Кіраўнік IIHF Фазель адклаў візіт у Мінск. Афіцыйна — праз каронавірус

Кіраўнік Міжнароднай федэрацыі хакея (IIHF) Рэнэ Фазель і генеральны сакратар арганізацыі Хорст Ліхтнер павінны былі наведаць Мінск 8 снежня для сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Візіт павінен быў прайсці па запыце IIHF.

eotcwgjxeaezcds_1000x666.jpeg


Планавалася абмеркаваць «пытанні бяспекі, якія тычацца падрыхтоўкі турніру, абвінавачванні ў адрас кіраўніка федэрацыі хакея Беларусі Дзмітрыя Баскава, бягучую сітуацыю з COVID-19 у краіне, а таксама крокі, што прымаюцца для бяспечнага правядзення турніру сумясціць з Латвіяй», цытуе REFORM.by заяву Фазеля, апублікаваную на сайце IIHF.

Візіт не адбыўся, бо Фазель і Ліхтнер заразіліся каронавірусам. Наступныя 10 дзён абодва правядуць дома на ізаляцыі.

«Сустрэча адкладзеная да далейшага паведамлення. Віртуальная сустрэча з нацыянальнымі асацыяцыямі — членамі IIHF, запланаваная на гэтую пятніцу, таксама будзе адкладзеная», – гаворыцца ў заяве Фазеля.

Фазель падкрэсліў, што IIHF па-ранейшаму працуе над тым, каб турніры, запланаваныя на 2020-2021 гады, прайшлі ў бяспечных умовах.

У лістападзе Савет IIHF заслухаў даклад аб статусе чэмпіянату свету па хакеі, які павінен прайсці ў Мінску і Рызе. Савет пагадзіўся, што ў Беларусі ёсць праблемы і абяцаў прыняць рашэнне аб правядзенні або пераносе турніру з Беларусі пазней.

7 снежня Міжнародны алімпійскі камітэт прыняў рашэнне адхіліць ад усіх спаборніцтваў, уключаючы Алімпійскія гульні, кіраўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі, у тым ліку Аляксандра і Віктара Лукашэнкаў. Лукашэнка ў адказ заявіў, што з гэтай нагоды трэба звярнуцца ў суд. «Хай Бах (Томас Бах, прэзідэнт МАК — заўв. Reform.by) і банда раскажуць, у чым мая віна, што я сваю краіну абараняю?!» — сказаў ён.