Шляхам расстраляных калон
28 чэрвеня 2011 года сябры секцыі «Мемарыял» і Руху Салідарнасці «Разам» наведалі мясціны, дзе напачатку Другой сусветнай вайны супрацоўнікі НКУС расстралялі калоны зняволеных беларускіх турмаў. Актывісты праехалі некалькімі «дарогамі смерці» — да народных помнікаў і магіл, каб ускласці вянкі і кветкі, запаліць знічкі і памаліцца за людзей, якія сталі закладнікамі крывавай палітыкі сталінскага рэжыму.
28 чэрвеня 2011 года сябры секцыі «Мемарыял» і Руху Салідарнасці «Разам» наведалі мясціны, дзе напачатку Другой сусветнай вайны супрацоўнікі НКУС расстралялі калоны зняволеных беларускіх турмаў. Актывісты праехалі некалькімі «дарогамі смерці» — да народных помнікаў і магіл, каб ускласці вянкі і кветкі, запаліць знічкі і памаліцца за людзей, якія сталі закладнікамі крывавай палітыкі сталінскага рэжыму.
(На здымку: Бешанковіцкі раён, бліз в. Мікалаева. Мемарыял забітым вязням Глыбоцкай і Беразвецкай турмаў, усталяваны пры дапамозе польскай грамадскасці)
Тэма злачынстваў сталінскага рэжыму і яго карных органаў супраць уласнага народа, на вялікі жаль, не страціла сваёй актуальнасці.
Напачатку Другой сусветнай вайны ні ў чым не вінаватых людзей, вязняў савецкіх турмаў, сярод якіх былі сяляне, рабочыя, святары розных канфесій, дактары, настаўнікі, моладзь, расстрэльвалі калонамі.
Большая частка з іх нават не ведала, за што была асуджана. Артыкулы, як мы ведаем, кляпалі на жонак, дзяцей, сваякоў так званых «ворагаў народа». Па закону «аб трох
каласках» каралі нават галодных дзяцей.
Напачатку выправы намеснік старшыні Руха Салідарнасці «Разам» Аляксандр Макаеў адзначыў: «На жаль, тэма масавых забойстваў і рэпрэсій уласнага насельніцтва ў першыя дні
вайны не стала рэзананснай у грамадстве. На афіцыйным узроўні прынята думаць, што вайна ўсё спіша. І раней, ведаючы гэта, НКУСаўцы бязбоязна забівалі людзей. Немагчыма даць ацэнку дзеянням
камуністаў, якія ўзялі на сябе ролю суддзяў і катаў. Сярод тых, каго яны забілі, былі смелыя, сумленныя і шчырыя людзі. Я лічу сваім доўгам праехаць па «дарогах смерці», каб яшчэ
раз нагадаць грамадству пра тыя злачынствы, аб якіх нельга забывацца. Тэме забойства вязняў беларускіх турмаў трэба надаваць больш увагі. Каб не толькі відавочцы ды гісторыкі ўзгадвалі пра тыя
страшныя падзеі, але каб і маладое пакаленне, якому выбіраць свой шлях, ведала сапраўдную гісторыю Беларусі».
Удзельнікі жалобнай выправы накіраваліся ў Бешанковіцкі раён, дзе на ўзлеску ля вёскі Мікалаева высілкамі польскага грамадства быў усталяваны помнік забітым вязням Глыбоцкай і Беразвецкай
турмаў.
Беларускі дысідэнт Сяргей Ханжанкоў распавёў прысутным, што як толькі супрацоўнікам НКУС быў дадзены загад аб эвакуацыі вязняў з Беразвецкай і Глыбоцкай турмаў, то значную частку людзей адразу
расстралялі на месцы. Астатніх пашыхтавалі ў калону і пагналі на ўсход. Калона прайшла Глыбокае, Ушачы і рухалася ў бок Мікалаева. Змучаныя катаваннямі людзі валіліся ад голаду і стомы. Такіх адразу
забівалі. 26 чэрвеня 1941 года, калі калона праходзіла каля Вулы, наляцелі нямецкія самалёты, і канваіры вырашылі пазбавіцца ад усіх вязняў — расстралялі іх на месцы. Сярод зняволеных былі ў
асноўным падазроныя ў «антысавецкай» і «контррэвалюцыйнай» дзейнасці — жыхары Глыбоччыны, Браслаўшчыны, Міёраў. Значную частку вязняў складалі былыя
служачыя Польскай арміі, якіх схапілі яшчэ ў 1939 годзе. Вялікая колькасць вязняў Беразвецкай і Глыбоцкай турмаў яшчэ не атрымалі прысуды, чакалі разгляду сваіх спраў.
Далейшы шлях экспедыцыі ляжаў у вёску Касута, дзе ўдзельнікаў жалобнай выправы сустрэлі актывісты Вілейкі, каб паказаць месцы масавага забойства канвойнымі войскамі НКУС і месца пахавання вязняў
Вілейскай турмы.
Ля мемарыяльных крыжоў у памяць аб ахвярах сталінскага генацыду былі ўскладзены кветкі і запалены знічкі. Старшыня мінскай абласной арганізацыі «Партыя БНФ» Аляксей Сюдак распавёў
пра лёс вязняў Вілейскай турмы.
На месцы першага масавага расстрэлу вязняў вілейскай калоны. Злучаныя паміж сабою
праваслаўны і каталіцкі крыжы — як сімвал памяці вернікаў розных канфесій,
якіх аб’яднала смерць
— Калі быў дадзены загад аб эвакуацыі вязняў з Вілейкі ў Разанскую турму, іх пашыхтавалі ў калону, каб накіраваць па 120-кіламетроваму шляху ў Барысаў да эшалонаў. Тых вязняў, якія хадзіць
не маглі, — расстралялі каля засценкаў. Частку знямоглых арыштантаў расстрэльвалі па дарозе на Барысаў. У пяці кіламетрах ад Вілейкі, ля Касуты падчас налёту нямецкай авіяцыі адбыўся першы
масавы расстрэл канвоем калоны зняволеных. Па «дарозе смерці» было забіта каля 150–200 чалавек. Большую частку ахвяр скідвалі ў бульбяныя ямы, нават не закапваючы. Жыхары
мясцовых вёсак прыйшлі на гэтае месца і пазнаходзілі сваіх родных, вывезлі іх і пахавалі. Ямы, у якіх спачылі ахвяры, цяпер паглынула пабудаванае на гэтым месцы Вілейскае вадасховішча.
Калі калону падводзілі да Барысава, то высветлілася, што чыгунка перарэзана. Канвойныя войскі развярнулі калону вязняў і зноў пагналі ў Вілейку. А на падыходзе былі нямецкія войскі. Таму было прынята
рашэнне ўсіх вязняў расстраляць. Каля турмы было забіта больш за тысячу чалавек.
Сведкі тых падзей распавядаюць, што пасля таго, як савецкая ўлада збегла з Вілейкі, мясцовыя жыхары падышлі пацікавіцца на турму. Камеры былі залітыя крывёю, стаяў жудасны смурод. У яме побач з
турмою людзі раскапалі трупы, якія пластамі былі скінуты адзін на аднаго і прысыпаны пяском.
Уладзімір Малярчук паказаў прысутным памятны валун на «лясных могілках», усталяваны на месцы перазахавання ахвяраў. У будынку былой Вілейскай турмы зараз знаходзіцца анкалагічны
дыспансер.