Вяртанне рэліквіі слонімскіх стралкоў
Сёння, 13 ліпеня, у Млаве адбудзецца ўрачыстая перадача копіі сцяга 79-га пяхотнага палку імя Льва Сапегі Войска Польскага ў Музей Заўкшэнскай зямлі ў Млаве. Можа калісьці яна вернецца да дому, у горад на беразе Шчары.

Марцін Даміньяк (злева) падчас атрымання копіі сцяга, чэрвень 2014 года
Ветэраны аднаўляюць рэліквію
Рэпліка штандару была зроблена ў 1980 годзе ў Вялікабрытаніі па ініцыятыве падпалкоўніка Войска Польскага Юзафа Маеўскага і былых жаўнераў 79-га Слонімскага палка імя Льва Сапегі. 10 жніўня таго ж года артэфакт быў асвечаны ксяндзом Антоніем Капусцінскім у лонданскім касцёле Караля Хрыста ў Бэлхэм.
У тагачаснай польскай эмігранцкай прэсе адзначалася, што сцяг быў амаль дакладнай копіяй палкавой святыні, страчанай падчас абароны Варшавы ў верасні 1939 года. Амаль, таму што на сцягу былі нанесены надпісы: «Млава-Варшава-Коцк 1939 год», а таксама «АК (Армія Краёва) 1939–1945 гг.».

Падзенькаванне за стварэнне копіі сцяга 79 палку, 1980 год, Велікабрытанія
На штандары былі выявы гербаў Слоніма і Навагрудчыны, а таксама Святога Архангела Міхаіла і Маці Божай Вострабрамскай. Пасля ўрачыстай цырымоніі асвячэння артэфакт быў перададзены ў Польскі інстытут і музей імя генерала Уладзіслава Сікорскага ў Лондане, дзе ён і знаходзіўся да апошняга часу, пакуль не было прынята рашэнне аб вяртанні палкавой рэліквіі ў Польшчу.
Слонімскія стралкі
Полк імя Льва Сапегі быў сфарміраваны на аснове Беластоцкага стралковага палка, які ўваходзіў у Літоўска-Беларускую дывізію, а пасля яе рэарганізацыі ў кастрычніку 1919 года ўліўся у чацвёртую брыгаду Другой Літоўска-Беларускай дывізіі. Ужо пасля польска-бальшавіцкай вайны ў кастрычніку 1921 года гэтая вайсковая адзінка была перайменавана ў 79-ты полк і ўвайшла ў склад 20-й пяхотнай дывізіі. Месцам дыслакацыі пехацінцаў быў горад Слонім, а адзін з батальёнаў размяшчаўся ў Бярозе Картузскай.

79-ты слонімскі полк, Слонім
У 1930 годзе гэтае падраздзяленне было залічана да ІІІ тыпу пяхотных палкоў, набліжаных да штатаў вайсковага часу. На выпадак вайны з Савецкім Саюзам жаўнераў са Слоніма рыхтавалі да баявых дзеянняў у Баранавіцкім умацаваным участку, які знаходзіўся на савецка-польскай мяжы. Сланімчане павінны былі заняць абарону ў шматлікіх ДАКах, размешчаных пад Баранавічамі, і стрымаць першы ўдар Чырвонай Арміі. Пазней на дапамогу «стралкам Льва Сапегі» павінны былі прыйсці рэзервы з Захаду ІІ Рэчы Паспалітай.
Міжваеннае дваццацігоддзе
Палкавы штандар слонімскі полк атрымаў у 1923 годзе. Яго стварэнне фінансавалася жыхарамі Навагрудскага ваяводства. 15 ліпеня 1923 года камандзір палка падпалкоўнік Мар’ян Туркоўскі атрымаў святыню з рук генерала Станіслава Шэптыцкага. Урачыстасць адбывалася ў Слоніме. Гэтая вайсковая адзінка, як і іншыя палкі 20-й «крапасной» пяхотнай дывізіі (80-ты і 78-мы) фарміравалася па тэрытарыяльнаму прынцыпу, таму ў яе шэрагах было шмат беларусаў, а таксама жыхароў Заходняй Беларусі іншых нацыянальнасцяў.

1929 год, Слонім, прэзідэнт І.Масціцкі закладвае новую школу
Як адзначае даследчык Сяргей Чыгрын, полк размяшчаўся ў былых казармах Шуйскага пяхотнага палка рускай імператарскай арміі. Не гледзячы на тое, што падчас Першай Сусветнай вайны Слонім значна пацярпеў, будынкі вайсковага гарадка ацалелі. У міжваенны час у палку «стралкоў Льва Сапегі» былі створаны саюз падафіцэраў рэзерва і саюз вайсковых сямей. Значную ролю ў жыцці горада адыгрываў узгаданы вышэй камандзір 79-га палка Мар’ян Туркоўкі, якому было прысвоена званне ганаровага грамадзяніна Слоніма. Як падкрэслівае той жа Чыгрын, слонімскія стралкі часта праводзілі розныя спартыўныя мерапрыемствы, сярод якіх, безумоўна, дамінавалі лыжныя спаборніцтвы. У верасні 1929 года ў Слонім прыязджаў прэзідэнт ІІ Рэчы Паспалітай Ігнацій Масціцкі. На шматлікіх тагачасных здымках бачныя афіцэры і жаўнеры 79-га палка Войска Польскага, якія суправаджалі першую асобу міжваенай Польшчы.

Падчас спаборніцтваў па лыжах, Слонім
Абаронцы Млавы
Перад самым пачаткам Другой сусветнай вайны 20-я пяхотная дывізія была перакінутая з Заходняй Беларусі на мяжу з Усходняй Прусіяй пад горад Млава і ўвайшла ў склад арміі «Модлін». На новых абарончых пазіцыях жаўнеры з Навагрудчыны былі вымушаны будаваць ДАКі і іншыя ўмацаванні, а з 1 верасня 1939 года беларусы мужна змагаліся супраць нацыстаў.

Слонім, 1931 год
Палешукі некалькі разоў пераходзілі ў штыкавыя атакі і адбівалі наступленне супраціўніка, пры гэтым пехацінцам са Слоніма прыйшлося супрацьстаяць нямецкім танкам. У ноч з 3 на 4 верасня з’явілася небяспека акружэння частак 20-й дывізіі, і было прынята рашэнне адступіць у бок Варшавы.
Пазней часткі 79-га палка слуцкіх стралкоў удзельнічалі ў абароне Варшавы. Перад самай капітуляцыяй сталіцы некалькі афіцэраў Войска Польскага са Слоніма, знаходзячыся ў варшаўскім раёне Жэрань, вырашылі схаваць дзве металічныя скрыні, у адной з якіх была дакументацыя 79-га палку, а ў другой — сцяг.

Слонім, вайсковыя спаборніцтвы
Падчас Варшаўскага паўстання у 1944 годзе будынкі, у якіх былі схаваныя скрыні, былі знішчаны. Пазней на гэтай тэрыторыі знаходзіліся часткі савецкай арміі. Афіцэры 79-га палку, якія хавалі палкавыя каштоўнасці, прайшлі нямецкі палон, але выжылі, і пасля вайны, вярнуўшыся ў Варшаву, спрабавалі знайсці схаваныя скрыні. Але гэтыя пошукі прыцягнулі ўвагу польскага аналага НКУС — УБ. Вайскоўцаў арыштавалі, а пра схаваны сцяг вырашылі забыць. Для камуністычных улад рэліквія «крэсовага» палку была непажаданай знаходкай. Пасля 1945 года Слонім знаходзіўся ў складзе СССР.
Вяртанне сцягоў
І вось зусім не чакана, у 1990 годзе, падчас будаўнічых работ на тым месцы, дзе некалі знаходзіўся часовы штаб 79-га палку, бульдозер выцягнуў з зямлі металічныя скрыні… На жаль, ад сцягу сланімчан амаль нічога не засталося. Гэтыя парэшткі былі перададзеныя ў Музей Войска Польскага.
Ішлі гады. У польскім горадзе Млава з’явіліся энтузіясты, якія займаліся зборам інфармацыі па гісторыі палку са Слоніма. Менавіта, Таварыства вайскова-гістарычнай рэканструкцыі «79-ты полк пяхоты імя Льва Сапегі» і стала ініцыятарам вяртання копіі палкавой святыні з Лондана ў Польшчу.

Слонім, спаборніцтвы
Як адзначыў у размове са мной кіраўнік гэтай арганізацыі Марцін Даміньяк, была праведзена вялікая праца дзеля таго, каб гэты цікавы гістарычны артэфакт вярнуўся на Радзіму. «Копія палкавога сцяга, якую мы атрымалі з Вялікабрытаніі, зойме свае месца ў Музеі Заўкшэнскай зямлі ў Млаве. Гэта ўнікальны музейны экспанат не толькі для нашага горада, але і ўсёй краіны», — адзначыў Марцін.

Палкавы знак 79-га палка слонімскіх стралкоў імя Льва Сапегі
Не чужы гэты сцяг і для нас, беларусаў. У верасні 1939 года жаўнеры з Заходняй Беларусі мужна змагаліся ў шыхтах Войска Польскага пад Млавай, і значная іх колькасць загінула ў тых баях. Палякі памятаюць гераізм жаўнераў іншых нацыянальнасцей, якія біліся з нацыстамі ў Вераснёўскай кампаніі. Прыйшоў час і на Беларусі аднавіць памяць пра гэтых герояў Другой сусветнай вайны. Можа калісьці копія сцягу 79-га палку стралкоў імя Льва Сапегі вернецца да дому, у горад на беразе Шчары.