«Я на баку народу Беларусі!» Чэмпіён свету ў тайбоксе адклікаў свой подпіс за Лукашэнку
Шматразовы чэмпіён свету ў тайскім боксе Дзмітрый Валент перадумаў падпісвацца пад лістом спартоўцаў за Лукашэнку, паведамляе «Свабода».
Уганараваны баец кажа, што зрабіў неабдуманы крок, падтрымаўшы ўладу, якая здзекуецца з уласнага народа. Пра гэта ён заявіў у допісе на Facebook са словамі: «Я на баку народа Беларусі!»
«Хачу пракаментаваць сітуацыю з падпісаным лістом, таму што ўсвядоміў, што здзейсніў неабдуманы крок. Я супраць падзелу спартовай супольнасці паводле палітычных матываў.
Пры гэтым паважаю тых, хто выступіў супраць хлусні і гвалту, бо несумленная гульня несумяшчальныя з алімпійскімі прынцыпамі.
На жаль, усё гэта працягваецца проста цяпер у нашай краіне, і гэтаму павінен быць пакладзены канец. Я цвёрда вырашыў адклікаць свой подпіс і застацца сумленным перад сабой», — адзначыў Дзмітрый Валент.
Падчас акцый пратэсту супраць фальшавання вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў былі затрыманыя і асуджаныя многія байцы, у тым ліку чэмпіёны свету ў тайбоксе і кікбоксінгу Юры Булат, Іван Ганін ды іншыя.