Фота Івана Ляшкевіча
2019 год тройчы юбілейны для шляхецкай вёсачкі: 540 гадоў вёсцы, 135 гадоў з дня адкрыцця школы пісьменнасці, дзе тады вучылася 20 хлопчыкаў, і 50 гадоў з дня пабудовы Альпеньскага сельскага клубу, на якім усталяваная памятная табліца Дуніну-Марцінкевічу. Мясцовыя жыхары ганарацца тым, што гэты знакаміты чалавек пабываў на іх радзіме.
У сярэдзіне XIX стагоддзя Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч знайшоў у ваколіцах вёскі Альпень вобразы сваіх літаратурных герояў – персанажаў несмяротнай камедыі «Пінская шляхта», распавёў belsat.eu настаўнік, краязнаўца Іван Ляшкевіч.
«У 1849 годзе аўтар быў у нашых месцах. Пацверджанне гэтаму – верш «Вясна», падпісаны «Альпень, мая 12 дня 1849 году». Другі верш, «Прыпяць», напісаны на другі дзень, мае пазнаку «На водах Прыпяці», – кажа Іван Ляшкевіч.
Першая згадка пра вёску Альпень – 1479 год. Тады княгіня Ганна, удава князя Свідрыгайлы, падарыла Альпень Ляшко-Зіновіч-Альпенскаму. Наступныя звесткі адносяцца да 1503 г. У 1513-м князь Яраслававіч падарыў Альпень Івану Цюхай-Ліпскаму. У 2017 годзе тут мясцовыя жыхары адкрылі першы і адзіны ў Беларусі Музей шляхціча.