Палітычных расстраляць па дарозе!

23 чэрвеня 1941 года, на другі дзень вайны, у Мінску адбылося тэрміновае пасяджэнне Бюро ЦК Кампартыі Беларусі на чале з Панамарэнкам, дзе першай была зацверджана дырэктыва аб расстрэле палітычных зняволеных турмаў Заходняй Беларусі.

3202111cf90e7c816a472aaceb72b0df_logo.JPG

На здымку 2011 года Памятны валун на месцы перазахавання астанкаў вязняў Вілейскай турмы
Заўважце — не аб эвакуацыі насельніцтва, не аб стварэнні Камітэта абароны, а менавіта аб расстрэле палітвязняў. Сачылі за выкананнем гэтай дырэктывы наркам НКУС БССР Цанава і НКДБ БССР Матвееў.
Прыклад таго, як праводзіўся адбор на расстрэлы, прывёў у сваіх успамінах адзін з відавочцаў трагедыі ў Трасцянцы. Успаміны сведкі па прозвішчу Цодзік запісаў напачатку 1990-х гадоў журналіст Анатоль Майсеня.
У ноч з 26 на 27 чэрвеня 1941 года зняволеных мінскіх турмаў пасадзілі ў машыны і павезлі ў бок Магілёва. Недзе на 18-м кіламетры ад Мінску машыны павярнулі ўлева. Зняволеных вывелі, выстраілі ў калону і пачалі пытацца, хто з вязняў крымінальнікі (злодзеі, забойцы, гвалтаўнікі і г.д.), а хто палітычныя. Так праводзілася селекцыя. Крымінальнікаў, якіх было няшмат, адвялі ўбок. А палітычных скруцілі дротам і вывелі ў ельнік, там жа адразу і расстралялі. На гэтым месцы зараз знаходзіцца гарадскі сметнік, якім улады пахавалі сляды злачынстваў.
У ліку так званых «палітычных» былі ў асноўным тыя, хто патрапіў пад шырокія і неканкрэтныя артыкулы 58 УК РСФСР і 63–74 УК БССР — «контррэвалюцыйнае злачынства». Для вызначэння пакаранняў яны з’яўляліся базавымі і прадугледжвалі вышэйшую меру. Па гэтых артыкулах праходзілі асуджаныя па так званых законах ад 7 жніўня 1932 года «аб трох каласках», за «падрыў дзяржаўнай гаспадаркі», напрыклад, «нявыплату сельгаспадаткаў» і г.д. Сярод зняволеных у асноўным былі людзі, якія толькі чакалі выраку суду ці рашэння «асобай нарады НКУС СССР», «палітычныя», віна якіх не была даказана. Усе яны былі пушчаны пад расстрэл. Сярод расстраляных Беразвецкай турмы было шмат палонных салдат Польскай арміі, якія трапілі ў савецкі палон у верасні 1939 года.
На шмат якія пытанні афіцыйныя дакументы не даюць адказаў. Па статыстыцы НКУС БССР атрымоўваецца шмат нестыковак, скажэнняў у лічбах і фактах. Гісторыу Ігар Кузняцоў прыводзіць некаторыя цікавыя даныя. Напачатку вайны, па дакументах НКУС 23 чэрвеня 1941 года, на тэрыторыі Беларусі налічвалася: 30 турмаў агульнага тыпу, 24 выпраўленча-працоўных калоній, 32 следчыя і тэрміновыя турмы, у якіх налічвалася 26 237 вязняў. З турмаў, па афіцыйнай статыстыцы ад 1 верасня 1941 года, быў эвакуяваны 11 161 вязень. У дакументах НКУС таксама ўжываецца тэрмін «паспелі эвакуяваць» — што на самай справе азначала: вывесці на задворак турмы і расстраляць альбо расстраляць па дарозе. З акупаванай тэрыторыі, па даных НКУС ад 22 студзеня 1942 года, з Беларусі было эвакуявана 9 573 зняволеных. Не было эвакуявана — 16 048. Засталося ў турмах — 13 950.
Але як маглі застацца ў турмах? На той момант турмы засталіся пустыя, альбо каля іх знаходзілі трупы расстраляных! Вось яшчэ лічбы з тых жа крыніц. Уцяклі — 775 чалавек. Вызвалена «налётам банды» — 76 чалавек. Па ўсёй верагоднасці, мясцовым жыхарам удавалася адбіць зняволеных. Расстраляна ў турмах — 530 чалавек.
Наколькі вядома з дакументаў НКУС, толькі ў Глыбоцкай турме было расстраляна 600 чалавек. Але гэтая лічба заніжаная ў два разы. Бо калі немцы прыйшлі ў Глыбокае, ля сцен турмы яны знайшлі 1,5 тысячы трупаў! У двары Вілейскай турмы было забіта больш за тысячу чалавек — гэта былі тыя, якіх канвойныя войскі НКУС не паспелі расстраляць па дарозе. А былі яшчэ турэмныя калоны, якія былі расстраляны ў раёнах Трасцянца, Жлобіна, Оршы, Віцебска, Гомеля, Чэрвеня і шэрагу іншых. Па ўсіх калонах у агульнай колькасці было расстраляна не менш 11 000 вязняў. Гэтыя лічбы могуць быць і большыя.
Заўважце, вайна ўжо пачалася, але галоўнае было найперш расстраляць палітычных. Пры гэтай уладзе мы наўрад ці калісьці дачакамся ацэнкі тых падзей. Затое дачакаліся судоў над мёртвымі.