Хакейны трэнер Аляксандр Румо: Баскаў да і пасля жніўня — два розныя чалавекі

Галоўны трэнэр юнацкай зборнай Беларусі ў хакеі Аляксандар Румо пайшоў у адстаўку ў верасьні з прычыны разыходжаньня палітычных поглядаў зь кіраўніцтвам Фэдэрацыі хакею Беларусі. Тады ж ён падпісаў адкрыты зварот спартсменаў за сумленныя выбары і супраць гвалту.Аляксандар расказаў, як ставіцца да старшыні ФХБ Дзмітрыя Баскава і падзяліўся аптымізмам напярэдадні Новага года.

Аляксанр Румо

Аляксанр Румо

— Наколькі добра вы знаёмыя зь Дзьмітрыем Баскавым? Як ён стаў трэнэрам Мікалая Лукашэнкі? — запытала ў Аляксандра Румо карэспандэнтка «Радыё Свабода»

— Дзіму Баскава я ведаю вельмі даўно. Калісьці ён быў брамнікам у мяне ў камандзе. Нічога дрэннага не магу пра яго сказаць. Нармальны хлопец. Як стаў трэнэрам Колі Лукашэнкі, ня ведаю. Гэтая тэма мяне ніколі не цікавіла. Што тычыцца апошніх падзеў, зьвязаных з Баскавым, то для мяне Баскаў, які быў да жніўня, і Баскаў пасьля жніўня — два розныя чалавекі насамрэч. Я думаю, узначальваючы фэдэрацыю хакея, яму ня трэба было трапляць у гісторыі, у якія ён цяпер трапіў. Думаю, што ён сам цудоўна разумее, што нанесены значны ўдар па іміджы ня толькі Беларусі як краіны, але і Беларусі як хакейнай дзяржавы.

— Ці вы зьдзівіліся, калі прагучалі аўдыёзапісы з галасамі нібыта Баскава і Эйсмант, паводле якіх яны самі зразалі ў дварах бел-чырвона-белыя стужкі?

— Я ведаў пазыцыю Баскава. Я да гэтага ставіўся нэўтральна. Шчыра кажучы, я быў зьдзіўлены, як і многія людзі. Усё ж ён старшыня Фэдэрацыі хакею Беларусі. Мне спадабалася, як у адным з тэлеграм-каналаў параўноўвалі: што каб Пяскоў і Трацьцяк пайшлі такім займацца.

— Як бы вы ацанілі працу фонду Беларускай спартовай салідарнасьці? Наколькі важная цяпер самая розная падтрымка спартоўцаў, якія пацярпелі праз сваю грамадзянскую пазыцыю?

— Сёньня бязь іх людзі, якія пацярпелі, асабліва тыя, якія рыхтуюцца да Алімпійскіх гульняў, да нейкіх стартаў, без дапамогі фонду наўрад ці абыдуцца. Увесь спорт у нас фінансуецца зь дзяржаўных крыніцаў. І калі спартовец выказаў сваю пазыцыю, адрозную ад кіраўніцтва, ён адразу трапляе ў чорныя сьпісы, адпаведна яго здымаюць з усіх забесьпячэньняў, з турніраў. Гэты фонд вельмі важны і робіць вялікую працу для ня толькі матэрыяльнай, але і маральнай падтрымкі. Я стаўлюся да яго працы вельмі станоўча.

— Які настрой у вас напярэдадні сьвятаў? Якія пажаданьні для сябе, для беларусаў, для краіны?

— Хачу, каб мы ня трацілі мужнасьці, каб годна прайшлі праз усе выпрабаваньні. Ня вешаць носа. Я думаю, што ўсё будзе добра ў нас. Напярэдадні сьвятаў, зразумела, атмасфэра не зусім сьвяточная, але беларусы — народ крэатыўны, і яны зробяць сабе сьвята.

Людзі, падобныя на Дзмітрыя Баскава і Дзмітрыя Шакуту, на плошчы Перамен

Людзі, падобныя на Дзмітрыя Баскава і Дзмітрыя Шакуту, на плошчы Перамен