Шчонаўскія абразкі

Гарадзенская пісьменніца Альжбета Кеда (Ала Петрушкевіч) напісала кнігу пра сваю родную вёску Шчонава, што ў Карэліцкім раёне.

szczonauskija_abrazki3.jpg

Альжбета Кеда сабрала аскепкі вялікага свету, якога ўжо няма. Яе вёска памірае. Кніга — помнік мінуламу. Напісаная з любоўю. Прапануем урывак з яе.

szczonauskija_abrazki.jpg


Аніся і Мікалай

Яны кахалі адно аднаго. Але Мікалай Валенцік быў бедны. Не пашанцавала Анісі. Аддалі яе замуж у Малюшычы. Толькі дзіцятка нарадзіла, памёр мужык. Мусіла тады пайсці за Галяшука, старога ўдаўца. Ён таксама нядоўга пажыў.

Мікола ўзяў Яўгасю з Кайшовак. Але лёсіла ўсё ж ім з Анісяй сысціся. Аўдавелі амаль у адзін час. І пабраліся. Пяты шлюб на дваіх. У Анісі была дачка Ліза, у Мікалая — Ліда. Перажывала дзяўчынка, калі мачыха ў хаце з’явілася. Пратэставаць імкнулася. Але хто на яе зважаў? Спаць іх з Лізаю на печы паклалі. То яна сваёй новай сястры выказвала: «Чаго твая маці з маім бацькам спаць легла?» Раўнавала бацьку, сваю маму згадвала. Але змірылася. І з Лізаю ўсё жыццё, як з роднаю, пражыла, сябравала.

Яшчэ і сваіх дзвюх дачок Аніся з Мікалаем нарадзілі: Насцю і Таню. Прыгожыя, акуратныя дзяўчаты былі. Падросшы, служылі ў бацюшкі ў Райцы пакаёўкамі. Райчанкамі сталі.


Бэля

Гэтае імя было ў Шчонаве мянушкай. Выкарыстоўвалі як абразу, лаянку, дастасоўваючы да яго не вельмі лагодныя прыметнікі. Насамрэч такая асоба існавала ў 30-ыя гады.

Прайшлася тая яўрэйка Бэля па маім Шчонаве, дакладней, праехалася, не надта прыстойную славу па сабе пакінуўшы. Жыла яна на Зелянцы, краму трымала. Мела дзвюх дочак, Этку і Лізу, а мужа ў яе не было.

Не маркоцілася кабета. Гандаль ішоў спраўна. Ведалі людзі, што махляваць добра ўмела. Часта ў яе хаце п’янкі-гулянкі ладзілі, якія прываблівалі няўстойлівых мужчынаў.

Упадабаў яе адзін шчонавец. Пакіне жонку, дзяцей і сыдзе з хаты. Пажыве ў тае Бэлі, набалюецца, нацешыцца, а пасля дахаты вяртаецца. Яна праз які дзень следам на падводзе прыязджае. Заходзіць у свіран і насыпае ў мех збожжа. На роспачныя крыкі жонкі пра тое, што сярод белага дня такі крадзеж учыняе, спакойна адказвала:

— Твой муж у мяне жыў, еў. Чаму я мушу яго дарма карміць? Забіраю столькі, колькі з’еў.

Такое ўяўленне пра справядлівасць было ў Бэлі.


szczonauskija_abrazki_2.jpg


Вузел

Завязаўся між трыма маладымі людзьмі моцны вузел.

Сястра Уладка Пасэсара Жэня кахала Мішу Таўлуя, брата Валадзенькавага. Каханне было ўзаемным. Ужо і да вяселля справы ішлі. Але не адбылося вяселле: пасагу, які сваты запрасілі, не меў Уладак для сястры. Разышліся іх сцяжыны. Хлопец жонку Вольку з Савашоў узяў, дзетак прычакалі. Праўда, Коля, сынок іхні, ужо падлеткам будучы, памёр, прастудзіўшыся, як каровы пасвіў. Дачушка маленькая засталася.

А Жэня замуж у Рамейкі пайшла за Сцяпана Мялешку. Ды не змірылася яна з тым замужжам. Вярнулася ў хату, дзе брат з сям’ёю жыў. І стала з Мішам сустракацца таемна. Мілуюцца ноччу, а пасля ён дахаты вяртаецца і спаць у гумне кладзецца. Ды аднойчы страшны сон прысніўся яму. Быццам нябожчыкі яго душылі. Крычаў нема, прачнуцца не мог. Злосць сваю на жонцы зганяў. Столькі гора, несправядлівасці, здзеку ад мужа Волька вытрывала. Біў ён яе, з хаты не раз уцякала. А ён следам ляцеў. Хавалася на могілках. Ляжа між магілкамі, той і не згледзіць. А пасля і зусім сысці мусіла да сястры ў Воўцу. А Міша прывёў у сваю хату Жэню. Жыў з ёю, хлопчык у іх нарадзіўся. Мішам назвалі.

Толькі праз два гады вярнулася Волька з дачушкай у сваю хату. Калі мужа на вайну забралі. Так і жылі яны разам, дзве жонкі аднаго мужа. Нат і ладзілі. Дапамагала Волька малога Мішу глядзець.

А Міша старэйшы з вайны не вярнуўся. Мусіла Жэня пайсці з тае хаты. Бо Волька першая, законная жонка. Жыла Жэня ў свайго дзядзькі Кірэя на хутарах. Ды захварэла яна на сухоты, якія і звялі жанчыну ў магілу. Сыночка яе ў дзіцячы прытулак аддалі. Падросшы, прыязджаў некалькі разоў у Шчонава. Толькі хто яго тут чакаў? Мо і зараз жыве недзе ў свеце вялікім.

Толькі смерць, умяшаўшыся, той вузел мілосны развязала.


Чайка Мікіта

Не так многа было ў Шчонаве мужчынаў, што з-за каханкі жонку пакінулі, дзяцей пасірацілі. Чайка Мікіта якраз з такіх.

Хата ягоная стаяла ў канцы Кліна. На тым месцы, дзе пазней Апалонік сваю пабудуе. Жыў ён са сваёю Зосяю, пяцёра дзетак мелі: Аркадзя, Ніну, Валодзю, Мілку і Міцю.

А ў школе, што была ля Захомаў, у колішнім доме аканома Пахалінскага, працавала настаўніцаю нейкая нетутэйшая кабета па прозвішчы Качаргіна. Відаць, усходніца. Закахаўся ў яе Мікіта. Ды так, што сям’ю сваю кінуў, пра дзяцей няшчасных не падумаў. З’ехаў ён з тою Качаргіною няведама куды. Ніколі больш у Шчонава не паказаўся.

Зазнала гора бедная Зося з дзеткамі. Працаваць з малымі цяжка давялося, галадаць. І бяду страшную перажыла. Узяў да галавы яе сынок Валодзік, што бацька іх кінуў. Не перажыў гэтае ганьбы. Захварэў і памёр маладзенькі.

Толькі адзін Міця, які ажаніўся з Гэляю Валенцікаваю, на Радзіме застаўся, у Карэлічах жыў. Астатнія ўсе выехалі недзе далёка. І ніколі не прыязджалі ў Шчонава.


Пасаг Ганны Юлькавай

За Польшчаю тое было. Юляк Яўсей знайшоў пярсцёнак. Вельмі прыгожы, залаты, з камнем барвовым. Відаць, нейкі пан згубіў. Гаспадар не знайшоўся. Застаўся пярсцёнак у Юляка. Прыязджаў жыд з Варончы, шмат грошай за пярсцёнак даваў. Ды не прадаў Юляк тую прыгажосць.

— Гэты пярсцёнак будзе Ганнін пасаг, — так заявіў.

Ганна была вельмі прыгожай, ужо й на дзеўку бралася.

Малодшы сын Юляка Андрэй служыў у пана ў Руткавічах. Закахаўся ён у адну дзяўчыну. А яна, відаць, не надта сумленнаю была. Што казала хлопцу, што дакляравала, ніхто таго не ведае, але выкраў ён у бацькі пярсцёнак і занёс каханцы. Ды не выйшла тая за хлопца замуж. Падманула. Андрэй з вайны не вярнуўся. Засталася самотнаю й Ганна. Пасля таго, як нагу страціла, вырашыла, што замуж не пойдзе. Хоць і сваталіся яшчэ да яе неаднойчы.

Што з тым пярсцёнкам? Праз многа гадоў пераехала сям’я Колі Барэйкавага ў вёску, дзе замужам была Андрэева каханая. Ганна прасіла Колю спытаць у яе пры нагодзе, дзе пярсцёнак. Спытаў. У адказ — маўчанне.

— Нічога не сказала. Ні слова. Як вады ў рот набрала…

Недзе ж ён ёсць, той Ганнін пярсцёнак. А мо і няма. Мо пераплавілі золата…

szczonauskija_abrazki_1.jpg

Трагічнае каханне

Анюта Максімава была дзяўчынай прыгожай. Кахала яна Толю Якубавага. Немалы час каханне доўжылася. Але здрадзіў Толя, прывёз з войска сабе жонку Соню.

Так пакутавала Анюта, што не вытрымала, у студню кінулася. Дасталі яе яшчэ жывую. Але захварэла пасля таго моцна. Не выратавалі. Памерла маладая. Калі б не здарылася гэтая бяда, пайшла б замуж за Алеся Навумчыка, якога Зайчыкам у вёсцы клікалі. Браў ён яе, любіў, не глядзеў, што з другім сустракалася.

А помнік па ёй брат Федзя паставіў. Сапраўды, прыгожая дзяўчына пазірае са здымка. Пляменніца Галя да яе падобная.


Хто асудзіць?..

Жыццё ўдоваў, якіх у Шчонаве, як і ў кожнай вёсцы беларускай пасля вайны шмат было, нялёгкае. Гэта вядома. Але размова зараз не пра тое. Пра справы амурныя.

Жаночае цела, а яшчэ ж такое маладое, прагнула пяшчоты, кахання, ласкі мужчынскае. Не ўсе жанчыны аднолькавыя, не ўсе маглі тэмперамент свой перамагчы, утаймаваць.

Адна такая ўдавіца жыла з сям’ёю свекрыві. Прымала мужчынаў чужых. Летам то яшчэ і нічога... І сена недзе ў стагах ці на вышках духмянае, і травы высокія, і лес з палянамі сунічнымі каханне грэшнае схаваюць. А зімою? Дзе схавацца кабеце са сваім шчасцем украдзеным? Вось жа, прыводзіла тая жанчына мужчынаў дахаты. Як толькі ўгледзіць свякроў праз вакно, што нявестка госця вядзе, плакаць пачынае на ўсю хату, галасіць, як па нябожчыку. А дачка супакойвае маці як можа: «Чаго ты плачаш? Ці табе шкода яе? Сціхні».

Адно бяда: жанатыя тыя мужчыны былі. Але мірыліся неяк кабеты. Сварыліся, зразумела…

Хто сёння асудзіць тую «грэшніцу»? Па-біблейску: няхай той каменем кіне, хто сам бязгрэшны. Ды і даўно ўжо яна там, дзе суд справядлівы, высокі. Няўжо не ўлічаны будуць абставіны, што да граху чужаложства няшчасных удоваў даводзілі?

szczonauskija_abrazki_image.jpg

Такія розныя…

Уявіце такую карціну. Ідуць мужык з жонкаю з Хвалава, з гасцей вяртаюцца. Даходзяць да хаты аднае ўдавы. Мужык кажа:

— Ідзі дадому.

Жанчына паслухмяна, нічога не кажучы, ідзе да свае хаты, што ажно ў канцы Шчонава стаяла. А мужык? Зразумела ж, да тае ўдавы зварочвае. Жыве ў яе дзень, два. Колькі захоча. Працаваць дапамагае. Пасля дадому вяртаецца.

Чаму яна маўчала, чаму не сварылася, не пратэставала? Казала на тое:

— Што зробіш? Ці буду я крычаць, ці не, усё роўна ён да яе пойдзя.

Відаць, мела рацыю. Бо другая кабета, муж якое да тае ўдавы таксама завітваў, што толькі ні рабіла: і крычала, і сварылася, — усё роўна рады даць не магла.

Былі гэтыя жонкі прыгожыя, працавітыя, нічым за тую ўдаву не горшыя. Не кідалі іх мужыкі. Так толькі… на час сыходзілі.

А цымус увесь у тым, што кабеты тыя — родныя сёстры. Такія розныя…


Невінаватыя

Унізе, ля самае дарогі, насупраць беднае хаты ўдавы Барэйчыхі, што стаяла на ўзгорку, рос клён. Сад, агарод, соткі, — усё было схавана за хатаю. Змарнелы куст бэзу з правага боку, ля вакна, здалёку не быў відаць. А высокае дрэва выглядала ва ўсе канцы, было знакам сядзібы.

Настаўніца Валя, што жыла з мужам і маленькім сыночкам у той беднай хаціне разам са свякроўкаю, залоўкаю і дзеверам, любіла прыгожае дрэва. Не перастала любіць і тады, калі з’явіліся на ягоным ствале тлустыя плямы, белая і чырвоная. Першая ад пахучага крэму «Сняжынка», другая ад памады. Раззлаваўся аднойчы яе муж, схапіў тыя няхітрыя жаночыя падмалёўкі, выскачыў з хаты, разламаў і пабіў аб клёнік. Была прычына. А вінаватым не быў ніхто.

Некалькі гадоў таму працавала Валя ў недалёкім, але і не надта блізкім мястэчку Цырыне. Звольнілася, атрымала працу ў Шчонаве. Адзін цырынец, якому ўпала ў вока прыгожая настаўніца, памятаў яе. Праз некалькі гадоў вырашыў знайсці. Выбраўся неяк нядзелькаю, даехаў да Рамейкаў. Было вельмі рана. Ішоў па дарозе да хутароў у надзеі сустрэць кагосьці, каб распытаць, дзе жыве настаўніца. Ажно бачыць: ляціць насустрач вершнік. Прыпыніў, патлумачыў, каго шукае. Той нечакана вырашыў вярнуцца і правесці да хаты. Пра што яны гаварылі, ці гаварылі наогул, ніхто не ведае.

У хаце ўсе яшчэ спалі. Свякроўка шлупалася на кухні. Раптам адчыняюцца дзверы, маладая жанчына чуе голас мужа: «Госць да цябе прыйшоў. Прымай!» А ў хатцы той ні перагародкі, ні шырмы якое. Глянула яна з пасцелі і знямела, пазнаўшы госця няпрошанага, неспадзяванага. І што сказаць яму, не ведала. Ціха папрасіла сыйсці з гэтае хаты.

Вось тады і паляцелі ў клёнік крэм, памада…

Не мела яна крыўды на мужа. Не мела і на тога даўняга знаёмага. Толькі няёмкасць, прыкрасць ад недарэчнае сустрэчы засталіся назаўсёды. Ніколі больш не сустрэла яго.

А ад мужа папрокі чула амаль усё жыццё…

Фота ok.ru/group