Арсень Ліс. Успаміны: Мінск. Гады студэнцкія (Заканчэнне)
Абмінуў, але мушу вярнуцца да аднаго з самых першых уражанняў з Мінску. Было тое ў мой прывоз заявы на паступленне ў БДУ. Наш сёння прыгожы праспект быў на той час яшчэ не дабудаваны.
Дзесь у раёне сённяшняга Нацбанка з радыёталеркі на слупе пачуў упэўнены голас маладога крытыка Б.Б. Газету «Літаратура і мастацтва» я ўважліва чытаў, пачынаючы з восьмага класа.
Быў у курсе літаратурнага беларускага жыцця і цяпер, што называецца, навастрыў вушы. Чуў чарговую ідэалагічную нагонку. Пракурорскім тонам таварыш крытык прабіраў Максіма Танка за пераклад верша
ўкраінскага паэта Ул. Сасюры «Любі Украіну», Аркадзя Куляшова — за верш «Воблака». Але найбольш тое запомнілася, як дапытваў крытык паэта Пятра Глебку за
верш «Сны хлапчука». Прытуліўшы малога земляка ў шумным вакзале, паэт прызнаўся, што «сам стаміўся без радзімы і ведае цану жыцця». «Без якой радзімы
стаміўся паэт, знаходзячыся ў савецкім тыле?» — грозна дапытваўся крытык, пэўна, не без думкі сцвердзіць сябе ў вярхах, набраць балы...
Было тое пануканне беларускім водгаласам на гучную ідэалагічную кампанію Жданава, скіраваную супраць часопісаў «Звезда» і «Ленинград», каб правучыць, апярэдзіць усялякае адступленне савецкіх літаратараў ад адзіна і заўсёды правільнай лініі партыі. Малады масквіч Б.Б., трапіўшы пасля вайны на жахліва спустошанае поле беларускай пісьменнасці, заяўляў пра сябе як надзейнага наглядчыка за яе пазасталымі рэдкімі ратнікамі. З гадамі ён пацішэў і штось пакінуў па сабе вартае ў жанрах тэатразнаўства і эсэістыкі.
Першы месяц навучання пасля лекцый я часцей падаваўся ў бібліятэку цэнтральную, званаю тады ленінскай. Там мог заказаць нешта беларускае, напрыклад, часопіс «Беларусь» за 1945–1946 гады, дзе асачыў публікацыі Сцяпана Александровіча, Міхася Ларчанкі, — штось невядомае яшчэ, сваё.
Пазней, ужо будучы на пятым курсе ўніверсітэта, тут, у кабінеце беларускай літаратуры, я змог пачытаць (стала даступна) і часопісы «Маладняк», «Узвышша», а да таго і збор прамоваў беларускіх паслоў (дэлегатаў) у сойме даваеннай Польшчы. У тым зборніку пасольскіх прамоў мяне ўразілі дасціпным, вострым словам выступы старшыні Беларускага прадстаўніцтва ў сойме прафесара Браніслава Тарашкевіча. Да таго я не ведаў, каб нехта так дасціпна, годна з высокай трыбуны бараніў правы і само імя беларуса. Праз некалькі гадоў мне ўдалося напісаць першую сваю кніжку, і прысвечана яна была жыццю і грамадска-палітычнай дзейнасці гэтага высокаталенавітага, трагічнага лёсу беларускага інтэлігента.
Хоць і ўчашчалі мы да бібліятэкі, асноўныя веды здабывалі, вядома, на лекцыях. І не толькі па прадметах, што павінны былі забяспечыць нашу будучую класіфікацыю — філалогію, але сёе-тое з жыццёвага досведу нашых выкладчыкаў, а часам і студэнтаў старшых курсаў.
З першых лекцый яшчэ запомніліся заняткі лацінскай мовы. Перш-наперш сваім выкладчыкам А. Бандарыным, які неяк ласкава, даверліва загаварыў з намі. Супакоіў тым, што паколькі лацінская мова амаль да Новага часу была мовай навукі і доўга мовай літаратуры ў Еўропе, то нам, будучым філолагам, уведаць яе трэба. Але, вядома, не ў тым аб’ёме, як жывую, абавязковую сёння замежную мову. Маўляў, з большага авалодаем яе граматычнай сістэмай, навучымся са слоўнікам перакладу. Пабачыце, якая лаканічная прыгожая яе форма. Адразу зацікавіў нас прыказкамі: «Jutto, cavat lapidem» — «Кропля (вада) драбіць камень», «Aquila non capit muscas» — «Арол мух не клюе», «Historja est magistrae vitae» — «Гісторыя — настаўніца жыцця». Гэты апошні выраз неяк асабліва запаў у сэрца. Зарыентаваўшыся, што група наша беларускамоўная, Бандарын загаварыў з намі пра беларускую творчую моладзь 1920-х гадоў. Сярод іх была і яго дачка Зінаіда, якая пазней напісала аповесць пра юнацтва Янкі Купалы, а ў 20-я гады з Масквы, дзе вучылася, тэлеграмы бацькам адбівала толькі па-беларуску. Выкладчык казаў, што, мабыць, яго прозвішча ў продках мела форму «Бандарык». Перайначылі, знаць, яго рускія пісцы ў канцы ХVІІІ стагоддзя. А яшчэ аднойчы, стоячы перад сталом, дзе я намагаўся перакласці сілагізм Цыцэрона, загаварыў пра гісторыка Усевалада Ігнатоўскага, пра тое, што раіў яго сынам пасля гвалтоўнай смерці бацькі з’ехаць, каб не падпасці пад рэпрэсіі, бо сыноў, так званых ворагаў народа, улада звычайна не пакідала. Баялася помсты ў будучым?
Даведаўшыся пра гісторыка Ігнатоўскага, я летам 1953 года паехаў у Смаргоні. Зайшоў да маці майго школьнага сябра Ігара Федаровіча. Яна, як тое вынікала з сямейнага альбома, у 1920-я гады была актыўнай удзельніцай мастацкай самадзейнасці на Смаргоншчыне, якой кіраваў беларускі культурніцкі актывіст з вёскі Шутавічы Войцех Шутовіч, расстраляны немцамі напачатку вайны як камуніст, хоць ім і не быў. Я папрасіў яе, каб адвяла мяне да свайго брата, старога беларускага настаўніка, які жыў на хутары, аднойчы я бачыў яго ў Федаровічаў. Пачуў, што меў ён бібліятэку старых беларускіх выданняў. Трапіўшы на хутар пад Свірыдавічамі, пазычыў у яго «Кароткі курс гісторыі Беларусі» Ігнатоўскага і «Гісторыю беларускай (крыўскай) кнігі» Вацлава Ластоўскага. Апошнюю не паспеў прачытаць. Але ўразілі словы аўтара: «Няма больш занядбанай дзядзіны ў сусветнай пісьменнасці як гісторыя паняволеных народаў». Гэту думку ў дачыненні да беларускага народа тым пацвердзіў каротка прачытаны ва ўніверсітэце агляд беларускай гісторыі, дзе фактычна не было гісторыі майго народа.
Быў падаў надзею нешта людскае пачуць з гэтай галіны прафесар Абэцэдарскі. Зайшоў у аўдыторыю эфектна, высокі, мажны, прыгожы. Кінуў важкі партфель на лаўку і на добрай беларускай мове 1920-х гадоў на памяць стаў чытаць Багдановічавага «Летапісца»: «Душой стаміўшыся ў жыццёвых цяжкіх бурах, свой век канчае ён у манастырскіх мурах. Тут ціша, тут спакой...», але болей як бы нічога. Наступны раз замест Абэцэдарскага прыйшоў нейкі маленькі чалавечак. Курс яго аказаўся вадой і муццю. Ну нічога, што парывала думку аб нязломных продках нашых, якія і пад Грунвальдам засведчылі, як умелі ваяваць ды здолелі змагчы самае моцнае на той час заходняе, перад усім нямецкае рыцарства. Ну, вядома, не маглі пачуць анічога і пра князя Астрожскага, які даў годны адпор заваёўніку з Усходу.
Абэцэдарскі хіба ведаў пра гераічны аршанскі чын беларусаў, але мусіў паўтараць як мантру аб нібыта адвечнай цязе беларусаў да Масквы, якая, як ніхто цягам усяго ХVІ стагоддзя нішчыла беларускія землі ўшчэнт, пакінуўшы 48 працэнтаў літвінаў-беларусаў пасля паходу цішэйшага рускага цара Аляксея Міхайлавіча, бацькі Пятра, названага Вялікім. Але ўсё гэта мы здолелі ўведаць пазней, з прыходам Перабудовы, з якой адкрылася шырэй заслона ў забароненую зону былой імперыі.
Праўда, яшчэ ў студэнцкія гады мне пашчасціла пачуць нешта, што дапамагло разабрацца ў прыродзе палітычнай сістэмы, якая нас гадавала. Студэнт-філосаф родам з Оршы Аляксей Мурнеў неяк аднойчы ў скверыку перад універсітэцкім корпусам згадаў словы Георгія Пляханава.
У 1917 годзе філосаф вярнуўся з эміграцыі: рашаўся лёс яго Айчыны. Бальшавікі аб’явілі курс на сусветную рэвалюцыю. Выступаючы на сходзе, Пляханаў казаў канстытуцыйным дэмакратам і эсэрам: «В ближайшее время вы погибнете». І далей: «Среди большевиков немало умных, честных людей, но они попадут не в ту комнату, куда идут. И будут идти, как крестоносцы шли за гробом господнем, восклицая при виде каждой колокольни: «Не это ли земля обетованая?». Казаў тое Аляксей Мурнеў пасля выкрыцця так званага культу асобы Сталіна. «Таталітарны рэжым, — і пры гэтым Аляксей разжымаў сцяты кулак,— мусіць час ад часу расціскацца, каб не здранцвець». І дэманстраваў расслабленне на дужым сваім кулаку.
Пляханаўскае прароцтва мне помнілася і ўзгадвалася ў кантэксце жыцця краіны хрушчоўскага і брэжнеўскага часоў. У 90-я гады мінулага стагоддзя яно спраўдзілася. Абсурдная па сутнасці думка — перабудаваць увесь свет паводле таталітарнай савецкай палітычнай мадэлі, выдаванай за рэальны сацыялізм, ідэя, да канца прафанаваная Сталіным. Але ўсё гэтае пачутае ў ранняй маладосці было звязана з асэнсаваннем палітсістэмы, у якой мы жылі.
Ды былі ў студэнцкія мае гады і чыста філалагічныя, літаратурныя захапленні і расчараванні. Напрыклад, як нешта зусім новае ў савецкай літаратуры студэнтам ці то першага, ці то другога года навучання адкрыў для сябе творчасць Канстанціна Паўстоўскага. Уразіў праўдзівым увасабленнем жыцця, уласна перажытага. Не ішоў, як большасць, ад зададзенай схемы: паказваць, не як было ў жыцці, а як павінна быць паводле партустаноўкі.
Дарэчы з курсам рускай літаратуры ва ўніверсітэце нам не пашанцавала. Старажытную, ХVIII стагоддзя чыталі Мялкіх, Паіна, савецкую — Багалюбава. Адзін толькі перыяд, які ахопліваў творчасць Бялінскага, Герцана, Тургенева, дастойна прачытаў беларускі літаратуразнавец Ф. Куляшоў. Далей чытала, паўтараючы «мерзости царизма разоблачал Щедрин», выкладчыца Чарнова. Меліся чытаць, але не чыталі лекцыі пра творчасць пісьменнікаў Л. Андрэева, А. Купрына, І. Буніна. Да іх творчасці дабраўся сам і меў ад таго вялікую радасць адкрыцця. Асабліва вялікім адкрыццём было для мяне знаёмства з прозай Буніна. Мастацкасць твораў яго неяк асабліва хапала за душу, аж усё, здавалася, сціскалася ў грудзях, парывала кудысь уздымацца. А вось самога пісаць пабуджала, калі чытаў «Рабежнікі» вялікага латыша Андрэя Упіта, «Жана Крыстофа» Рамэна Ралана, «Горкаўскі літпартрэт» Аляксандра Блока, паэзіяй якога захапіўся з курса трэцяга, нямала ведаў на памяць, бо часта звяртаўся ў думках да яго пранізлівых радкоў, строф, зноў жа не раскрытых літаратуразнаўцамі падчас лекцый. А як падумаеш, то і вобмаль за студэнцкія 1951—1956 гады было ў БДУ самавітых, дасведчаных літаратуразнаўцаў ды моваведаў. Сталінскія рэпрэсіі знішчылі гуманітарную даследчыцкую і выкладчыцкую эліту.
Я заўсёды чакаў нечага для душы ад выкладчыкаў роднай мовы, літаратуры, гісторыі. Сярод першых выкладчыкаў-лінгвістаў пазнаёміліся з аўтарам граматыкі беларускай мовы Жыркевічам, які свае лекцыі адбываў легкаважкімі жартачкамі, без аніякага заглыблення ў прадмет выкладання. Паўтараў адно: «Apres nous le deluge» («Пасля нас хоць патоп») — афарызм-дэвіз караля Людовіка XIV. Здаецца, нашаму выкладчыку вельмі імпанаваў такі дэвіз пажыццёва. Жыркевіча ў роднай мове нам крыху кампенсаваў старэнькі выкладчык Міхал Канстанцінавіч Шапялевіч. Ён арыентаваў аўдыторыю на беларускую лексіку, ідыёмы. Менавіта з яго падказкі я цягам ледзь не ўсяго жыцця натаваў у запісныя кніжкі пачутыя слоўцы, асабліва адметныя прыказкі, прымаўкі, ідыёмы, перш-наперш ад маці, сваякоў, а затым у экспедыцыях, пры цікавых сустрэчах з самымі рознымі людзьмі. Што да замежнай літаратуры, планаванай для студэнтаў-філолагаў, то занадта неабдымны абсяг уяўляла яна, пэўна, і для выкладчыкаў, і для нас. Першароднасць, феномен антычнай літаратуры грэчаскай і рымскай не па плячы быў выкладчыку Лапідусу, хоць і пачынаў ён адольваць гэты курс, здаецца, пафасна: «Гнеў, о багіня, пяі Ахілеса, Пілеева сына...». Глыбейшы выкладчыцкі падыход выяўляў Давід Фактаровіч. Але і яму сярэднявечную ды махіну літаратуры ХІХ стагоддзя было не адолець. Збіваўся, шаноўны, на эфект, краснабайства. Да сучаснай, ХХ стагоддзя еўрапейскай літаратуры, не патрапілі дайсці.
З універсітэцкага часу ў мяне пачалося пазнанне Беларусі як фізіка-геаграфічнай і культурнай прасторы Радзімы. Ужо пасля першага курса выкладчыца дыялекталогіі Марыя Жыдовіч, дарэчы, ад яе пачуў найменне ВКЛ — Беларуска-літоўская дзяржава, знаць, засвоіла гэты тэрмін з 1920-х гадоў, калі наша гістарыяграфія не была часткай расійскай імперскай гістарыяграфіі, а развівалася самастойна як навука ўзыходзячай нацыі.
Дык вось, першая наша студэнцкая дыялекталагічная экспедыцыя кіравалася на Навагрудчыну. Дзіўны край, узвышаны ўзгоркамі, з якіх далёка відаць. І ўпершыню ўбачаныя не асобныя дубы, а цэлыя дубровы. І збажына значна большая, чым у нас. Спачатку трапілі ў вялікую вёску каля Карэлічаў — Заполле. У людзей жывая памяць пра 1920-я гады, пра адстойванне свайго пры Польшчы: моцны, дзейсны ў тыя часы і цяпер цікавы ўспамінамі жыхар Монід, ці бацька тутэйшага самадзейнага кампазітара Шэўкі, — смелы дыскутант з польскім камендантам пра Беларусь, беларушчыну. Прысланы паланізатар казаў Шэўку гаварыць з ім адкрыта, абяцаў не арыштоўваць, і Шэўка выкарыстаў гэта абяцанне, каб рэзаць у вочы праўду-матку. А яшчэ захапляў нас цудам-хараством бліз паложанага тут возера Свіцязь. «Ого, Свіцязь! — паўтараў узнёсла. — Другога такога возера на ўсёй зямной кулі не знойдзеш».
Студэнтам я балюча рэагаваў на кожную антыбеларускую праяву. Каб бараніцца, браў на ўспамогу аргументы з беларускай літаратуры. Захоплены паэзіяй Пімена Панчанкі, а як было не захапіцца гэтым шчырым голасам, яго вобразам Беларусі: «Светлы ранак. Жанчына збіраецца жаць. На плячы маладзік — залацісты серп. Бурштыновыя яблыкі ў расе, — гэта ты, мая Беларусь». Помню, напісаў на стале ў аўдыторыі словы-запавет паэта: «Беларусь, я твой воін адданы і сын, мае думкі і сэрца заўсёды з табою». І шэраг сяброў ставілі пад гэтымі словамі: «І я...», «І я...» і пакідалі свой подпіс. А яшчэ на другім курсе я ўступіў у навуковы гурток і напісаў рэферат «Беларускія пісьменнікі аб мове». На міжгарадскім студэнцкім конкурсе навуковых работ ён заняў другое месца. Уразіла мяне забаронная заява цэнзара на зборнік апавяданняў Францішка Багушэвіча: «Ці не крыецца ў такога роду працы акрамя маларускай літаратуры стварыць яшчэ беларускую». Не ў інтарэсах, маўляў, расійскага ўрада такое. Гвалт, як не хацелі пускаць у свет беларускага слова, беларускай думкі.
І яшчэ з тых студэнцкіх год запомніўся сакавіцкі ранак. Быў я якраз на другім курсе, жыў у інтэрнаце на Свярдлова з Валодзем Сарокам, Косцем Петаковым і Вадзімам Савельевым. Раніцай рана прыскочыў у наш пакой Мікола Міхей: «Чулі?.. — шматзначна спытаў. — Здох!». Так адрэагаваў на смерць Сталіна. Навіна прыглушыла. Але ўжо вечарам на шумнаватым праспекце мне, дзевятнаццацігадоваму, было весела, разняволена. Хоць, вядома, якога вялізнага тырана пазбавілася краіна, увесь свет, я тады яшчэ не асэнсаваў, але не прымаў афіцыёзу ўжо даўно. Перамога над фашызмам да часу прыхавала маштабы злачынства, прычыненага вялікім горцам у дачыненні народаў СССР.
Перажыў я, будучы яшчэ на трэцім курсе БДУ, расчараванне ў Якубе Коласе. Спачатку яны ўдваіх з Кандратам Крапівой заявілі праект аб напісанні па-беларуску «Весна» праз «е» і яшчэ штось нечаканае. Тое неяк не прайшло. Тады я прачытаў трэцюю частку палескіх аповесцей, у якой у крывым люстры пад чужымі найменнямі былі прадстаўлены творцы «Нашай нівы», «нашаніўскай пары ў літаратуры» Іван і Антон Луцкевічы, а з «Хрэстаматыі Ігната Дварчаніна ведаў, як усё было на пачатку ХХ стагоддзя. Праз многа гадоў разважалі з Нілам Гілевічам, што Коласу тыя пазнейшыя хады наконт «нашаніўцаў», сярод якіх ён і сам падняўся як паэт, падказаў яго сакратар Лужанін. Вядома, дзеля самаапраўдання класіка перад уладай, што да канца жыцця яму не давярала.
А трэцякласнікам я напісаў ліст народнаму паэту з нязгодай з яго поглядам, але адаслаць не рашыўся. Мусіў лічыцца з вялікім паэтам і не шкадаваў, што так паступіў.
З універсітэтам расставаўся са шкадаваннем: з мінскімі бібліятэкамі, канцэртамі-лекцыямі пра кампазітараў, з купалаўскім тэатрам і яго славутымі акторамі: Глебавым, Платонавым, Уладамірскім, Дзядзюшкам, Ірынай Ждановіч, Ржэцкай... З універсітэцкіх гадоў шчасліва браў з сабою музыку рамантыка Шуберта і вытанчана-элегічныя эцюды a la minor Шапэна. На ўсё жыццё быў уражаны першымі прачытанымі мемуарамі Герцана «Былое і думы». У многіх выпадках гэтаму жанру аддаю перавагу перад творамі літаратуры мастацкай.
Фота з уласнага архіву Арсеня Ліса