Так пакаралі смерцю галоўных нацысцкіх злачынцаў

У ноч на 16 кастрычніка былі прыведзеныя ў выкананне першыя смяротныя прысуды, вынесеныя нацысцкім злачынцам на Нюрнбергскім працэсе ў 1946 годзе. Апошнія пакаранні адбыліся 7 чэрвеня 1951 года ў Ландсбергскай турме.

55297456_303.jpg

Нюрнбергскі працэс. Злева направа: Герман Герынг, Рудольф Гес, Іаахім фон Рыбентроп, Вільгельм Кейтэль
Прысуды галоўным нацысцкім злачынцам былі абвешчаныя на Нюрнбергскім працэсе 30 верасня і 1 кастрычніка 1946 года. Дванаццаць з іх (Марцін Борман — завочна) былі прысуджаныя да смяротнага пакарання праз павешанне. Смяротныя прысуды прывялі ў выкананне ў ноч на 16 кастрычніка. За тры гадзіны да пакарання Герман Герынг (Hermann Göring) скончыў жыццё самагубствам, прыняўшы цыяністы калій. Хто менавіта прынёс у строга ахоўваемую турму капсулу з атрутай, дакладна невядома да гэтага часу. Астатнія былі пакараныя ў пераабсталяванай спартзале Нюрнбергскай турмы. Першым — былы міністр замежных спраў Трэцяга рэйха Іаахім фон Рыбентроп (Joachim von Ribbentrop).

Іаахім фон Рыбентроп у сваёй камеры падчас працэсу. 1945 год

Іаахім фон Рыбентроп у сваёй камеры падчас працэсу. 1945 год


Каля гадзіны ночы 16 кастрычніка адчыніліся дзверы ў яго камеру. Начальнік турмы, амерыканскі палкоўнік Эндрус зачытаў яшчэ раз прысуд. Рыбентропу чорнай вяроўкай звязалі за спінай рукі. Двое салдат ваеннай паліцыі падняліся разам з ім па лесвіцы ў 13 прыступак на эшафот.
Рыбентропа паставілі на закрытую крышку люка і звязалі яму ногі. Яго спыталі, ці не хоча ён нешта сказаць. Пасля высакамоўнай тырады Рыбентропа пра выратаванне сваёй душы і мір ва ўсім свеце старэйшы сяржант Джон Вудс накінуў злачынцу на галаву чорны каўпак і зацягнуў на шыі вяроўку. Кат прывёў у дзеянне механізм, і створкі люка адчыніліся.

Смерць нацыстаў была пакутлівай

Штатны кат амерыканскай арміі тэхасец Джон Вудс да гэтага прывёў у выкананне каля трохсот смяротных прысудаў. Нягледзячы на гэта, пакаранне галоўных нацысцкіх злачынцаў ён арганізаваў дрэнна. Люкі аказаліся занадта вузкімі, і многія з прысуджаных, падаючы ў іх з вяроўкай на шыі, удараліся аб край люка. На зробленых пасля пакарання смерцю фотаздымках відаць, напрыклад, што галава былога камандуючага вермахта, генерал-фельдмаршала Кейтэля (Wilhelm Keitel) залітая крывёю.
Акрамя таго, даўжыня вяроўкі і глыбіня люка былі разлічаны дрэнна, і прысуджаныя паміралі не імгненна, ад пералому шыйных пазванкоў, а ад удушша. Рыбентроп, напрыклад, мучыўся 15 хвілін, пакуль наступіла смерць. Праўда, прысутныя, агулам 40 чалавек, сярод якіх было васьмёра журналістаў (па двое ад СССР, ЗША, Францыі і Вялікабрытаніі), гэтых перадсмяротных пакут не бачылі: памост закрывалі драўляныя шчыты і цёмны брызент.
Праз тое, што пакаранне зацягнулася, а ў гэтую ноч вырашана было пакараць смерцю ўсіх галоўных нацысцкіх злачынцаў, кат і яго памочнікі сталі спяшацца. З адной шыбеніцы яшчэ здымалі труп пакаранага, а да іншай на эшафот ужо вялі наступнага. Пасля пакарання апошняга ў залу ўнеслі цела Герынга і паставілі насілкі з ім пад шыбеніцай. Гэта быў сімвалічны акт.

Старшы сяржант Джон Вудс рыхтуе вяроўку для пакарання

Старшы сяржант Джон Вудс рыхтуе вяроўку для пакарання


Трупы Герынга і іншых сфатаграфавалі, у адзенні і распранутымі, потым завярнулі ў прасціны і паклалі ў труну. Труны апячаталі. Раніцай іх на грузавіках у суправаджэнні ўзброенай аховы прывезлі ў Мюнхен — у крэматорый на ўскраіне горада.

Прах нацыстаў развеялі па ветры

У крэматорыі не ведалі, каго менавіта будуць спальваць: яго работнікам сказалі, што ў трунах — загінулыя амерыканскія салдаты. Будынак ачапілі. Кожную труну перад крэмацыяй адчынялі, каб пераканацца ў тым, што труп не падмянілі. Пасля крэмацыі, якая працягвалася некалькі гадзін, сабралі попел у скрыню, якую пагрузілі ў аўтамабіль і павезлі. Праз два дні, ноччу, попел высыпалі з моста ў раку Ізар ў Мюнхене. Гэта таксама праходзіла ў абстаноўцы сакрэтнасці. Так што месцы, дзе «вечна ўчарашнія» маглі б пакланіцца праху галоўных нацыстаў, няма.

Апошнія пакаранні ў 1951 годзе

Апошніх нацысцкіх злачынцаў, прысуджаных да смерці на наступных нюрнбергскіх працэсах (1946–1949), пакаралі смерцю ў Ландсбергскай турме ў Баварыі 7 чэрвеня 1951 года. Усяго ў гэты дзень было прыведзена ў выкананне сем прысудаў. Сярод павешаных былі былы генерал войскаў СС Освальд Поль (Oswald Pohl), які асабіста кіраваў разбурэннем Варшаўскага гета, а таксама Георг Шалермайр (Georg Schallermair) — былы камендант філіяла канцэнтрацыйнага лагера Дахаў у Мюльдорфе.
Паводле dw.com.
Пераклад «НЧ».