Безбілетніца ўцякла ад кантралёра з тралейбуса праз акно і напісала заяву ў міліцыю (відэа)
Як аказалася, і дзяўчына, і кантралёрша звярнуліся з заявамі ў міліцыю.
Скрыншот з відэа
6 снежня ў Мінску прыкладна а 15.30 дзяўчына нібыта не аплаціла праезд і адмовілася выходзіць з кантралёрамі праз дзверы. Кіроўца тралейбуса заблакавала дзверы, але дзяўчына ўсё ж пакінула транспарт – праз вакно.
Але гісторыя з безбілетнай пасажыркай і кантралёрам не закончылася хэпі-эндам, паведамляе tut.by.
Прадстаўнік прэс-службы ГУУС Мінгарвыканкама Яўген Сачак паведаміў, што ўсе ўдзельнікі канфлікту трапілі ў міліцыю.
«У Партызанскім РУУС і дзяўчына, і кантралёр напісалі заявы міліцыю, у якіх выклалі кожны сваю версію інцыдэнту», – распавялі ў ГУУС Мінгарвыканкама.
У міліцыі ўдакладнілі, што шукаць дзяўчыну-безбілетніцу не прыйшлося: калі праваахоўнікі прыбылі на месца выкліку, каля тралейбуса знаходзіліся ўсе ўдзельнікі здарэння – кіроўца, кантралёр і безбілетніца.
«Пэўную прававую ацэнку даваць заўчасна. Праводзіцца праверка, вывучаюцца паказанні ўсіх бакоў і сведак», – адзначылі ў міліцыі.