«Атрымліваецца, на людзей пас...ць?» — «Калі казаць праўду, то так і ёсць»

Феерычным атрымаўся батл спартсменаў Алены Леўчанка і Максіма Недасекава ў прамым эфіры.

Фота TUT.BY

Фота TUT.BY

Сёння ў беларускім спорце адбылося тое, што цяжка ўявіць у нейкай іншай сферы і тым больш у эфіры цэнтральнага тэлебачання. Вядомыя спартсмены — баскетбалістка Алена Леўчанка і лёгкаатлет Максім Недасекаў — правялі палітычныя дэбаты на тэму апошніх падзей у краіне.

Падтэкст шукаць не трэба — ён відавочны. Удзельнікі дыскусіі, якая працягвалася больш за гадзіну, належаць да розных лагераў. Леўчанка — актывістка Свабоднага аб’яднання спартсменаў, якія выступаюць за новыя сумленныя выбары і прыпыненне гвалту. Недасекаў — прыкметны прыхільнік дзеючай улады, чаго не хавае ў сваіх інтэрв’ю і іншых публічных выказваннях.

Адпраўной кропкай дэбатаў сталі два адкрытыя лісты. Першы — той, што напісалі спартсмены пратэсту, другі — зварот, які ў якасці алаверды прагучаў ад праўладных атлетаў. Цытаваць не будзем, гісторыі гэта гучныя, сталыя чытачы «НЧ» пра іх ведаюць і іх памятаюць. Зрэшты асвяжыць у памяці можна па спасылках (тут і тут).

Ініцыявала палеміку Алена Леўчанка. У аўторак, узрушаная чарговым выступам Недасекава ў медыя, баскетбалістка кінула яму пальчатку ў сацсетках: «Паглядзела ваша інтэрв'ю, дзе вы кажаце пра ліст свабодных спартсменаў. Не згодная, як вы трактуеце наш зварот. Кажаце пра падзел і шмат іншых рэчаў, якія хацела б абмеркаваць. Прапаную пагутарыць у прамым эфіры ў Instagram ў любы зручны для вас час, каб рассеяць ўсе пытанні, звязаныя са свабодным лістом спартсменаў. Лічу, так будзе правільна і сумленна. Спорт адзіны і ў ім няма падзелаў. Бо так? Чакаю вашага адказу».

Максім Недасекаў выклік прыняў. «Канешне, пагаворым, — напісаў ён у адказ. — Мяркую, гэта быдзе самым правільным выбарам».

І вось дэбаты адбыліся — сёння ў акаўнце Леўчанкі ў Instagram. Адразу заўважым, што сувязь была кепскай і размова некалькі разоў перарывалася. Але асноўнае, што пачулі гледачы (іх у анлайне, здаралася, было 2000+), перадае «НЧ». Хто прамаўляў больш пераканаўча, чыя пазіцыя вам бліжэй і ўвогуле за кім засталася перамога — вырашаць вам.

levchenko.jpg

Алена Леўчанка (далей – Л.): Хачу разгледзець два лісты. Я гавару ад імя Свабоднага аб'яднання спартменаў, ты — увасабляеш зварот. Скажы, ты чытаў наш ліст цалкам?

Недасекаў (далей – Н.): Вядома.

Л: У пункце 6 мы заклікаем аказаць медыцынскую, псіхалагічную і іншую дапамогу ўсім пацярпелым ад сілавікоў. І допіс: калі спартоўцы будуць рэпрэсаваныя, то будуць дзейнічаць салідарна аж да магчымай адмовы ад выступу за нацыянальныя зборныя. То бок «магчымай адмовы» — гэта сам спартсмен будзе вырашаць. А ты нядаўна быў на тэлебачанні і сказаў, маўляў, у нашым лісце прапісана, што спартсмены адмовяцца выступаць за цяперашнюю ўладу і пад цяперашнім сцягам. Дзе ты ўбачыў пра сцяг?

Н: Тлумачу. Ваш апошні пункт мае на ўвазе, што спартсмены будуць салідарныя і не будуць выступаць за краіну.

Л: Дзе ты бачыш, што не будуць пад сцягам?

Н: Але да гэтага ліст вядзе, праўда?

Л: Яшчэ раз — гэта будзе рашэнне кожнага спарстмена. Там не напісана, што калі падпішаш, то адмовішся ад зборнай.

Н: Я так разумею, што дакладна не будзеш выступаць. Нездарма ж людзей звальняюць за ліст. Тады чаму?

Л: Гэта трэба спытаць у дзяржавы... Пры гэтым глядзі: ты ідзеш на ТБ і кажаш пра адмову ад выступаў пад гэтым сцягам. І, маўляў, што людзі якія падпісалі, усё роўна паехаі і выступілі.

Добра, скажы, выбары 9 жніўня былі сфальсіфікаваныя?

Н: Мне здаецца, што выбары былі правільна зробленыя. Гэта асабіста маё меркаванне.

Л: Як ты ставішся да гвалту, які пачаўся пасля выбараў?

Н: Гвалт, мне здаецца, ні адзін чалавек не падтрымлівае. Я падтрымліваю Лукашэнку як прэзідента. А гвалт…

Л: Чаму ён адбываецца? Бо гэта следства, а прычына якая?

Н: Прычына — гэта пытанне да людзей, якія разбіраюцца. Я ў гэтым не разбіраюся.

Л: Вось я была рэпрэсаваная, адседзела ў турме. З-за чаго, чаму?

Н: Тады ты і раскажы, калі ласка, з-за чаго і чаму.

Л: Ну а што распавядаць? Я спала на жалезных бэльках, ваду адключылі ... Ты не чытаў? Ну добра. Ты сказаў, што падтрымліваеш Лукашэнку.

Н: Так. Але чаму, калі я падтрымліваю Лукашэнку, то я адразу падтрымліваю гвалт?

Л: Дык адкуль тады гвалт? Хто здзекуецца над людзьмі? 30 тысяч патрапілі пад рэпрэсіі, пасаджаны ў турму.

Н: Разумееш, мне 22 гады і я не палітык. Проста разважаю. Так яно заўсёды і бывае. У большасці краін, калі пачынаюцца праблемы вакол улады, такое і адбываецца. Гэтак жа садзяць людзей, зачышчаюць. Палітзняволеныя. Яны ёсць не толькі ў нашай краіне. У большасці краін на самай справе.

Л: Так, у краінах, дзе дыктатура і няма свабоды слова, і няма дэмакратыі.

Н: Чаму няма свабоды слова? Кожны ж выказваецца.

Л: Элементарна. Людзі вешаюць сцягі, майткі розных колераў — іх за гэта штрафуюць і садзяць у турму. Ты гэта называеш свабодай слова, свабодай меркаванняў? Чаму так адбываецца?

Н: Гэтага я табе дакладна не магу сказаць. Гэтага я не ведаю.

Фота БЕЛТА

Фота БЕЛТА

Л: А гэта вельмі важна. Ты сказаў, што табе 22 і ты не разбіраешся. Але ты ідзеш на ТБ і каментуеш, выказваеш сваё меркаванне. Ты не дзіця. На чым тваё меркаванне грунтуецца? На фактах? Ведах?

Н: Калі казаць аб вашым лісце, то на шостым пункце. Я яго зразумеў так, што калі ты падпісаў гэты вольны зварот, то не павінен выступаць за зборную.

Л: Ты некарэктна гэта трактуеш. Наш ліст у вольным доступе — дзе там напісана, што мы не хочам выступлення пад сцягам?

Н: Слова «салідарна» я так зразумеў.

Л: Там сказана аб «магчымай» адмове — пра сцяг нічога. Мне важна, каб ты і твае калегі ўбачылі, што тое, што вы кажаце, — гэта няпраўда. Усё ж выразна прапісана. Атрымліваецца, я табе паказваю два пальцы, а ты бачыш адзін.

Н: Ну што мы пачынаем цяпер? Мы ж хочам спакойна пагаварыць.

Л: Я проста не магу зразумець. Вы дадумваеце тое, чаго там няма.

Н: Ведаеш, калісьці ў нас быў сход спартсменаў. Прыязджаў намеснік міністра да нас на Каліноўскага (у РЦАП па лёгкай атлетыцы — НЧ). Прысутнічалі людзі, якія падпісалі ваш ліст, — нашага тады яшчэ не было. І калі мой трэнер ўстае і кажа сваё меркаванне, адрознае ад вашага ... Яго адразу пачынаюць высмейваць. Чаму калі маё меркаванне не сугучна з вашым лістом, такое адбываецца? Чаму ўсе павінны паважаць толькі адно меркаванне? Таму для мяне гэты ваш шосты пункт аказваецца такім.

Л: Ты перакладаеш па-свойму. Я сяджу ў жывым эфіры, зачытваю, тлумачу, што няма нічога пра сцяг. І табе ўсё роўна, вам хочацца бачыць так, што там пра сцяг, хоць мы дэталёва ўсё разабралі

Н: Добра, Лена, калі ўсё так, як ты кажаш, то я памяняю сваё меркаванне. Мы ж спакойна размаўляем. Але я менавіта так зразумеў. Падпісаў — абавязаны адмовіцца ад зборнай.

Л: Тады ў будучыні, калі будзеш даваць інтэрв'ю, калі ласка, улічвай гэта.

Н: Вядома. Таму што ты паважаны чалавек. Я паважаю цябе як асобу. Прыемна з табой пазнаёміцца і пагутарыць ўжывую.

lev_insta.jpg

Л: Цяпер давай пра ваш ліст. Аб чым ён?

Н: Сцісла аб тым, што спартсмены па-за палітыкай. Не трэба ўступаць у палітычныя дыскусіі і ўсё такое. Груба кажучы, пра гэта. Спартсмены хочуць падрыхтавацца да спаборніцтваў, да Алімпіяды і гэтак далей.

Л: І вы пішаце, што ваш голас — гэта «голас сапраўднай спартыўнай супольнасці». Хіба я, Андрэй Краўчанка, Вольга Мазуронак і іншыя атлеты — яны не сапраўдныя?

Н: Глядзі. Людзі, якія ваш ліст напісалі... Магло быць таксама гэта прапісана. Але сапраўдныя — гэта дзеючыя.

Л: У нас ёсць дзеючыя. Я дзеючая, Краўчанка...

Н: Я не кажу, што ў вас кар'еры блізкія да заходу, але…

Л: Ты сказаў у інтэрв'ю, што наш ліст падпісалі былыя.

Н: Так, у вас шмат хто заканчвае. З тых, якія знакамітыя

Л: Гэта няпраўда. І тады лепш растлумач як пад вашым лістом з'яўляюцца подпісы непаўналетніх? Ці людзей з грамадзянствам іншых краін? Ці ўвогуле тых, хто ліст не падпісваў?

Н: Я не ведаю. Вось гэтага не ведаю. Я не прысутнічаў. Падпісваў сам за сябе. І я ведаю, за што. Я хачу працягваць удзел у спаборніцтвах, падрыхтоўку, выступаць пад гэтым сцягам. Для мяне як для спартсмена, які толькі пачаў кар'еру, менавіта гэта важна. Выдатна сябе адчуваю пад гэтымі сцягам і гімнам, не раз падымаўся на п'едэстал. Я наогул не хачу выступаць пад нейтральным сцягам.

Л: Чаму са сваім лістом вы толькі цяпер спахапіліся — праз чатыры месяцы?

Н: Таму што пайшло проста падзяленне. Вось гэты выпадак, які я апісаў, людзі пачалі падзяляцца. І не паважаць меркаванне іншага чалавека. Вось як ты ставішся да людзей, якія мне напісалі шмат бруду ў каментарах?

Л: А мне ведаеш, колькі льецца з таго боку?

Н: Ну вось як ты да гэтага ставішся?

Л: Я ведаю, на чыім баку праўда. Я сядзела ў турме. З мяне здзекаваліся, разумееш? А што нехта піша лухту... Я ведаю, колькі прайшло праз турмы, былі збітыя... І гэтых людзей таксама садзяць за меркаванне.

Н: Дык у чым мая праблема? Не займацца спортам і пачаць кагосьці падтрымліваць?

Л: Элементарна не даюць людзям сваё меркаванне выказваць. А гэта называецца парушэнне правоў чалавека.

Н: Чаму не даюць выказваць? Я ж выказваю.

Л: Іншыя выказваюць і іх садзяць у турму. Як ты гэта патлумачыш?

Н: Як я магу, калі я ў гэтым не разбіраюся? Якім чынам?

Л: Людзі выходзяць на мірны пратэст і аказваюцца за кратамі.

Н: Чаму, растлумач, пратэсты называюцца мірнымі, калі там кідаюцца камянямі, плююцца?

Л: Ты быў на маршах?

М: Не, вядома. Толькі на «беларускі» (праўладны — НЧ.) адзін раз схадзіў.

Л: Я была на ўсіх маршах. І магу табе шчыра сказаць... Наогул адкуль ты ўзяў пра камяні?

Н: У Інтэрнэце. Як і вы.

Л: Маршы не мірныя, па-твойму?

Н: Вядома.

Л: Я таксама гляджу Інтэрнэт. І я не бачыла, каб людзі збівалі міліцыю і АМАП.

Н: Я магу знайсці і табе скінуць.

Л: Скінь. І я табе скіну — кадры, на якіх міліцыя і АМАП збіваюць людзей. Як людзі падвяргаліся на Акрэсціна катаванням і потым выходзілі адтуль. Бачыў гэтыя фота?

Н: Шмат фатаграфій фэйкавыя.

Л: Ты бачыў?

Н: Так. Але шмат фейкаў. Ці ўсё праўда?

Л: А калі нават адна сапраўдная фатаграфія. Што думаеш аб такім у цэнтры Еўропы?

Н: Бывае ж, што людзей у турме збіваюць.

Л: Так павінна быць?

Н: Па сутнасці, не, але ў любой турме — у Беларусі, не ў Беларусі — там жа збіваюць, пагадзіся. Так не павінна быць, але ты з гэтым нічога не зробіш.

Л: Можна зрабіць, але калі ты падтрымліваеш уладу, якая дапускае гэта... Яно не адбываецца само.

Н: У любой турме збіваюць. Інтэрв'ю з розных краін паглядзіце. З любым, хто адсядзеў — у Расіі, Амерыцы. Там не збіваюць?

Л: Але ў нас масавае збіццё і здзекі. Чаму я 13 сутак спала на бэльках?

Н: Адкуль я ведаю.

Фота pressball.by

Фота pressball.by

Л: Я да чаго вяду. У нас адбываецца гвалт, парушэнне правоў чалавека. Але ты падтрымліваеш уладу. Значыць, гэта само па сабе, а ўлада ні пры чым?

Н: Чаму ні пры чым? Усюды ёсць людзі, хто мае рацыю і не мае рацыю. Давай я табе задам пытанне. Як лічыш, усе людзі, якія ўдзельнічаюць у мірных маршах, паводзяць сябе правільна і правільна кажуць?

Л: Так.

Н: А я так не лічу. Некаторыя не паводзяць сябе правільна. У вас быццам усё правільна.

Л: Так, ёсць шмат правакатараў. Але як ты можаш каментаваць? Цябе ж там не было. Дарэчы, што думаеш, калі АМАП жорстка збівае людзей?

Н: Ну, правакуюць ж на гэта, правільна?

Л: Ты ў гэтым бачыш апраўданне?

Н: Ні ў якім разе.

Л: Ёсць шмат відэа, калі чалавек стаіць і яго проста хапаюць. Чаму?

Н: Ну, значыць, ёсць за што, калі хапаюць.

Л: Людзі ехалі роварах — іх валілі на зямлю, збівалі. Такое было яшчэ да выбараў.

Н: Гэта не нармальна, але такое ёсць усюды. З гэтым нельга нічога зрабіць.

Л: ААН зафіксавала 500 выпадкаў катаванняў…

Н: Нават нічога не магу сказаць. Я не чытаў пра гэта. Трэба разабрацца.

Л: І нуль крымінальных спраў..

Н: А як быць, калі людзі блакуюць дарогі? Я аднойчы ехаў на машыне — заблакавалі. Непрыемна, хочацца шмат чаго зрабіць у адказ. Гэта ж ненармальна.

Л: І таму ні адной крымінальнай справы?

Н: Не, пра гэта я не магу даць адказ.

Л: Брат Домрачавай быў збіты. Што ты думаеш?

Н: Якая розніца, хто чый брат?

Л: Адкуль такая жорсткасць?

Н: Ну, як збіты. Я гэта не заходжу і не гляджу.

Л: А чым ты жывеш?

Н: Я жыву спортам. І тымі людзьмі, якія мной кіруюць і вядуць мяне ў правільнае рэчышча.

Л: І цябе не хвалюе, што адбываецца з людзьмі і з краінай, у якой ты жывеш?

Н: А людзей не хвалюе тое, чым я займаюся. Чаму мяне павінна хваляваць тое, што адбываецца з людзьмі?

Л: Але ўсё, што ў цябе ёсць, гэта ад людзей — ад падаткаплацельшчыкаў.

Н: Я таксама плачу падаткі, у чым пытанне?

Л: Ты атрымліваеш стыпендыю, ездзіш на зборы, табе камфортна. Гэта ўсё ад людзей. На Алімпіядзе каго ты будзеш прадстаўляць? Сцяг і гімн ці народ?

Н: Сцяг і гімн адназначна.

Л: Не народ?

Н: Я буду прадстаўляць тых людзей, хто мяне рыхтаваў да спаборніцтваў. Прычым тут астатнія людзі, якія не прымалі ўдзелу ў гэтым?

Л: А тыя, хто заўзее за цябе? Напляваць на іх?

Н: Чаму? Ёсць пэўнае кола людзей, якія мяне падтрымліваюць. Которыя стаяць вышэй, чым я, займаюць пасады. І вядуць мяне ў спорце да пэўных дасягненняў. За гэтых людзей я буду выступаць, вось так.

Л: Але не для народа?

Н: Калі ім усё роўна маё меркаванне, калі ім моташна ад майго меркавання, чаму я павінен іх прадстаўляць? Не.

Л: Ты пацвярджаеш, што гвалт ёсць?

Н: Так, яно ж відаць.

Л: Чаму пра гэта не кажуць па ТБ?

Н: Не ведаю. Спытай, напішы туды. Я не магу сказаць.

Л: Калі ўявіць, што аднойчы, калі пройдзе час, увесь гвалт апынецца праўдай, ты працягнеш падтрымліваць уладу?

Н: Ну, калі я зараз падтрымліваю, чаму не падтрымліваць потым?

Л: Пацвердзяцца гвалт, катаванні і гэтак далей..

Н: Вядома! Я займаюся спортам. Да гэтага мне не тое што няма ніякай справы, але я займаюся спортам, іду па сваёй дарозе…

Л: Табе напляваць на тое, што адбываецца? І ўладу ты працягнеш падтрымліваць? Скажы, адкуль катаванні?

Н: Адкуль я ведаю? Ты мне задаеш такія пытанні, ты падрыхтавалася…

Л: Я проста сачу за тым, што адбываецца ў маёй роднай краіне.

Н: А я не сачу за гэтым. Я сачу за тым, каб мне нармальна падрыхтавацца да спаборніцтваў.

Л: Такое пытанне. Расстаў прыярытэты, чалавек у першую чаргу хто — асоба або спартсмен?

Н: Для мяне? Асоба на першым месцы. Потым ужо спартсмен.

Л: Я рада гэта пачуць. Але тады незразумела, калі ты асоба, чаму цябе не хвалююць людзі Беларусі.

Н: Мяне хвалююць тыя людзі, якія займаюцца мной і спортам. Каб я падрыхтаваўся да Гульняў. Ты ўдзельнічала ў Алімпіядзе і дабілася шмат чаго. Ты вялікая разумніца. Але мне таксама трэба гэтага трэба дамагчыся. І ў мяне ёсць шанцы.

Л: Але заставацца асобай важней? Ты кажаш пра Алімпіяду. Цяпер з-за каронавіруса трыбуны пустыя...

Н: Вядома, дрэнна выступаць без гледачоў.

Л: Але гледачы — гэта тыя ж людзі, якіх цяпер катуюць. Яны таксама ходзяць на спаборніцтвы.

Н: Навошта ім мяне падтрымліваць, калі яны мяне не паважаюць за маё меркаванне?

Л: Атрымліваецца, на іх пас...ць?

Н: Магчыма, так. Калі казаць праўду, то так і ёсць.

Л: Ты згодны з тым, што Андрэй Краўчанка, Вольга Мазуронак, Дар'я Барысевіч, Святлана Кудзеліч былі звольненыя за сваё меркаванне?

Н: Звольнілі адкуль? Тыпу са зборнай? Некаторыя там нават не лічыліся.

Л: Я табе назвала прозвішчы. Ім не працягнулі кантракты.

Н: Яны вырашылі пайсці па іншаму шляху. Вырашылі выказвацца. Ты сама разумееш. Ты выводзіш на такія... на дурацкія, я б сказаў, пытанні. Якія трохі недарэчныя.

Л: А што тут недарэчнага? Чаму людзей прыбралі?

Н: Спытай у кіраўніцтва.

Л: А тваё меркаванне?

Н: З імі так паступілі за тое, што выказаліся супраць улады, так жа?

Л: Значыць, яны не маюць права мець сваё меркаванне?

Н: Маюць права, але чалавек, які трэніруецца ў нацыянальнай камандзе і ідзе супраць свайго... Калі ідзеш супраць свайго, то цябе і звольнілі.

Л: Атрымліваецца, ты павінен заткнуцца і маўчаць?

М: Ты не павінен. Ты выказаў сваё меркаванне, калі ласка. І вось табе вынік.

Л: Гэта няправільна. Канстытуцыя гарантуе свабоду меркаванняў.

Н: Так чалавек яго выказаў, правільна?

Л: Чаму яго рэпрэсуюць за гэта?

Н: Пытайся ў палітыкаў, напэўна. Што я табе павінен адказаць? Калі звольнілі, значыць, было за што, правільна? Мне вось тут трэнер падказвае, што яны самі звольніліся. Разумееш, я ў гэтым не разбіраўся.

Л: Алімпійская хартыя таксама адстойвае свабоду меркаванняў. За гэта МАК наклаў санкцыі на Нацыянальны алімпійскі камітэт.

(Голас трэнера Недасекава за кадрам: «Заканчвайце ўжо гэтую балду!»)

Н: Глядзі, я цікаўлюся тым, што мне цікава. Навошта мне цікавіцца іншымі, калі мне гэта не цікава?

Л: Ты не ведаеш пра санкцыі МАК?

Н: Мяне гэта не тычыцца.

(Голас трэнера за кадрам: «Яго датычацца трэніроўкі!»)

Л: Добра, давай заканчваць. Дзякуй вялікі за размову. Напэўна, многія для сябе нешта пачулі. Мы заўсёды гатовыя да дыялогу. Думаю, гэта не апошнія зносіны спартсменаў з абодвух бакоў. Удачы, здароўя, усяго самага найлепшага.

Н: Так, трэба заканчваць, а то мяне і так заб'юць ужо трэнеры. З надыходзячым Новым годам, Лена, усяго табе добрага.