Арсень Ліс. Успаміны: Мінск. Гады студэнцкія
Выпраўляючыся ў Мінск здабыць вышэйшую адукацыю, я мала што ведаў пра гісторыю Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Але марыў паступіць толькі ў яго.
А вучыцца ў БДУ хацелася перадусім таму (ведаў тое з падручнікаў па літаратуры), што ў ім на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні навучаліся паэты, чыё слова штось казала маёй душы, было для мяне
крэўным.
На час прыёмных экзаменаў нас, абітурыентаў, размясцілі ў цэнтральным універсітэцкім корпусе. Вечарам, помню, углядаючыся праз шырокія вокны ладнага пакоя, дзе мы да часу былі прытулены, думаў: «Вось тут некалі жылі-былі, хадзілі Паўлюк Трус, Кузьма Чорны, Пятро Глебка...» І простая думка-ўява прынесла душэўнае цяпло.
З уступных экзаменаў запомніліся іспыт па гісторыі і сам экзаменатар, статны самавіты прафесар Абецэдарскі.
Не помніцца, што за пытанні былі ў выцягнутым білеце, але добра запомніліся дадатковыя, зададзеныя пасля адказу.
— Каму ў СССР належыць улада?
— Працоўным, у асобе Саветаў дэпутатаў.
Праз гады, праўда, я ўразумеў, што гэта не зусім так, а, пэўна, зусім не так. Але для таго трэба было яшчэ пажыць, каб разабрацца, калі на белае кажуць чорнае і наадварот, не браць адразу тое на веру, а асэнсаваць чаму, дзеля чаго так кажуць.
— Прага чыя сталіца? — гучала наступнае пытанне.
— Чэхаславацкай Народнай Рэспублікі.
— А дзе яшчэ ёсць Прага?
— У Варшаве. Яе прадмесце так завецца.
І апошняе, нечаканае:
— Хто бацькі?
Бацька мой на той час быў «смотрителем зданий» 9-й Маладзечанскай дыстанцыі чыгункі. На момант задумаўшыся, як перакласці тое «смотритель зданий», я патлумачыў, маўляў, бацька, адказны за тэхнічны стан, спраўнасць чыгуначных будак на пераездах. Працуе ў Маладзечне ў майстэрні, мае пад сваёй рукой некалькі сталяроў і слесараў для направы пры патрэбе тых будынкаў.
Пабачыў на твары прафесара паблажлівую ўсмешку, спыніўся.
У 1951 годзе паступіць на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ было няцяжка. Набіралі пяцьдзясят чалавек, і конкурс быў зусім не высокі, нешта 1,7 чалавек на месца. На рускае ж аддзяленне — значна вышэйшы. Праўда, бралі на яго ўсяго дваццаць пяць чалавек.
Як цяпер разумею, на самым пачатку 50-х палітыка русіфікацыі яшчэ, мабыць, не атрымала сваёй раскруткі, яна ішла спантанна. Пасля вайны мелася шмат школ з беларускай мовай навучання. Пра хуткую пабудову камунізму і, адпаведна, ідэалагізму «адзіны савецкі народ» яшчэ не было гаворкі. Тое будзе сканструявана і аб’яўлена значна пазней.
Успамінаючы пражытае, праз гады шмат што з яго бачыцца ў прычынна-выніковых сувязях, у кантэксце часу.
А тады, у свае сямнаццаць, усё глядзелася, успрымалася непасрэдна, проста.
Першыя ўражанні ад лекцыяў, пачутых у студэнцкай аўдыторыі, знаёмства, збліжэнне з аднакурснікамі, — асабісты пачатак у БДУ.
Наша беларускае аддзяленне філфака напалову складалася з хлопцаў. На рускім аддзяленні на ўсю дзявочую кампанію — толькі тры. Нехта са старэйшых пажартаваў: на развод.
Сярод нашых кінулася ў вочы некалькі хлопцаў, што трымаліся сваёй грамадкай, па-зямляцку. Аж пяць з іх было з Навагрудчыны. Неяк у размове пачулася імя іхняга настаўніка беларускай мовы і літаратуры Сцяпана Александровіча. Прозвішча гэта было мне знаёма. Падпісаныя ім нарысы, нататкі я сустракаў у часопісе «Беларусь». Вучні С.Х. Александровіча, мае аднакурснікі Мікола Міхей, Уладзімір Лазоўскі з часам сталі мовазнаўцамі-педагогамі БДУ, Мікола Базарэвіч — тэлежурналістам, а Косця Каратай за гады настаўнічання ды дырэктарства свайго ў Нарачанскім краі здолеў пабудаваць некалькі школаў.
Адбыліся, няблага рэалізавалі сябе ў жыцці мае аднакурснікі, выпускнікі філфака БДУ 1956 года. Не толькі тут згаданыя. Пра іншых, калі паспею, скажу, напішу пазней.
Першым аднакурснікам, з якім я пазнаёміўся, а затым і пасябраваў на ўсё жыццё, быў хлопец з Лідчыны Валодзя Сарока. На філалагічны факультэт ён трапіў праз няўдачу паступіць у тэхнічную ВНУ. Закончыўшы з залатым медалём школу, па разнарадцы ваенкамата (быў ужо дапрызыўнага ўзросту) спачатку адправіўся ў Ленінград з намерам паступіць у ваенна-транспартную акадэмію. Аднак не быў прыняты. Лічыў, што не прайшоў мандатную камісію. Стары генерал, што ўзначальваў тую камісію, спытаўся, чаму два старэйшыя браты і яшчэ не стары бацька не ўдзельнічалі ў вайне — не пайшлі ў партызаны. Валодзя адказаў, што працавалі, як і ўсе сяляне, на зямлі, вырошчвалі хлеб... для партызанаў. Прычыну незалічанасці даведаўся пазней. У вышэйшыя вайсковыя вучэльні выхадцаў з падакупацыйных тэрыторый не прымалі. Была на тое засцярога. Калі Валодзя вярнуўся дахаты, старэйшы брат Іван параіў паспытаць лёс у БДУ. А тут ужо другая хваля паступоўцаў заканчвала здаваць уступныя экзамены. У прыёмнай камісіі сказалі, што пры спазненні з падачай заяўкі вырашыць пытанне можа толькі сам рэктар. Падаўся ў высокія дзверы. Тады БДУ ўзначальваў М. Чымбург. Рэктар прапанаваў на выбар толькі два факультэты: філфак або хімфак. Выбіраў тое, што было бліжэй душы.
* * *
Студэнцтва наша рэальна пачыналася з лекцыяў, уражанняў, вынесеных з аўдыторый.
Самую першую з іх, «Уводзіны ў мовазнаўства», слухалі ў самай большай, асноўнай аўдыторыі на другім паверсе галоўнага ўніверсітэцкага корпуса. Называўся ён біялагічным, пэўна, ад таго, што тут месціўся біялагічны факультэт з усімі яго аддзяленнямі ды яшчэ быў музей прыроды Беларусі, у якім я з цікавасцю адразу пабываў.
Сама аўдыторыя была такая прасторная, што абодва аддзяленні філфака ды яшчэ студэнты-журналісты, якія прыйшлі на лекцыю, займалі толькі палавіну яе.
За кафедрай стаяў невысокі паўнаваты мужчына, яшчэ не стары. Запомнілася, што ён шматкроць успамінаў прозвішча французскага вучонага дэ Сасюра, спасылаўся на яго. Між іншым растлумачыў паходжанне слова «зонтик» ад галандскага «sonedache», даслоўна як дах ад сонца. Такое пры ўзнікненні меў першаснае прызначэнне наш парасон.
Дацэнт Касоўскі (не памятаю, ці выкладчык сам прадставіўся нам, ці проста потым мы даведаліся яго імя і званне) гаварыў павольна, расцягваючы казанае, нібы кампенсуючы тым сваю спецыфічную артыкуляцыю. Зрэшты, павольны тон выкладу прадмета быў цалкам апраўданы: інакш як было б лектару ўцямна данесці да зялёнай аўдыторыі агульнамовазнаўчыя паняцці і заканамернасці мовы. Мне было сумнавата. Наступная, бліжэйшая лекцыя, як і папярэдняя, была для нас новай дысцыплінай-прадметам і праходзіла ў зусім іншай танальнасці.
На подыум, за кафедру, энергічна падняўся круглалікі, трывалы постаццю мужчына. Зычліва-ўсмешліва акінуў аўдыторыю. Прадставіўся, назваўшы сваё прозвішча: «Прафесар Гутараў». Сказаў, што будзем разам спазнаваць адну з найцікавейшых навуковых дысцыплін — літаратуразнаўства. Нечакана заявіў, што бачыць перад сабой, значыць, між нас дзясятак будучых навукоўцаў, пісьменнікаў ды вострых пяром журналістаў. Распавёў, як сам ішоў у навуку. Між іншым, запомнілася, што спачатку для напісання дысертацыі ён абраў за тэму грамадзянскую лірыку Янкі Купалы, але стаў пісаць пра творчасць Маякоўскага. Ішла другая палавіна 30-х гадоў, і час падказваў актуаліі самой літаратуры савецкай і яе даследчыкам. Нам, натуральна, не магла не заімпанаваць такая жывасць, непасрэднасць прафесарскага звароту да аўдыторыі. Лектар пакідаў надзею пачуць ад яго шмат цікавага, жаданага, нязнанага. Сыпаў на памяць цытатамі.
Ад першага знаёмства з горадам мы паволі пераходзілі да яго пазнання. А пачыналі тое з ускраіны, дзе давялося жыць першы год. У студэнцкі інтэрнат мне трапіць не ўдалося: сям’я чыгуначніка, відаць, лічылася матэрыяльна забяспечанай, здольнай наняць сыну-студэнту прыватную кватэру.
Шукаць кватэры мы пачыналі з завакзалля, у драўляным Мінску. Напачатку з Адамам Мальдзісам, ужо знаёмым мне з семінару літпачаткоўцаў у Маладзечне, закватэравалі ў Каменным завулку. У першы ж выхадны Адась, студэнт журфака, павёў мяне да сваіх аднакурсніц, што жылі непадалёк, на вуліцы Тыфліскай. Пасляваенны Мінск, здаецца, яшчэ доўга захоўваў тую, часоў царскай Расіі, назву грузінскай сталіцы Тбілісі.
Жылі Адасёвы сакурсніцы ў акуратнага выгляду ашаляваным дамку, з невялікім гародчыкам ды невысокай вішнёвай абсадай. Адразу кінулася ў вочы дзяўчо пад вішняй, проста на траве, з вялікім акардэонам у руках, перабіраннем клавішаў, выдабыццём нейкай знаёмай мелодыі.
Пасля Адасёвага прадстаўлення мяне, дзяўчына ўвішна ўстала і, асвяціўшы твар шырокай усмешкай, падала руку: «Зіна!» Праз два гады яна пераасэнсавала першапачатковы свой выбар, збегла з журфака, ад журналістыкі ў кансерваторыю. Пройдзе нейкі час, і Зіна Мажэйка стане знаным даследчыкам беларускай народнай музыкі, разам з Віктарам Ялатавым — стваральнікамі школы беларускай этнамузыкалогіі.
Фота з уласнага архіву Арсеня Ліса
Упершыню артыкул апублікаваны ў «Новым Часе» ў снежні 2015 года