Радавы Антон Гусарэвіч і капітан Эмілія Плятэр: геаграфія жыццяпісаў

Свайго дзеда — Гусарэвіча Антона Мікалаевіча — я не ведала. Ён быў прызваны ў дзейную армію ў ліпені 1944 года. Ляжаў у руінах толькі што вызвалены Мінск, жыхары невялікай дзедавай вёскі Затычына зносілі і звозілі ў брацкую магілу целы дзясяткаў байцоў 352-й стралковай дывізіі, што вызваляла прысталічныя землі. Арміі патрэбны былі свежыя сілы, бо вайна працягвалася. Дзеду было 49 гадоў…

Паўла Кароткая. Мой прадзед Антон Гусарэвіч (1895–1944). Палатно, алей

Паўла Кароткая. Мой прадзед Антон Гусарэвіч (1895–1944). Палатно, алей

А недзе праз месяц прыйшла пахаронка. На руках у Альжбеты Гусарэвіч, па-вясковаму Антоніхі, засталіся чацвёра дзяцей. Самай старэйшай Марыі, маёй будучай маці, толькі споўнілася васямнаццаць. У цяжкіх пасляваенных буднях і клопатах пра хлеб надзённы тая пахаронка недзе згубілася. Але ў калектыўнай памяці ўсіх Гусарэвічаў цвёрда адклаліся мясціны, дзе пахаваны іх бацька: недзе пад Сувалкамі. Згадвалі яго як чалавека спакойнага, працавітага, добрага гаспадара і… пакутнага на язву страўніка. А яшчэ ён вельмі любіў пчол. Добра ведаў іх нораў, меў багаты пчалярскі рыштунак, таму ў хаце мёд не зводзіўся амаль ніколі.

Калі з дзясятак гадоў таму мне захацелася адшукаць месца спачыну свайго дзеда, я не магла сабе ўявіць, што гэтыя пошукі расцягнуцца амаль на цэлы год і развязка гісторыі адбудзецца дзякуючы Эміліі Плятэр. Легендарнай удзельніцы паўстання 1831 года, нацыянальнай гераіні літоўцаў і палякаў, беларускай Жанне Д’Арк.

Але пра ўсё па парадку.

Першым маім крокам стала наведванне ваенкамата Мінскага раёна, дзе я атрымала копію пасведчання аб смерці А. М. Гусарэвіча, дасланага з палявога перасоўнага шпіталя № 564. Той самай пахаронкі (дакладней, яе карэньчыка), страчанай у пасляваенны час. Натуральна, што для гэтага спатрэбіліся юрыдычныя доказы майго сваяцтва з памерлым. Як і чакалася, месцам смерці значылася Сувальская вобласць, але напісанні вёскі і раёна мелі розначытанні.

Далей падрабязна былі вывучаны дакументы, датычныя майго дзеда, з электроннага архіва, які ўтрымлівае інфармацыю пра загінулых, памерлых і без вестак страчаных воінаў Вялікай Айчыннай вайны (obd-memorial.ru). У выніку назва населенага пункта, дзе 11 жніўня 1944 года памёр ад хваробы чырвонаармеец 426-га стралковага палка Гусарэвіч Антон Мікалаевіч, была ўдакладненая. Па-руску вёска пісалася Копцово. Заставалася знайсці гэтае самотнае месца на геаграфічнай карце. Але, як высветлілася, сапраўдныя пошукі толькі пачыналіся…

Для сучаснага чалавека населены пункт на тэрыторыі колішняй Сувальскай вобласці асацыюецца найперш з Польшчай. Таму і я дзень за днём, тыдзень за тыднем шукала вёску са згаданай назвай на паўночным усходзе нашай краіны-суседкі. Гэты былі ўсялякія даведнікі, геаграфічныя выданні, інтэрнэт-рэсурсы. Зразумела, што ў пошукавікі назва ў розных варыянтах заганялася на лацініцы. Вынікаў не было. Па дапамогу звярнулася ў Беларускі Чырвоны Крыж, адкуль прыйшоў адказ, што пошукавая праца надзвычай працяглая і будзе доўжыцца ад года і болей…

І вось калі ўжо логіка дзеянняў перастала ўключацца, бо я раз за разам вярталася ў тыя ж самыя мясціны, пальцы на камп’ютары інтуітыўна набралі магчымы беларускі варыянт назвы: Капцёва. І цуд! Адкрылася спасылка на тады невядомы мне сайт radzima.org, прысвечаны адметным мясцінам і помнікам Беларусі ў яе гістарычных межах. Выключная каштоўнасць гэтага самога па сабе надзвычай цікавага інфармацыйнага рэсурсу палягае ў тым, што назвы населеных пунктаў у памежных зонах даюцца тут на некалькіх мовах і ў розных варыянтах. І колішняя вёска Капцёва, размешчаная на беларуска-польска-літоўскім памежжы, сёння, як высветлілася, належыць да Лоздзеўскага раёна Літвы і называецца …Kapčiamiestis! Трапіла ж мясціна ў згаданы сайт не выпадкова. Тут у 1831 годзе на каталіцкіх могілках знайшла свой апошні прытулак 25-гадовы камандзір пяхотнага палка, капітан Эмілія Плятэр. Яе прыгожы помнік са словамі Адама Міцкевіча на пастаменце, прысвечанымі знакамітай жанчыне-ваяру, узвышаецца ў цэнтры вёскі.

Помнік Эміліі Плятэр

Помнік Эміліі Плятэр

Так нечакана перакрыжаваліся жыццяпісы радавога Антона Гусарэвіча і капітана Эміліі Плятэр. Магіла дзеда нарэшце знойдзеная. Трэба было належным чынам ушанаваць яго памяць, дзеля чаго на адрас безыменнага старасты незнаёмага мне Капчамесціса паляцеў ліст. Адказ мяне адначасова і ўзрадаваў, і засмуціў. Спадар Відмантас Дамбраўскас паведамляў, што ў канцы вайны побач з іх вёскай сапраўды знаходзіўся франтавы шпіталь. Раненых і хворых байцоў, якія тут паміралі, хавалі ў брацкай магіле. На адным з абеліскаў ён знайшоў прозвішча Гусарэвіч, але толькі з ініцыяламі П. А. Значыць, кропку ў пошуках ставіць было яшчэ рана.

Зноў пачынаю вывучаць дакументы абагульненага банка даных «Мемарыял». Высвятляецца, што сярод 62 воінаў Вялікай Айчыннай вайны з прозвішчам Гусарэвіч, якія загінулі, памерлі ці прапалі без вестак, няма ніводнага з ініцыяламі П. А. Заадно даведваюся, што ў адзін дзень з маім дзедам у шпіталі памерлі яшчэ тры чалавекі. Гэта Зільман Георгій Аляксандравіч, Чудзіновіч Іван Якаўлевіч і Рамашэўскі Фёдар Якаўлевіч. Зноў ляціць пісьмо ў Капчамесціс. На гэты раз адказ з Літвы быў амаль што прадказальны. У спісах пахаваных стараста знайшоў два прозвішчы: Чудзіновіч І. Я. і Раманшэўскі Ф. В.

Што ж, памылкі ў справе мемарыялізацыі воінскіх пахаванняў — рэч не такая ўжо і рэдкая. Успомнілася гісторыя з Васілём Быкавым, які быў «пахаваны» падчас Кіраваградскай аперацыі, пра што і сведчыў подпіс на адным з абеліскаў. Праўда, гэтая памылка прынесла нам, траім нашчадкам радавога Гусарэвіча, шмат прыкрых хвілін і каштавала немалых фінансавых выдаткаў. Літоўская амбасада палічыла недаказаным нашае сваяцтва з Гусарэвічам П. А. (?) і адмовіла нам у выдачы бясплатных візаў. Таму, каб наведаць магілу свайго дзеда, мы мусілі аформіць статус турыстаў…

Брацкая магіла савецкіх воінаў у в. Капчамесціс

Брацкая магіла савецкіх воінаў у в. Капчамесціс

І вось улетку 2010 года побач з маленькім абеліскам на тэрыторыі брацкіх могілак вёскі Капчамесціс леглі беларускія кветкі, прывезеныя дзвюма ўнучкамі і праўнучкай радавога Гусарэвіча. Знакам нашай пашаны да дзеда сталі таксама некалькі жменяў зямлі ад сядзібы, дзе ён нарадзіўся, дзе з’явіліся на свет ягоныя дзеці, адкуль ён выправіўся ў апошні шлях, каб бараніць сваю Айчыну. Ён не загінуў на полі бою, як, дарэчы, і яго «пуцяводная зорка» Эмілія Плятэр, што таксама згасла ад цяжкой, пакутлівай хваробы. Але свой воінскі абавязак радавы Гусарэвіч выканаў да канца, адкрочыўшы ў 426-м стралковым палку шлях, адпушчаны яму Богам.

…А ўлетку 2019 года Антон Гусарэвіч вярнуўся ў сваю вёску, якая цяпер называецца Чаромуха. Вярнуўся ў выглядзе жывапіснага партрэта, напісанага яго праўнучкай Паўлай Кароткай. Летась палатно экспанавалася на Рэспубліканскай мастацкай выставе, прысвечанай 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. «Намолены» сотнямі вачэй удзячных нашчадкаў у мінскім Палацы мастацтваў, дзед Антон стане магутным абярэгам майго бацькоўскага дома.