Дар'я Далідовіч і Святлана Андрыюк адхілены ад міжнародных стартаў. Што здарылася?

«Новы Час» прапануе ўсебаковы аналіз сітуацыі, у якую трапілі дзяўчаты-лыжніцы.

lyzhnicy.jpeg.webp


Коды: дэактывацыя

Перш за ўсё, як звычайна, факты. Яны наступныя. Беларускі лыжны саюз (БЛС), які нясе адказнасць за прадстаўніцтва суайчыннікаў на міжнародных спаборніцтвах і адпаведна павінен клапаціцца пра тое, каб яны не ведалі праблемаў у тым ліку з рэгістрацыяй і заяўкамі на старты, дэактываваў коды Далідовіч і Андрыюк.
Што гэта значыць? Фактычна чыноўнікі выключылі абедзвюх з ліку дзеючых спартсменак.
У гэтай сувязі трэба падкрэсліць шэраг рэчаў. Па першае, гэтая дэактывацыя — свядомае і наўмыснае дзеянне людзей, якім беларускія лыжніцы сталі быццам косткай у горле. То-бок функцыянерам патрабавалася паварушыцца, а не, наадварот, нічога не зрабіць. Паколькі вельмі часта былыя атлеты, якія ўжо завяршылі кар'еры, «аўтаматам» застаюцца ў базе сярод тых, хто рэгулярна выступае. Дастаткова прыгадаць, што на сённяшні момант чэмпіёнка свету ў лыжнай акрабатыцы — таксама апальная Аляксандра Раманоўская — мае актыўны код. У яе выпадку знайшлі альтэрнатыўная спосабы, каб перакрыць кісларод, — і чапаць «прафайл» на сайце Міжнароднай федэрацыі лыжнага спорту (ФІС) не спатрэбілася.
Такім чынам, нярэдка спартсменаў адсюль выключаюць з вялізным спазненнем. Прычым, калі няма надзвычайных прычын — у красавіку-маі. Менавіта тады ў большасці зборных надыходзіць так званая атэстацыя нацыянальнай каманды. Прасцей, фарміруецца састаў на будучы сезон. Маментальна ж падобнае адбываецца, калі абставіны для ФІС максімальна відавочныя. Напрыклад, спартсмен зарабіў пажыццёвую дыскваліфікацыю за паўторнае выкарыстанне допінгу.
Таму, безумоўна, абмінуць увагай дадзеную гісторыю нельга. І тут ужо «па-другое». Абмежаванні крануліся Далідовіч і Андрыюк не проста пасярод цяперашняга сезона, а ў самы адказны яго момант — напрыканцы кваліфікацыі на Гульні. Дзяўчын, якія яшчэ разлічвалі адабрацца ў алімпійскі Пекін, пазбавілі апошніх магчымасцяў зарабіць каштоўныя ФІС-пункты, на аснове якіх складаецца фінальны рэйтынг.

НАК: пытанні без адказу

Чаму гэта адбылося і што за чорная котка прабегла між чыноўнікамі і таленавітымі спартоўкамі? Карані рознагалоссяў, несумненна, трэба шукаць у асобе Сяргея Далідовіча — бацькі Дар'і. Знакаміты ў мінулым лыжнік, удзельнік рэкордных сямі Алімпіядаў з лета 2020 года заняў вельмі актыўную грамадзянскую пазіцыю.
У жніўні-верасні ён за дачкамі выходзіў на мірныя акцыі. Бел-чырвона-белы сцяг, як паведамляў сам Далідловіч, у яго вісеў на ваконцы. Сяргей Мікалаевіч публічна падтрымліваў многіх калег, якіх пазбаўляў свабоды рэжым — прынамсі, Алену Леўчэнка, Вольгу Хіжынкову і Аляксандра Івуліна.
Пра ўсе гэта мы дазнаваліся з уласнай старонкі Далідовіча ў фэйсбуку, дзе былая зорка лыжнай зборнай не баяўся выказвацца наконт розных падзей у краіне. Дарэчы, і першакрыніцай непрыемнай навіны адносна старэйшай дачкі і яе сяброўкі Андрыюк было якраз паведамленне, пакінутае Сяргеем у сеціве. Дакладна — 30 снежня.
«На жаль, дзеці атрымліваюць за бацькоў. Федэрацыя адхіліла ад спаборніцтваў. Такое рашэнне прыняў трэнерскі савет. Кажуць, што аднагалосна. Цяпер — міма юніорскага чэмпіяната свету. Краіна для жыцця. Вось такія навіны», — з болем за лёс дачкі адзначыў Далідовіч.

17bf902f391a262c87d5fc4a756fae7d.jpg


Што датычыцца Андрыюк, то яна ўжо заявіла, што не бачыць для сябе будучага ў Беларусі: «Мяне абвінавацілі, што я — прыхільнік апазіцыі. Быць тут больш не жадаю. Планірую з'ехаць у Польшчу, бо жыць у Беларусі немагчыма».
У поглядах бацькі бачыць падставу для «астракізму» і сама Дар'я. Яна не сумняваецца, што выключна гэта з'явілася прычынай для старшыні Беларускай федэрацыі лыжных гонак Аляксандра Дараховіча наўпрост забаніць яе і Святлану. Згодна з апошнімі паведамленнямі, дзяўчыны паралельна са зваротамі да нацыянальнай федэрацыі ўжо двойчы пісалі лісты ў беларускі НОК з просьбай патлумачыць, чаму іх пакінулі на алімпійскай абочыне. Аднак адказу не дачакаліся.
Гэтую сітуацыю ФІС, трэба аддаць належнае, не праігнараваў. Міжнародная федэрацыя, як паведамляецца, ужо ўступіла ў цесны кантакт з беларускім бокам дзеля высвятлення ўсіх абставін канфлікту. Відавочна, на ўсё спатрэбіцца час, якога ў беларускіх лыжніц няма. Выйсцем з дадзенага становішча быў бы выступ з прамога дазволу МОКа — тым больш, што група Далідовіча, у якую ўваходзяць яго дачка і Андрыюк, ужо доўгі час не карыстаецца дзяржаўнымі сродкамі, а трэніруецца за ўласны кошт (гэта да пытання, калі хтосьці будзе казаць, быццам абедзве прайгралі ўнутраную канкурэнцыю іншым: маўляў, тады навошта іх утрымліваць у штаце і на балансе). Але цягнік сышоў, калі мець на ўвазе адбор на будучыя Гульні.

Лыжніцы для будучыні

На днях ФІС павінна апублікаваць прозвішчы атлетаў, якім дазволена будзе выступіць на Алімпіядзе — менавіта ў сярэдзіне першага месяца года, як загадзя анансавалася, завершыцца працэс адбору на Гульні. Праўда, агучаныя будуць не прозвішчы, а толькі колькасны спіс на кожную зборную. Калі казаць, канешне, пра дзяржавы другога ці трэцяга эшалону накшталт нашай.
Здаецца, з усіх зімнікаў у лыжнікаў найбольш мудрагелістая сістэма кваліфікацыі на галоўны старт чатырохгоддзя. Бо частка квот з'яўляецца імяннымі, а частка — не. Больш таго, пэўная з іх частка нават не мае гендарнай афарбоўкі. Іншымі словамі, нацыянальным федэрацыям (у нашым выпадку — БЛС) дадзена права самім вырашыць, хто паедзе на АГ. Зроблена гэта для таго, каб тая ці іншая каманда здолела сфармаваць квартэт для эстафеты — калі, скажам, у кішэні шэсць вакансій.
Але бліжэй да справы. Беларускія лыжы апошнім часам можна аднесці, так бы мовіць, да праблемных галінаў у спорце. Аб чым казаць, калі колькасць ліцэнзій, якія сумарна заваявала наша зборная, у параўнанні з Пхенчханам-2018, скарацілася ажно ўдвая. У Паўднёвай Карэі нашу каманду прадстаўлялі чатыры мужчыны і чатыры жанчыны. Зараз у распараджэнні беларусаў толькі чатыры вакансіі — па дзве мужскія і жаночыя. Надзея на тое, што ФІС у канчатковым пераліку аддасць нам яшчэ адну-дзве застаецца, але верагоднасць малая — на ўзроўні тэарэтычнай.
Дык вось: хто з каманды, згодна са справядлівымі спартовымі паказчыкамі, мае права на гэтыя ліцэнзіі ў жаночай палове калектыву? Звернемся да так званага рэйтынгу ФІС-ачкоў — уласнага, на падставе якога потым фарміруецца нацыянальны. Часцей за ўсё менавіта ён найбольш яскрава ілюструе сістэму каардынат. Гэта, падкрэслім, не агульны залік Кубку свету, а больш шырэйшая табель, дзе з адпаведнымі каэфіцыентамі за ліцэнзійны перыяд улічваюцца выступы на ўсіх спаборніцтвах — ажно да рэгіянальных.
Калі казаць шчыра, шанцы на тое, каб прэтэндаваць на паездку ў Пекін, у Андрыюк і Далідовіч былі невялічкія. У першай — большыя, але ўсе роўна за апошні месяц яна абавязана была б прадэманстраваць серыю вельмі ўдалых вынікаў, каб аспрэчыць пазіцыі больш вопытных членаў каманды.
Паліна Сераносава, Анастасія Кірылава (дарэчы, абедзве — натуралізаваныя расіянкі) і Іна Луконіна — вось хто падзеліць дзве вакансіі, калі нічога ўжо не адбудзецца. У агульнасусветным рэйтынгу ФІС-балаў яны знаходзяцца на 154-м, 169-м і 206-м месцах. 307-я — Ганна Каралёва, і толькі 564-я — 22-гадовая Андрыюк, самая малодшая сярод пералічаных беларусак. Дар'я Далідовіч тут знаходзіцца значна ніжэй. Яна толькі 11-я ў краіне і 926-я на планеце, але ж дзяўчына яшчэ зусім маладая.
Хай Андрыюк і Далідовіч не адабраліся б у Пекін-2022. Але так ці інакш за імі будучае беларускіх лыжаў. Бо той жа Дар'і не споўнілася нават 17, дый у Святланы таксама ўся кар'ера наперадзе. У зборнай, дзе неабыякава ставяцца да падрыхтоўкі рэзерва, паклапаціліся б пра годныя ўмовы для трэніровак дзяўчат, тым больш, яшчэ раз прыгадаем, яны нічога на патрабуюць ад федэрацыі. Але не ў Беларусі, дзе сітуацыя прама зараз выглядае наступным чынам. Святлана Андрыюк — адна з тых, хто мог бы стаць лідарам на Алімпіядзе праз чатыры гады, — калі і застанецца ў спорце, то не на радзіме. Пытанне з Дар’яй Далідовіч пакуль застаецца адкрытым.
Фота telegraf.by (калаж), сацсеткі.