«Бі сваіх, а тое чужыя могуць і адказаць»

Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» са звыклай іроніяй спрабуе разабрацца, чаму ўлады заблакавалі акцыі замежных інвестараў у 190 прадпрыемствах. І разважае, якія могуць быць наступствы такога кроку, а таксама — хто атрымае з гэтага рашэння свой маленькі гешэфт.

hiring_3751983_1280_1.jpg


Беларускі ўрад учора ўчыніў акт бязлітаснай помсты і заблакаваў недружалюбныя замежныя актывы ў 190 кампаніях. Цяпер, калі іх уладальнікі захочуць раптам расстацца з беларускай стабільнасцю, то зрабіць гэта яны змогуць толькі з дазволу беларускіх уладаў. Гэта значыць, прадаваць свае актывы прыйдзецца або беларускаму ўраду або добрым людзям, якіх гэты ўрад абярэ. І, вядома, па справядлівых цэнах, а не па законах хаатычнага рынку. А можа і па справядлівых цэнах не атрымаецца прадаць, калі беларускі ўрад вырашыць, што ён з гэтым інвестарам яшчэ не найграўся.

Але ведаеш, што кідаецца ў вочы? Што большасць пацярпелых — дробныя кампаніі альбо кампаніі, у якіх доля недружалюбных інвестараў знікаюча малая. А сярод буйных кампаній ад антызаходніх санкцый пацярпелі тыя, якія з'яўляюцца замежнымі паводле фармальнай прыкметы. Накшталт таго ж Еўраопта. А вось буйныя кампаніі, якія і праўда паходзяць з недружалюбных краін, накшталт А1, Raifeisenbank, Stadler або Coca-Cola, у антысанкцыйны спіс не трапілі.

Таму што, бі сваіх, а тое чужыя могуць і адказаць. Як у выпадку з санкцыямі супраць ежы: беларускі ўрад усё ж такі паклапаціўся, каб самому не вельмі моцна пацярпець. Таму што, з аднаго боку, абражаная геапалітычная годнасць патрабуе адэкватнага і асіметрычнага адказу. Такога адказу, якім не сорамна было пахваліцца ў тэлевізары. А з другога боку — грошай жа няма. Вось можна сабе выкупіць Прыёрбанк па справядлівай цане, але за якія грошы потым у гэтым банку банкаваць?

Але нават з усімі гэтымі самаабмежаваннямі, накладзенымі дзеля ўласнай эканамічнай бяспекі, вялікага практычнага сэнсу ў блакаванні акцый не нешта не відаць. Акрамя, вядома, пачуцця глыбокага маральнага задавальнення. Таму што незаўважна, каб нават вельмі дружалюбныя пакупнікі выстройваліся ў чаргу на куплю беларускіх актываў. А калі б такі пакупнік раптам знайшоўся, то беларускія ўлады атрымалі б ад здзелкі сваю законную капейчыну, а бізнес — інвестыцыі ад новага ўладальніка.

А так, атрымліваецца, што ніхто нічога не атрымае, акрамя фіксацыі ўладальнікамі сваіх страт. Таму што ніякі, нават самы бескарыслівы аматар грашовых знакаў не захоча ўкладваць свае грошы ў кампанію, якая аказалася ў палове кроку ад нацыяналізацыі. Падазраю, што жаданне інвеставаць у беларускую стабільнасць моцна знізіцца і ў акцыянераў тых кампаній, якія не патрапілі ў спіс. Таму што грошай жа шкада. Яны свае.

Вось, пасля таго як урад увёў санкцыі супраць недружалюбнай ежы, у краіне, мяркуючы па цэнах, адразу здарыўся неўраджай памідораў, трускаўкі, яблыкаў. Прыкладна ўсяго, карацей. А цяпер, мабыць, будзе неўраджай інвестыцый з пабочным эфектам у выглядзе неўраджаю заробкаў.

Мэтазгоднасць гэтага рашэння сумніўная, калі ацэньваць яго з пункту гледжання глабальных эканамічных інтарэсаў. А калі ацэньваць з пункту гледжання асобных добрых людзей, то можа атрымацца вельмі нават мэтазгодна. Калі б яшчэ добрыя людзі маглі пераразмяркоўваць на сваю карысць недружалюбныя актывы па справядлівых цэнах? Гэта ў маштабах краіны маленькі гешэфт на дысконце не апраўдвае спадарожных эканамічных рызык. А ў маштабах асобна ўзятага добрага чалавека вельмі нават апраўдвае. Добраму чалавеку шмат не трэба.

Таму што пасля таго, як сокалы скінулі пацука на прыступкі Дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы, добрым людзям стала нават зручней рабіць свае гешэфты.