Студэнты пратэстуюць супраць платнай пераздачы іспытаў

Сёння ў Мінску пройдзе Марш студэнтаў, перад якім рэктар БДУ сустрэнецца з праціўнікамі платнай пераздачы іспытаў.



marsh1.jpg

Беларускія студэнты ўпершыню за доўгія гады, спрабуюць давесці чыноўнікам — мы маем права на сваё меркаванне і вы павінны прыслухвацца. Сёння ў Мінску пройдзе Марш студэнтаў, нязгодных з увядзеннем аплаты за пераздачы іспытаў і залікаў. Галоўную акцыю запланавалі ля будынку адміністрацыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту.

Ісці ці не ісці на студэнцкі марш, пастанавілі пакуль не ўсе. Аднак пераважная большасць навучэнцаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту адкрыта кажа.

«Платныя пераздачы не патрэбныя. Сумы, якія мы плацім за навучанне нібыта ўключаюць і пераздачы», — зазначае студэнтка.

Абурэнне студэнтаў БДУ выклікала пастанова адміністрацыі ўніверсітэту ўвесці з наступнага года аплаты за пераздачу іспытаў і адпрацоўку пропускаў навучання. Сорак, пяцьдзясят, а нават больш за сто тысячаў разавадавядзецца плаціць штрафнікам. Афіцыйна кіраўніцтва ўніверсітэту заяўляе, што такім чынам збіраецца матываваць навучэнцаў да навуковай працы. Але ў адказ паўстала ініцыятыва «студэнты супраць». На знак пратэсту было сабрана больш за дзве з паловаю тысячы подпісаў.

«За апошнія 10 гадоў такога дакладна не адбывалася. Студэнцкі рух ва ўнутры ўніверсітэту быў у кволым стане. Студэнцкая самакіраванне было падкантрольнае. У прынцыпе гэта прэцэдэнт», — распавядае Алесь Крот, «Студэнцкая Рада».

Адміністрацыя, апрача ранейшага ціску, робіць усё новыя захады супраць студэнцкай ініцыятывы.

«Універсітэт спрабуе збіць студэнцкую актыўнасць. На колькі мне вядома, яны заўтра а 13 ладзяць мітынг ці сустрэчу ў супрацьвагу таму, што запланавалі студэнты супраць», — інфармуе Алесь Крот.

Сітуацыя з аплатаю за пераздачу іспытаў не новая ў Беларусі. Раней такое ўвялі ўжо іншыя вышэйшыя навучальныя ўстановы. Як правіла, гэтыя пастановы адміністрацыі прымалі без уліку магчымасцяў і меркаванняў самых студэнтаў. Перакананы ў гэтым былы першы прарэктар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту і сябра Грамадскага балонскага камітэту.

«Універсітэт гэта не рэктар. Гэта ўся акадэміцкаясупольнасць. Гэта выкладчыкі і студэнты. Пры падобных рашэннях трэба прымаць розныя меркаванні», — кажа Уладзімір Дунаеў, Грамадскі Балонскі камітэт.

А для дзяржавы канфлікт са студэнтамі можа выліцца і ў міжнародныя наступствы. У прыватнасці, можа стварыць праблемы для функцыянавання Беларусі ў Балонскім працэсе — еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, паведамляе Белсат.

«Ёсць дарожная мапа, паводле якой Беларусь абавязалася рэалізаваць асноўныя акадэмічныя вартасці, у тым ліку і ўдзел студэнтаў у кіраванні вузамі. Калі Беларусь будзе так адкрыта парушаць свае абавязальніцтвы, не выключана, што будзе і нейкая рэакцыя Еўропы» — адзначае Уладзімір Дунаеў.

А таму заўтра перад кіраўніцтвам БДУ і ўсёй навучальнаю сістэмай Беларусі  — сур’ёзны іспыт. І пераздаць яго будзе надзвычай складана.