уласава запісала ўспаміны пра гульню ў маладых (нявест) на Пакровы. Дзяўчаты-падлеткі плялі вянок з кляновага лісця. Ззаду, таксама з лісця, мацавалі нешта кшталту касы ніжэй за пояс. Магчыма, гэта аналаг вэлюму. «Нявеста» ў вянку кланялася «свекрыві» з прымаўкамі. Напрыклад: «Вставай, свекрова счастливая, встречай невесту сопливую!»
Магчыма, падлеткі так гулялі, таму што бачылі ў гэтую пару вяселлі ў вёсцы, а магчыма, што гульня мела больш глыбокі сэнс — ініцыяцыі дзяўчат у стан нявест ці абыгрыванне каляндарнага пераходу.
На Пакровы, як і амаль на кожнае каляндарнае свята, прадказвалі надвор’е:
«Як на Пакрова дождж ідзе, то бортнік скача, а пахар плача».
«Як на Пакроў маладзік стане — лёгка будзе, як «у старом» — сільна зіма».
«Якое надвор’е ў дзень Пакрова, такое яно будзе і да вясны».
«З якога боку быў вецер на Пакровы, з таго боку ён будзе часцей дзьмуць і ў бліжэйшую зіму».
«Калі на Пакрову вее вецер з поўначы, то будзе зіма цяжкая. Калі з палудня, то будзе лёгкая».
«Калі каля Пакровы схвацяць маразы або выпадзе снег, зіма будзе лёгкая, а калі толькі восень доўгая – зіма цяжкая».
«Якая пагода на Пакрава, такая і на Раства».
«Не пакрылі Пакровы зямлі снегам — не пакрыюць і Каляды».
Падрабязна апісвае прыкметы пра
надвор’е, якое назіралі на Пакровы, Чэслаў Пяткевіч: «Калі на Пакрову ўвесь дзень цёплая пагода і вецер вее з поўдня, то зіма
будзе лёгкая і сухая, а калі ідзе дождж, то будзе цёплая да мокрая. Дождж з
ветрам паўночным паказуе на тое, што зіма будзе дажджлівая і снежная, з частымі
мяцеліцамі. Вецер з паўночнага або ўсходняга боку варожыць зіму марозлівую,
сухую».
Лічылася, што перад святам (ці, наадварот, пасля яго) на тыдзень-два ўсталёўвалася цёплае сухое надвор’е — «бабіна лета». А ў Мядзельскім раёне тыдзень пасля Пакроваў звалі «дзявоцкім летам». Дні тыдня размяркоўваліся дзяўчатам, якіх прынялі ўжо «ў дзеўкі». Звычайна такое прыманне здзяйснялася з пачаткам вячорак (супольных попрадак), незадоўга да Пакроваў. На тыдні варажылі, ці добры характар у будучых маладух. Калі дні стаялі пагодныя, сонечныя, ласкавыя, — значыць, і характар у дзяўчат павінен быць добры, ласкавы.
Што да ўласна святкавання Пакроваў, складана выдзеліць нешта адметнае, характэрнае для ўсёй Беларусі: наведвалі царкву, ездзілі на кірмашы. Мікалай Нікіфароўскі апісвае абыход гаспадаркі з рытуальным хлебам на Віцебшчыне: «Кожны гаспадар ці гаспадыня абыходзіць з пакроўскім пірагом усе гаспадарчыя будыніны, прыкладваючы яго да кожнае страхі, каб буры, што пачынаюцца з гэтага дня, не разбуралі стрэхаў».
У Брагінскім раёне на Пакровы хадзілі ў поле глядзець азімае жыта з песняй:
Святы Пакроў пытаецца ў Васількі,
Ці ўзышло ў полі жыта,
А я буду да хадзіці, аглядаці,
Ці вырасла ў полі жыта,
Лісцем жоўтым прысыпаці,
Ваду лёдам адзяляці,
Старых бабак — кіёчкамі,
Сярэдніх жанчын — сыночкамі,
А дзяўчатак вяночкамі надзяляці.
А хлопчыкам здароўечка даваці.
Падобны сюжэт пра Пакровы сустракаецца ў валачобных песнях.
На Брэстчыне зафіксаваны звычаі на Пакровы кідаць сена на страху, такім чынам магічна праграмуючы, каб корму жывёле хапіла на ўсю зіму, і збіраць лісце, каб узімку выпякаць на ім хлеб.
Упершыню артыкул апублікаваны ў "Новым Часе" 14 кастрычніка 2019