Забойства Вільгельма Кубэ (гісторыка-дакументальнае эсэ). Частка 10.

Забойства Вільгельма Кубэ было нечаканым і для Берліна, і для Масквы. Кажуць, Сталін выклікаў першага сакратара ЦК КП(б)Б і начальніка ЦШПР Панцеляймона Панамарэнку і спытаў: «Хто забіў Кубэ?» А Панамарэнка пра забойства нават і не чуў. Камандаванне ні адной партызанскай брыгады яму яшчэ нічога не паведаміла, бо само пакуль цвёрда не ведала, хто дакладна забіў Кубэ. (На фота:Аніта Кубэ з дарослымі сынамі. Гэта фота Аніта даслала Галіне Мазанік у лісце ў 1992 г.)



a1b63b36ba67b15d2f47da55cdb8018d.jpg

Забойства Вільгельма Кубэ было нечаканым і для Берліна, і для Масквы. Кажуць, Сталін выклікаў першага сакратара ЦК КП(б)Б і начальніка ЦШПР Панцеляймона Панамарэнку і спытаў: «Хто забіў Кубэ?» А Панамарэнка пра забойства нават і не чуў. Камандаванне ні адной партызанскай брыгады яму яшчэ нічога не паведаміла, бо само пакуль цвёрда не ведала, хто дакладна забіў Кубэ.

(На фота:Аніта Кубэ з дарослымі сынамі. Гэта фота Аніта даслала Галіне Мазанік у лісце ў 1992 г.)


Разбор палётаў
— А ці былі жанчыны, што прыбылі ў атрад «Дима» і прасілі неадкладна адправіць іх у Маскву, забойцамі Кубэ? — спытаў Сталін.
Панамарэнка паціснуў плячыма.
— Разабрацца і дакласці! — загадаў Сталін.
Прайшоў нейкі час. Распавядаюць, Панамарэнка разабраўся і даклаў.
Сталін падняў трубку ўрадавай «вяртушкі» і сказаў старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Міхаілу Іванавічу Калініну:
— Падрыхтуй Указ аб прысваенні звання Героя Савецкага Саюза!
— Каму? — звярнуўся Сталін да Панамарэнкі.
— Мазанік Алене Рыгораўне, Осіпавай Марыі Барысаўне, Траян Надзеі Віктараўне…
— Усё?
— Таварыш Сталін, яшчэ адзін чалавек — прозвішча забыў. Такое птушынае…
Сталін нейкі час пачакаў, потым паклаў трубку «вяртушкі».
— Падпольшчык Дрозд Мікалай Пракопавіч! — раптам успомніў Панамарэнка.
— Яму ордэн Леніна! — сказаў Сталін.
На момант размовы Сталіна і Панамарэнкі ў Маскве, Мікалай Дрозд быў ужо расстраляны ў Мінску.
Камандзір партызанскага атрада «Дима» Мікалай Пятровіч Фёдараў (мянушка «Колокол») дакладваў у Цэнтр: «Довожу, что в ночь с 21 на 22 сентября 1943 года совершена диверсия по убийству генерального комиссара Белоруссии Кубе. Диверсию совершили мои люди: работающие у меня «Черная» (Осипова Мария Борисовна), «Галя» (Мазаник Елена Григорьевна) и «Оля» (Щуцкая Валентина Григорьевна)».
26 верасня 1943 года з Цэнтра Фёдараву паступіла тэрміновае ўказанне: «Донесите немедленно и подробно, кто конкретно готовил операцию по уничтожению Кубе. Являются ли названные девушки-исполнители вашими агентами или они принадлежат другому хозяину? Если они ваши, то где, когда и кто их завербовал? Как они попали к вам после операции? Кто снабдил их материалами для проведения этой операции? Под вашу личную ответственность всех исполнителей сохранить и оказывать им лучшее внимание и заботу. Центр».
Варта адзначыць, што інфармацыяй пра забойства Кубэ, якую Фёдараў накіраваў у Маскву, зацікавіліся начальнік ГРУ ГШ Чырвонай арміі генерал-лейтэнант Ф.Ф. Кузняцоў, кіраўніцтва НКУС СССР і асабіста Берыя.
29 верасня на розныя ўдакладненні з Цэнтра Фёдараў адказаў лаканічна: «Данную операцию по убийству Кубе готовил лично Колокол».
12 кастрычніка з Вялікай зямлі прыслалі за імі самалёт. Напярэдадні свайго вылету ў Маскву, М.П. Фёдараў накіраваў данясенне ў Цэнтр: «В 22 часа 12 октября «Колокол» [псеўданім М.П. Фёдарава — А.В.], Черная, Галя и Щуцкая с семьёй и от «Артура» [партызанскі атрад — А.В.] 5 человек вылетели на самолете в Центр».
Дастаўляў іх у Маскву экіпаж самалёта СИ–47, бартавы нумар 822, у складзе лётчыка Пакроўскага і штурмана Баравога.
У ГРУ ГШ Чырвонай арміі была складзена справаздача аб выніках аперацыі па знішчэнню Вільгельма Кубэ. У ёй, у прыватнасці, гаварылася:
«Убийство Кубе организовал командир диверсионно-разведывательной группы 2-го отдела РУ ГШ КА майор Фёдоров Николай Петрович, псевдоним «Колокол». Главным посредником и организатором убийства Кубе явилась Осипова Мария Борисовна, псевдоним Черная, резидент Колокола в Минске. Вторым посредником и связником между Черной и Галей был директор минского немецкого кинотеатра Николай Похлебаев. Исполнителем убийства Кубе является Мазаник Елена Григорьевна, псевдоним Галя. О подготовке и выполнении операции знали перечисленные выше пять человек».
У барацьбу за лаўры пераможцы ўвязваецца ЦШПР і БШПР.
Вось тэкст шыфра тэлеграмы, якая была накіравана з Масквы ажно 8 кастрычніка 1943 года за подпісам начальніка ЦШПР Панамарэнкі Р.Н. Мачульскаму, камандзіру партызанскага злучэння Барысаўска-Бягомельскай зоны, там, дзе бяглянкі хаваліся ад гестапа, СС і паліцыі ў партызанскім атрадзе «Дима»:
«По словам Тимчука, у Лугина находится женщина, якобы совершившая акт над Кубе. Немедленно примите меры по доставке ее [в] Москву. Если есть еще какие данные, об этом сообщите.
П. Пономаренко».
Былі і іншыя тэлеграмы падобнага зместу. Але ўсё было марна. У апошніх тэлеграмах Панамарэнка даваў указанні камандзіру партызанскай брыгады «Железняк» І.П. Ціткову і камандзіру партызанскага злучэння Барысаўска-Бягомельскай зоны Р.Н. Мачульскаму: зрабіце ўсё ад вас залежнае, каб ніхто не прысвоіў сабе баявыя справы партызан.
«Как позже мне рассказывал Маклярский (вядомы савецкі разведчык), — успамінаў М. Хахлоў, — длинный список людей, которые были связаны с покушением на Кубе, вместе с точными докладами попал к Сталину. Он написал цветным карандашом короткое указание поперек титульного листа: «Конец ссоре. Девушки получат «героя», остальные ордена».
Магчыма, не было б Герояў Савецкага Саюза А.Р. Мазанік, М.Б. Осіпавай, Н.В. Траян, каб у рукі ў той час (верасень — кастрычнік 1943 года) выпадкова ці невыпадкова, трапіла справаздача Бондарфа, дзе дакладна і ясна чорным па беламу было напісана, што аперацыя па падрыхтоўцы і забойству Кубэ была арганізавана і праведзена НКУС СССР і НКУС БССР. Берыя і Цанава гэты нямецкі козыр не ўпусцілі.
Героі Савецкага Саюза і іншыя
Да пачатку вайны Мазанік 10 гадоў была супрацоўніцай НКУС БССР, працавала ў сталовай НКУС БССР і на ўрадавых дачах. Працуючы ў такіх высокіх урадавых установах, яна навучылася па-майстэрску і прыгожа сервіраваць абеды, банкеты, дні нараджэння, выгульваць сабак, няньчыць дзяцей.
У пачатку вайны спрабавала прабіцца на ўсход, далей ад наступаючых нямецкіх войск. Але, як і многім іншым, ёй давялося вярнуцца ў Мінск. Каб не памерці ад голаду, спачатку працавала на чорных работах у нямецкіх вайсковых часцях: мыла бялізну, прыбірала памяшканні і іншае. У канцы 1941 года Мазанік удалося паступіць на працу прыбіральшчыцай у казіно пры генеральным камісарыяце Беларусі. Прыёмам і афармленнем на работу рускіх асабіста займаўся сам Вільгельм Кубэ. Пасля адпаведнай праверкі, яе прынялі прыбіральшчыцай калідораў і туалетных пакояў: яе абавязкам было паліць печы, чысціць боты ахове і мыць бялізну.
3 чэрвеня 1943 года, паводле рэкамендацыі ад’ютанта Кубэ Карла Вільдэнштэйна, Мазанік пачала працаваць у якасці прыбіральшчыцы ў доме Кубэ. У свае 29 гадоў яна выгадна адрознівалася ад маладых прыгожых студэнтак, якіх бралі нямецкія акупацыйныя ўлады на працу ў якасці служанак. Вялікая, здаровая, працаздольная, вялікія ногі, рукі. У асабняку Кубэ па вуліцы Тэатрштрасе ўсе яе звалі «грос фрау Галіна».
Распавядаюць, што Вільгельм Кубэ ўзяў яе на працу прыслугай, добра ведаючы, што яна была супрацоўніцай НКУС БССР, і таму яна не праходзіла, як усе, «собеседования с пристрастием» з Кубэ.
Мазанік выконвала розныя даручэнні самога гаспадара, сервіравала сталы, рабіла прыборку ў асабняку. Мазанік не ведала нямецкай мовы. Якіх-небудзь дадзеных пра яе падпольную дзейнасць у акупаваным Мінску не было знойдзена і да нашага часу невядома.
29 кастрычніка 1943 года ёй было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Мазанік не лічыла забойства Кубэ сваім подзвігам. Пра тое, што яна здзейсніла подзвіг, яна даведалася з галоўнага дзяржаўнага дакумента — Указа Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР. Больш таго, яна не магла нават уявіць сабе, якую сусветную пагалоску атрымае яе ўчынак.
Кажуць, што Мазанік была даверанай асобай Кубэ, ён ёй давяраў сачыць за загрузкай вагонаў з каштоўнасцямі, рэквізаванымі ў Беларусі, з Мінску ў Берлін. І яна з гэтым даручэннем бліскуча спраўлялася. Багаж у цэласнасці дастаўляўся адрасатам — каштоўныя рэчы пераносіліся ў кватэру Кубэ ў Берліне, на яго дачу, яго бацькам і бацькам яго жонкі Аніты. Мазанік была «сваёй» у сям’і В. Кубэ. Яна была ў прыязных адносінах з яго жонкай, трыма іх сынамі, роднымі В. Кубэ і яго жонкі.
Распавядаюць яшчэ і пра тое, што ўсіх чатырох жанчын — Мазанік, Осіпаву, Траян і Шчуцкую — прывезлі на Лубянку, пасадзілі ў розныя кабінеты і прапанавалі напісаць, які яны прымалі ўдзел у забойстве Кубэ. У напісаных імі справаздачах было шмат іх заслугаў і бахвальства. Прачытаў гэта ўсё П.К. Панамарэнка, кажуць, за галаву схапіўся ў разгубленасці і прамовіў:
— Што рабіць з іхнімі справаздачамі? Кожная цягне коўдру на сябе!
Гэтыя справаздачы пасля прысваення ім звання Героя Савецкага Саюза паклалі «под сукно».
І толькі больш чым праз 30 гадоў у час падрыхтоўкі другой кнігі другога тома, якая з’яўляецца працягам трохтомнага выдання зборніка дакументаў і матэрыялаў «Всенародное партизанское движение в Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944)», гісторыкі Беларусі звярнуліся да матэрыялаў пра забойства Вільгельма Кубэ. Узважыўшы ўсе «за» і «супраць», было прынята рашэнне на ўзроўні ЦК КП Беларусі даць пра забойства Кубэ дакумент «Из сообщения особой комиссии генерального комиссариата Белоруссии по итогам расследования убийства генерального комиссара Белоруссии В.Кубе в ночь на 22 сентября 1943 г.» за подпісам кіраўніка асобай камісіі штурмбанфюрэра СС і крымінальнага дарадцы Бандорфа. Гэта кніга выйшла ў Мінску ў выдавецтве «Беларусь» у 1978 годзе.
І яшчэ кажуць, што пасля Вялікай Айчыннай вайны муж Мазанік Браніслаў Антонавіч Тарлецкі, адслужыўшы ў Савецкай арміі, прыехаў у Мінск. На чыгуначным вакзале ў Мінску ён сустрэўся са сваімі даваеннымі сябрамі і за «франтавымі ста грамамі» даведаўся пра сваю жонку — Героя Савецкага Саюза, — як яна тут жыла, з кім была, з кім ваявала. Ён сустрэўся з ёй і развітаўся, з’ехаўшы на Далёкі Усход, дзе служыў. Мазанік больш замуж не выходзіла. Жыла адна ў Мінску (двое яе сыноў памерлі ў маленстве, яшчэ да вайны — у 1935-м і 1939 годзе).
Распавядаюць, Аніта Кубэ пасля Другой сусветнай вайны пісала Мазанік лісты, у якіх апраўдвала забойства Кубэ. Яна разумела, што Мазанік прымусілі яго забіць. А калі б яна не зрабіла гэтага, то забілі б яе. Алена Мазанік на лісты Аніты Кубэ не адказвала (як жа гэта ацэняць, што Герой Савецкага Саюза перапісваецца з жонкай заклятага ворага СССР), мусіць, баялася, што знойдуць яе па хатняму адрасу і заб’юць, баялася, што прыедуць з варожай нам краіны ФРГ, высачаць і расправяцца з ёй.
Я думаю, што першыя гады пасля вайны Мазанік жыла ў страху за сваё жыццё. У 1966–1968 гадах я працаваў дырэктарам СШ. Настаўнікі да свята Перамогі прапанавалі мне запрасіць Мазанік у школу, каб яна расказала пра сваю барацьбу і пра забойства В. Кубэ.
Я звязаўся з ёй па тэлефону: прадставіўся і запрасіў на сустрэчу ў школу з вучнямі. Яна дала згоду, але паставіла ўмову: прывезці ў школу і адвезці дамоў, арганізаваць кветкі, пасля выступлення — абед і 50 рублёў.
Я расказаў настаўнікам пра ўмовы. Настаўнікі не пагадзіліся, і сустрэча не адбылася.
Распавядаюць, што пасля прылёту ў Маскву ў кастрычніку 1943 года з Беларусі Мазанік і яе сястру Валянціну з дзецьмі разлучылі з Осіпавай у аэрапорце Унукава і пасялілі на дачы вядомага савецкага лётчыка, генерал-маёра авіяцыі, Героя Савецкага Саюза Міхаіла Васільевіча Вадап’янава. Гэта дача, як і ўсе генеральскія дачы, знаходзілася ў падпарадкаванні ГРУ ГШ Чырвонай арміі пад Масквой у Сярэбраным бару і добра ахоўвалася.

 Частка 9<<>>Частка 11