Меляшкевіч хоча азеляніць пустку, дзе здымаўся кліп Макса Каржа

Грамадскі актывіст і палітык Юрась Меляшкевіч пачаў кампанію збору подпісаў за пераўтварэнне пусткі памерам у 3 гектары на Малінаўцы ў сквер са сцяжынкамі і лавамі. Гэта тая самая пустка, дзе здымаўся кліп «Слова пацана» Макса Каржа.

Юрась Меляшкевіч (злева) разам з сябрамі сваёй каманды

Юрась Меляшкевіч (злева) разам з сябрамі сваёй каманды

Юрась Меляшкевіч ужо не першы год займаецца сацыяльнымі пытаннямі Малінаўскі, дзе вырас сам і дзе зараз жывуць ягоныя бацькі. Папярэдняя кампанія, да прыкладу, тычылася якасці пітной вады ў раёне. Тут жа Меляшкевіч некалькі разоў балатаваўся ў дэпутаты мясцовых саветаў і парламенту.
Сёлета ягоная кампанія тычыцца пераўтварэння здаравезнай пусткі паміж дамамі на вул. Слабадской і Ясеніна ў сквер. Сёння гэта наўпрост занядбаная пляцоўка ў 3 гектары, якіх багата ў спальных раёнах: тут п’юць ды выгульваюць сабак. Пустка настолькі характэрная, што менавіта яе абралі для здымак кліпа Макса Каржа “Слова пацана”, прысвечанага маладосці ў дварах на ўскраінах Мінска: паводле сюжэту, на ёй адбываецца бойка маладзёнаў.


Музыка-музыкай, аднак мясцовыя жыхары здаўна скоса глядзяць на пустку, дзе нельга ані нармальна пагуляць з-за адсутнасці сцежак, ані прысесці. Дрэваў тут таксама няма. Мясцовыя ўлады ў свой час абяцалі пабудаваць тут фізкультурна-аздараўленчы комплекс, але так нічога і не зрабілі. Пры гэтым аналагічны комплекс ужо існуе непадалёк: на вуліцы Бялецкага ля 25-й паліклінікі. Найгоршы варыянт – будаўніцтва на гэтым месцы шматпавярховіка, які ўшчыльніць і без таго густую забудову раёна.


За паўтары гадзіны Меляшкевіч разам з актывістамі са сваёй каманды сабраў паў сотні подпісаў за сквер: абсалютная большасць мінакоў паставіліся да ініцыятывы цалкам прыхільна. У той жа дзень, 26 кастрычніка, подпісы разам з распрацаваным архітэктарамі планам будучага скверу былі пададзеныя на разгляд у Адміністрацыю Маскоўскага раёну.


Паводле Меляшкевіча, паў сотні подпісаў – гэта далёка не мяжа, але спроба паказаць, што дастаткова выйсці на вуліцу і паразмаўляць з людзьмі, каб пераканацца ў настроях мясцовых. Пытанне сквера палітык і грамадскі дзеяч мае намер падымаць таксама падчас бліжэйшай кампаніі мясцовых выбараў, якая мае прайсці на пачатку 2018 году.


Юрась Меляшкевіч у Адміністрацыі Маскоўскага раёну 

Юрась Меляшкевіч у Адміністрацыі Маскоўскага раёну 


фота Дыяны Раманавай