Не кожны сцяг на вакне — гэта пікет. МУС пра БЧБ-сімволіку, умовы на Акрэсціна і затрыманні журналістаў
Бел-чырвона-белы сцяг на вакне лічыцца пікетам, а чырвона-зялёны — не. У месцах утрымання правапарушальнікаў антысанітарыі няма. Журналістаў, якія працуюць на акцыях, затрымліваюць, таму што «ёсць парушэнні». Намеснік міністра ўнутраных спраў Юры Назарэнка адказаў TUT.BY на актуальныя пытанні ў час прамой тэлефоннай лініі.
Што са сцягамі на вокнах і балконах?
У лістападзе беларусаў сталі масава караць за вывешаныя сцягі на ўнутраным боку вокнаў і лоджый. Напрыклад, жыхар Новай Баравой Арцём за вывешанае на лоджыі бел-чырвона-белае палатно атрымаў 20 базавых велічынь штрафу. Суд палічыў гэта правапарушэннем па артыкуле 23.34 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). У Мінскім раёне вісеўшы ўнутры балкона сцяг таксама прызналі «адзінкавым пікетам без дазволу Мінрайвыканкама» - і прысудзілі яго ўладальніку такі ж штраф. Мінчуку Дзмітрыю Кабанаву за сцяг на балконе далі 7 «сутак».
Намеснік начальніка Першамайскага РУУС Мінска Сяргей Арцёменка афіцыйна заявіў, што вывешванне сцягоў бел-чырвона-белай расфарбоўкі для публічнай дэманстрацыі расцэньваецца як пікет.
Але, напрыклад, у кастрычніку была гісторыя, калі жыхарка Віцебска звярнулася да мясцовых органаў улады за дазволам на пікет на ўласным балконе. У адказе адміністрацыі Першамайскага раёну Віцебску гаворыцца, што лоджыя «не належыць да грамадскіх месцаў», адпаведна, не падпадае пад дзеянне Закона «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь». Значыць, і дазвол на яго правядзенне не патрабуецца.
Вось як неадназначную сітуацыю са сцягамі на балконах і вокнах каментуе намеснік міністра ўнутраных спраў Юры Назарэнка.
- Цяпер шмат неразумення датычна сімволікі на лоджыях і вокнах. За яе людзей затрымліваюць, даюць штрафы або «суткі». Ці можаце патлумачыць, чаму гэтая сімволіка выклікае пытанні, калі людзі вывешваюць яе ў сябе дома?
- У адпаведнасці з законам аб масавых мерапрыемствах Рэспублікі Беларусь любое публічнае выказванне грамадзянінам альбо групай грамадзян грамадска-палітычных, групавых, iншых iнтарэсаў або пратэсту без шэсця, у тым ліку шляхам галадоўкі па якіх-небудзь праблемах, з выкарыстаннем альбо без выкарыстання плакатаў, транспарантаў, іншых сродкаў, з'яўляецца пікетаваннем. У адпаведнасці з артыкулам 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях - з'яўляецца парушэннем устаноўленага парадку правядзення сходу, мітынгу, вулічнага шэсця, адпаведна, цягне штраф у памеры да 30 базавых велічыняў альбо адміністрацыйны арышт.
- Але ў той жа час людзі адпраўлялі запыты ў мясцовыя адміністрацыі, каб атрымаць дазвол на правядзенне пікету. Там ім казалі, што лоджыя не адносіцца да грамадскіх месцаў.
- Такое я пакуль не гатовы далажыць.
- Былі выпадкі зваротаў у Мінску і Віцебску. І былі адмовы, таму што лоджыя «не належыць да грамадскіх месцаў». У людзей не застаецца ніякіх варыянтаў, каб выказаць сваю пазіцыю.
- Калі грамадзяне не згодныя з такім рашэннем, можна яго абскардзіць праз суд.
- Калі на вакне будзе вывешаны дзеючы дзяржаўны сцяг ці якой-небудзь іншай краіны, гэта таксама будзе лічыцца пікетаваннем?
- Дзяржаўны - не.
Ці ёсць антысанітарыя на Акрэсціна ці няма?
Уладальніца тытула «Міс Беларусь - 2008» і экс-прэс-сакратар «Дынама-Брэст» Вольга Хіжынкова больш за 40 сутак знаходзіцца за кратамі. Яе сукамерніцы, якія вызваліліся, распавядалі, што Вольга змяшчаецца ў жудасных умовах. У прыватнасці, у адной з ёй камеры нейкі час была жанчына з вошамі. «На пол не клаліся, таму што там былі вошы, нягледзячы на мыццё вадой з хлоркай», - дзялілася расповедам сукамерніца Вольгі журналіст TUT.BY Аляксандра Квіткевіч.
Вядомая баскетбалістка Алена Леўчанка таксама казала пра дрэнныя ўмовы на Акрэсціна: «Няма гарачай вады, нельга хадзіць у душ, не працуе сліў ў прыбіральні, гэта рассаднік бактэрый. Аднойчы не выводзілі шпацыраваць 5 дзён, забралі матрац, забралі пасцельную бялізну, пагоршылася здароўе, з'явіліся вошы».
Юры Назарэнка жа кажа, што антысанітарыі у месцах утрымання правапарушальнікаў быць не можа.
- Людзі, якія выходзілі з ЦІП на Акрэсціна, паведамлялі аб тым, што там антысанітарыя, у тым ліку, ёсць вошы. Ці робіцца нешта ў гэтым кірунку?
- Гэтая інфармацыя не з'яўляецца, я мяркую, пацверджанай, таму што на сённяшні дзень усе ізалятары часовага ўтрымання, той жа ЦІП і іншыя папраўчыя ўстановы Беларусі [знаходзяцца] на досыць сучасным узроўні. Самі падумайце, як усе памяшканні могуць не адпавядаць санітарным нормам або вызначаным міжнародным нормам? Не, такога ў нас няма. Усе памяшканні перыядычна прыводзяцца ў санітарныя нормы, апрацоўваюцца, таму гэтая інфармацыя, якую вам давялі, ілжывая.
За што затрымліваюць журналістаў?
Як заяўляюць «Рэпарцёры без межаў», з 9 жніўня па 30 лістапада ў Беларусі былі затрыманыя 368 журналістаў. Больш за 80 былі арыштаваныя на тэрмін больш за тры дні. Тром журналісткам прад'яўленыя абвінавачванні па крымінальных справах. Гэта журналіст TUT.BY Кацярына Барысевіч і «Белсата» Дар'я Чульцова і Кацярына Андрэева, якія знаходзяцца пад вартай.
- Са жніўня было шмат выпадкаў затрымання журналістаў розных СМІ, якія асвятлялі тое, што адбываецца ў тым ліку ў Мінску. Чаму шмат месяцаў запар ніяк не вырашыцца тое пытанне, чаму іх працягваюць затрымліваць?
- Калі журналіст акрэдытаваны, то яго не затрымоўваюць.
- Затрымлівалі. І «суткі» яны сядзелі.
- Значыць, былі нейкія пэўныя парушэнні.