Рабіндранат Тагор і беларуская паэзія
83 гады таму свет страціў цудоўнага паэта і чалавека, аўтара гімнаў некалькіх дзяржаў, лаўрэата Нобелеўскай прэміі Рабіндраната Тагора. Яго вершы актыўна чыталі і перакладалі беларускія творцы, а некаторыя абавязаныя яму і сваімі творамі. Пра ўплыў класіка індыйскай літаратуры на нашу культуру — у гэтым тэксце.
Беларускай літаратуры што сто гадоў таму, што цяпер даводзіцца змагацца са штучна створаным вобразам сялянскай, нецікавай, пазбаўленай агульначалавечага кантэксту. Экзатычнасць, уведзеная ў твор з лёгкай рукі таго ці іншага аўтара, дазваляла згуляць з чытачом у даволі простую і адначасова вельмі складаную гульню падмены (чытай «адмаўлення») сваёй рэальнасці. Гэтым — і яшчэ кучай іншых прычын можна патлумачыць колішнюю папулярнасць індыйскага паэта, лаўрэата Нобелеўскай прэміі Рабіндрата Тагора ў беларускай прасторы.
У нас наўрад ці калісьці былі часы, калі літаратура існавала без цэнзуры. Наглядчыкаў, як вядома, заўсёды больш, чым творцаў. А яшчэ больш тых, каго і сёння можна назваць «добразычліўцамі» і «неабыякавамі грамадзянамі». Таму творцы вымушаныя былі шторазу, з жыцця ў жыццё, вынаходзіць ровар і шукаць шляхі для самавыражэння, пазбягаючы пры гэтым рызыкі адразу трапіць у «варанок».
Адным з такіх удалых спосабаў сказаць не сказаўшы былі пераклады. Беларускія паэты і паэткі адаптавалі пад сваю мову тое, што было створана ў іншых культурах, але лёгка клалася на знаёмыя рэаліі — і такім чынам фіксавалі іх на паперы. Не можаш сказаць сам? Перакладзі Байрана — як гэта зрабіў Уладзімір Дубоўка. Або напішы пра Бенгалію — як Сяргей Астрэйка.
Індыйская зямля, пакутлівая, але ўрадлівая на ідэі, якія рухаюць свет да лепшага, — чым не правобраз Беларусі, у якой няма жыцця для любові і чалавечнасці і дзе іх, гэтыя самыя любоў і чалавечнасць, упарта выразае зло?..
Яны гайдалі гэты свет адначасова — Гандзі і Тагор — часта не пагаджаючыся адно з адным, але сыходзячыся ў галоўным: у непрыняцці гвалту і празе свабоды. Ці не гэта так імпанавала маладым і гарачым, таленавітым беларускім галовам, якіх за тое самае тут прымусілі замаўчаць назаўсёды?
У 1930-х гадах, калі Рабіндранат Тагор пачаў актыўна ездзіць па свеце, ён ужо з два дзясяткі гадоў быў нобелеўскім лаўрэатам — першым у Азіі, першым, хто прымусіў назву «Бенгалія» загучаць па-за межамі сваёй гаротнай зямлі. Рыхтуючыся да яго прыезду ў Савецкі Саюз, беларускі паэт-«ўзвышавец» Язэп Пушча напісаў прывітальны верш «Рабіндранату Тагору», а крыху раней у беларускай прасторы з'явіліся першыя пераклады твораў індыйскага класіка, якія, вядома, тут жа былі падхопленыя і зачытаныя маладымі, амбітнымі беларускімі паэтамі.
І таму зусім не дзіва, што ў 1932 годзе адзін з найбольш яркім авангардыстаў, «чалавек-аркестр» (у сэнсе віртуознага валодання словамі і гукамі) Сяргей Астрэйка напісаў цэлую паэму, якая так і называецца: «Бенгалія».
Да нашага дня, на жаль, твор цалкам не дайшоў, але ўрыўкі машынапісу, якія выпадкова адшукаліся ў архівах, і водгукі, што захаваліся на паэму (а яе, на хвіліначку, чытаў і хваліў сам Купала), гавораць пра тое, што Астрэйку, які ніколі, ні разу не быў у Бенгаліі і не бачыў на ўласныя вочы тых складаных і балючых працэсаў, якія там адбываліся, удалося расказаць адразу пра вельмі многае — і не ў апошнюю чаргу пра Беларусь.
З паэмы «Бенгалія»
Надломаны крык Сузарыты
Нахапіўся от вечар ды шорхне самота,
Пазалатваны змрокам адчаю сляды.
У паветры дайходзіць абскубаны лотаць.
І кабета ідзе з гладышамі вады.
Ўсе дашчэнту павеці надзей параскрыты,
І развагу дратуе блуканняў суток.
Можа лепей было б, каб цяпер Сузарыта
Не кранала хадою састояны змрок.
А калі б спадцішка дзе і бразнулі косці,
Дык заенчыла б ноч, увабраўшы жуду.
Выбіванка трывогі заўсёды замосціць
Праварыны згурашчаных, збэшчаных дум.
Пэўна, матчына сэрца зайшлося б дазвання,
Атрусаючы ўсцяж спадзяванняў ірдзень.
Павыросталі б дзіды жуды на майдане
Абязвечаных кроз, згругаваных надзей.
Але жах неўспадзеўкі ўядаецца ў вочы,
Галавою шпурляе ў нязрушаны мур...
Мітусня ў крыві сваё крылле намочыць,
Покуль прыйдзе спакой утаймованых бур.
Як падсечаны клён, як страла бліскавіцы,
Як пранізаны сконам апошні ўсхліп,
Звар’яваўшыся, маці зрынаецца ніцам
На змарагды крыві, што на бруку засхлі.
Апярэшчаны крык устрасае паветра,
Б’ецца водгулле дзіка аб сцены, слупы.
Гладышы й цішыня пашчапаны упэтрах,
Ды глытае ваду раскатурханы пыл.
Пакрамсаныя рукі ўзнімаюць гарліва
Падаткой галавы аскабалак і цень.
Ператрушчанай музыкай крохкіх узвіваў
Адгукаецца жмук абыякіх касцей.
(З аднэй пары вачэй прагавітым пажарам
Вугалёў на падпалку напэўна было б.)
Груганы, пралятаючы, струджана мараць,
Як застроміць дзюбы пад суцішаны лоб.
Калывалася ноч... Анідзе супакою
Не было цішыні, валачылася ўсцяж.
Перасыпаўшы вуліцы чорнай лускою,
Альбіёнцы прыйшлі на апошні касцяк.
Перамогаю гардыя, матку шпурнулі...
Аказалася нема... (Гусцела імгла.)
Узнялася... На стыку абветраных вуліц
Аднаму яшчэ плюнуць у вочы змагла.
А тады, знепрытомнеўшы, ўпала ля плоту...
Мо яшчэ і ўзнімецца рукі крывіць...
У паветры дайходзіў абскубаны лотаць,
Перасыпаны пахам азглелай крыві.
(1932)
Адчуваеце халодныя рукі сталінскіх рэпрэсій? Знявагу, абыякавасць, жорсткасць — усё тое, што суправаджала людзей ад заходу да заходу, ад этапу да этапу, да самай апошняй мяжы. Пра гэта наўрад ці магчыма было сказаць наўпрост — так, каб адразу не расплаціцца жыццём. І далёкая, невядомая краіна, з яе паэтам-прарокам, прыйшлася да сэрца і літаральна выратавала беларускага паэта-прарока, які змог прамовіць сваё папярэджанне.
Кантэкст вечнага змагання з несправядлівасцю, такі блізкі нам, не адпускаў паэтаў і перакладчыкаў тут на працягу ўсяго ХХ стагоддзя. Творы Рабіндраната Тагора перакладалі на беларускую, асабліва ў часы адлігі, калі ўжо можна было крыху больш, Сяргей Грахоўскі, якому пашчасціла выжыць у лагерах і які зрабіў магчымай індыйскую прозу для беларускага чытача.
Індыйскую паэзію, паэзію класіка, чые вершы з'яўляюцца гімнамі Індыі і Бангладэш, перастварыў па-беларуску іншы класік, які таксама, дарэчы, мог бы атрымаць «нобеля», — Алесь Разанаў. Выбранае з Тагора выйшла ў 2018 годзе ў серыі «Паэты планеты» ліквідаванага сёння выдавецтва «Зміцер Колас». А больш раннія спробы перастварэнняў належаць руцэ яшчэ аднаго нашага класіка — Якуба Коласа (іх, дарэчы, вельмі часта можна сустрэць у Інтэрнеце):
***
Скажы мне, мой любы, ці праўда ўсё гэта:
Калі мае вочы — узлёты зарніц,
Тады тваё сэрца — адсвет бліскавіц,
Душа-ж у грымотныя хмары адзета?
Ці праўда, што соладкі вусны мае,
Як лісцік разгорнуты краскі тае,
Што чарамі вёсен цвіце маё цела,
Што песняй, як арфай, зазвоніць зямля,
Як толькі нага па ёй ступіць мая?
Ды то не мана, што і ночка нясмела
Мне ў радасці плача бліскучай расой,
Што я аздабляю і золак сабой?
Ці праўда, што толькі адну мяне ў свеце
Шукала каханне тваё, дарагі,
Блукаючы доўга па свеце тугі,
Каб сэрца сугучнасць пачуць, запрымеціць?
Калі-ж тваё сэрца мяне напаткала,
То радасць, бязмернае шчасце пазнала.
І слодыч пачуў ты у словах маіх,
У гутарках ціхіх, вачох маіх чорных,
І кудрах дзявочых маіх непакорных,
І ў мне адбіваецца кожны твой міг,
І вечнаю тайнасцю я ўся адзета.
Скажы ж мне, мой любы, ці праўда ўсё гэта?
1926
І Бенгалія, і гісторыя яе змагання, і вершы, створаныя сынам сваёй зямлі Рабіндранатам Тагорам цяпер ужо не маюць такога ўплыву на беларускіх творцаў, як раней. Але, відаць, па старой звычцы, гэтая тэма, гэтае імя ўсё яшчэ актыўна эксплуатуецца дзяржаўнымі «літаратарамі». У 2018 годзе Паліграфічны камбінат імя Якуба Коласа пры спрыянні Міністэрства інфармацыі, «Саюза пісьменнікаў Беларусі» і «Дома прэсы» выдаў 350 асобнікаў кнігі «"Мая залатая Бенгалія" на мовах народаў свету» — анталогія аднаго верша Тагора, у якой сабраныя пераклады «Маёй залатой Бенгаліі» (гімна Бангладэш) на 50 моў. Беларускія варыянты перакладу прадставілі лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Мікола Мятліцкі, паэткі і паэты Марыя Кобец, Надзея Салодкая, Навум Гальпяровіч, Сяргей Панізьнік. Члены праўладнага «Саюза пісьменнікаў Беларусі» ўсё яшчэ спрабуюць перакладаць вершы і паэмы індыйскага творцы: некалькі гадоў таму ў часопісе «Маладосць» была апублікаваная паэма «Гітаговінда» ў версіі Алёны Беланожкі. Актыўна распрацоўваў вобраз Тагора як злучальніка культур Захаду і Усходу сумна вядомы гісторык і дэпутат Ігар Марзалюк.
Усяго па-беларуску існуе пяць кніг твораў індыйскага паэта: «Садоўнік» (1927), «Крушэнне» (1958), «Выбранае» (1976), «Гітанджалі. Ахвярныя песнаспевы» (2018) і названая ўжо «Выбранае» з «Паэтаў планеты» (якую з вядомых прычын рэўнасныя ахоўнікі чужой памяці з дзяржаўных структур не згадваюць у ліку існуючых).
***
У крывава-чырвоных хмарах Захаду, ў завірусе ненавісьці — гасьне апошняе сонца сталецьця.
Ахопленае бязмежнай прагавітасьцю, безсаромнае сябелюбства Нацый.
Скача свой бязглузды, пьяны танец пад гудзьбу бразгаючых мечаў, пад завываючую песьню помсты.
Разпаленае шалёнай злосьцю, прагавітае цела Нацыі трэсьне ад нястрыманага лютажэрства,
Бо сьвет цэлы імкнецца зьмяніць ў сваю страву.
І аблізваючы, жвучы, сквапна глытаючы вялізарныя кавалкі,
Яна ўсё больш і больш набракае,
Пакуль няўспадзеў паўшы прамень нябеснага агня
Не абарве ганебнага йгрышча, пранізаўшы яе жорсткае сэрца.
Барвісты водсьвет на небасхіле, гэта ня золак твайго супакою, о, мая Бацькаўшчына!
Гэта полымя кіпежы, на якой гарыць і ператвараецца ў попел
Вялічэзны труп сябелюбства Нацыі, загінўшай ад ўласнай памаўзьлівасьці.
О, братэ мае! Не стыдайцеся стануць перад гордымі й сільнымі ў белых вопратках вашай прастаты. Ніхай вянком вашым будзе пакута, а свабодаю — свабода душы вашай.
На аголеных палёх жабрацтва штодзенна будуйце трон Бога Вашага.
І ведайце: аграмаднае яшчэ ня знача — добрае і цэннае, а пыха — недоўгавечна.
(Пераклад Івана Цвікевіча, Коўна, 1922)