Чаму беларускі футбол не адхілены ад міжнародных матчаў? Таму што ён бездапаможны

Пасля таго як 24 лютага пуцінская армія ўварвалася ва Украіну, беларускі спорт стаў таксічным для цывілізаванага свету. У кароткія тэрміны яго амаль цалкам выключылі з еўрапейскіх і сусветных спаборніцтваў. У ліку нямногіх пад татальны «бан» не патрапіў футбол. Чаму так адбылося? І да чаго гэта прывядзе?

1_578.jpg

Ёсць меркаванне, што Міжнародная федэрацыя футбола (ФІФА) і яе еўрапейскі філіял УЕФА — досыць кансерватыўныя арганізацыі, і яны з вялікай неахвотай вырашаюцца на кардынальныя крокі. Яны да апошняга імкнуцца захаваць любое існуючае статус-кво і выстаўляюць гэта сваім дасягненнем. Маўляў, мы занадта сур’ёзныя, каб кідацца з крайнасці ў крайнасць, і менавіта наша паслядоўнасць дапамагае футболу заставацца самай папулярнай гульнёй у свеце.

Гэта праўда. Але не ўся. Прынамсі, вайна ва Украіне прымусіла Цюрых і Ньён (там знаходзяцца штаб-кватэры ФІФА і УЕФА) паварушыцца і здзейсніць неабходныя захады, інакш бы сусветная спартыўная супольнасць футбольных чыноўнікаў не зразумела.

УЕФА рашуча выкрасліла расійскі футбол з еўрапейскіх турніраў. Зборная РФ мелася гуляць плэй-оф за пуцёўку на чэмпіянат свету-2022, аднак ультыматыўна забурчэлі супернікі — і каманду пазбавілі ўдзелу. Маскоўскі «Спартак» рыхтаваўся на вясенняй стадыі Лігі Еўропы, але і тут не склалася — «бела-чырвоны» клуб, як тады казалі, скіраваўся ўслед за рускім караблём.

2 траўня УЕФА замацаваў тыя свае рашэнні новымі: выключыў расійскія клубы з еўракубкаў на сезон-2022/2023, а зборную — з розыгрышу Лігі нацый-2022/2023.

То-бок расійскі футбол аказаўся пад суцэльнымі санкцыямі, і, калі вынесці за дужкі істэрычны халівар у расійскай дзяржаўнай прэсе, то ў свеце гэта была ўспрынята як належнае.

Тым часам футбол беларускі адкараскаўся тут лёгкім спалохам. Ні зборную, ні клубы аніякаму астракізму не падвергнулі. Так, крыху пачухалі супраць поўсці — пазбавілі радасці праводзіць матчы на сваёй тэрыторыі.

Цяпер усе хатнія двубоі беларусы вымушаны гуляць дзесьці за мяжой. У якой-небудзь Сербіі ці Венгрыі — выбар тут застаецца нашай прэрагатывай. Але ёсць яшчэ адзін момант: гледачоў на такіх матчаў быць не павінна — толькі пустыя трыбуны.

Вось і ўсе санкцыі — гуляй ды цешся. І што адметна: такія ільготныя абмежаванні сусветны футбол таксама сустрэў спакойна. Чаму? Самае цікавае, што не толькі па той прычыне, пра якую вы маглі падумаць.

_risv25n4se.jpg

Вы, канешне ж, падумалі: УЕФА правёў размежаванне паміж агрэсарам Расіяй і суагрэсарам Беларуссю. Першай натаўклі ў карак па максімуме, бо менавіта яна развязала ва Украіне крывавую лазню. Другой кухталёў выпісалі меней, таму што ўсяго толькі прадаставіла тэрыторыю ды інфраструктуру.

Зноў жа: гэта слушна, але часткова. Другі чыннік, які, імаверна, прадвызначыў рашэнне Ньёна, палягае ў іншым — у бездапаможнасці беларускага футбола на міжнароднай арэне.

У апошні час гэтая бездапаможнасць проста татальная.

У адрозненне ад Расіі, зборная якой рэгулярна ўдзельнічае ў топ-турнірах, а клубы дасягаюць пэўных поспехаў у еўракубках, Беларусь у футбольным сусвеце — сапраўдны пігмей.

Зборнай толькі ў Міністэрстве спорту, альбо ў федэрацыі ставяць фантасмагарычныя задачы даляцець да нябёсаў. Грамадская думка тут адразу круціць пальцам ля скроні, цудоўна разумеючы, на што здатныя айчынныя майстры скуранога мяча.

На справе беларускія футбалісты здольныя толькі на нейкія карлікавыя здзяйсненні. Зборная — ну хіба аднойчы перамагчы ў адборачным цыкле да ціхенька заняць адзін з апошніх радкоў у турнірнай табліцы. Клубы — ну хіба пераадолець адзін раўнд еўракубкавай кваліфікацыі, каб потым коркам вылецець з розыгрышу пасля сустрэчы з якім-небудзь супернікам з якога-небудзь Люксембурга.

Напрыклад, летась беларускія клубы прайгралі ў еўрапейскіх турнірах усё, што толькі маглі. Барысаўскі БАТЭ саступіў «Дынама» з Батумі, жодзінскае «Тарпеда» — дацкаму «Капенгагену», брэсцкае «Дынама» — чэшскай «Вікторыі». Салігорскі «Шахцёр» увогуле паспеў сесці ў лужыну двойчы: спачатку ў Лізе чэмпіёнаў, дзе прайграў балгарскаму «Лудагорцу», а потым у Лізе канферэнцый, дзе зганьбіўся паразай у гульнях з люксембургскай «Фолай».

Зборная Беларусі гуляла зусім нядаўна — распачала ўдзел у чарговым цыкле Лігі нацый. І мы зноўку зразумелі ўсё пра яе хранічную нягегласць. У чатырох гульнях яна двойчы прайграла (Славакіі і Азербайджану) і двойчы згуляла ўнічыю (з тым жа Азербайджанам і з Казахстанам). Зараз каманда Георгія Кандрацьева займае апошняе месца ў табліцы і ўжо страціла будзь якія шанцы на годны фініш.

Такая маркотныя вынікі звялі беларускіх футбалістаў на ўзровень насякомых у сусветнай спартыўнай фаўне, а хто заўважае насякомых? Каму яны партрэбныя? Вось таму, як падаецца, у УЕФА і «не дайшлі рукі» да таго, каб пакараць незаўважны айчынны футбол за вайну ва Украіне. Хай, маўляў, корпаюцца ў сваім мурашніку, галаўнога болю нікому гэта не стварае.

Чаму як раз сёння «НЧ» згадаў пра хранічны анабіёз беларускай гульні нумар адзін? Ды наўпрост таму, што надыходзіць час корпацца зноў. 6 ліпеня нашы маламоцныя клубы адкрыюць чарговы еўракубкавы сезон. Які, хутчэй за ўсё, зноў атрымаецца кароткім, як лета ў тундры. І няўдалым, як колішнія спробы расійскай арміі замацавацца ў эпічнай Чарнабаеўцы.

Аднак адсачыць выступ беларусаў у еўракубках варта, таму мы і праанасуем бліжэйшыя матчы.

У Лізе чэмпіёнаў «Шахцёр» сустрэнецца са славенскім «Марыборам». Першы матч пройдзе сёння ў Славеніі і пачнецца ў 21.15. Гульня ў адказ адбудзецца праз тыдзень, 13 ліпеня, у якасці хатняга стадыёна салігорцы абралі арэну «Сакар’я» ў турэцкім горадзе Адапазары.

У Лізе канферэнцый сёлета возьмуць удзел мінскае «Дынама», БАТЭ і «Гомель».

Мінчукі сустрэнуцца з чарнагорскім клубам «Дзедзіч». Абедзве гульні — яны пройдуць 7 і 14 ліпеня — прыме Падгорыца.

БАТЭ чакае супрацьстаянне з турэцкім «Коньяспорам». Барысаў распачне еўракубкі пазней — 21 і 28 ліпеня. Абодва матчы адбудуцца на тэрыторыі саперніка ў горадзе Конья.

Той жа варыянт абраў і Гомель. Яго сустрэчы з грэчаскім «Арысам» прымуць 21 і 28 ліпеня Салонікі.