МАК здолеў: Лукашэнку выкраслілі з міжнароднага алімпійскага руху

Амаль апоўначы, Аляксандра Герасіменя, трохразовая алімпійская прызёрка, самая знакамітая плыўчыха сучаснай Беларусі, распавяла: «Мы дамагліся аднаўлення правоў спартоўцаў — тых, хто пацярпеў за сваю грамадзянскую пазіцыю, за мірнае выказванне палітычных поглядаў. Цяпер атлеты, выключаныя, звольненыя са зборных, змогуць прыняць удзел у сусветных спаборніцтвах і Алімпіядзе. А чыноўнікі, якія наплявалі на іх правы, панясуць заслужанае пакаранне».

020_4.jpg


Аляксандра і Аляксандр

Выступ Аляксандры адбыўся праз пару гадзін пасля таго, як Байнэт выбухнуў агаломшанымі навінамі са швейцарскай Лазаны. Там, у офісе Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК), прайшло планавае пасяджэнне выканкаму, які наклаў беспрэцэдэнтна жорсткія санкцыі на спартыўныя ўлады Беларусі. Ці, лепей сказаць — на Аляксандра Лукашэнку, які з 1997 года па сумяшчальніцтве кіруе не толькі краінай, але і Нацыянальным алімпійскім камітэтам (НАК).
Не будзем цытаваць працяглы прэс-рэліз, з якім выступіў МАК па выніках пасяджэння выканкама. Транслюем толькі сутнасць, — а яна ў тым, што вышэйшае кіраўніцтва беларускага НАК выключана з сусветнага алімпійскага руху. Ці, як любяць казаць на Захадзе, — з алімпійскай сям’і. Часова — але на невызначаны тэрмін.
Кіраўніцтва — гэта, натуральна, не толькі Лукашэнка, а і яшчэ адзінаццаць чалавек, што складаюць галоўны працоўны орган НАК — выканкам. Яскравых прозвічшаў там хапае, аднак вылучым толькі два: гэта шырока вядомы Віктар Лукашэнка (віцэ-прэзідэнт) — сын свайго бацькі, і сумнавядомы Дзмітрый Баскаў — старшыня Беларускай федэрацыі хакея і чалавек, якога падазраюць у датычнасці да трагічнай смерці Рамана Бандарэнкі. Усе яны больш не змогуць удзельнічаць ані ў якіх мерапрыемствах пад эгідай МАК. Уласна, у Алімпійскіх гульнях — ці не ў першую чаргу.

Немагчымае магчыма

Прычыны санкцый даўно на слыху, але зараз іх тыражуюць ці не ўсе медыя. Паўторымся і мы: гэта, вядома, рэпрэсіі, абрынутыя на беларускіх спартсменаў пасля выбараў 9 жніўня. Не згодныя з вынікамі электаральнай кампаніі, абураныя серыйным гвалтам у дачыненні да мірных пратэстоўцаў, атлеты падняліся ва ўвесь рост і сказалі ўсё, што думаюць з гэтай нагоды. Яны звярнуліся да сістэмы з гарачым адкрытым лістом, у якім запатрабавалі новых сумленных выбараў і спынення рэпрэсій, і які на гэты момант падпісалі ўжо больш за 1500 прадстаўнікоў спартыўнай галіны.
Сістэма адказала тым, што толькі і ўмее. Каўровым ціскам на гэтыю стыхійную супольнасць, якая неяк зашмат пра сябе разумее. Пагрозамі — маўляў, не адзавеш подпіс пад пратэстнай прамовай, моцна пашкадуеш. Звальненнямі — маўляў, рабіце высновы, так будзе з кожным. У першую чаргу пацярпелі самыя безабаронныя — члены нацыянальных зборных, што мараць пра ўдзел у Алімпіядзе-2021. Іх гэтай мары вырашылі пазбавіць, выключыўшы са складу каманд. Аднак у сваю чаргу, нязгодныя спартсмены знайші сілы на сустрэчную атаку. Тую самую, якая і прывяла да панядзелкавага вердыкту МАК.
Яны шыкоўна фармалізавалі свой рух. Стварылі адразу дзве структуры — Свабоднае аб’яднанне спартсменаў і Фонд спартыўнай салідарнасці. Сінэргія кіруецца ў адзіным напрамку — на падтрымку атлетаў, што пацярпелі ад беларускай вертыкалі праз свае грамадска-палітычныя перакананні. На чале згуртавання паўсталі зорная Аляксандра Герасіменя, дасведчаны чыноўнік (экс-генеральны сакратар НАК) Анатоль Котаў, і малады, адукаваны і порсткі мэнэджэр з гандбольных колаў Аляксандр Апейкін. У мэтах бяспекі яны, зразумела, з’ехалі за мяжу, але іх сукупнага энтузіязма, прыпраўленага дапамогай паплечнікаў, хапіла, каб зрабіць нешта надзвычайнае — нахіліць усю грувасткую канструкцыю беларускага спартыўнага Левіяфана.
Папрацавалі сапраўды добра, разумна і самааддана. Разумеючы спецыфіку еўрапейскай бюракратыі, бралі не колькасцю, а якасцю. З мноства пацярпелых спартсменаў вылучылі шэсць самых відавочных, узорных прыкладаў — лёгкаатлетаў Андрэя Краўчанку, Вольгу Мазуронак, Святлану Кудзеліч і Дар’ю Барысевіч, а таксама дзюдаістаў Аляксандра Вахавяка і Дзмітрыя Шэршаня. З дапамогай аўтарытэтных нямецкіх юрыстаў падрыхтавалі пакет дакументаў — так, каб камар носа не падтачыў. І адправілі ў МАК, з якім папярэдне наладзілі сувязь, і якому яшчэ раней давялі аб сярэднявечных норавах у асобна ўзятым цэнтры Еўропы.

«McDonald’s» і франшыза

Каб вы разумелі юрыдычны бок гэтай гісторыі — то яна вельмі простая і лёгка тлумачыцца на пальцах. Ці на якімсьці зручным прыкладзе. Скажам, Міжнародны алімпійскі камітэт — гэта свайго кшталту галоўны сусветны«McDonald’s». Толькі адказвае ён не за фаст-фуд, а за арганізацыю і правядзенне Алімпійскіх Гульняў — самых прэстыжных спаборніцтваў на зямлі. Для зручнай працы МАК агарнуў свет павуцінай франшыз — нацыянальных алімпійскіх камітэтаў, якія ёсць у кожнай краіне і якім дэлегаваныя пэўныя паўнамоцтвы. Пры гэтым любы НАК цалкам падпарадкоўваецца МАК, прыкладна як любы касцёл — Ватыкану. Толькі Біблія тут іншая — Алімпійская хартыя. Адмысловы дакумент, усе пункты якога патрэбна няўхільна выконваць, бо інакш вашая франшыза можа ператварыцца ў саляны слуп.
Беларускі НАК парушыў вельмі важны, базавы пункт. Той самы, што забараняе дыскрымінацыю спартсменаў паводле любога з матываў — палітычнага, рэлігійнага, гендэрнага і гэтак далей. Шасцёра згаданых беларусаў пацярпелі менавіта праз гэта — рэакцыя Лазаны не прымусіла сябе чакаць. Як кажуць, бінга.
Лукашэнка, канешне, на такі вырак не разлічваў. Не таму, што трактаваў Алімпійскую хартыю неяк інакш. Не, ён проста ведае, наколькі марудліва і нерашуча працуе тая самая еўрапейская бюракратыя — тым больш, на чале яе ў гэты раз быў яго стары знаёмы. Прэзідэнт МАК Бах, таварыш Томас — хоць і немец, але добры чалавек. Амаль сябар, з якім даводзілася неаднаразова стасавацца і пад аб’ектывамі тэлекамер і ў кулуарах. Ён не павінен кінуць у бядзе, дый не гарыць — справу можна пасунуць на які-небудзь месяц-другі наперад, а там неяк само рассасецца.
Аднак не. Стары конь папсаваў баразну, і надзеі аказаліся марнымі. Больш за тое, вечарам у панядзелак Томас Бах асабіста агучыў журналістам вынікі пасяджэння, зрабіўшы адмысловы акцэнт на прозвішчы Лукашэнкі.Трэба адзначыць, што выключэннем кіраўніцтва НАК справа не абмежавалася. Міжнародныя санкцыі тычацца таксама скарачэння фінансавання па лініі МАК і прыпыненне любых перамоваў з Мінскам. З рэмаркай, што Лазана працягне назіраць за сітуацыяй, і ў выпадку чаго можа пашырыць санкцыі.
Аднак самае галоўнае ў іншым — у тым, што пацярпелыя спартсмены адноўленыя ў сваіх правах на ўдзел у Алімпіядзе. Афіцыйная беларуская прапаганда з усіх сілаў намагалася павярнуць сітуацыю на 180 градусаў — маўляў, з’ехаўшыя за мяжу адшчапенцы-шкоднікі хочуць пазбавіць агулам усіх нашых атлетаў Гульняў у Токіа. Ды толькі не: Герасіменя і Ко змагаліся за роўныя правы для ўсіх — і ўпэўнена перамаглі. Цяпер і Краўчанка, і Мазуронак, і іншыя могуць спакойна рыхтавацца да Алімпіяды — разам з камандай ці асобна, гэта ўжо дэталі. І барані божа якому-небудзь Мінспорта ўторкнуць ім палкі ў колы.

Гэта толькі пачатак?

У кагосці, зразумела, узнікне пытанне: а ці такі ўжо балючы для беларускай улады гэты неспадзяваны дэмарш МАК? Падумаеш, нешта там нашчыравалі заходнікі ў спорце — перажывём, гэта ж не эканоміка, не эмбарга, і не які-небудзь стратэгічны вотум недаверу, небяспечны мільярднымі стратамі.
Двух меркаванняў быць не можа — гэта вельмі балюча. Бо спорт усе гэтыя гады заставаўся той тэрыторыяй, на якой Лукашэнка пачуваўся, як рыба ў вадзе. Тут ён захоўваў легітымнасць нават у самыя змрочныя часы. Братаўся не толькі з Бахам, але і з былым і цяперашнім кіраўніцтвам міжнароднага футбола — УЕФА ды ФІФА. Ён сябраваў з прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыіі хакея Рэнэ Фазелам, Беларусі давяралі правядзенне буйных турніраў... Усё ішло як па масле, і вось у адзін момант усё ляціць у прорву. І ўжо нават хакейны чэмпіянат свету-2021 у Мінску, мякка кажучы, пад велізарным пытаннем, бо той жа рэліз МАК сведчыць, што супраць Басква распачата адмысловае разбіральніцтва.
Так нядоўга і санкцый з боку Еўрасаюза дачакацца — а тыя могуць ударыць ужо пад самы дых.І што асабліва прыкра, ўвесь гэты клопат табе прынеслі тыя, каго ты ва ўпор не бачыў і агулам грэбліва называў «збеглымі». На чале з плыўчыхай Аляксандрай Герасіменяй, якая свой панядзелкавы зварот скончыла словамі: «Спартыўныя санкцыі МАК — гэта толькі пачатак».