Памёр Максім, дый чорт з ім!

Беларускія ўлады пад соўсам «контрсанкцый» вырашыліся на чарговы крок па «экспрапрыяцыі экспрапрыятараў». Крок дастаткова шакавальны сваёй масавасцю, аднак тут можна сказаць: «Ніколі такога не было — і вось ізноў». Справа ж, насамрэч, не новая і звычайная. Але дакумент вельмі цікавы сваім дадаткам.

63c6a6fd672e.jpg


Такім чынам, беларускія ўлады ў якасці контрсанкцый забаранілі кампаніям і прыватным інвестарам «з недружалюбных краін» продаж сваіх доляў або акцый у 190 беларускіх прадпрыемствах. Пастановай Савета міністраў ад 1 ліпеня для гэтых вызначаных кампаній і асобаў «забараняецца адчужэнне прыналежных ім доляй (акцый) у статутных фондах такіх юрыдычных асоб, згодна з дадаткам».

«Для абароны інтарэсаў Рэспублікі Беларусь акцыі блакуюцца на рахунках “дэпа” іх уладальнікаў згодна з пералікам на падставе прадпісання Міністэрства фінансаў аб накладанні абмежаванняў па распараджэнні каштоўнымі паперамі», — сказана ў дакуменце. Папросту кажучы — цяпер акцыянеры не могуць распараджацца гэтымі акцыямі па сваім меркаванні.

Не, і раней беларускія ўлады імкнуліся ўсяляк абмежаваць уплыў інвестараў наконт беларускіх прадпрыемстваў — узгадаць хаця б пра распаўсюджаную раней практыку «залатой акцыі», што вызначала ўсе рашэнні на ўзроўні прадпрыемства. Цяпер жа ўрад наўпрост забараніў інвестарам удзельнічаць у вызначэнні палітыкі прадпрыемства.

Зразумела, што гэта наш адказ на санкцыі, якія былі ўведзеныя найперш з-за саўдзелу Беларусі ў расійскім уварванні ва Украіну. Напрыклад, фінскі інвестар «Лідскага піва» адразу пасля пачатку вайны выказаў намер выйсці з інвестыцый і знайсці пакупніка на свой пакет акцый у Беларусі. Але пасля 2020 года Беларусь сама па сабе стала настолькі таксічнай у плане вядзення бізнесу, што пошукі пакупніка на пакет акцый гэтага дастаткова паспяховага прадпрыемства доўжацца па гэты час — прынамсі, не было чуваць таго, што нехта зацікавіўся такой прапановай. Цяпер жа своеасаблівая «экспрапрыяцыя» робіць пошукі пакупніка немагчымымі.

Але варта ўсё ж заўважыць: гэты «актыў» было складана прадаць і без вайны ва Украіне, а выключна дзякуючы дзеянням нашай улады.

Канешне, гэта чарговы ўдар па нашым інвестыцыйным клімаце і па нашых магчымасцях прыцягваць замежныя інвестыцыі. Ніводны разумны чалавек не пойдзе ўкладаць грошы туды, дзе яго сродкі могуць імгненна заблакаваць «на рахунку “дэпа”». Але ў нас інвестыцыйны клімат пасля ўсё таго ж 2020-га менавіта што мёртвы. Як кажуць, «тое, што мёртвае — памерці не можа».

Ці, па-іншаму: «Памёр Максім, дый чорт з ім».

Так што блакаванне акцый замежных інвестараў на справы карэнным чынам не паўплывае.

Канешне, гэта ў пэўным сэнсе ёсць і парушэнне права на ўласнасць, якое ўключае ў сабе не толькі права валодаць, але і права распараджацца тым, што валодаеш. Але зноўку, будзем шчырымі: ці існавала ў нас паўнавартаснае «права на ўласнасць» дагэтуль? Калісьці Лукашэнка захацеў «аджаць» «Спартак» у амерыканскага інвестара Марата Новікава — і «аджаў». Тая ж гісторыя здарылася з «Камунаркай», «Барысаўдрэвам», «Керамінам», «Белсоладам» і дзясяткамі іншых прадпрыемстваў. Так што і цяпер, можна сказаць, нічога незвычайнага не здарылася — усё тое ж самае, што незаўважна праходзіла дзесяцігоддзямі.

Але няма нічога такога дрэннага, што не было б у нечым і добрым. Таму што далучаны да рашэння Саўміна спіс прадпрыемстваў раскрывае іх замежных ці афшорных уладальнікаў і саўладальнікаў. Гэта паказвае нам хаця б верхавіну айсберга чыноўніцкай «прыхватызацыі» ў краіне.

Возьмем той жа самы «Белсолад». Як адзначалася крыху вышэй, «Белсолад» быў нацыяналізаваны праз права «залатой акцыі» шляхам павелічэння пакету акцый «на суму дзяржпадтрымкі» ў 2006 годзе. У выніку 98,5% акцый найбуйнейшага айчыннага вытворцы піваварнага соладу было сканцэнтравана ў руках дзяржавы. Але ў сённяшнім спісе мы бачым той самы «Белсолад», і сярод яго ўладальнікаў — нейкае «КОО Комскіл Энтэрпрайзес Лімітэд», зарэгістраванае ў афшорным Кіпры. Вельмі цікава, хто валодае гэтым «лімітэд», і якім чынам у афшор сплыло ці не цалкам дзяржаўнае прадпрыемства?

А памятаеце, як Лукашэнка апекваўся Светлагорскім цэлюлозна-кардонным камбінатам? Колькі яму было выдаткавана бюджэтных грошай? Як яго цяжка і з пакутамі будавалі (ды, падаецца, недабудавалі) кітайцы? Якім чынам у гэтым, падавалася б, звышдзяржаўным праекце, аказалася нейкая «Кампанія Ітан Асасіэйшн Інк» прапіскай якой ёсць іншы афшор — Брытанскія Віргінскія выспы?

Якім чынам Маладзечанскі завод жалезабетонных вырабаў атрымаў у інвестары (ці ўладальнікі?) «Зелцінска Лімітэд» з прапіскай на тым самым Кіпры, а «Лельчыцкі аграсэрвіс» — кампанію АМТК HOLDINGS LIMITED, таксама кіпрскую? Што забылі кіпрыёты ў Лельчыцах?

Тое, што на Кіпры мае прапіску Wargaming (знакамітыя «танчыкі»), было вядома ўсім. Але як там жа, на Кіпры, аказаўся Малінаўшчызненскі спіртагарэлачны завод — «Аквадзіў»? Менавіта там знаходзіцца яго ўладальнік ці саўладальнік — кампанія «Сталібет трэйдзінг лімітэд».

Карацей, гэты спіс «заблакаваных» інвестараў вельмі цікава паглядзець усім, хто слухае словы Лукашэнкі пра тое, што ён «не дазволіў распрадаць, расцягнуць краіну па кавалках». Яны вельмі здзівяцца таму, хто насамрэч мае долі, напрыклад, у Гомельскім вагонабудаўнічым заводзе, у Магілёўскім металургічным заводзе ці «Лідсельмашы».