На Алімпіядзе магутны допінгавы скандал: судзілі 15-гадовую фігурыстку, якая ні ў чым не вінаватая (абноўлена)
Каміла Валіева як феномен і ахвяра трэндаў расійскага спорту.
У алімпіскім Пекіне віруе першы допінгавы скандал. У эпіцэнтры — фігурыстка Каміла Валіева, і яе асоба ў дадзеным кантэксце адметная адразу трыма абставінамі.
Па-першае, спартсменка з Расіі. Па-другое, яна яшчэ дзіця — 15-гадовая школьніца. Па-трэцяе, Каміла — зорка сусветнага фігурнага катання, сапраўдны геній новай рускай школы лядовага відовішча.
Узвышша
Ураджэнка Казані, яна ехала на Алімпіяду з адной матывацыяй — набраць залатых медалёў. Першы ўжо была выйграла 7 лютага, калі выступіла хэдлайнерам у камандным турніры і ўзняла расійскую зборную на недасяжны для канкурэнтаў узровень. Гледачы былі ў захапленні, юная Каміла ўразіла высачэнным майстэрствам, непадробным артыстызмам і ўсім іншым, што складае гармонію ў гэтым своеасаблівым відзе спорту.
Аднак парадавацца перамозе не давялося. Неўзабаве высветлілася, што ў аднаго з расійскіх фігурыстаў выяўлена станоўчая допінг-проба — і гэтым небаракам аказалася менавіта непаўналетняя Валіева.
Тут усё і закруцілася…
Залатыя медалі расіянам не ўручылі — цырымонію адклалі. Пачалося расследаванне. Выявілася, што ў крыві фігурысткі было знойдзена забароненае рэчыва — трыметазідзін — прычым аналіз на наяўнасць допінгу Каміла здавала яшчэ ў снежні падчас чэмпіянату Расіі. Гэтая разбежка ў часе і стварыла глебу для юрыдычных разбіральніцтваў. На сёння справа дайшла да апошняй інстанцыі — выязной панелі Міжнароднага спартыўнага арбітражу, што працуе на месцы ў Пекіне. Мацёрыя лазанскія юрысты абяцаюць вынесці папярэдні вердыкт 15 лютага. Папярэдні — бо цалкам сітуацыя складаная і яе працягнуць даследаваць пасля Гульняў, 15-га — каб вырашыць, ці зможа «віноўнік урачыстасці» спаборнічаць далей. Наперадзе індывідуальная праграма — самая прэстыжная ў фігурыстаў, без якой Алімпіяда не Алімпіяда. І цяпер галоўная інтрыга ў тым, ці выйдзе на лёд галоўная фаварытка.
Полымя
Інтрыгу гэтую, як звычайна, моцна падаграе сусветная прэса, сацсеткі і астатнія інфлюэнсары. Каміла Валіева трэніруецца на пекінскім лёдзе ў надзеі на лепшае, але пра горшае яе кожны раз намагаюцца спытаць журналісты на выхадзе з катка. Дзяўчына маўчыць, балазе не маўчаць іншыя. Каментуюць скандал розныя бакі, і прынамсі ў расійскіх медыя за дзень набягае некалькі дзясяткаў паведамленняў у развіццё тэмы. Тэма памалу перацякае ў палітычную плашчыню, і дзе-нідзе ўжо гучыць знаёмая валынка пра чарговую змову супраць Расіі, што паўстала з каленяў.
Агонь гарыць — і часам падаецца, што астатнія алімпійскія падзеі, уключаючы папулярныя хакей і біятлон, адышлі на другі план.
Калі вылучаць у агульнай грамадскай думцы нейкі адзін стройны матыў, то ён будзе такі: 15-гадовая дзяўчынка-падлетак ані ў чым не вінаватая, бо дзіця ёсць дзіця. Вінаватыя іншыя — тыя цынічныя дзялкі, дзядзькі і цёткі, што цягнулі Камілу на Алімп і аднойчы вырашылі не грэбаваць забароненымі метадамі і палезлі ў кішэню за допінгам.
З такім бачаннем праблемы цяжка не пагадзіцца. Іншая справа, што яно цягне за сабой усё астатняе. Сталую допінгавую рэпутацыю расійскага спорту, які ўсё аніяк не навучыцца змагацца сумленна. Прагрэсуючую бязлітаснасць дарослых трэнераў і функцыянераў у эксплуатацыі дзіцячых талентаў. Выкарыстанне атлета найперш як рэсурс, што дастаткова вычарпаць, а там хоць трава не расці.
Падаецца, што гісторыя Камілы Валіевай падсвечвае ўсе гэтыя заганы сучаснага спорту асабліва яскрава.Тое, што Расія не толькі шчодрая душа, а і краіна з задапінгованым спортам, свет ведае ўжо восем гадоў. Хрэстаматыяй стала, як на хатніх Гульнях у Сочы расійскім спартсменам падмянялі шкляначкі з мачой, перадаючы «чысты прадукт» у лабараторыю ноччу праз загадзя падрыхтаваную дзірку ў сцяне. «Чыстаган» займаў пачэснае месца замест сумнеўнага «свежачка», і раніцай усё выглядала прыгожа і бездакорна.
Аднак падман неўзабаве ўскрыўся. І больш таго, у тых схемах са шкляначкамі-дзірачкамі ўбачылі дзяржаўнае кіраванне ці не з удзелам ФСБ… А потым былі яшчэ скандалы, і ў рэшце рэшт спартыўную Расію сурова пакаралі. І цяпер зборнай РФ на Алімпіядах як бы няма — а ёсць проста група атлетаў, што спаборнічае пад сцягам Алімпійскага камітэта Расіі (яна так і называецца — АКР). Няма ні федэральнага трыкалора, ні гімна на музыку Аляксандрава. Урачыстую музыку на ўрачыстых цырымоніях узнагароджання замянілі на матыў Чайкоўскага. Хацелі «Кацюшу», але МАК адмовіў. Міжнародны алімпійскі камітэт цяпер з асцярогай ставіцца да фармакалогіі расіян, і гэта натуральна, бо так працуе інстытут рэпутацыі.
Ці дадае такі бэкграунд ачкоў у скарбонку Камілы Валіевай перад вердыктам Міжнароднага арбітража — пытанне рытарычнае. На расійскі спорт зноў лёг густы цень, і ахвярай былых «подзвігаў» цяпер можа стаць юная школьніца-фігурыстка.
З іншага боку, ёй, канечне, будуць і спачуваць. Ужо спачуваюць. Бо зноў жа — 15 гадоў, дзіцячы ўзрост, і такія перажыванні. Тут не зламацца б ментальна на ўсё доўгае жыццё.
Маладосць
Ружовы ўзрост фігурыстаў — яшчэ адна тэма, якая нібыта патрабуе асэнсавання і рэфлексіі. Бо від спорту — менавіта ў жаночым варыянце — апошнім часам імкліва памаладзеў. Каміла Валіева ў гэтым разрэзе зусім не выключэнне з правілаў — яна і ёсць правіла, якое ўсталявалася ўжо з дзясятак гадоў таму.
У 2014-м у алімпійскім Сочы партыю першай скрыпкі феерычна грала Юлія Ліпніцкая — такая ж 15-гадовая. У 2018-м у карэйскім Пхенчхане золата з адрывам узяла ўжо Аліна Загітава — і ёй таксама было 15.
Чытач спытае: дык яны ж і дагэтуль асабліва не пасталелі, што з імі? А вось у тым і справа, што дзяўчаты-зоркі ў фігурным катанні доўга не гараць. Ліпніцкай, якой захаплялася ўся Расія, сёння толькі 23, толькі яна вялікі спорт ужо пакінула. Загітавай 19, але яе зорны час ужо ў мінулым — 65-е месца ў міжнародным рэйтынгу, чаго не хапае, каб нават патрапіць у склад расійскай зборнай. Аліна цяпер бавіць час у Пекіне, але ў ролі заўзятара, плюс актыўна нарошчвае колькасць падпісчыкаў у інстаграме ды правакатыўна фоткаецца з танным фастфудам.
Так працуе канвеер, што сёння ты лідар і ўлюбёнец публікі, а заўтра цябе спіхвае з п'едэстала новая яскравая камета. Патэнт на такі скорапсавальны прадукт належыць трэнерцы зборнай Расіі Этэры Тутберыдзе, якая з халодным разлікам штампуе чэмпіёнаў і добра ведае, што такое расходны матэрыял.
Анічога заганнага ў тым, здаецца, няма. І нават асабліва не шкада тых дзяўчат-аднадневак, як іх называюць, бо яны ведалі, куды ішлі. Хіба што здараецца зрэдку настальгія па тых часах, калі сапраўдная кар’ера ў фігурным катанні доўжылася не два-тры гады, болей. І поўныя трыбуны збіралі не тынэйджары пубертатнага ўзросту, а жанчыны, якім лёгка праб’юць чэк у алкагольнай краме. Легендарная немка Катарына Віт выйгравала Гульні ў 23, што зараз уявіць сабе цяжка. Як і тое, што скарыла яна не адну, а дзве Алімпіяды — сёння тут столькі не жывуць.
Каміла Валіева, нягледзячы на падлеткавы ўзрост, выдатна ведае, што наступных Гульняў у яе, хутчэй за ўсё, не будзе. Пекін быў яе галоўным шанцам, марай усяго жыцця, яна прыехала ў Паднябесную ў цудоўнай форме, але… Станоўчы допінг-тэст як чорная пляма расійскага спорту пагражае перакрэсліць кар’еру на самым піку.
Выглядае, што менавіта так і будзе. Хіба толькі арбітражныя юрысты расчуляцца і зробяць сенсацыйную паблажку, убачыўшы ў сусветна знакамітай спартсменцы звычайнае дзіця, якое нельга крыўдзіць.
P.S. Раніцай 14 лютага Спартыўны арбітражны суд агучыў рашэнне па справе Камілы Валіевай. 15-гадовай спартсменцы дазволілі працягваць удзел у Алімпійскіх гульнях (з аргументацыяй можна азнаёміцца тут). Ужо заўтра яна выйдзе на лёд у індывідуальнай праграме.
Варта дадаць, што выязная панэль Арбітражу вырашала менавіта пытанне далейшага выступу Камілы Валіевай на Гульнях. Грунтоўнае разбіральніцтва па рэзананснай справе — у тым ліку адносна лёсу медалёў — адбудзецца пазней, ужо пасля сканчэння Алімпіяды.
Фота reuters, getty images.