Хто папрасіў Баха ўвесці санкцыі супраць Лукашэнкі?

Першым з галасоў улады на рашэнне Міжнароднага алімпійскага камітэта адрэагаваў «Пул першага». І аўтар «Салідарнасці» Васіль Верас згодны з пастаноўкай пытання пралукашэнкаўскага тэлеграм-канала.

image_2020_12_08t05_17_28_344z.png


МАК сенсацыйна прыняў рашэнне часова адхіліць ад удзелу ў сваіх мерапрыемствах прадстаўнікоў Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі, уключаючы Лукашэнку — за парушэнні Алімпійскай хартыі (дыскрымінацыю спартсменаў па палітычных прычынах).

Блізкі да Лукашэнкі телеграм-канал «Пул першага» з гэтай нагоды звярнуўся да прэзідэнта МАК Томаса Баха:

«Паважаны Томас!

Вы самі так вырашылі, ці вас папрасілі?

Мяркуючы па гэтым відэа (на якім цёплыя зносіны адразу з двума Лукашэнкі і нават медаль для першага), хутчэй, другое…»

І гэта той выпадак, калі з «Пулам першага» можна пагадзіцца.

Вядома, ні ў якім разе нельга памяншаць ролю Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці, які задакументаваў парушэнні правоў атлетаў і праінфармаваў пра гэта МАК. Аляксандра Герасіменя, Анатоль Котаў і іншыя члены каманды зрабілі вялікую працу.

Але Міжнародны алімпійскі камітэт — арганізацыя ў вышэйшай ступені бюракратычная і канфармісцкая. Разлічваць на яе аператыўную і жорсткую рэакцыю, якая выходзіць за рамкі «вывучэння сітуацыі» і «глыбокай заклапочанасці», было складана. Тым больш, што Томас Бах не толькі ўручаў у Мінску Лукашэнку юбілейны медаль, выпушчаны да 125-годдзя МАК (не далей, як паўтары гады таму), але і ў 2015-м сам атрымаў ад яго ордэн «За выключныя заслугі ў развіцці алімпійскага руху».

Таму верагоднасць таго, што Лазана не будзе спяшацца з санкцыямі, была высокая. Кіруючы рэжым, выкідваючы беларускіх спартоўцаў са зборных, саджаючы на суткі баскетбалістку Алену Леўчанку, збіваючы кікбаксёра Івана Ганіна, меркаваў, што міжнародная бюракратыя ўсё гэта «схавае» і «праглыне». Разлік гэты, трэба прызнаць, быў небеспадстаўным.

Але нешта пайшло не так.

Хто б ні «папрасіў» Томаса Баха, у гэтага «Містэра Х» —вельмі вялікі ўплыў, і, напэўна, не толькі ў свеце спорту. І наўрад ці справа абмяжуецца санкцыямі МАК.

Лукашэнка перажыве адлучэнне ад Алімпіяды ў Токіа: наўрад ці ён туды збіраўся, дый ці будуць яшчэ тыя гульні? Па-сапраўднаму дрэнная навіна для кіраўніка Беларусі палягае ў тым, што, калі ўжо да такіх мер звярнуўся МАК, які звычайна скрозь пальцы глядзіць на парушэнні правоў чалавека ў розных краінах, то за «ластаўкай» ад Баха, напэўна, рушаць услед іншыя. І не толькі ў спартыўнай сферы. І якія наносяць не толькі маральную шкоду. І не толькі «першаму».

Ужо прыляцела «прывітанне» ад вялікага сябра Лукашэнкі, прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі хакея Рэнэ Фазеля, які па лініі сваёй арганізацыі пачаў працэдуру супраць кіраўніка Беларускай федэрацыі хакея Дзмітрыя Баскава, падазраванага ў датычнасці да трагічнай гібелі прыхільніка пераменаў Рамана Бандарэнкі. І ў гэтым выпадку справа відавочна не абмяжуецца аргвысновамі па спартыўнай лініі…

Беспакаранасць — гэта апорная сцяна рэжыму Лукашэнкі. Але яна пачынае хістацца. Працэс ідзе павольна, але незваротна. І цяпер пытанне толькі ў тым, хто з набліжаных і падначаленых паспее адскочыць своечасова, а хто застанецца «да канца» і будзе пахаваны пад аскепкамі дыктатарскага рэжыму.