Матч купіў — матч прадаў, або З чаго вырас айчынны спорт
За «гонарам спартсмена» стаіць шмат цікавага.
Беларускія спартыўныя медыя любяць браць інтэрвʼю ў тых, хто заспеў вельмі даўнія часы — зразумела, калі аўдыторыя ў большасці сваёй даволі ўзроставая і мае вялікую схільнасць да настальгіі. А сярод успамінаў пра мінуўшчыну, якія расказваюць спікеры, нярэдка трапляюцца аповеды пра дамоўныя матчы. Прычым расказваюць пра іх часцяком як пра нешта натуральнае — нават без дадавання, што так рабіць не трэба, не кажучы ўжо пра раскаянне. У краінах з наяўнасцю інстытута рэпутацыі такія вясёлыя гісторыі пра дэ-факта злачынствы спарадзілі б грамадскі рэзананс, але ў рэжымнай Беларусі абыходзіцца без яго (што інстытута, што рэзанансу), піша «Трыбуна».
Вось нядаўна пра цалкам канкрэтны «дагаварняк» расказаў Генадзь Туміловіч. У яркай прамове экс-брамніка зборнай Беларусі расійскі YouTube-канал «Камент шоу» зацэнзураваў усе імёны і назвы, але па дэталях матч вызначыць было лёгка. Туміловіч дадаў, што пасля «зліву» гульняў адчуваў агіду, але цалкам супраць несумленных матчаў не выступіў: дамова на абмен хатнімі перамогамі для былога футбаліста наогул «не здача», а выйгрыш па дамоўленасці — гэта «у бухгалтэрыю зайшоў, [прэміяльныя за перамогу] атрымаў — і ### [фіг] з ім».
А напрыканцы сакавіка зʼявіліся новыя заявы пра беларускія каманды. 27 сакавіка на YouTube-канале «На банцы» выйшла велізарнае інтэрвʼю Георгія Кандрацьева, дзе самым цікавым быў аповед пра расстанні з пасадай галоўнага трэнера зборнай Беларусі: ні пра якія ўласныя пралікі Кандрацьеў не згадаў — толькі пахваліў сябе ды раскрытыкаваў іспанскага зменшчыка.
Аднак згадаў Кандрацьеў і несумленныя матчы — заявіўшы, што ў яго бытнасць гульцом звычайна паміж сабой дамаўляліся трэнеры, каб падзяліць пункты, прапанаваў расказаць пра «самы цікавы «дагаварняк», які адбыўся ў мінскім «Дынама», калі сам Кандрацьеў яшчэ быў простым віцебскім падлеткам (зрэшты, потым форвард гуляў у «Дынама» са шматлікімі ўдзельнікамі расказанай ім гісторыі).
«1972 ці 1973 год. "Дынама" Мінск ірвецца ў вышэйшую лігу. У першай лізе [Д2 СССР] гуляе ў Яраслаўлі, а там [клубу] нічога не трэба. Не ведаю, на якіх умовах, але гульцы паміж сабой дамовіліся, што Яраслаўль аддасць [матч]. Гуляюць, "Дынама" вядзе, па-мойму, 3:2. А трэнер [гаспадароў пра дагавор] не ведаў. Выпусціў маладога, той шарахнуў метраў з 30 на апошняй хвіліне. А суддзя таксама не ведае. Так бы мог нешта прыдумаць, дадаць час. Мяч на цэнтр — а ён свішча [што матч скончаны]. Вось "дамовіліся" — яшчэ на год на першую лігу», — распісваў Кандрацьеў.
Трэнер крыху памыліўся з датаваннем: у названых ім гадах «Дынама» гуляла ў Д1, але ў 1973-м вылецела. Так што, па ўсіх прыкметах, матч, пра які расказаў Кандрацьеў, адбыўся ў 1974-м. Тады «Дынама» змагалася за выхад назад у эліту з маскоўскім «Лакаматывам», «Крыламі Саветаў» з Самары і СКА з Растова-на-Доне. Яраслаўскі «Шыннік» жа ішоў у сярэдзіне табліцы і ў канцоўцы чэмпіянату думаў ужо пра будучае турнэ па Афрыцы, праз якое камандзе пасунулі фінальныя матчы: сустрэчу апошняга тура з «Лакаматывам» (масквічы выйгралі 5:2) правялі перад перадапошнім, у якім «Шыннік» якраз прымаў «Дынама» — за дзень да ўсіх астатніх сустрэч праграмы тура.
На момант пачатку матчу мінчукоў у Яраслаўлі ў «Лакаматыва» быў 51 пункт, у «Крылаў» і мінскага «Дынама» — па 48, у СКА — 47. Нават перамога (за якую тады давалі два пункты) нічога не гарантавала «дынамаўцам» — у «КС» была нашмат лепшая розніца мячоў. Але, вядома, страчваць пункты было ўвогуле не ў тэму. І ўжо на 4-й хвіліне лік за «Дынама» адкрыў гуляючы трэнер Эдуард Малафееў. Праўда, «Шыннік» зраўняў, а потым зрабіў гэта яшчэ раз — але на 80-й хвіліне «Дынама» павяло ў матчы ў трэці раз. А на 89-й «нічыю» яраслаўцам прынёс тады 21-гадовы Барыс Рыбін — сапраўды малады, а такіх у «дарослыя» справы кшталту дамоваў з супернікамі прысвячаць было не прынята. Праўда, Рыбін гуляў са старту, але ў аповедах бываюць недакладнасці. Вось як выглядаў выніковы пратакол той сустрэчы.
У апошнім туры «Дынама» дома разнесла іванаўскі «Тэкстыльшчык» 4:0 — але не дапамагло: «Лакаматыў» спакойна стаў першым, а другім пасля двух паражэнняў «Крылаў» аказаўся СКА — растоўцы выйгралі 4:1 у «Кузбаса» і 7:2 ва «Уралмаша», дзякуючы чаму апярэдзілі мінчукоў па розніцы мячоў. «Дынама» засталося трэцім і ў эліту не выйшла.
У названым дагаворным, хоць і няўдалым, матчы 50-гадовай даўніны з «Шыннікам» гулялі адразу тры будучыя коўчы зборнай Беларусі: Міхаіл Вяргеенка, Сяргей Бароўскі і Эдуард Малафееў. Анатоль Багавік у 2000-х трэнаваў «Шахцёр», Уладзімір Курнеў — розныя каманды ЧБ. Ну а пра дзіўныя матчы «Дынама» гаворка вядзецца далёка не ўпершыню — тут проста папаўненне калекцыі.
28 сакавіка на партале «BetNews» выйшла інтэрвʼю Канстанціна Шараверы — у дзень яго 70-годдзя. Экс-баскетбаліст у 2010-х патрапіў у вельмі непрыемную сітуацыю: як генеральны дырэктар БК «Цмокi-Мінск» быў абвінавачаны рэжымам у «крадзяжах» на некалькі соцень тысяч долараў, атрымаў пяць з паловай гадоў і цалкам адбыў тэрмін за кратамі.
Але інтэрвʼю было не пра тое, а пра гульню за мінскі РТІ ў чэмпіянаце СССР. І здарыўся яшчэ адзін аповед пра несумленны матч з 1974-га! Тады мінчукі ў перадапошнім туры Д1 СССР-1973/74 гулялі з маскоўскім ЦСКА, які датэрмінова стаў чэмпіёнам. РТІ ж быў на мяжы вылету — пройгрышы расіянам і кіеўскаму СКА аформілі б паніжэнне ў класе. Перамогі толькі над кіяўлянамі цалкам магло б хапіць для захавання прапіскі, але мінчукі відавочна вырашылі «перастрахавацца». Аповед Шараверы пра гэта поўны ўхвалення на адрас масквічоў, якія «здалі» матч, і неразумення тых, хто гуляў усурʼёз.
«Тады ў ЦСКА гулялі нашы [беларускія экс-гульцы РТІ Валерый] Акімаў і [Аляксей] Шукшын. [Падчас матчу гулец ЦСКА] Сяргей Бялоў выскоквае і каментуе: "Бʼю ў заднюю дужку". Далёкі адскок – і мы закідваем. [Іншы гулец ЦСКА Мікалай] Кавыркін шэпча: "Вы ж мяне адсоўвайце, а то падбяру!" Гэтыя нармальныя хлопцы. Але ж былі і тыя, хто не ведаў і секся па поўнай праграме — як жа мы з імі намучыліся», — згадаў Шаравера.
Матч скончыўся «цяжкай перамогай» каманды спікера 78:76 — паводле слоў Шараверы, пасля гэтага мінчукі «масквічам паставілі скрыню шампанскага і нейкія пласцінкі, тады прэстыжны тавар». Так, услед за сустрэчай з ЦСКА РТІ абгуляў кіеўскі СКА — і застаўся б у эліце нават без «дагаварняка» з Масквой.
На гэтым гісторыі Шараверы не скончыліся. Расказаў ён, што аднойчы «здаць »матч прапаноўвалі з тбіліскага «Дынама», але ў РТІ вырашылі, што «перад сваімі гуляюць» і таму ад грошай адмовіліся. Аднак гэта не значыла, што больш несумленных матчаў у гісторыі мінскай каманды не было. Шаравера расказаў, што аднойчы (мяркуючы па ўсім, у 1981-м) іх «капітальна прыхапілі» у Грузіі, і ў адплату РТІ вырашыў дамовіцца з літоўскай «Статыбай»: мінская каманда ёй прайграе, і тая замест тбілісцаў выходзіць у верхнюю частку табліцы пасля дзялення каманд, а на наступны год «вяртае доўг». Так што РТІ «аддаў» матч «Статыбе», хоць, цытата, «іх клалі пад нас са страшнай сілай, але калі ты не хочаш выйграць, ты не выйграеш».
Аднак у наступным годзе Рымас Гірскіс са «Статыбы», з якім размаўляў Шаравера, у адказ на напамін пра «доўг» адмовіўся яго прызнаваць. Далей інтэрвʼюер задаў ці то цынічнае, ці то здзеклівае пытанне: «А як жа гонар савецкага спартсмена?»
«Дапусцім, ён спартсмен не савецкі, а літоўскі», — загадкава адказаў Шаравера і дадаў, што пасля такога рашэння Гірскіса разам з партнёрамі «выйшаў на пляцоўку з настроем разарваць "Статыбу" на дробныя кавалачкі» і выйграў нешта каля 30 пунктаў.