Рэктар БДУ знянацку перанёс сустрэчу з пратэстоўцамі
Адміністрацыя БДУ патлумачыла сваё рашэнне верагоднасцю "правакацый".

vk.com
Аб’яўленая сустрэча рэктара БДУ Сяргея Абламейкі са студэнтамі, што пратэстуюць супраць платных пераздачаў, пераносіцца, паведамляе афіцыйны сайт універсітэта.
Сустрэчу перанеслі на неакрэслены тэрмін «у сувязі з заклікамі да супрацьпраўных дзеянняў і распаўсюджанай інфармацыі пра магчымыя правакацыі», гаворыцца ў абвестцы.
Студэнты пратэстуюць супраць уведзенай з 1 студзеня 2016 года платнай пераздачы іспытаў і адпрацоўку пропускаў навучання. Паводле студэнцкіх крыніцаў, адміністрацыя, апрача ранейшага ціску, робіць усё новыя захады супраць студэнцкай ініцыятывы.
Між тым, сёння на 12.30 у Міхайлаўскім скверы Мінска прызначаны збор удзельнікаў Маршу студэнтаў. На 13.30 запланаваны пікет супраць платнай пераздачы іспытаў і залікаў. Літаральна праз 10 хвілін пасля пачатку пікета планавалася сустрэча з рэктарам, якая не адбудзецца.
Адміністрацыя БДУ абвясціла аб намеры ўвесці плату за пераздачу іспытаў і залікаў у пачатку лістапада. Студэнты абурыліся і сабралі супраць новаўвядзенні больш за 2500 подпісаў, якія перадалі ў рэктарат і Мінадукацыі. У сацсетцы «ВКонтакте» паўстала група «#студэнтысупраць».
Нягледзячы на пратэсты, 12 лістапада рэктар БДУ падпісаў палажэнне аб платных пересдачах, якое ўступае ў сілу з 1 студзеня 2016 года. Сення Сяргей Абламейка планаваў сустрэцца з прысутнымі студэнтамі, аднак у апошні момант адмовіўся ад сустрэчы.
Студэнты абвясцілі новую кампанію: яны хочуць сабраць 10 тысячаў подпісаў супраць платы за пераздачу іспытаў ды залікаў і перадаць іх у Міністэрства адукацыі.