Адам Мальдзіс, збіральнік беларушчыны. Да дня народзінаў прафесара

Асоба Адама Мальдзіса была шчыра адзначаная ўшанаваннем і павагай беларусаў. Нават антыбеларускі рэжым мусіў схіліць сваю галаву перад ім і ўзнагародзіць ордэнам і медалём Францішка Скарыны. Згадаем, што здабыў Адам Мальдзіс для нас за сваё доўгае жыццё.

Вядомыя беларускія навукоўцы Адам Мальдзіс і Валянцін Грыцкевіч на сустрэчы з Папам Янам Паўлам II. 

Вядомыя беларускія навукоўцы Адам Мальдзіс і Валянцін Грыцкевіч на сустрэчы з Папам Янам Паўлам II. 

Кастусь Каліноўскі

Адам Мальдзіс лічыў памылковым называць паўстаньне 1863 года польскім паўстаньнем, а Кастуся Каліноўскага польскім нацыяналістам:

«А “Мужыцкую праўду” ён выдаваў на якой мове? Чаму ж ён не выдаваў яе на польскай мове ў такім разе? Гэта я хачу ў спытацца ў тых, хто называе Каліноўскага польскім нацыяналістам. Ён быў беларусам і паўсюдна падкрэсьліваў сваю беларускасьць.

Але паколькі паўстаньне пачалося адначасова і на тэрыторыі этнічна польскай, і на тэрыторыях этнічна літоўскай ды беларускай, і крыху на тэрыторыі ўкраінскай, то паўстаньне тое было не польскім, а ўсеагульным.

А сам Каліноўскі быў не польскім нацыяналістам, а беларускім! І на пытаньне “Каго любіш?” адказваў “Люблю Беларусь!”».

Патрыёт з юнацтва

27 сьнежня 1956 году «ЛіМ» зьмясьціў агляд чытацкай пошты пад назвай «Ахоўваць помнікі культуры». Былі там і такія радкі:

«...Але больш за ўсё рэдакцыя атрымлівае пісем аб тым, што ў многіх раёнах нашай рэспублікі ўсё яшчэ дрэнна ахоўваюцца помнікі культуры беларускага народа. Тав. Мальдзіс з Радашковіцкага раёна паведамляе, што ля вёскі Краснае захавалася арыгінальная драўляная будоўля XVIІІ стагоддзя, якая цяпер разбураецца...»

Адам Мальдзіс у 1949 годзе

Адам Мальдзіс у 1949 годзе

Гэта і быў выпускнік журфаку БДУ таго ж 1956 году Адам Мальдзіс, які па разьмеркаваньні трапіў на пасаду сакратара радашковіцкай раённай газэты «Сцяг Ільіча». Ужо тады ён дбаў пра помнікі культуры, і з тых самых часоў пачынаецца яго асабістая бітва за беларускую мову, культуру і гісторыю, якая цягнулася 67 гадоў, бо першую публікацыю ён зрабіў яшчэ студэнтам у 1954 годзе, згадвае калега і сябар спадара Мальдзіса Сяргей Абламейка.

Быў найвялікшым знаўцам беларускай літаратуры XVIII - XIX стст.

Да Мальдзіса пра беларускую літаратуру і мову таго часу пісалі, што яе наогул не існавала. Па-беларуску, маўляў, гаварылі адно сяляне. Аднак Адам Мальдзіс, аб’езьдзіўшы мноства бібліятэкаў і архіваў, адшукаў дзясяткі сьведчаньняў таго, што і тады па-беларуску складаліся і вершы, і цэлыя паэмы, што прадстаўнікі шляхты фіксавалі народную творчую спадчыну і самі спрабавалі пісаць па-беларуску. Вынікі сваіх дасьледаваньняў ён апублікаваў у дзясятках кніжак і артыкулаў.

Рок-музыка і палянэзы

Адам Мальдзіс меў дачыненьне да назвы рок-гурта «Крама». Калі было вырашана канчаткова перайсьці на беларускую мову, музыкі зьвярнуліся да яго з просьбай тлумачэньня розных словаў, сярод якіх была і «Крама». Відаць, Ігару Варашкевічу гэта спадабалася. Адзін з галоўных гуртоў Беларусі 1990-х стаўся культавым дзякуючу спадару Адаму.

5_542.jpg

Адам Мальдзіс адкрыў асобу кампазытара і грамадзкага дзеяча Міхала Клеафаса Агінскага, а таксама даказаў, што знакамітыя палянэзы кампазытар пісаў менавіта ў смаргонскім Залесьсі, а не ў Польшчы.

Зьбіральнік скарбаў

Ён знайшоў беларускі верш «Всем многі век в новой хаці», напісаны ў сярэдзіне XVIII стагодзьдзя апошнім канцлерам Вялікага Княства Літоўскага Яўхімам Храптовічам, і цяпер мы ведаем, што найвышэйшыя ўрадоўцы ВКЛ пісалі вершы па-беларуску перад расейскай акупацыяй гэтай дзяржавы.

У 1964 годзе ён адшукаў у Ягелёнскай бібліятэцы так званы “Полацкі сшытак” – нотны зборнік з больш як двума сотнямі твораў сьвецкай музычнай культуры беларускіх земляў XVII стагодзьдзя, без мэлёдыяў якога цяпер цяжка ўявіць канцэрты старадаўняй беларускай музыкі і сьпеваў.

Глядзіце таксама

Адам Мальдзіс напісаў доктарскую дысэртацыю, якая выйшла асобнай манаграфіяй «На скрыжаваньні славянскіх традыцый», за сьціплай назвай якой хаваецца магутны інтэлектуальны чын — клясыфікацыя вялікіх стыляў для нашай літаратуры і мастацтва. Гэта дакладна — навуковы подзьвіг.

Узнагарода знайшла героя

4 траўня 2019 года адбыліся першыя ўручэньні Мэдалёў да стагодзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі на тэрыторыі Беларусі. За шматгадовыя заслугі ў дасьледаваньні і папулярызацыі беларушчыны мэдалём узнагароджаны прафэсар Адам Мальдзіс.

bnr100_maldzis_1024x576.jpg

Ларыса Геніюш

Пра тое, як Адам Мальдзіс выратаваў архіў Ларысы Геніюш, распавёў літаратар Міхась Скобла. «За савецкім часам у Саюзе пісьменьнікаў дзейнічала цьвёрдае правіла: пасьля сьмерці літаратара стваралася адмысловая камісія па ягонай творчай спадчыне. Сябры тае камісіі пераглядалі архіў калегі, рыхтавалі да публікацыі нявыдадзеныя творы. Пасьля сьмерці Ларысы Геніюш, якая хоць і не ўваходзіла ў пісьменьніцкі саюз, але сябравала з ягоным старшынём Максімам Танкам, камісію па спадчыне стварыць не пасьпелі.

Адам Мальдзіс і Ларыса Геніюш

Адам Мальдзіс і Ларыса Геніюш

Пахавалі паэтку 9 красавіка 1983 года, а ўжо 11 красавіка ў апусьцелай хаце Геніюшаў быў учынены – сіламі мясцовых уладаў – ператрус. Пратэсты Юркі Геніюша, які яшчэ не пасьпеў апрытомнець пасьля сьмерці маці, не спынілі старшыню пасялковага савета і яго памагатых, якіх прыслалі “дасьледаваць” архіў паэткі, каб знойдзеную там (абавязкова!) антысавеччыну тэрмінова даставіць куды трэба.

Юрка Геніюш у роспачы патэлефанаваў у Менск Адаму Мальдзісу – на той час супрацоўніку Інстытута літаратуры Акадэміі навук. Той зьвязаўся з Алесем Адамовічам, які сябраваў з сакратаром ЦК КПБ па ідэалёгіі Аляксандрам Кузьміным. Заручыўшыся яго падтрымкай, Адамовіч з Мальдзісам імгненна арганізавалі выратавальную экспедыцыю ў Зэльву, дзе Адаму Мальдзісу давялося літаральна адваёўваць рукапісы паэткі ў местачковых “геніюшазнаўцаў”.

Тыя не сьпяшаліся пакідаць захопленую хату, тэлефанавалі райкамаўскаму начальству, тое зьвязвалася з Менскам… Нарэшце старшыня пассавета быў вымушаны патлумачыць сваім памочнікам: “Товарищ Мальдис – тоже исследователь, но с бóльшими, чем у нас, полномочиями”».

У выніку сем мяхоў з рукапісамі былі дастаўленыя ў Менск, піша Ганэта Чарняўская.

Выбітны навуковец

Дзякуючы Адаму Мальдзісу сьвет пабачылі кнігі асобных твораў Адама Міцкевіча і Язэпа Дылы, былі выдадзены Біблія Францішка Скарыны і Статут Вялікага Княства Літоўскага. Ён пабываў у Ватыкане, сустракаўся з Папам Рымскім і гутарыў зь ім. Дзякуючы намаганьням Адама Мальдзіса быў створаны ў Менску Нацыянальны навукова-асьветніцкі цэнтар імя Францішка Скарыны, пра які прафэсар шмат гадоў марыў.

Кіраўніцтва цэнтрам дало Адаму Мальдзісу магчымасьць разгарнуць дзейнасьць па вывучэньні беларускай літаратуры ў шчыльнай лучнасьці з сумежнымі навукамі і навуковымі галінамі: этнаграфіяй, фальклярыстыкай, мовазнаўствам, тэксталёгіяй, краязнаўствам.

Доктар філалягічных навук заснаваў часопіс “Кантакты і дыялёгі”, у якім сталі друкавацца матэрыялы дасьледаваньняў Цэнтра.

Глядзіце таксама

Адам Мальдзіс узьняў пытаньне і пра вяртаньне Беларусі вывезеных за яе межы культурных каштоўнасьцей. Узначальваючы гэтую справу, ён стаў прэзідэнтам Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, старшынёй мемарыяльнай камісіі Саюза беларускіх пісьменьнікаў, старшынёй камісіі “Вяртаньне” Беларускага фонду культуры.

Заклік да беларусаў

Ён хацеў знайсьці і вярнуць у Беларусь як мага больш фактаў і артэфактаў нашай гісторыі і нашай спадчыны. Вярнуць ня толькі ў пераносным, але і ў простым сэнсе слова, адзначае Сяргей Абламейка. У 1987 годзе ён стварыў і ўзначаліў камісію «Вяртаньне» ў Беларускім фондзе культуры, якая, паводле задумы, павінна была весьці ўлік, шукаць і спрабаваць вярнуць у Беларусь нашы культурныя скарбы. Было наладжана выданьне зборнікаў дакумэнтаў пра вывазы і страты, а таксама пра месца знаходжаньня вывезеных і скрадзеных скарбаў.

Усё жыцьцё ён шукаў крыж Эўфрасіньні Полацкай і новыя дакумэнты пра Францішка Скарыну. Ён не складаў рукі і не паддаваўся адчаю, бо лічыў, што нязнойдзенага яшчэ значна больш, чым знойдзенага. Пра гэта ён неяк так і сказаў: «Нязнойдзенага пакуль больш, чым знойдзенага. У нас усё наперадзе».

Касьцёл

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падчас пахавальнай імшы ў Чырвоным касьцёле ў 2022 годзе зазначыў, што адышоў у вечнасьць чалавек, якога добра ведае Беларусь: не толькі навукоўцы і літаратуразнаўцы. «Выдатны грамадзянін і вернік Каталіцкага Касьцёла, які пакінуў трывалы сьлед на нашай зямлі», — так ахарактарызаваў спачылага беларускі мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

«Мы пераходзім з зямнога жыцьця ў жыцьцё вечнае, і ад учынкаў чалавека ў яго зямным жыцьці і ад нашай малітвы залежыць яго вечнасьць.

2022_01_05_adam_maldzis_021.jpg

Спыніўся гадзіньнік зямнога жыцьця прафэсара Адама Мальдзіса, і ён ужо не можа сабе дапамагчы, таму ключ ад дзьвярэй, якія вядуць у вечнае шчасьце, знаходзіцца ў нашых руках. Гэтым ключом зьяўляецца нашая малітва ў інтэнцыі памерлага», — сцьвердзіў арцыбіскуп.

«Адам Мальдзіс стаяў ля вытокаў адраджэньня нашай краіны; стаяў ля вытокаў адраджэньня яе культуры, пісьменства і літаратуры. Ён вельмі шмат зрабіў для распаўсюджаньня беларускай мовы, спрыяў яе шырокаму ўжываньню таксама ў Каталіцкім Касьцёле. Мы павінны схіліць свае галовы перад гэтым вялікім чалавекам!» — усклікнуў арцыбіскуп Кандрусевіч і, зьвяртаючыся да спачылага, працянуў:

«Ты дапамог нам зразумець нашу тоеснасьць. Дзякуй табе за гэта! Як шмат людзей прыйшло сёньня разьвітацца з табою!

2022_01_05_adam_maldzis_009.jpg

Гэта твае сябры, твае блізкія, твае паплечнікі, разам з якімі ты ствараў новую культуру нашай Бацькаўшчыны. Няхай усё тваё жыцьцё і хрысьціянскае сьведчаньне дапаможа табе на шляху пераходу з гэтага жыцьця ў вечнасьць», — сказаў арцыбіскуп.