Заходнебеларуская мафія. Вучань Аль Капонэ
Вільня — неафіцыйная сталіца Заходняй Беларусі ў міжваеннае дваццацігоддзе — была адным з найбольш небяспечных крымінагенных месцаў Другой Рэчы Паспалітай.
Патаемны знак — два кольцы, якім злачынцы папярэджвалі сваіх: у доме няма чаго браць
У артыкуле «Вялікія камбінатары з Заходняй Беларусі» я ўжо расказваў пра дзейнасць рознага кшталту аферыстаў, ашуканцаў і проста не чыстых на руку людзей, якія пражывалі на тэрыторыі Віленскага, Навагрудскага і Палескага ваяводстваў міжваеннай Польшчы. Але гэта не ідзе ў параўнанне з маштабамі злачыннай дзейнасці, якую разгарнула ў міжваеннае дваццацігоддзе віленская мафія. У 1920–1930-я гады злачынцы са старажытнай сталіцы былога Вялікага Княства Літоўскага прымушалі літаральна хадзіць на вушах польскую дзяржаўную паліцыю.
Вільня, 1930-я гады
За царскім часам
Пачыналася гісторыя заходнебеларускай мафіі яшчэ ў Расійскай імперыі, калі ў студзені 1911 года два сябрукі Сашка Ліхтштэйн і Арон Войцік стварылі арганізацыю, кшталту прафсаюза злачынцаў. Планавалася, што гэтая структура будзе дапамагаць сябрам шаек у «цяжкіх» сітуацыях. Але ўжо ў 1913 годзе «Bruderferajn» (братэрскі саюз — ідыш), як называлася таямнічая арганізацыя, ператварылася ў моцную мафіёзную структуру, якая кантралявала дзейнасць злачынцаў не толькі ў Вільні, але і ў іншых гарадах і мястэчках Паўночна-Заходняга краю Расійскай імперыі.
Агульная каса саюза называлася знаёмым па сучасных расійскіх крымінальных серыялах словам «абшчак». Грошы атрымлівалі не толькі з нападаў на крамы і рэстараны, але і з выкупаў за скрадзеных людзей. Дзеля дасягнення сваіх мэтаў віленскія злачынцы не спыняліся ні перад чым, выкарыстоўваючы не толькі агнястрэльную зброю, але і выбухоўку.
Вільня. Дагляд паліцэйскімі падазронага на вуліцы, 1930-я гады
Пасля пачатку Першай сусветнай вайны з Вільні пачалі з’язджаць багатыя прадпрымальнікі. Ад аднаго з іх злачынцы пачалі вымагаць тры тысячы залатых рублёў. Такім, па іх меркаванні, быў кошт магчымасці выехаць далей ад фронту. Але прадпрымальнік не пажадаў плаціць і заявіў у паліцыю. Праца органаў расійскага правапарадку ў гэты час была паралізаваная. Затрымаць злачынцаў не ўдалося. Але тыя замініравалі дом прадпрымальніка, які не жадаў плаціць, і ўзарвалі яго. Бізнэсовец і яго сын былі цяжка параненыя. Убачыўшы гэта, іншыя заможныя жыхары Вільні не спрачаліся з «Bruderferajn» і плацілі столькі, колькі ад іх патрабавала віленская мафія.
Вільня, пачатак 1930-х гадоў
Супрацьстаянне з польскай паліцыяй
З 1915 па 1918 гады Вільня знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. Пазней улада ў горадзе змянялася некалькі разоў, пакуль у 1922 годзе старажытная сталіца ВКЛ не ўвайшла ў склад Другой Рэчы Паспалітай. У 1925 годзе было створана Віленскае ваяводства. Увесь гэты час «браткі» з Вільні займаліся звыклай для іх дзейнасцю. У гэты момант у «Bruderferajn» уваходзіла каля 1000 злачынцаў з усёй Заходняй Беларусі. Менавіта ў гэты час у польскі крымінальны лексікон з рускай мовы перайшлі паняцці «блатны» і «вор у законе», якіх да гэтага ў Еўропе не было. Польскія каранаваныя злодзеі, хоць і жылі ўжо ў іншай дзяржаве, працягвалі карыстацца ў прамым і пераносным сэнсе паняццямі, распаўсюджанымі ў Расійскай імперыі. Адзінай адметнасцю было тое, што ў адрозненні ад калег з усходу, польскія злодзеі маглі працаваць і мець свой бізнэс.
Польскія паліцэйскія, 1932 год
Хутка была створана канцылярыя «Bruderferajn», якую ўзначальваў усё той жа Сашка Ліхтштэйн, які зараз карыстаўся псеўданімам Хана Бобкес. У распараджэнні віленскіх «браткоў» была падрабязная картатэка ўсіх багатых прадпрымальнікаў ваяводства, вяліся бухгалтарскія кнігі. Грашовыя сродкі трымаліся ў спецыяльным сейфе. У «абшчак» ішлі не толькі грошы ад выкупаў, але і працэнт ад кожнага ўдалага злачынства. Гаворка ішла пра фантастычныя сумы. З гэтых сродкаў у выпадку арышту чальцоў шаек іх сем’ям выплачвалася грашовая дапамога. Акрамя гэтага, з «абшчака» браліся грошы на хабары для паліцыі і прадстаўнікоў юстыцыі, а таксама падтрымліваліся вязні ў турмах.
Той жа бандыцкі знак — два кольцы: у доме няма чаго браць
У сярэдзіне 1920-х гадоў адмысловы мафіёзны суд, які дзейнічаў у нетрах «Bruderferajn», прысудзіў да смерці аднаго са злодзеяў, якога звалі Элька Гурвіч. Гэты чалавек адмовіўся гуляць па правілах віленскай «братвы» і за гэта быў забіты. Паплечнікі забітага вырашылі адпомсціць віленскай мафіі і злілі інфармацыю пра яе супрацоўнікам дзяржаўнай паліцыі.
У ананімных лістах, дасланых у органы правапарадку, апісвалася структура злачыннай арганізацыі, а галоўнае — яе планы. Хутка ўсё кіраўніцтва «Bruderferajn» было арыштавана. У 1924 годзе адбыўся суд, аднак Сашка Ліхтштэйн і Арон Войцік атрымалі ўсяго па некалькі гадоў зняволення. У ход пайшоў прыхаваны «абшчак», на грошы з якога ўдалося наняць добрых адвакатаў.
Адна з аб'яў пра пошук злачынцаў, 1930-я гады
Выйшаўшы на свабоду ў пачатку 1930-х гадоў, салодкая парачка пачала помсціць тым, хто іх здаў паліцыі. У лютым 1932 года на чале новай банды «Залаты штандар», якая з’явілася на руінах «Bruderferajn», стаў выхадзец з Валожына Зеліг Левінсан. Злачынцы ажыццяўлялі напады на польскія банкі, Касы Стэфчыка, паштовыя вагоны польскай чыгункі на тэрыторыі ўсёй Заходняй Беларусі.
Сын уладальніка ламбарда Лейбовіча пасля вызвалення за выкуп з бандыцкага палону, 1932 год
Нарэшце, «Залаты штандар» выкраў 8-гадовага сына аднаго з найбольш багатых жыхароў Вільні, уласніка ламбарду «Крэсовія» па прозвішчы Лейбовіч. Зеліг Левінсан запатрабаваў за жыццё хлопца 14 тысяч злотых. Гэта была вельмі значная сума, але бацька скрадзенага сабраў грошы. Навіна пра кіднэпінг паставіла на вушы ўсю Польшчу. Паліцыя працавала і днём і ноччу. І тут зноў важную ролю згуляла канкурэнцыя сярод злачынцаў. Паліцыя атрымала ананімны ліст, у якім пазначалася, хто адказвае за кіднэпінг. Хутка шайка была разбітая, а яе чальцы арыштаваныя.
Сябра Аль Капонэ
Ужо падчас следства высветліліся вельмі цікавыя падрабязнасці. Аказалася, што ідэю скрасці сына багатага бізнэсоўца віленскай братве падкінуў Берэк Кравец, што прыехаў са Злучаных Штатаў. У свой час гэты чалавек быў членам «Bruderferajn». Пазней эміграваў у Чыкага і хутка ўступіў у мафію знакамітага Аль Капонэ. Легенда амерыканскіх гангстэраў адразу разглядзеў у маладым чалавеку, які прыехаў з Заходняй Беларусі, сапраўднага генія, здольнага да распрацоўкі вельмі ўдалых злачынных схем.
Ператрус падчас паліцэйскай аблавы, 1920-я гады
Калі паліцыя ЗША трапіла на след банды Капонэ, Кравец вырашыў вярнуцца ў Вільню. Досвед, атрыманы за акіянам, злачынца паспрабаваў прымяніць дома. Аднак банда, якую кансультаваў «амерыканец», была разбітая, а самога эмігранта абвясцілі ў вышук. Спачатку Кравец хаваўся ў вёсцы пад Пінскам, пазней перабраўся ў Заходнюю Украіну. Там ён пераапрануўся ў парадны мундзір ротмістра 12-га палка падольскіх уланаў Войска Польскага і такім чынам уратаваўся падчас праверкі дакументаў.
Праверка дакументаў
Супрацоўнікі дзяржаўнай паліцыі пастаянна рабілі аблавы і дзяжурылі ў партах і на чыгуначных вакзалах. Пра Берэка Краўца быў праінфармаваны Корпус аховы памежжа і «Страж памежны». У Роўна «амерыканец» пераапрануўся ў рамізніка і спакойна ездзіў на двухколцы, нягледзячы на тое, што паліцыя правярала дакументы амаль у кожнага мужчыны на вуліцы.
Кравец разумеў, што яму трэба хутчэй пакінуць тэрыторыю Польшчы. У Крамянцы госць з ЗША апрануўся ў скрадзены мундзір старшага патрэрунковага дзяржаўнай паліцыі і нават удзельнічаў у аблаве… на самога сябе. Нарэшце ў Станіслававе паліцыя атрымала інфармацыю пра тое, у якім раёне знаходзіцца злачынца, і блакіравала ўсе выхады з яго. Але і гэта не дапамагло. Кравец схаваўся ў адной з трун, якія перавозілі са сталярнай майстэрні, і праехаў незаўважаны праз паліцэйскае ачапленне. Праз Карпаты гангстэр перабраўся ў Румынію, а адтуль у ЗША. На гэтым сляды Берэка Краўца губляюцца.
На адной з палескіх дарог
Другая Сусветная вайна перакроіла мапу Еўропы і змяніла лёсы яе жыхароў. Шмат з былых польскіх злачынцаў змагаліся супраць нацыстаў у партызанскіх атрадах. Іншыя, як, напрыклад, Зеліг Левінсан, сталі ахвярамі халакосту. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР, шмат з польскіх злачынцаў былі пераведзены з былых польскіх турмаў у распараджэнне Мінскага НКУС і ўтрымліваліся ў Валадарцы. У рускай блатной іерархіі нават з’явілася катэгорыя «польскі вор», але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.