Адаму Мальдзісу сёння споўнілася б 90 гадоў. Некалькі фактаў з жыцця вядомага беларусіста
Сёння слыннаму беларусісту, літаратуразнаўцу, гісторыку, пісьменніку, журналісту, доктару філалагічных навук прафесару Адаму Мальдзісу споўнілася б 90 гадоў. На жаль, да юбілею ён не дажыў. Адам Іосіфавіч пайшоў з жыцця 3 студзеня гэтага года.
Адам Мальдзіс нарадзіўся 7 жніўня 1932 года на Астравеччыне ў сялянскай сям'і.
У друку з артыкуламі і рэцэнзіямі пачаў выступаць у сярэдзіне 50-х, калі яму было 22 гады Пачынаў як даследчык гісторыі беларускай культуры і літаратуры XVII-XIX стст., беларуска-польскія і беларуска-літоўскія літаратурныя ўзаемасувязі.
Адам Мальдзіс — лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1980) за ўдзел у двухтомным даследаванні «История белорусской дооктябрьской литературы» і «История белорусской советской литературы». Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны і іншымі медалямі, чатырма польскімі ганаровымі адзнакамі.
Аспірант Адам Мальдзіс у 1964 годзе адкрыў у Ягелонскай бібліятэцы рукапісны сшытак з таямнічымі знакамі — нотны зборнік з больш як двума сотнямі твораў свецкай музычнай культуры беларускіх зямель XVII стагоддзя, так званы «Полацкі сшытак».
Адам Мальдзіс меў дачыненне да назвы рок-гурта «Крама». Калі было вырашана канчаткова перайсці на беларускую мову, музыкі звярнуліся да яго з просьбай тлумачэння розных словаў, сярод якіх была і «Крама».
Блізка сябраваў з Уладзімірам Караткевічам. У 2011 годзе Адам Іосіфавіч прапанаваў аб’явіць агульнанацыянальную падпіску на збор твораў пісьменніка пад дэвізам «Чытаем разам Уладзіміра Караткевіча». Дзяржава тады падтрымала гэтую ініцыятыву!
У траўні 2015 года Адам Мальдзіс выступіў з прапановаю аб «кананізацыі Францыска Скарыны трыма Цэрквамі: праваслаўнай, каталіцкай і ўніяцкай».
Адам Мальдзіс — ганаровы грамадзянін Астраўца. У кастрычніку 2016 года ён пратэставаў супраць высякання векавых дубоў у Астраўцы. Тады Мальдзіс заявіў, што гатовы адмовіцца ад звання ганаровага грамадзяніна, калі вырубку не адменяць.
Мальдзіс разам з іншымі прадстаўнікамі беларускай інтэлігенцыі ў чэрвені 2016 года заклікаў надаць Нацыянальнаму аэрапорту імя Скарыны.
І яшчэ малавядомы факт з жыцця Адама Мальдзіса: ён меў дачыненне да адзінага ў Беларусі музея марозіва «Белы полюс» у Мінску. Стваральнікі музея раіліся з ім наконт экспанатаў.
Адам Мальдзіс лічыў памылковым называць паўстанне 1863 года польскім паўстаннем, а Кастуся Каліноўскага польскім нацыяналістам: «А “Мужыцкую праўду” ён выдаваў на якой мове? Чаму ж ён не выдаваў яе на польскай мове ў такім разе? Гэта я хачу ў спытацца ў тых, хто называе Каліноўскага польскім нацыяналістам. Ён быў беларусам і паўсюдна падкрэсліваў сваю беларускасць. Але паколькі паўстанне пачалося адначасова і на тэрыторыі этнічна польскай, і на тэрыторыях этнічна літоўскай ды беларускай, і крыху на тэрыторыі ўкраінскай, то паўстанне тое было не польскім, а ўсеагульным. А сам Каліноўскі быў не польскім нацыяналістам, а беларускім! І на пытанне “Каго любіш?” адказваў “Люблю Беларусь”».
Адам Мальдзіс пайшоў з жыцця 3 студзеня 2022 года. Былы дыпламат і старшы даследчык «Цэнтра новых ідэй» Павел Мацукевіч тады напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку: «Не стала Адама Мальдзіса. Яго калегі і сябры пішуць і шкадуюць аб гэтай страце, кажучы, што сышла эпоха — настолькі значныя працы Мальдзіса для Беларусі. Не пішуць, што эпоха сышла ў галечы. Напэўна, беднасць нацыянальнай эліты для прадстаўнікоў нацыянальнай эліты ў парадку рэчаў і пра гэта не прынята казаць услых, але хіба ў краіны па імені Беларусь ёсць іншае багацце, акрамя такіх людзей і такіх імёнаў, як Адам Мальдзіс?».
Развітанне з прафесарам адбылося 5 студзеня ў мінскім касцёле Святых Сымона і Алены. Пахаваны ён быў у вёсцы Задворнікі на Астравеччыне.
Імя Адама Мальдзіса было амаль нададзена раённай бібліятэцы ў Астраўцы. Але пасля кампаніі, распачатай праўладнай актывісткай Вольгай Бондаравай, якая назвала Мальдзіса «махровым нацыяналістам», гэтае рашэнне было прыпынена.