У МУС пракаментавалі відэа з кадрамі жорсткага абыходжання з затрыманымі ў Фрунзенскім РУУС у жніўні
Па відэа, знятым ў Фрунзенскім РУУС Мінска 12 жніўня і апублікаваным BYPOL, Міністэрства ўнутраных спраў праводзіць праверку, распавёў TUT.BY першы намеснік міністра ўнутраных спраў Юры Назарэнка падчас прамой тэлефоннай лініі.
Ініцыятыва BYPOL апублікавала на YouTube відэа з кадрамі таго, што адбываецца ў Фрунзенскім РУУС Мінска 12 жніўня. У памяшканні, падобным на спартзалу, знаходзіцца шмат людзей, некаторыя ляжаць на падлозе, нехта сядзіць на каленях або стаіць уздоўж сцяны, з рукамі, зафіксаванымі за спіной. Падчас допыту аднаго з іх б'юць пад дыхала і па нырках пасля таго, як ён марудзіць з адказам. На заднім плане таксама відаць, як які ляжачага на падлозе чалавека б'юць дубінкай.
У МУС заявілі, што ім вядома аб гэтым відэа.
- Па гэтым пытанні, што быў відэазапіс, дзе супрацоўнікі міліцыі Фрунзенскага РУУС абыходзяцца з затрыманымі не вельмі добра, праводзіцца праверка. Міністрам задача пастаўленая. Па выніках праверкі будуць зробленыя пэўныя высновы, - паведаміў Юры Назарэнка.
Калі відэа з'явілася ў публічнай прасторы, некалькі чалавек пазналі на ім сябе. Яны сцвярджаюць, што паказанае ў ім - праўда.