Забыты мастак Беларусі Генрых Вейсенгоф
Сёлета споўнілася 160 гадоў з дня нараджэння беларускага мастака, графіка і скульптара Генрыха Вейсенгофа. Ён нарадзіўся пад Каўнасам. Пасля Варшавы, Санкт-Пецярбургу, Мюнхена і Парыжа жыў у маёнтку бацькоў у Русаковічах на Міншчыне. Падчас Першай сусветнай з’ехаў у Польшчу і пра яго забыліся. У Беларусі яго твораў няма — яны ў Вільні, Варшаве ды Кракаве.
Разрад маланкі і Кунгур
Па сутнасці, малой Радзімай Генрыха быў маёнтак Пакрэўна Ракішкскага павета Ковенскай губерні. Увогуле ж баронскі род Вейсенгофаў, што, як упэўнівае Крэпак, меў шляхецкі герб «Белы Лебедзь», паходзіў з сярэднявечнай Лівоніі. Беларуская лінія яго прасочваецца ад ХVII стагоддзя, ад Яна Вейсенгофа і яго сына Міхала, якія атрымалі значныя зямельныя надзелы «за вайсковую службу на карысць Рэчы Паспалітай».
Радавы маёнтак іх, відаць, быў секвестраваны, а бацька Генрыха Уладзіслаў Вейсенгоф «за участие в доставлении снарядов» рашэннем мураўёўскай камісіі ад 13 траўня 1864 года, пазбегнуўшы шыбеніцы і кайданоў, быў высланы на пасяленне ў Кунгур — заўральскі гарадок — «слаўны сваімі цэрквамі, шынкамі ды брудам».
Невялікае купецкае паселішча («сталіца рускага чаю»), што распаўзлося па ўральскіх узгорках яшчэ ў сярэдзіне ХVII стагоддзя, і было крэпасцю, якая межавала з башкірамі, уразіла Генрыха двухпавярховымі дамамі са счарнелай лістоўніцы ды мудрагеліста карункавымі аканіцамі. Яшчэ дзівіла, што за горадам поле, палаючае макамі, суседзіла з казачнай лядовай пячорай.
Высяленцы з Беларусі ў Кугнуры
Грамада высяленцаў з Паўночна-Заходняга краю ў Кунгуры існавала ад 1862 года, часоў універсітэцкіх хваляванняў у сталіцы імперыі. Пярэстая па складзе, яна трымалася згуртавана, бо, апрача шляхты, тут былі студэнты ды дробныя служачыя, духоўныя асобы і звычаёвыя месцічы. Паводле спісу, складзенага паліцыяй Кунгура, з 300 асуджаных і іх сямейнікаў з Царства Польскага было толькі 14 асобаў.
Сапраўдным жа палітычным вязнем па дакументах, «па Канфірмацыі Віленскай судовай палаты», лічылася толькі адна, астатнія былі пакараныя адміністрацыйна. Пасяленцам, што мусілі штосуботу адзначацца ў паліцэйскім пастарунку ды зносіць абавязковыя вобшукі і ўсемажлівыя канфіскацыі, забаранялася насіць жалобу, мець зброю і фатаграфавацца. Яны прытрымліваліся ўсталяваных патрабаванняў. Але толькі збольшага…
Пан Люцыян і астатнія
Лось на балоце
Грамада жыла ў сваіх адасобленых межах. Калі даць веры гісторыку мастацтва Кроненбергу, то першым настаўнікам малявання Генрыха стаў прыяцель бацькі Люцыян, старэйшы брат польскага пісьменніка Юзэфа Крашэўскага (1820–1892), народжаны ў маёнтку Доўгае ля Пружанаў. Да высылкі на Урал разам з жонкай Стэфаніяй, ён паспеў закончыць Свіслацкую гімназію, з якой пайшоў у свет не адзін мастак, і прыродазнаўчы факультэт Дэрпцкага ўніверсітэта.
Як і яго меншы брат Юзэф, ён тады цалкам быў апантаны ідэяй паўстання гістарычнай Літвы. (Як не адзначыць удзячнага слухача, што знайшоў ён у малым Генрыху!) Засвоіць жа лепшыя ўзоры рэалістычнага мастацтва Люцыяну давялося ў галерэях Бельгіі ды Галандыі. Тагачасным жа яго захапленнем у тыя гады была засвоеная ў Нямеччыне фатаграфія. А калі пан Люцыян рашэннем адміністрацыі быў пераведзены ў Цывільск Казанскай губерні (дзе стварыў атэлье і запачаткаваў этнафатаздымкі чувашоў і татараў), то заняткі малюнкам з малым Вейсенгофам пераняў «уроженец Виленской губернии, холостой, лишённый прав состояния, по Высочайшему повелению за неблагонадёжность с 25 января 1863 г. без срока, согласно надзору» былы вучань Акадэміі мастацтваў Іван Місевіч.
Мастаком-пачаткоўцам мог апекавацца да свайго пераводу ў Верхатур’е і «дворянин Казимир Альхимович (30 лет) из Западного края», які «по распоряжению Главного Начальника Западного края за неблагонадёжность в политическом отношении подвергнут полицейскому надзору».
Варшава — Пецярбург — Мюнхен — Парыж
У Варшаве, куды нарэшце перабраліся ягоныя бацькі, юны Генрых з’явіўся ў 1874 годзе. Па намаўленні даўняга таварыша Люцыяна Крашэўскага (1820–1892) паступіў у Рысавальную школу прафесара Войцэха Герсана, мастацка-навучальную ўстанову ў тагачасным цэнтры калоніі Расійскай імперыі, што была добрым трамплінам у свет прафесійнага мастацтва.
З гэтай установы ў розныя часы стартавалі Ігнацій Урублеўскі, Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч, Альфрэд Веруш-Кавальскі, Юзаф Панкевіч ды іншыя мастакі-рэалісты з абшараў былога ВКЛ.
Ведаў і досведу, атрыманага ў школе, бракавала, і Генрых прыслухаўся да парадаў новага знаёмцы і цёзкі, што гасцяваў у той час у Варшаве, — акадэміка Імператарскай Санкт-Пецярбургскай акадэміі мастацтва Семірадскага. І ад 1880 года Генрых Вейсенгоф ужо пачаў штудзіраваць пейзаж у класе Мікалая (Аляксандравіча) Клодта фон Юрсбенбурга (1865–1918), а пазней перайшоў у майстэрню баталіста і анімаліста Багдана Відэвальдэна. Прызнанне Генрыха як мастака прыйшло ў Імператарскай акадэміі мастацтваў (за эскіз карціны «Перавозка параненых» ён атрымаў срэбраны медаль), але баявітыя і разгалінаваныя літаратурныя сюжэты не звабілі яго.
Па заканчэнні ў 1885 годзе Імператарскай акадэміі мастацтваў Генрых даспеў да далейшай навукі. Умовы ў дзяржаве гэтаму не спрыялі. Вырвацца з задушліва-закансерваванай імперыі азначала не толькі змяніць цуглі сілком накінутых каштоўнасных арыенціраў, але і атрымаць «новае дыханне».
Вейсенгоф едзе ў Мюнхен… «атмасфера людскасці, талерантнага стаўлення да індывідуалізму, гэта атмасфера свабоды насіць якія заўгодна маскі, гэта атмасфера вясёлай пачуццёвасці, артыстызму, святочнага адчування жыцця, маладосці, народнасці, той народнасці, здаровая моцная глеба якой у сапраўды добразычлівым атачэнні змушае квітнець самыя своеасаблівыя, пяшчотныя і смелыя, а іншым часамі і экзатычныя расліны», — пісаў Томас Ман у працы «Мюнхен як цэнтр культуры».
Размаіты выбар тамтэйшых студыяў (Ашбе, Халошы і інш.), майстэрняў, класаў і вольных акадэміяў у горадзе творчай свабоды, дзе ўжо прабіваліся парасткі мадэрну, не збілі маладзёна з панталыку. (Як пазней не заблытаўся ён і ў цянётах мастацкага Парыжу).
У Мюнхене Генрых зблізіўся з модным польскім баталістам Юзэфам Брандтам (1841–1915) ды выхадцам з Беласточчыны — Альфрэдам Веруш-Ковальскім (1849–1915), у іх удасканаліў сваё прафесійнае ўмельства, але… штось патаемнае, невыказнае і самому незразумелае кволілася і карцела ў душы, не давала спакою, падштурхоўвала да дзіцячых сцежак, паланіла ўспамінамі… Ён вяртаецца на Радзіму, у матчын маёнтак.
У матуліным доме
Вяртанне ў матчын маёнтак — Русаковічы Цытвянскай воласці Ігуменскага павета Мінскай губерні — не толькі атуляла і сагравала яго светам і цяплом роднага котлішча, але і надавала ўсё новага і большага клопату яго няўрымслівай душы. Галоўнай жа была творчасць.
У Русаковічах і наваколлі (фальварках Бахаравічы, Ступня, Слабодка і Сосанка Дудзіцкай воласці, на беразе Сяргееўскага возера) створаны амаль усе яго графічныя і маляўнічыя палотны: «Могілкі ў Русаковічах», «Стары двор Русаковічы», «Дарога на Рудзенск», «Летні дзень у Русаковічах», «Куток у Польным», «Беларускія паляўнічыя», «Краябраз Палесся» і інш.
Важдаючыся з найкаштоўнейшымі рэчамі, з уласнай, непаўторнай калекцыі (а ў Вейсенгофа-збіральніка артэфакты і сапраўды былі ўнікальныя і, разам з тым, досыць звычаёвая ў традыцыйнай, сямейна-шляхецкай усёабдымнасці), пільнуючыся ў паляўнічым сакрэце, блукаючы са стрэльбай па балотах (а спадар Генрых быў і зацятым паляўнічым), ці стоячы пры мастакоўскім варштаце або прымаючы разам з дачкой Жазефінай гасцей, Генрых душой быў у заўтрашнім дні свайго краю.
Генрых Вейсенгоф не толькі маркоціўся пра будучыню краю, але і браў чын у тагачасных культурна-мастацкіх ініцыятывах — вечарынах, канцэртах, стварэнні кніг памяці, прысвечаных землякам: Міцкевічу, Манюшку, Сыракомлю і інш.
Мінск і яго культурнае жыццё
Пасля задушэння паўстання 1863 года мясцовай інтэлігенцыі было забаронена займаць адказныя адміністрацыйныя пасады. У лік ключавых ціхіх экспансіянісцкіх сродкаў улучылі маляванне (малюнак і колер здавён былі найістотнейшымі прыладамі кшталтавання адметнасці душы — фарміравання менталітэту), таму на выкладанне ў Беларусь запрашаліся мастакі з цэнтральных расійскіх губерняў. Наш край прыняў больш за 200 прафесійных выкладчыкаў малюнку з расійскіх школаў, у тым ліку каля 50 мастакоў з акадэмічнай адукацыяй (пра гэта сведчыць аналіз картак, складзеных С.Д. Палеесам (БДАМЛіМ ф. 382, воп. 1). Духоўная каланізацыя Беларусі праяўлялася ва ўсім, і перш за ўсё ў мастацтве ды культуры.
Так, у Мінску ў 1899 годзе з клопату афіцэра-артылерыста, мастака-баталіста А. Н. Папова, па ініцыятыве «Грамадства аматараў вытанчаных мастацтваў» была арганізаваная мастацкая выстава, што прапагандавала творчасць перасоўнікаў: І. Рэпіна, Ул. Макоўскага, М. Касаткіна і іншых карыфеяў рускага жывапісу. У 1902 годзе таксама ў Мінску тымі ж сіламі была зладжана экспазіцыя, на якой было паказана 200 твораў сучаснага мастацтва. Увогуле ж, здавалася б, у невялікім правінцыйным Мінску менш чым за першую чвэрць ХХ стагоддзя адбылося каля сотні выставаў.
Генрых Вейсенгоф удзельнічаў амаль ва ўсіх іх, у 1902 і ў наступныя 1903–1904 гадах. Сапраўдным жа бенефісам для яго стала аздабленне сельскагаспадарчай і рамесна-прамысловай выставы ў 1901 годзе ў Гарадскім садзе Мінска (зараз парк ім. Горкага). Апрача некалькіх сваіх палотнаў і эскізаў, якія ён даў у раздзел мастацтва, па замове Карла Чапскага, брата гарадскога галавы, ён выканаў праект дыплома выставы. Прадуманая кампазіцыйная будова ў адзінстве са сродкамі дакладна-рэалістычнага графічнага ўвасаблення прадставілі амаль поўную сацыяльную поліфанію тагачаснага грамадства. Менавіта працаўнік ля кавадла на тле вясковага краявіду, паляўнічы, касец і жняя, а яшчэ — коні, куры, каровы ды азёры і нетры лясныя з іхнімі жыхарамі.
Найбольш значнай па задуме стала выстава 1911 года, што адчынілася 11 сакавіка ў памяшканні польскага грамадскага клуба «Ognisko» на Саборнай плошчы, 4, у доме Ляхоўскага (зараз там месціцца кансерваторыя). Ініцыяваная яна была купкай мінскіх творцаў: скульптарам (сербам па нацыянальнасці) Яраславам Тышынскім, творцам з Полаччыны Вацлавам А. Бубноўскім (1865–1945), архітэктарам, скульптарам і літаратарам Атонам Краснапольскім (1877–1971). Ачоліў ініцыятыву мастак з Вішнева Фердынанд Рушчыц.
Удзел у гэтай выставе ўзялі 47 творцаў, якія паказалі 166 твораў жывапісу, графікі, скульптуры, арт-аб’ектаў і фотаграфікі. Апрача аўтараў з Беларусі (Я. Кругер, Л. Альпяровіч, Б. Адамовіч, Я. Булгак, З. Ленскі) удзельнічалі майстры з польскіх ды літоўскіх зямель (Я. Станіслаўскі, В. Прушкоўскі, С. Віткевіч, М. Чурлёніс, П. Калпокас, А. Жмуйдзінавічус, Ст. Богуш-Сестранцэвіч), украінскія мастакі (І. Ярэменка, Ю. Івашкевіча) і інш.
Генрых Вейсенгоф прадставіў тут сваю «знакавую» карціну «Прадчуванне» і некалькі бліскучых эцюдаў (Л. Дробаў). Выстава мела вялікі рэзананс у грамадстве і значную прэсу. На жаль, спробы пераўзысці гэтую падзею ці хоць бы замацаваць поспех (у красавіку 1912-га і мастацка-этнаграфічнай выставай 1913 года) поспеху не мелі.
1914 год
З пачаткам Першай сусветнай вайны Вейсенгоф зноў наведваў Варшаву. Аглядаючы тамтэйшае мастацкае жыццё і ўяўна адчуваючы павевы рускага авангарду і нямецкага сецэсіёну, ён як сябра таварыства мастакоў «Sztuka» (ад 1909 года), усё больш грунтоўна абапіраецца (як тэарэтычна, так і практычна) не на «фармізм», а на традыцыйную форматворчасць радзімы — рэалізм.
Ад таго часу (1916–1917) пачала складацца культурна-грамадская групоўка «Pro-Arte», якая гучна заявіла пра сябе ў красавіку 1921 года. Абавязкі старшыні групы Генрых Вейсенгоф выконваў да сваёй смерці ў 1922 годзе. «Выбар Вейсенгофа красамоўна адлюстраваў мастацкае крэда групы — развіццё рэалістычнай традыцыі, згодна з духам народа», — піша Наталля Маліноўская.
Вяртанне мастака і яго спадчыны
Мастацкая крытыка ва ўсе часы высока ацэньвала дасягненні Генрыха Вейсенгофа, падкрэслівала яго майстэрства ў адчуванні прыроды, а таксама лірызм і настраёвасць яго карцін. Творы Вейсенгофа экспанаваліся на Усебеларускай выставе 1925 года, і, нягледзячы на пасмяротную крытыку мастака Арона Касцялянскага («Вейсенгоф не ўяўляе ніякай каштоўнасці: у сваіх работах ён адлюстроўвае ідэалогію галоўным чынам чыноўнікаў і шляхты…»), былі паказаныя на выставе выяўленчага мастацтва БССР у Маскве ў 1940 годзе.
На эпахальнай выставе «Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі» творы Вейсенгофа не экспанаваліся. Прычына банальная — іх папросту няма. У Вільні, Варшаве, Кракаве ёсць, а ў Беларусі няма.
Хто ведае, куды дзеліся… расказваюць, нібыта ў маёнтку мастака, з якога зрабілі школу, адзін з твораў доўга валяўся ў кладоўцы, але потым быў разам з хламам і смеццем спалены падчас правядзення «ленінскага суботніка». Для вяртання твораў мастака ў Беларусь застаецца спадзеў не на дзяржаву, а на прыватных дабрадзеяў, якія збіраюць творы адзінкава, а не скупляюць агулам.
Патрэбна толькі цвярозае ўсведамленне Беларусі ды шчырая зацікаўленасць і неабыякавасць. Да прыкладу, адна з лепшых «знакавых» (для беларусаў) казачна прыгожая работа Генрыха Вейсенгофа «Вясна». З лаканічным, нешматслоўным і рэалістычна-характарыстычным сюжэтам, далёкая ад натуралістычнага капіявання работа стварае ёмісты вобраз працоўна-вясковага календара.
Аўтарская копія 1893 года славутага пейзажа «Снег» (1888 г.), філасафічная па ўнутраным сюжэце праца, была адзначана прэміяй на выставе ў Пецярбургу, а пазней прадстаўлена на выставе Таварыства заахвочвання выяўленчых мастацтваў «Zachеta». У 1900 годзе на выставе ў Парыжы палатно «Снег» было ўганаравана срэбраным медалём.
5 снежня 2004 года адзін з аўкцыённых дамоў Варшавы атрымаў за гэтую карціну 53 124 USD пры стартавым кошце 20 170 USD.