Таццяна Процька: «Рэпрэсіі — неад’емная частка савецкай дзяржавы»

Савецкая дзяржава, каб наладзіць працу людзей «па здольнасцях», практычна з першых дзён свайго існавання выкарыстоўвала «падаўленне» нежадання аддана працаваць на карысць дзяржавы, што па-лацінску гучыць як «рэпрэсіі».  Іншадумства і іншадумцы вынішчаліся.

staronki_knihi_1.jpg


Даследчыца таталітарнай сістэмы СССР распавядае пра псіхалагічныя асаблівасці рэпрэсіяў і матывацыі ахвяраў і катаў.

Для гісторыка Таццяны Процькі сталінскія рэпрэсіі — гэта не палымяныя словы альбо аголеныя эмоцыі. Гэта — тэма шматгадовых даследаванняў і руплівай працы ў архівах , у тым ліку беларускага КДБ, расейскага ФСБ на пачатку 90-х, калі было яшчэ «можна». Плёнам стала фундаментальная манаграфія «Станаўленне савецкай таталітарнай сістэмы ў Беларусі (1917–1941)».

Пра псіхалогію гвалту над чалавекам, асабісты і дзяржаўны падтэкст з’явы даследчыца распавядае чытачам budzma.by

 

Шчасце — асабістая рэалізацыя ці праца для дзяржавы?..

 

— Чаму савецкая дзяржава не магла існаваць без рэпрэсіяў?

— Сёння некаторыя палітычныя дзеячы стараюцца аднавіць у Беларусі савецкую камуністычную сістэму дзяржаўнага і грамадскага кіравання. Яны сцвярджаюць, што гэта сапраўдная народная сістэма, найлепшая за ўсе існуючыя для простых людзей. А рэпрэсій, наогул, зусім не было. На самой справе гэта зусім не так.

Галоўным недахопам савецкай сістэмы дзяржаўнага ўладкавання з’яўляецца тое, што яна не мае прыродных механізмаў для заахвочання людзей да працы. У так званым капіталістычным грамадстве такія механізмы вызначаныя дзеяннем інстытуту прыватнай уласнасці, які фарміруе стымулы працы, «чалавечую мару» — набыць дом, зарабіць болей грошаў, стаць рэспектабельным сярод калегаў, падвысіць свой стан ў грамадстве і г.д. Шчасце — гэта калі асабістыя патрэбы чалавека рэалізаваныя. Праца чалавека у такім выпадку больш плённая, вытворчая, таму яе вынікі ў стане задаволіць чалавека, зрабіць яго шчаслівым.

— А як было ў Саюзе?..

— У савецкай сістэме інстытут прыватнай уласнасці не дзейнічае, ён абмежаваны дзяржавай. Стымулы ствараліся штучныя: лічылася, што чалавек павінен быць шчаслівым, калі працуе для дзяржавы, якая забяспечвае патрэбы ўсіх людзей аднолькава праз спецыяльныя дзяржаўныя фонды і ўстановы.

Пры капіталізме чалавек працаваў для сябе, а пры саветах — на ўсё грамадства, для задавальнення патрэбаў усіх людзей. Але «справядлівае» і аднолькавае размеркаванне давала толькі беднае жыццё. Таму тыя, ад каго ў тым ці іншым сэнсе залежала размеркаванне — на розных узроўнях дзяржаўнай іерархіі — размяркоўвалі не толькі справядліва, але і на сваю карысць. Акрамя таго, навукоўцы вызначылі, што патрэбы чалавека растуць па меры іх задавальнення. Справядлівага бюракратычнага размеркавання дабротаў за ўсе гады савецкай улады дасягнуць так і не атрымалася.

— То бок прынцып, «ад кожнага па здольнасцях, кожнаму па патрэбе» — не спрацаваў?

— Большая частка заробленага чалавекам адлічалася дзяржаве для размеркавання роўна для ўсіх. І той, хто працаваў больш і лепш, у заробку амаль не адрозніваўся ад лайдака. Вядома, колькасць тых, хто працуе за ідэю, не была значнай. Прадукцыйнасць працы — галоўны эканамічны паказчык вытворчасці — у савецкай сістэме была нашмат ніжэйшай, чым пры капіталістычнай сістэме.

Каб наладзіць працу людзей «па здольнасцях», савецкая дзяржава практычна з першых дзён свайго існавання выкарыстоўвала «падаўленне» нежадання аддана працаваць на карысць дзяржавы, што па-лацінску гучыць як «рэпрэсіі».

«Падаўленне» моцным было і ў ідэалагічнай галіне — чалавеку дазвалялася быць прыхільнікам толькі камуністычнай ідэалогіі. Іншадумства і іншадумцы вынішчаліся.

Рэпрэсіі на працягу існавання савецкай дзяржавы былі яе неад’емнай часткай. У розныя часы, канешне, гэта праяўлялася па-рознаму. Былі часы массавага тэрору, калі людзей забівалі тысячамі (гэта называлася «рэпрэсаваныя па першай катэгорыі»), а былі часы, калі можна было думаць, што калі ты публічна лаяльны да ўлады, то табе нічога не пагражае…


 

taccjana_procka_3.jpg

 

 

«Людзей катавалі, а яны — далей лічылі сябе вернымі камуністамі…»

 

— А ці можна было быць насамрэч лаяльным да дзяржавы і трапіць пад рэпрэсіі?

— Зараз камуністы, каб апраўдаць рэпрэсіі, кажуць, што пад іх падпадалі толькі ворагі ўлады, якія хацелі наўмысна знішчыць савецкую дзяржаву. Яны адмаўляюць тое, што рэпрэсіі — неад’емная частка савецкай сістэмы. Абсалютная большасць рэпрэсаваных лічылі сябе лаяльнымі да ўлады. Я сустрэлася з гэтым феноменам, калі працавала са справамі і дакументамі як у архівах спецслужб, так і архіве ЦК КПБ (б).

У арыштаваных не было нянавісці да сваіх катаў і самой савецкай улады. Да «ворагаў народа», «шкоднікаў», «антысаветчыкаў» далучалі людзей, якія крытыкавалі чыноўнікаў і іх дзейнасць, рабочых і сялян, якія «дрэнна» працавалі (не выконвалі планы, былі вінаватыя ў аварыях на вытворчасці, пажарах, эпідэміях, неўраджаях, смерці жывёлаў і інш.) альбо наўпрост казалі «антысаветчыну». Арыштаваныя лічылі свой арышт памылкай, казалі, што любяць дзяржаву і яе правадыра. Наўмысныя — даведзеныя фактамі — дзеянні супраць дзяржавы адзінкавыя.

Я глядзела пратаколы допытаў. Людзей катавалі, яны ведалі, што іх расстраляюць, ілюзіяў не было. Але чалавек ўсё адно сцвярджаў, што гэта «памылка», а ён — верны «ленінец-сталінец»! Гэта вельмі цікавы псіхалагічны феномен. Савецкі чалавек-вінцік прымаў сістэму прымусу, збудаваную на рэпрэсіях, ён быў публічна не супраць карнага апарату, але лічыў, што толькі ў яго выпадку мае месца памылка. Заўважу: вінцік умацоўвае сістэму, без яго сістэма развальваецца.

— Як у Оруэла, атрымліваецца: «Зрабіце гэта камусьці іншаму, але не мне!»

— Так, але Оруэл тут не жыў, таму і не разумеў некаторых рэчаў — проста не мог сабе ўявіць магчымасць ажыццяўлення гэтых рэчаў. Ён па ментальнасці сваёй не савецкі чалавек.

 

staronki_knihi_3.jpg

 

 

«Усе хочуць бачыць у камунізме чалавечы твар»

 

— Але якога кшталту людзі ставалі вінцікамі сістэмы?

— Бальшавізм як уплывовая палітычная з’ява ўзнік як вынік Першай сусветнай вайны. Ленін адразу зразумеў карысць ад таго, каб чальцы ягонай партыі былі пры зброі ды па-вайсковаму структураваныя. Спачатку інтэлігентаў-партыйцаў прымусова накіроўвалі ў войска, пасля ўжо яны самі пачалі туды імкнуцца. То бок у выніку партыя мела ў сваіх шэрагах шмат чальцоў, у якіх каштоўнасць чалавечага жыцця была дэфармаваная, знішчаная.

Гэта — першыя, самыя моцныя вінцікі. Паглядзіце нават зараз, калі з вайны ва Украіне, прыкладам, вяртаюцца ў грамадства салдаты: яны не разумеюць, як тая ці іншая з’ява можа існаваць у грамадстве, бо самі яны ўжо — іншыя людзі. Так было і на досвітку ўлады бальшавікоў.

— То бок гэта былі людзі, якія не маглі ўспрымаць цывільны лад жыцця?

— Так, бальшавікі прапанавалі іншы лад жыцця: загад — як спосаб кіравання, іерархія, дысцыпліна. Аснова ўсяго — прымус. Не выпадкова паводле Леніна «Дзяржава — гэта апарат прымусу аднаго класа іншым класам». То бок ёсць класы, якія дзяржавай прымаюцца, якія ў дзяржаве дамінуюць (рабочыя), ёсць тыя, якія маюць быць знішчаныя, бо яны варожыя (святары, буржуазія, дваране, кулакі), а ёсць тыя, якія павінны падпарадкоўвацца пакуль не перавыхаваюцца (сяляне, інтэлігенцыя). Самымі масавымі былі рэпрэсіі супроць варожых класаў, і тых вызначаных Камуністычнай партыяй адсоткаў, якіх перавыхоўвалі.

— Але калі прадстаўнікі гэтых варожых класаў ведалі, што іх чакае, чаму яны прынамсі масава не з’язджалі з краіны, як зараз?

— Мяркую, з таго, што камуністычная ідэя знешне вельмі прывабная. З расстраляных у 1930-я гады ёсць тыя, хто ў пачатку 1920-х паспеў з’ехаць, пажыў у Чэхіі ці Польшчы, а пасля, годзе ў 1926-м, вярнуўся, бо — паверыў. Магчыма, адказ хаваецца ў тым, што ўсе хочуць бачыць у сацыялізме-камунізме толькі чалавечы твар. Такое жаданне ў некаторых беларусаў мы, на жаль, назіраем і сёння.

Заўважу, што рэпрэсіі былі не толькі па класавай, але і па нацыянальнай прыкмеце. Асабліва пацярпелі нацыянальныя меншасці — палякі і немцы. Апошнія у Беларусі амаль поўнасцю былі вынішчаныя.

 

staronki_knihi_2.jpg

 

«Я прасіла кіраўніцтва КДБ: «Забярыце справы з Масквы!»

 

— Цягам сваёй працы ў архівах ці вывучалі Вы асобы катаў?

— Матэрыялы пра тых, хто працаваў у структуры КДБ закрытыя. Асабістыя справы кіраўнікоў рэспубліканскага і абласнога ўзроўняў захоўваюцца ў Расіі ў архівах ФСБ. Тут, у Беларусі, знаходзяцца справы толькі другасных персанажаў. У Расіі і справы тых, хто быў рэпрэсаваны па так званых саюзных варожых арганізацыях — у БССР знаходзілі іх філіялы. Яшчэ ў 1991 годзе я прасіла кіраўніцтва беларускага Камітэту: «Забярыце справы з Масквы, хоць копіі зрабіце!» Тады гэта можна было… Зараз — думаю, ужо не. Але, можа, яны і еёць — хто ведае?

Зараз можна карыстацца спісам кіруючых супрацоўнікаў НКВД 1930-х гадоў і іх кароткімі біяграфіямі, які зрабілі даследчыкі з расійскай грамадскай арганізацыі «Мемарыял».

— Ці былі лёсы, з якімі Вы сутыкаліся «за архіўным парогам», якія Вас асабліва ўразілі?

— Частка Архіву КДБ, якая тычыцца асабістых справаў людзей — гэта вельмі спецыфічны сегмент. Карыстацца інфармацыяй з гэтай крыніцы трэба з вялікай асцярожнасцю — тут утрымліваецца шмат недакладнасцяў і памылак. Інфармацыя з гэтай часткі не была мэтай майго даследавання — я вывучала дакументы, якія дазвалялі зразумець, як працуе сістэма, але, канешне, глядзела і справы людзей…

Чытала пра пісьменнікаў, якія супрацоўнічалі са спецслужбамі, дапамагалі ім знайсці ворагаў сярод сваіх калег. Чытала справаздачы тых, хто назіраў за Янкам Купалам — піў-еў з ім за адным сталом, а потым пісаў пра гэта. Чытала пра тых, хто на пытанне следчых пра стаўленне чалавека, які іх цікавіў, да савецкай улады, пачынаў выказваць свае думкі і меркаванні пра ненадзейнасць гэтай асобы.

З болем прачытала пра свайго дзеда, які выказаў такое меркаванне пра малодшую сястру маёй бабулі — Зіначку. І мне стала зразумела, чаму мая бабуля адрэзала на ўсіх фотках дзеда, і толькі нехта з родных даў маёй маці адзіны яго фотаздымачак.

 

«Хай будуць праклятыя гэтыя купалы ды коласы…»

 

— А можна падрабязней пра справы пісьменнікаў?

— Найбольш мяне ўразіла, мабыць, справа Кузьмы Чорнага. Ён напісаў у зняволенні цэлую кнігу, нібы споведзь, каб яго выпусцілі, — больш за 150 старонак. Захоўваецца і рукапіс, і машынная перадрукоўка — для кіраўніцтва пісьменнік апісвае свой жыццёвы шлях, як працавала пісьменніцкае асяроддзе, якія антысавецкія рэчы тут назіраюцца. Але агульны кантэкст — гэта апісанне таго, як ён аступіўся, стаў антысаветчыкам, урэшце. Памятаю, ён піша: «Ірачка, родная дачурка, у цябе светлая будучыня, хай будуць праклятыя гэтыя купалы ды коласы, якія…» Гэтым усё сканчаецца.

Рэпрэсіі — гэта не толькі знішчэнне, здзек над фізічным чалавечым жыццём, хоць жыццё — найбольшая каштоўнасць. Але для чалавека больш страшна акурат знішчэнне і дэфармацыя духоўнай асобы. Нават калі чалавек выйдзе з усіх колаў пекла рэпрэсіяў, зло ўсё адно застанецца жыць у ім. Фізічныя пакуты — неймаверныя, але душэўныя пакуты — не меншыя. І пра гэта варта памятаць.

— То бок чалавек агаворвае сябе: ад пачатку і да канца… Жахліва.

— Савецкі чалавек — асобы чалавечы гатунак. Значную частку свайго жыцця я пражыла сярод савецкіх людзей — і я не хачу падобнага вопыту для маіх унукаў.

Зараз у Беларусі пэўная частка кіруючай эліты зрабіла спробу аднавіць савецкі лад арганізацыі дзяржаўна-грамадскага жыцця — амаль 25 год ідзе адбудова палепшанага, без хібаў гісторыі, варыянта. Але як толькі гэты лад больш-менш усталяваўся, рэпрэсіі сталі важкай часткай дзяржаўнага функцыянавання. Рэпрэсіі супраць гаспадарчага чыноўніцтва, іншадумства і іншадумцаў — амаль штодзённая інфармацыя пра сучаснае беларускае жыццё. Толькі пакаранні зараз значна больш мяккія, не расстрэльныя, судовыя (не — двойкі-тройкі, як было ў 1930-я гады). Рэпрэсіі — гэта страшная праўда беларускай гісторыі. Хай будзе толькі гісторыі.

  

Размаўляў Алесь Кіркевіч, budzma.by