Ігнат Даніловіч: адданы гісторык, які марыў пра адраджэнне сваёй дзяржавы

10 жніўня 1787 года нарадзіўся гісторык права і археограф, адзін з першых даследчыкаў летапісных і заканадаўчых помнікаў Вялікага Княства Літоўскага. Ігнат Даніловіч — прафесар Віленскага ўніверсітэта, рэпрэсаваны па «справе філаматаў».

00_vokladka_25.jpg

Калі заходзіць гаворка пра беларускіх гісторыкаў мінулага, то адразу чамусьці згадваюцца даследчыкі са злому XIX–XX стагоддзя. Вацлава Ластоўскага лічаць аўтарам першай гісторыі Беларусі па-беларуску, «патрыярхамі» айчыннай гістарычнай навукі тытулуюцца Мітрафан Доўнар-Запольскі і Мацвей Любаўскі. А ці хіба нікога не было да іх? Натуральна ж былі. Найперш, варта згадаць тое акадэмічнае кола гісторыкаў і навукоўцаў, якое сфарміравалася на пачатку ХІХ стагоддзя ў Віленскім універсітэце. Лялевель, Гродэк, Галухоўскі… Тагачасны Віленскі ўніверсітэт яскрава вылучаўся вольналюбівым патрыятычным асяроддзем. За што і паплаціўся напоўніцу: спачатку разгромам па «справе філаматаў», а затым і наогул ліквідацыяй пасля лістападаўскага паўстання.

Але ўвесь гэты час пры ўніверсітэце працавала годная прафесура. Выпускнікі і выкладчыкі ўніверсітэта займаліся сур’ёзнай навуковай справай. Калі можна так сказаць, дыплом універсітэта быў знакам якасці. Яго выпускнікі дасягалі вяршынь. І гістарычнай навуцы там адводзілася годнае месца. Сапраўднай навуцы, і гэта важны акцэнт, бо ХІХ стагоддзе — час рамантыкаў і аматараў, але сярод іх яскрава вылучаюцца сапраўдныя навукоўцы, працы якіх, калі вынесці за дужкі пэўныя акалічнасці, не згубілі свежасці і ў наш час. Адзін з такіх гісторыкаў — крыху падзабыты ў наш час Ігнат Даніловіч. Як складвалася яго жыццё ў складаныя часы пасля знікнення Рэчы Паспалітай і які ўнёсак зрабіў навуковец у гістарычныя штудыі? Варта разабрацца.

Паходзіў з сям’і святара

Ігнат Даніловіч прыйшоў на свет яшчэ ў часы, калі на палітычнай карце Еўропы існавала Рэч Паспалітая, хоць ужо і падзеленая першы раз. 10 жніўня 1787 года ў сям’і ўніяцкага святара з Падляшша Мікалая Даніловіча і яго жонкі Дамінікі нараджаецца сын Ігнат, якому было наканавана стаць адным з лепшых прафесійных гісторыкаў права і археографаў свайго часу. Што праўда, кар’еру ён зрабіў ужо ў зусім іншай дзяржаве.

Першапачатковую адукацыю Ігнат Даніловіч атрымаў пад патранажам свайго дзядзькі, ксяндза з манаскага ордэна піяраў Міхаіла Даніловіча. Пасля засваення азоў хлопец працягнуў навучанне ў Ломжы, таксама пад апекаю айцоў-піяраў. Вучэльню ён паспяхова скончыў у 1801 годзе. Далейшы шлях адукацыі ляжаў у Беластоцкую гімназію. А потым была Вільня! У векапомны 1812-ты год Ігнат Даніловіч заканчвае факультэт маральна-палітычных навук Віленскага ўніверсітэта і выпускаецца са ступенню магістра права, што адпавядае сучаснаму кандыдату навук. Было яму ўсяго 25, для навуковых тытулаў — век досыць ранні.

Вайна з Напалеонам перарывае далейшую акадэмічную кар’еру Даніловіча, але ненадоўга. У гэтыя часы ён служыць сакратаром пры Беластоцкай адміністрацыі, прызначанай Напалеонам Банапартам. Пераезд у Беласток і служба пры губернатары — сведчанне яго пазіцыі як прыхільніка аднаўлення Рэчы Паспалітай. Але ўжо ў верасні 1814 года вяртаецца за прафесарскую кафедру роднага Віленскага ўніверсітэта, дзе выкладае мясцовае права. 

Навуковыя вандроўкі, пошукі даўніны

Акрамя выкладчыцкай справы Даніловіч займаўся навукай і грамадскай службай. Яго навуковая зацікаўленасць — гісторыя права Вялікага Княства Літоўскага. Калі збіраў матэрыялы для даследавання, то змог наведаць архіўныя і бібліятэчныя сховішчы даўніны ў Варшаве, Санкт-Пецярбургу і Маскве. Дапамагалі яму ў зборы матэрыялаў і яго студэнты: свайму прафесару яны прыносілі старадаўнія кнігі, пергаментныя і іншыя рукапісы, знойдзеныя ў царкоўных ці кляштарных зборах. 

Аўтограф І. Даніловіча

Аўтограф І. Даніловіча

На гэты час прыходзіцца яго першае сур’ёзнае адкрыццё. У зборах канцлера Румянцава Даніловіч знайшоў збор законаў Казіміра Ягелончыка. Гэты помнік права XV стагоддзя лічыўся страчаным у сваім першапачатковым варыянце. У збор Румянцава ўнікальны дакумент трапіў з аднаго з расійскіх манастыроў, дзе быў названы «Судзебнікам Казіміра 1468 года». Гэта была сенсацыя!

З 1821 года Даніловіч становіцца сябрам «правінцыйнага камітэта», зацверджанага ў Вільні для падрыхтоўкі выпраўленага выдання Літоўскага Статута і з 1822 года — чальцом прафесарскай камісіі, якой была даручана падрыхтоўка новага перакладу Статута на рускую мову. У той час нормы права са зводу законаў 1588-га года яшчэ дзейнічалі на землях Вялікага Княства Літоўскага.

Чытаў лекцыі філаматам

Лекцыі прафесара Даніловіча наведвалі сябры таварыства філаматаў і філарэтаў. Студэнты-патрыёты ўспрымалі гісторыю права, якую выкладаў Даніловіч як не доказ застою, а наадварот — сведчанне развіцця грамадскіх адносін. Пан прафесар дзякуючы бліскучаму таленту лектара і навукоўца быў вельмі папулярны сярод навучэнцаў.

Глядзіце таксама

Напрыклад, адзін з рухавікоў таварыства філаматаў Ян Чачот, які абраў для сябе навучанне праву ў Віленскім універсітэце, пісаў у 1819 годзе Адаму Міцкевічу: «Прысвячу сябе праву, а каб лягчэй адолець гэту навуку, надумалі мы з Пясецкім і з другім, табе незнаёмым прэтэндэнтам на правазнаўца, штудзіраваць запісы лекцый Даніловіча, спадзяёмся нават дастаць пісаныя яго рукой сшыткі. Так што колькі дзён ужо вучым nоtа bеnе грамадзянскага айчыннага права; Даніловіч чытае ў гэтым годзе рускае права, а разам з ім і мясцовае крымінальнае…».

Трэба меркаваць, на сваіх студэнтаў Даніловіч меў добры уплыў, яго выкладанне чапляла, і любоў да гісторыі права трапляла і ў сэрцы навучэнцаў. Што казаць, факты сведчаць пра многае. Вядома, што філаматы любілі ўрачыстасці. Збіраліся ў кватэрах і пакоях, адзначалі розныя супольныя святы. На адной з вечарын у кастрычніку 1820-га вечар закончыўся тым, што студэнты спявалі 25 артыкул 4 раздзела Статута Вялікага Княства Літоўскага.

Ці ж не пад уплывам любімага прафесара Статут стаў песняй?

Глядзіце таксама

Звольнены з універсітэта, выправаджаны з краю

І ўсё нібыта добра ішло. Любімая праца, даследаванні і адкрыцці, павага і аўтарытэт сярод студэнтаў. Але потым грымнуў сумнавядомы працэс…

У 1823 годзе таварыства філаматаў было выкрыта, у ім царскія ўлады ўбачылі крамолу і пагрозу самадзяржаўю. Філаматы і філарэты былі арыштаваны і знаходзіліся ў зняволенні ў былых віленскіх кляштарах, пакуль цягнулася шматмесячнае следства, распачатае Мікалаем Навасільцавым.

Сведка і ўдзельнік тых падзей філамат і гісторык Мікалай Маліноўскі ў мемуарах пісаў, што гэта быў нешчаслівы час для Віленскага ўніверсітэта. Пасля доўгіх ганенняў на моладзь, пасля адпраўкі самых здольных у высылку распачалося ў Вільні панаванне жахаў. Разам са студэнтамі пацярпелі і выкладчыкі. Пры гэтым — самыя лепшыя: Лялевель, Галухоўскі, Баброўскі і Даніловіч. Абвінавачаны ў шкодным уплыве на моладзь, прафесар кафедры мясцовага права Віленскага ўніверсітэта Ігнат Даніловіч быў зняты з пасады. Таксама яму было забаронена жыць на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай. Гэта забарона не будзе знята да канца жыцця.

Мікалай Маліноўскі

Мікалай Маліноўскі

Маліноўскі пісаў, што Навасільцаў выгнаў з універсітэта лепшых прафесараў і панапрызначаў на кафедры самых недалужных невукаў. Кафедру Даніловіча заняў Каравецкі, юрыст з Маскоўскага ўніверсітэта, які, выкладаючы права, пасля кожнага слова ўстаўляў слова-паразіт.

Канешне, «працэс» і выгнанне лепшых для Вільні быў смуткам.

Выгнаны з Вільні, не страчаны для навукі

У 1820-я звальненне з універсітэта і высылка з краю не азначала высылку ў Сібір ці на катаргу. Як і многія філаматы, Даніловіч быў пераведзены ў іншы горад вялікай імперыі, сувязь з акадэмічнай сферай не была для яго страчана. Воля лёсу і заступніцтва ўплывовых навукоўцаў прывялі яго ў Харкаў. Там гісторык права Даніловіч стаў прафесарам рускага і правінцыйнага права, а пасля дэканам факультэта, дзе працягваў актыўную навуковую дзейнасць.

Харкаўскі ўніверсітэт

Харкаўскі ўніверсітэт

Да харкаўскага перыяду жыцця І. Даніловіча адносіцца выданне яго грунтоўных і фундаментальных прац, падрыхтаваных яшчэ ў Вільні. Ён давёў да завяршэння публікацыю «Statut Kazimierza IV, pomnik z XV wieku uchwał litewskich» — згаданы раней судзебнік, знойдзены Даніловічам у бібліятэцы графа Мікалая Румянцава. Таксама была падрыхтавана да друку кніга «Летапісец Літвы і руская хроніка», знойдзеная І. Даніловічам разам з М. Баброўскім у бібліятэцы Супрасльскага манастыра.

Пасля Харкава быў перапынак для ўдзелу ў маштабным юрыдычным праекце. А пасля — зноў універсітэцкая кафедра. У 1835 годзе Даніловіч быў прызначаны прафесарам крымінальнага права ў Кіеўскі ўніверсітэт Святога Уладзіміра. Ён быў першым дэканам юрыдычнага факультэта і, акрамя крымінальнага права, чытаў лекцыі па мясцовых законах. 

Кіеўскі ўніверсітэт

Кіеўскі ўніверсітэт

А шлейф «неблагонадежности» за былым віленскім прафесарам усё ж цягнуўся. Для імперыі ён быў падазроным і чужым элементам. У 1839 годзе пасля часовага закрыцця Кіеўскага ўніверсітэта ў сувязі са студэнцкімі хваляваннямі выкладчыкі-«палякі», якія працавалі ў ім, былі з Кіева высланы і размешчаны ў іншых універсітэтах. Даніловіч трапіў у Маскву, на юрыдычную кафедру Маскоўскага ўніверсітэта. Яна і стала апошнім месцам яго працы.

Маскоўскі ўніверсітэт

Маскоўскі ўніверсітэт

Вучань уладкоўвае настаўніка

Ігнат Даніловіч, 1830-я

Ігнат Даніловіч, 1830-я

Але вернемся на дзесяцігоддзе назад. У 1830 годзе Ігнат Даніловіч па пратэкцыі свайго вучня з Віленскага ўніверсітэта, такога ж ссыльнага па «справе філаматаў» Францішка Малеўскага, быў запрошаны ў праект для працы над зводам законаў, якія дзейнічалі ў Вялікім Княстве Літоўскім. Працы было шмат і на доўгую перспектыву.

Так Даніловіч, які ўжо тады лічыўся галоўным спецыялістам у Расійскай імперыі па гісторыі заканадаўства і права Літвы і Польшчы, апынуўся ў Пецярбургу. Але не адразу… Спачатку, з улікам кепскай рэпутацыі і статусу ссыльнага, трэба было прайсці праз допыт. Імперыі трэба было ўпэўніцца ў лаяльнасці.

Францішак Малеўскі

Францішак Малеўскі

Галоўнае, што цікавіла — дзейнасць і датычнасць да таемных таварыстваў у Вільні і знаёмства з Лялевелем. Даніловіч даў шчырыя і праўдзівыя тлумачэнні, што да таварыства адносін ніякіх не меў, а з Лялевелем вёў перапіску толькі па навуковых справах. Прафесар прайшоў праверку і прыступіў да працы.

Іаахім Лялевель

Іаахім Лялевель

Праца Даніловіча і Малеўскага над зводам законаў цягнулася 4 гады і была прызнана і высока ацэнена іх расійскімі калегамі. «Звод мясцовых законаў заходніх губерняў» нават быў надрукаваны. Што праўда, праца аказалася дарэмнай: у 1840 годзе расійская ўлада канчаткова скасавала дзейнасць Статута на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага.

У чым заслугі?

Як навуковец, Ігнат Даніловіч займаўся важнай і карпатлівай працай —  зборам, вывучэннем і публікацыяй пісьмовых крыніц па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. І шмат што аб ім можна сказаць, дапасаваўшы ганаровае для любога навукоўца «ўпершыню».

Даніловіч упершыню апісаў усе рукапісныя і друкаваныя экзэмпляры Статута Вялікага Княства Літоўскага, падрыхтаваў першае навуковае выданне Статута 1529 года. У працы «Гістарычны агляд літоўскага заканадаўства» даў характарыстыку гістарычнага развіцця права, першы спрабаваў высветліць яго крыніцы і сувязь са старажытнарускім і заходнееўрапейскім заканадаўствам, сцвярджаў пра самабытнасць права Вялікага Княства Літоўскага.

Працы Даніловіча «Пра літоўскія летапісы» і «Паведамленне пра сапраўдных літоўскіх летапісцаў» далі пачатак навуковым даследаванням нашага летапісання. Сваімі публікацыямі канчаткова развеяў сумненні асобных вучоных пра існаванне ў Вялікім Княстве Літоўскім летапісання і даказаў, што ўжо ў XV стагоддзі мы мелі сваіх гісторыкаў. Акрамя таго падрыхтаваў і выдаў «Кнігу пасольскую метрыкі Вялікага Княства Літоўскага». 

Працай жыцця для Даніловіча стала манументальная кніга «Скарбніца грамат», якая пабачыла свет толькі пасля смерці аўтара. Яшчэ з 1820-х Даніловіч скрупулёзна назапашваў выпіскі з гістарычных крыніц, якія датычацца гісторыі Вялікага Княства Літоўскага: ад выпісак з Герадота да актаў 1569 года. Каб уявіць маштаб, проста звернем увагу на колькасць сабраных, апрацаваных, пераказаных дакументаў: 2383. Гэта фундаментальна!  

Тытул манументальнай працы аўтарства І. Даніловіча

Тытул манументальнай працы аўтарства І. Даніловіча

Аб працаздольнасці Даніловіча цудоўна выказаўся беларускі гісторык, калега Даніловіча па навуковых інтарэсах, Мікалай Улашчык: «чалавек шырока адукаваны з аграменнай працаздольнасцю, Даніловіч асноўнай мэтай жыцця паставіў пошук і публікацыю крыніц па гісторыі права ВКЛ».   

Паехаў лячыцца і не вярнуўся

Хваляванняў у жыцця прафесара Даніловіча было шмат, нават з лішкам. Віленскія справы, вымушаныя пераезды з аднаго горада імперыі ў іншы, жыццё ў атмасферы пастаяннага недаверу і падазронасці з боку расійскіх улад… Урэшце, немагчымасць займацца ўлюбёнай навукай. А тут яшчэ высвятляецца і марнасць працы па падрыхтоўцы «Зводу мясцовых законаў заходніх губерняў». Канешне, гэта ўсё адбіваецца на здароўі навукоўца: у яго здараецца нервовы зрыў.

Ігнат Даніловіч, 1840-я

Ігнат Даніловіч, 1840-я

У 1842 годзе ён вымушана пакідае Маскву і мясцовы ўніверсітэт. Вярнуцца на радзіму ён не можа, усё яшчэ дзейнічае забарона жыць у Вільні і на землях былога Вялікага Княства Літоўскага. Ён вяртаецца ў Кіеў. Адтуль — на курорт у горад Грэфенберг (сучасны Есенік, Чэхія). Там выбітны даследчык памірае 12 ліпеня 1843 года.

Яго вучань і калега Францішак Малеўскі аб гэтым паведамляў у лісце іншаму выпускніку Віленскага ўніверсітэта Адаму Міцкевічу. Студэнты памяталі свайго выкладчыка. А вось прэса і навуковая супольнасць — не. Толькі праз год па смерці ў друку з’явілася публікацыя пад загалоўкам «Успаміны пра Даніловіча». Між іншага, там адзначана, што ніводны польскі часопіс не згадаў яго заслуг, ніводны не надрукаваў яго біяграфіі, хаця ён публікаваў свае артыкулы ажно ў чатырох штодзённіках.  

Артыкул на гадавіну смерці І. Даніловіча

Артыкул на гадавіну смерці І. Даніловіча

Стаяў на каштоўнасцях самастойнасці ВКЛ

Ідэйны апанент Даніловіча заходнерусіст М. Каяловіч казаў: «Было ў Заходняй Расіі [на мове «заходнерусістаў» — Вялікім Княстве Літоўскім] некаторы час, што тамашнія адукаваныя людзі спрабавалі самастойна зірнуць на сваю краіну… Яны задумалі аднавіць у навуцы самастойнасць Заходняй Расіі. Узялі старую ідэю палітычнай незалежнасці Літвы і меркавалі, што Заходняя Расія можа выпрацаваць гэтую самастойнасць».

У гэтых словах адчуваецца, наколькі для Даніловіча было важным адрадзіць уласную дзяржаву і паказаць, наколькі Вялікае Княства Літоўскае было цывілізаваным і культурным, а што самае галоўнае — адасобленым. Найперш, ад Масквы. Адэптам ідэй тагачаснага «рускага свету» гэта было цяжка зразумець.  

Адносна светапогляду Даніловіча і палітычнай арыентацыі ёсць цікавыя запісы аўтарства яго калегі па Кіеўскім універсітэце Міхаіла Уладзімірскага-Буданава:«Даніловіч жадаў бы аднавіць да жыцця мову Статута 1588 года… З гэтага пункту гледжання Масква і Польшча былі для яго аднолькава чужыя».

Сам жа Даніловіч пісаў: «У гісторыі ў сто разоў больш заслугоўвае удзячнасць той, хто выдае ў свет старыя акты і летапісы, чым той, хто складае гісторыю па гатовых кнігах. Колькі пазбеглі б мы памылак, калі б усе рукапісныя летапісы і акты народаў былі надрукаваны».

Сапраўдны рамантык і адданы слуга пані Гісторыі і роднага краю. Гэта пацвярджаюць і словы з энцыклапедыі Бракгаўза і Эфрона: «Даніловіч быў пераважна патрыётам-літвінам, грамадзянінам дзяржавы, даўно зніклай. Даніловіч служыў здані XV і XVI стагоддзяў».

Такія людзі — рухавікі навукі, асабліва гістарычнай. Хоць і летуценнікі…