Вялікія камбінатары з Заходняй Беларусі
Гісторыя заходнебеларускіх тэрыторый, якія ўваходзілі ў 1921–1939 гадах у склад ІІ Рэчы Паспалітай, да сённяшняга дня захоўвае ў сабе шмат цікавых і малавывучаных сюжэтаў. Да такіх, напрыклад, належыць дзейнасць рознага роду аферыстаў, ашуканцаў і проста не чыстых на руку людзей, што пражывалі на тэрыторыі Віленскага, Навагрудскага і Палескага ваяводстваў міжваеннай Польшчы.
Адноўленая ў 1918 годзе польская дзяржава сутыкнулася з вялізнымі праблемамі ў фінансавай сферы. Яшчэ падчас нямецкай акупацыі Польшчы на яе тэрыторыі была створана Польская краёвая крэдытная
каса, якая выпускала так званыя «польскія маркі». Гэтыя грошы сталі першым плацежным сродкам у незалежнай Польшчы. Аднак інфляцыя літаральна штодня абясцэньвала польскую марку. Калі
ў 1919 годзе за 1 паўночна-амерыканскі долар давалі 9 марак, то праз год — ужо 110, праз два — 3000, а ў 1924-м — каля 6,5 мільёна марак. Інфляцыя знішчала капіталы банкаў
і прыватных асоб. Зрэшты, гэтая сітуацыя справакавала з’яўленне вялікай колькасці банкаў-аднадзёнак, якія ў асноўным зараблялі валютнымі спекуляцыямі.
Адным з такіх банкаў-фантомаў быў Віленскі сельскагаспадарча-прамысловы банк, які меў філіялы ў Гародні, Глыбокім, Даўгінаве, Свянцянах і Дзісне. У снежні 1925 года партнёрам гэтай
крэдытна-фінансавай установы стала латвійская фінансавая група. Аднак праз год кіраўніцтва банка заявіла аб банкруцтве. Значны ўплыў на гэта аказала ўвядзенне ў 1924 годзе новай польскай валюты
— злотага, што прывяло да стабілізацыі фінансавага рынку. У дзейнасці банка не абышлося і без афёр. Яго кіраўніцтва абвінавацілі ў махінацыях з вэксалямі, з-за якіх пацярпелі такія гіганты,
як Банк польскі і Банк краёвай гаспадаркі.
У сакавіку 1926 года былі арыштаваны супрацоўнікі віленскага аддзела Гандлёвага банка. Следства паказала, што гэтыя людзі праводзілі банкаўскія аперацыі па «шэрых схемах». Страты
банка склалі больш за 50 тысяч злотых. На гэтыя сродкі былыя банкіры паспелі набыць нерухомасць і аўтамабіль. У 1933 годзе «крэсы ўсходнія» абляцела навіна пра самагубства
Станіслава Рушкевіча, дырэктара віленскага філіяла банка, які курыраваў сферу вытворчасці цукру. Да гэтага ўчынку дырэктара падштурхнуў страх пакарання за махінацыі. Пасля праведзенай рэвізіі на
складах была выяўлена адсутнасць 300 мяшкоў цукру агульным коштам 20 тысяч злотых. Аказалася, што Рушкевіч іх прадаў, а прыбытак паклаў у кішэню.
Зберкніжка, Ашмянскі раён
Польскі агітплакат 1938 год
Сельскагаспадарчы банк у Вільні
У сакавіку 1935 года ў Вілейку прыехала група «прадпрымальных» людзей. Неўзабаве яны стварылі «Крэдытную касу», якую пазіцыянавалі як фірму з паспяховай крэдытнай
гісторыяй. Дзейнасць «касы» працягвалася ўсяго некалькі месяцаў, аднак за гэты час яе ахвярамі стаў цэлы шэраг фірм.
Найбольш вядомай банкаўскай афёрай у Заходняй Беларусі была падробка ашчадных кніжак банка РКО (Паштовай ашчаднай касы). Аддзяленні гэтай крэдытна-фінансавай установы былі ў Вільні, Ашмянах і
Свянцянах. Усплёск злачынстваў, звязаных са спробай атрымання грошай па падробленых ашчадкніжках, прыйшоўся на 1932–1934 гады. Аферысты альбо падраблялі сам бланк дакумента, альбо дапісвалі
пару нулёў да сумы, указанай у кніжцы. Звычайна жыхары Заходняй Беларусі трымалі на ашчадкніжках невялікія сумы. Дамаляваў «нулік» — і калі касір не дасведчаны, то, як
казалі ў адным фільме, «easy money».
У 1933 годзе ў Вільні паліцыяй быў арыштаваны Марцін Невяроўскі, у якога была выяўлена вялікая колькасць ашчадкніжак, адчыненых у Ашмянах на падстаўных асоб. Аферыст падрабляў сумы ашчаджэнняў і
подпісы ўладальнікаў і такім чынам атрымліваў грошы ў касах. Больш таго, у падробцы банкаўскіх дакументаў былі абвінавачаны двое яго сыноў і дачка. Вось такі сямейны падрад.
У маі 1931 года ў Лідзе была арыштавана банда мудрагелістых фальшываманетчыкаў на чале са Шломам Тэненбаўмам. Гэты чалавек у свой час усталяваў кантакт з супрацоўнікамі хімічнай лабараторыі ў Роўна,
дзякуючы чаму наладзіў працэс «гальванізацыі» залатых царскіх чырвонцаў, які заключаўся ў «вымыванні» з манет золата і памяншэнні іх вагі на 10–15%. Варта
адзначыць, што залатыя чырвонцы з выявай апошняга рускага цара Мікалая ІІ былі канверсоўнай валютай у Польшчы і служылі адным з галоўных сродкаў захавання і назапашвання капіталаў.
Паліцэйскі пастарунак
«Апрацаваныя» чырвонцы вонкава нічым не адрозніваліся ад арыгінальных манет. На атрыманыя з продажу залатых дзясятак грошы аферысты куплялі новыя манеты і адпраўлялі іх у Роўна. Па
падліках паліцыі, шайцы атрымалася «перапрацаваць» каля 20 тысяч залатых пяці- і дзесяцірублёвак. Выйшлі на след ашуканцаў польскія служыцелі парадку выпадкова. Адзін з лідскіх
стаматолагаў, які набыў чырвонцы, вызначыў, што манеты важаць менш, чым патрэбна, і выклікаў паліцыю. Следства паказала, што ў выніку дзейнасці банды Тэненбаўма пацярпелі не толькі прыватныя асобы,
але і шэраг банкаў. У 1937 годзе на тэрыторыі Навагрудскага ваяводства была арыштавана банда, якая зарабляла на вырабе фальшывых сярэбраных манет наміналам у 10 злотых. У якасці зыходнага матэрыялу
фальшываманетчыкі выкарыстоўвалі царскія сярэбраныя рублі.
Было шмат афёр і ў сферы іпатэчнага крэдытавання. У верасні 1931 года ў камунальную ашчадную касу Вільні звярнуўся чалавек з просьбай аб выдачы пазыкі на будаўніцтва дома. У якасці закладу ён
прапанаваў сваю кватэру, прадставіўшы на яе дакументы. Пасля падпісання гарантыйных вэксаляў ён атрымаў 5 тысяч долараў (паўночна-амерыканская валюта і тады была ў пашане). А неўзабаве аказалася, што
крэдыт па падробленых дакументах аформіў аферыст, беларус па нацыянальнасці, Станіслаў Валейша. За гэтым чалавекам цягнуўся шлейф падобных злачынстваў яшчэ з царскіх часоў. Аднак на гэты раз сысці ад
правасуддзя ў яго не атрымалася. Валейша быў арыштаваны і ў 1932 годзе асуджаны польскім судом да 5 гадоў турэмнага зняволення.
Сустракаліся, аднак, і высакародныя аферысты. У кастрычніку 1933 года жыхар Заходняй Беларусі Якаў Грылін збіраўся эміграваць у ЗША. Дзеля гэтага ён пазнаёміўся з чалавекам, які абяцаў дапамагчы з
выездам за мяжу. За арганізацыю ад’езду Грылін заплаціў 100 долараў. Аднак неўзабаве пасярэднік знік. Зрэшты, праз некалькі тыдняў Якаў атрымаў ліст з Палесціны, у якім аферыст, які ўзяў у
яго салідную суму, прасіў прабачэння і абяцаў пераслаць праз польскі банк PKO узятыя грошы разам з адсоткамі. І сапраўды, хутка Грылін атрымаў з Тэль-Авіву свае «кроўныя». Але такія
выпадкі былі, хутчэй, выключэннем.
Рэклама банка РКО
Банк Польскі ў Брэсце
У 1936 годзе ў Вільні з’явіўся чалавек, што выдаваў сябе за капітана англійскага войска Ласмана. Гэты чалавек нібыта шукаў добраахвотнікаў для адпраўкі на Грамадзянскую вайну ў Іспанію. За
паслугі ён браў камісійныя. Ласманам зацікавілася польская паліцыя. У выніку следства высветлілася, што за англійскага падданага выдаваў сябе ўраджэнец Заходняй Беларусі па прозвішчы Бернюкевіч. Ён у
дасканаласці валодаў 13 замежнымі мовамі, што ў свой час дапамагло яму адкрыць школу замежных моў. Аднак пасля атрымання грошай за вучобу, ён збег і займаўся падобнымі злачынствамі ў іншых польскіх
гарадах.
«Калі ў краіне курсуюць грашовыя знакі, значыць, ёсць людзі, у якіх іх вельмі шмат», — так, мабыць, разважаў не толькі Астап Бэндэр, але і шматлікія аматары
«лёгкіх грошай» з Заходняй Беларусі. Але Другая сусветная вайна, якая пачалася ў верасні 1939-га, змяніла ўклад жыцця, які склаўся за мірнае дваццацігоддзе. На змену
«панскай Польшчы» прыйшла «рабоча-сялянская савецкая ўлада», якая ўстанавіла свае правілы гульні на фінансавым рынку. Так сышла ў мінулае эра «вялікіх
камбінатараў» з Заходняй Беларусі.