«З іх крылаў сцякае на землю святло». Лёсы расстраляных паэтаў: Сяргей Астрэйка

25 гадоў пражыў на зямлі гэты незвычайна таленавіты паэт. Сёння можна было б сказаць, што ён і жыцця таго яшчэ не бачыў — як не бачылі яго, іншага, сучасныя равеснікі Сяргея Астрэйкі, чые 25 гадоў прайшлі пры адных і тых жа дэкарацыях.

248381647_296695142288825_1028193316166081495_n.jpg


Ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года была адной з самых страшных начэй для Беларусі. У гэтую ноч бальшавіцкія каты пазбавілі нашу краіну голасу — голасу сумлення — расстраляўшы 26 беларускіх паэтаў, пісьменнікаў, перакладчыкаў. 26 жыццяў. Дзясяткі кніг. Сотні вершаў. Адна беларуская культура, якая і па сёння перажывае гэтую вялікую страту.

Але бяда ў тым, што такая ноч у гісторыі Беларусі была не адна — і ў кожную з іх, у кожны са страшных дзён краіна губляла сваіх найлепшых людзей, свае душы і сэрцы.

Да гадавіны «Ночы расстраляных паэтаў» «Новы Час» расказвае пра некаторых з тых, чые вершы ўжо больш за 80 гадоў шапочуць хвоі ў беларускіх лясах.

Сяргей Астрэйка


25 гадоў пражыў на зямлі гэты незвычайна таленавіты паэт. Сёння можна было б сказаць, што ён і жыцця таго яшчэ не бачыў — як не бачылі яго, іншага, сучасныя равеснікі Сяргея Астрэйкі, чые 25 гадоў прайшлі пры адных і тых жа дэкарацыях.

Але Сяргей Астрэйка бачыў — і адчуваў ― многае, тое, пра што нельга было ўслых. Яму — як паэту — можна.

Бог даў яму талент, але не адвёў часу, каб укладзеныя ў вусны словы паспелі аформіцца ў пасланні мітусліваму чалавеку. Тая невялікая спадчына, якая дайшла да нас, паказвае, што пры іншым раскладзе — больш шчаслівым, больш удачлівым — мы мелі б сёння сусветную велічыню.
Штрыхамі акрэслім факты з яго біяграфіі.

Сяргей Астрэйка нарадзіўся 26 чэрвеня 1912 года ў вёсцы Каласоўшчына на Случчыне (цяпер Капыльскі раён Мінскай вобласці) у сялянскай сям’і. Скончыў сямігодку ў Капылі і Мінскі педтэхнікум, дзе адным з галоўных здабыткаў стала сяброўства з Лукашом Калюгам. Яшчэ будучы ў сямігодцы, пачаў пісаць вершы, некаторыя з якіх спадабаліся яго земляку Цішку Гартнаму — і той стаў апекавацца маладым талентам. З лёгкай рукі Гартнага 16-гадовы Астрэйка друкаваўся ў «Чырвонай змене», «Полымі» і «Чырвонай Беларусі».

Пасля заканчэння педтэхнікума ў 1930 г. Сяргей Астрэйка працаваў літаратурным рэдактарам у выданнях Беларускага навукова-даследчага інстытута прамысловасці, а з 1932 г. — у слоўнікавай камісіі Інстытута мовазнаўства Беларускай акадэміі навук. Адначасова спрабаваў займацца перакладамі з рускай мовы і пісаць крытычныя артыкулы, адзін з якіх — «Нядбайліцы і бракаробы на моўным фронце» — меў шырокі розгалас. Паэт паслядоўна выступаў за чысціню беларускай мовы і супраць русізмаў, няўдалых граматычных форм і калькаванняў. Балазе, яго прыроджаная жывая і багатая на дыялектызмы мова давала яму на гэта права.

1932 год яшчэ дазваляў такія вольнасці. Яшчэ можна было думаць пра нацыянальны ўздым, моўнае адраджэнне, захаванне народных традыцый. Сумнавядомая рэформа правапісу 1933 г. паставіла крыж на памкненнях Астрэйкі, а следам за ёю пайшлі і гучныя «нацдэмаўскія» справы, адна з якіх адняла жыццё ў «літаратурнага хроснага» паэта — Цішкі Гартнага, а другая — і ў яго самога.

За дзевяць гадоў творчасці Сяргей Астрэйка паспеў напісаць некалькі выбітных твораў, але ўласных кніг пры жыцці, на жаль, не меў. Яго паэму «Бенгалія», напісаную да прыезду Рабіндраната Тагора ў Мінск, ухваліў Янка Купала, які меў магчымасць заслухаць яе ў выкананні аўтара. Некаторыя крытыкі праглядалі ў паэме паралелі з савецкай Беларуссю і таму лічылі паэму «контррэвалюцыйнай». Да нядаўняга часу «Бенгалія» лічылася цалкам страчанай, але ў 2018 г. была знойдзена яе частка ў прыватным сямейным архіве паэткі і перакладчыцы Галіны Гайлевіч.

Другая паэма Астрэйкі, «Змарагды кроз», выйшла асобнай кнігай спачатку ў 1990 г., а сёлета яе перавыдала выдавецтва «Галіяфы». Калі б не сакавітая мова паэмы і закладзеныя глыбока ў падтэкст аўтарскія перажыванні — і захапленне невядомай, але прыцягальнай будучыняй, і страх за страчаную мінуўшчыну, за нейкую глебу, на якой трымаецца ўсё вакол, — гэта быў бы нічым не вызначальны экзэмпляр ударнага сацрэалізму. Але менавіта індывідуальнасць паэта, яго ўнікальнае адчуванне мовы і часу робіць гэты твор адметным, яркім, запамінальным.

У 1933 г. Сяргей Астрэйка па беспадстаўных абвінавачаннях ва «ўдзеле ў контррэвалюцыйнай арганізацыі» быў арыштаваны і разам з Лукашом Калюгам адпраўлены ў ссылку ў г. Ірбіт Свярдоўскай вобласці. Там ён працаваў бухгалтарам на Ірбіцкім падшыпнікавым заводзе, а ў вольны час перакладаў на беларускую мову Аляксандра Пушкіна.

Паўторна быў арыштаваны 14 жніўня 1937 г., а 13 верасня 25-гадовы паэт быў прысуджаны да смяротнага пакарання. 14 верасня 1937 г. прысуд быў прыведзены ў выкананне.

Рэабілітаваны ў 1956 г. Архіў яго творчасці згарэў падчас вайны, да нас дайшлі толькі тыя вершы, што друкаваліся ў газетах, і дзве паэмы — «Бенгалія» і «Змарагды кроз».

Уладзімір Дудзіцкі, адзін з сяброў Сяргея Астрэйкі, адгукнуўся на яго смерць вершам «На папялішчы руж» (1937): «Пачаў ды хутка змоўк. / І сэрцу прыкра гэтак. / Палескіх песняў шоўк — / пялёсткі першых кветак — / крывёю тлум затоўк, / і песня не дапета».

25 гадоў — гэта самае світанне, калі яшчэ сэрца поўніцца марамі і надзеямі на звычайнае чалавечае шчасце. Гэта толькі пачатак пошуку свайго кута і сваіх людзей. Нам, цяперашнім, няўцям, як гэта — атрымліваць весткі пра расстраляных сяброў, але, быць можа, менавіта цяпер, калі мы спыніліся ў некалькіх кроках ад страшнай рыфмы гісторыі, уся глыбіня гэтай трагедыі адчуецца мацней.

З паэмы «Змарагды кроз»

Ветракі


Чаму дагарэлі тады каганцы,

Як змрочных дарогаў сышліся канцы?..


Крадзецца у сэрца трывогі вястун,

Уцеху патрушчыў у пыл, на жарству.


У грудзях знябытых азглелая мгла,

I роспач тупая нахрапна ўвайшла.


Маё бажаволле, што песціў гадамі,

ўхапілі вятры разбіваць па аддалях.


У вочах туман, мітуслівісты іней,

Праходзяць смяротныя мерна хвіліны.


ўганяюць у сэрца асінавы кол,

I туліцца цемра ў пагрозе наўкол.


Адштырыць хачу звар’яваныя здані,

На смерць захлынаецца ў горле рыданне.


Ачэрнены клён пазірае ў акно,

А болей нічога нідзе не відно.


Даўно ж дагарэлі усе каганцы!..

Па хаце вандруюць надзеяў жанцы.


Прыдушаны смех і зяркатыя вочы.

Жыўцом дарагое глынуць, мусіць, хочуць.


Нічым іх, агідных, няможна суняць...

Пудліва праз хату бяжыць цішыня.


Жыццёвыя, пэўна, прыходзяць канцы,

Даўно ўжо пагаслі усе каганцы...


Пашастаны шолах цвілога радна,

I нешта знаёмае каля вакна.


Дваром пераходзяць знябытыя цені,

На дол распасцерлася ніцма шасценне.


ўглядаюся пільна вачыма ў акно:

Блуканнікі выйшлі усе на відно.


Збуцвелыя строі і зглоданы твар.

Агорнены спрэс у імшаную твань.


Адбітак пагрозны наклалі вякі...

Нясмела ідуць паўз вакно ветракі.


Заходзяць у хату, мінаюць парог

Вандроўнікі змрочна-туманных дарог.


Ранейшага ў постаці ўжо не пазнаць,

Старэчасці друхлай ацвілены знак.


ўкрыжованы смутак на крылле залёг,

Як вострая роспач тупых мазалёў.


I вытырклі косці ўчарнелых рабрын,

Яны дагарэлі на вуглях зары.


Яны адшумелі ў імжаку і стынь,

Развеялі сілу у ветрах густых.


Чуць толькі ліпяць на узгорках сухіх,

Напоўнена цела шматамі трухі.


Іх страх агартае на родных палёх:

Мо вораг пад кожным усхілам залёг?


таму вось і нанач прыйшлі да мяне.

Іх звонкая ціша з узгоркаў жане.


Для іх нешта значыць і шум баравы.

Загасла імкненне узняцца у высь.


Ім грудзі пакроіў адточаны сум...

Няўжо ж іх вятры па палёх разнясуць?


Узнімуць з усхонаў, у прорву шпурнуць...

Уклешчыцца ў цела смяротная жудзь...


Агорне іх чэмер, і смутак, і жаль,

У канвульсіях скону апрыкрае даль.


I месяц, і поле, й туман над ракой,

I прыйдзе халодны, ўгасальны спакой.


Збуцвелыя косці абмыюць вятры,

Заплачу я з болю слязамі наўзрыд.


Ламаць буду рукі, ірваць валасы,

I будзе надрыўная даль галасіць...


туман адплывае... ўглядаюцца вочы:

За вокнамі полаг асветленай ночы.


За вокнамі стужка люстранай ракі.

У хаце прасторнай туга й ветракі.


Углядаюцца нешта нясмела яны —

Апошнія госці мінулай вясны.


Саструганы грудзі вятрамі на тло.

З іх крылляў сцякае на землю святло.


Прабіты дажджамі на сіта страі,

У смутку надрыўным тулюся да іх:


— Мне страшна за вас, дарагія сябры,

За вокнамі веюць ліхія вятры!


Пабудзьце у хаце да самай зары —

За вокнамі веюць ліхія вятры!


Здушыце у сэрцы тужлівы узрыд:

За вокнамі веюць ліхія вятры!..


Туман адплывае... Маўчыць цішыня.

Вятрачыя словы у хаце звіняць:


*

Наплывае адчай, і зыбаецца сум

Павуціннаю кволасцю баб’яга лета.

Нас халодныя ветры латошаць, трасуць,

У тумане прапалі імклівыя мэты.


Наплывае адчай, і зыбаецца сум.

Крылляў порсткіх ніяк не узняць. Парахня

Пераела нутро, збузавала красу.

Не адходзіць ад нас ні на крок цішыня.


Нашым дзеям смяротны прыйшоў рачанец.

Дзіды часу навылет пратнулі нутро.

Воблік наш гартаваны ў гадах учарнеў

Ад туманнай імжакі і зыркіх вятроў.


Нашым дзеям смяротны прыйшоў рачанец.

Нас адкінулі шуфлем у згоніны веку,

Як святлом каганцовым жыццё мільгане,

Прыляціць мо рыданне аднекуль?


Больш ніколі не ўбачым трывожнай зары,

Палахлівых кастроў прыгуменнай рабіны.

Наш апошні з грудзей анямелых узрыд

Па жыцці засумуе і ў далях загіне.


Больш ніколі не ўбачым трывожнай зары

(Нас, пахілых, нядэшлых, зямлёй занясе).

I без нас будуць з ветрам аўсы гаварыць,

I начамі купацца ў квяцістай расе.


Шмат гадоў перажыта, загашана дум,

Неўпынёных узлётаў развеяна ў полі.

так напісана, мусіць, было на раду...

то спружынавы росхін трагічнае долі...


Шмат гадоў перажыта, загашана дум...

Усё бліжэюць магілы халоднай абрысы.

Развітанне усім, што за намі ідуць,

Чые сэрцы гараць, як раздзьмуханы прысак!


З паэмы «Бенгалія»


Надломаны крык Сузарыты


Нахапіўся от вечар ды шорхне самота,

Пазалатваны змрокам адчаю сляды.

У паветры дайходзіць абскубаны лотаць.

І кабета ідзе з гладышамі вады.


Ўсе дашчэнту павеці надзей параскрыты,

І развагу дратуе блуканняў суток.

Можа лепей было б, каб цяпер Сузарыта

Не кранала хадою састояны змрок.


А калі б спадцішка дзе і бразнулі косці,

Дык заенчыла б ноч, увабраўшы жуду.

Выбіванка трывогі заўсёды замосціць

Праварыны згурашчаных, збэшчаных дум.


Пэўна, матчына сэрца зайшлося б дазвання,

Атрусаючы ўсцяж спадзяванняў ірдзень.

Павыросталі б дзіды жуды на майдане

Абязвечаных кроз, згругаваных надзей.


Але жах неўспадзеўкі ўядаецца ў вочы,

Галавою шпурляе ў нязрушаны мур...

Мітусня ў крыві сваё крылле намочыць,

Покуль прыйдзе спакой утаймованых бур.


Як падсечаны клён, як страла бліскавіцы,

Як пранізаны сконам апошні ўсхліп,

Звар’яваўшыся, маці зрынаецца ніцам

На змарагды крыві, што на бруку засхлі.


Апярэшчаны крык устрасае паветра,

Б’ецца водгулле дзіка аб сцены, слупы.

Гладышы й цішыня пашчапаны упэтрах,

Ды глытае ваду раскатурханы пыл.


Пакрамсаныя рукі ўзнімаюць гарліва

Падаткой галавы аскабалак і цень.

Ператрушчанай музыкай крохкіх узвіваў

Адгукаецца жмук абыякіх касцей.


(З аднэй пары вачэй прагавітым пажарам

Вугалёў на падпалку напэўна было б.)

Груганы, пралятаючы, струджана мараць,

Як застроміць дзюбы пад суцішаны лоб.


Калывалася ноч... Анідзе супакою

Не было цішыні, валачылася ўсцяж.

Перасыпаўшы вуліцы чорнай лускою,

Альбіёнцы прыйшлі на апошні касцяк.


Перамогаю гардыя, матку шпурнулі...

Аказалася нема... (Гусцела імгла.)

Узнялася... На стыку абветраных вуліц

Аднаму яшчэ плюнуць у вочы змагла.


А тады, знепрытомнеўшы, ўпала ля плоту...

Мо яшчэ і ўзнімецца рукі крывіць...

У паветры дайходзіў абскубаны лотаць,

Перасыпаны пахам азглелай крыві.


У артыкуле выкарыстаныя матэрыялы кніг «Расстраляная літаратура» («Кнігазбор», 2008) і «(Не)расстраляныя» («Янушкевіч», 2021).