Валанцёры прыбралі руіны пахавальні Бохвіцаў у Падароску
Напярэдадні Дзядоў каманда валанцёраў выправілася ў маёнтак Падароск, дзе мае паўстаць музей шляхецкай культуры, каб пачаць аднаўленне капліцы-пахавальні роду Бохвіцаў, разбуранай за савецкім часам.
Сёння маёнтак Падароск прыцягвае шмат увагі. Гэта ўжо не проста палац з паркам, але медыйная кропка, дзе планамерна, каменчык за каменчыкам, аднаўляецца палацавы комплекс, ствараецца музей шляхецкай культуры ды сетка інфраструктуры для турыстаў. Маёнтак належыць бізнэсоўцу Паўлу Бераговічу, які дапамагае шмат якім беларускім культурніцкім праеткам.
Падтрымаць ініцыятыву гаспадароў вырашыла Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, таму яго актывісты прыехалі ў маёнтак для прыборкі капліцы-пахавальні колішніх уладальнікаў палаца — Бохвіцаў.
Юрась Меляшкевіч (у цэнтры) падчас талакі
Капліца-пахавальня другой паловы ХІХ ст. была разрабаваная і разбураная за савецкім часам, тады ж яе прыладкавалі для гаспадарчых патрэбаў… калгаснае поле зусім побач, таму тут, імаверна, захоўвалі ўгнаенні ці інвентар. З часам скляпенні абваліліся, сярод камянёў нарасло дрэваў і кустоўя, а само месца пераўтварылася ў кропку збора тутэйшых аматараў пладовых вінаў.
Першым этапам працы валанцёраў стала чыстка пляцоўкі ад зарасцяў ды смецця. Увесну плануецца працягнуць працы і разабраць завалы скляпенняў, пад якімі, магчыма, захавалася старадаўняя кафляная падлога капліцы. Пра знаходкі артэфактаў размова не ідзе — усё ўжо даўно разрабавана — але месца спачыну колішніх гаспадароў маёнтку мае выглядаць прадстаўніча і па-людску.
Руіны капліцы-пахавальні пасля чысткі ад дрэваў ды кустоўя
Паводле Астаповіча, у Беларусі надзвычай багата праблемаў з захаваннем гісторыка-культурнай спадчыны, таму «добраўпарадкаванне любой руініны» — гэта грамадзянскі ўчынак. З ягоных словаў, Таварыства не можа паспець паўсюдна, бо чалавечы рэсурс абмежаваны, але Падароск і аб’екты вакол яго адназначна вартыя ўвагі, таму гэта далёка не апошні візіт валанцёраў у гэтыя мясціны.
Задаволены сваёй працай валанцёр плануе яшчэ вярнуцца сюды ўвесну